Тыя, чыё юнацтва прыйшлося на канец 1970-х, памятаюць, якім аскетычным быў гэты час. Слова «секс» не ўжывалася ўвогуле. «Тропік Рака» Генры Мілера ў часопісе «Иностранная литература» друкавалі ўрыўкамі. «Эмануэль» глядзелі на касеце «выбраныя» — пераклад кнігі з’явіўся толькі праз 20 гадоў, як і шмат іншай эратычнай літаратуры — часам не лепшай якасці, — што займае паліцы сучасных крамаў і бібліятэк. А вось «Дэкамерон» Джавані Бакачыа чыталі нават у СССР. Саромеліся, бянтэжыліся ад фрывольнасці тэксту, але разумелі, што гэта сусветная класіка, ведаць якую трэба любому адукаванаму чалавеку.
«Дэкамерон» Джавані Бакачыа. Сцэны са спектакля.
Пагалоска, што на сцэне Беларускага тэатра «Лялька» адбудзецца прэм’ера неўміручага «Дэкамерона», выклікала ў віцебскіх гледачоў гаму супярэчлівых меркаванняў. Уладзімір Маслаў адаптаваў літаратурную першакрыніцу для тэатра, пераклад на беларускую мову зрабіў коласаўскі акцёр Пётр Ламан. У выніку атрымалася феерычная імправізацыя на тэму народнага жыцця часоў Адраджэння.
У цэнтры дзеяння — любоўныя калізіі: гісторыя эксцэнтрычнага трохкутніка — Нінэты (Вольга Маханькова), Ларэнца (Алег Рыхтэр) і Гвіда (Міхась Клімчук), юнацкае каханне Джавані (Валерый Зімніцкі) і Беатрычэ (Ганна Сцепанец) і трагікамічнае здарэнне — страта Манахам (Аляксей Макарскі) нявіннасці. Ажыццявіў пастаноўку Віктар Клімчук. Ва ўсёй сцэнічнай канструкцыі праглядвае пазнавальны почырк «дойліда», які будуе жыццёвыя лабірынты на тэатральных падмостках. Рэжысёра захапляе магчымасць ствараць відовішча, у якім можна гуляць з новымі жанрамі. У спектаклі з’явілася і мультымедыйнае суправаджэнне. Уражвае харэаграфія Надзеі Благадацкіх і музыка кампазітара Алега Залётнева. Лялечнікам не адмовіш у майстэрстве імправізацыі, яскравым пачуцці гумару, ва ўменні трымаць увагу публікі, ствараць выразныя вобразы. Маханьковы, Рыхтэр, Макарскі віртуозна ўцягваюць кожнага гледача ў віхур пачуццяў, прымушаючы на гадзіну забыцца пра няўдачы і жыццёвыя клопаты — гамерычны смех і апладысменты не змаўкаюць цягам усяго спектакля.
Тэатральны карнавал не атрымаўся б без шыкоўных касцюмаў-трансформераў (мастак Алесь Сідараў) гуллівых танцорак а-ля «Мулен Руж» — Вольгі Маханьковай, Ганны Сцепанец і Вольгі Лазебнай. Сцэнічнае дзеянне нагадвала часам камедыі і трагедыі Шэкспіра па стылістыцы, тэатры Вахтангава і Абразцова па эстэтыцы, і ўсё гэта спалучалася з мясцовым каларытам. Дзіўная эклектыка! Плюс анімацыя — на працягу дзеяння на задніку з’яўляліся аблокі, дахі дамоў, вокны з рухомымі фіранкамі, за якімі кіпелі любоўныя жарсці... Дзякуючы мультыплікацыі некаторыя пікантнасці (пышны бюст Суседкі (Вольга Лазебная), інтымныя спатканні і пацалункі-абдымкі) не эпатавалі, і дзеянне ўспрымалася арганічна.
Зрэшты, здзівіць сучаснага гледача — тым больш «Дэкамеронам» эпохі Адраджэння! — цяжка. Ды толькі чым жа зачапіць дарослых, спакушаных тэатралаў, якія завіталі ў «Ляльку»? Хай толькі не падасца трывіяльным адказ: рэжысёрскімі знаходкамі, творчымі рашэннямі і зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Адным словам, прафесіяналізмам. Заўважце: дзеля таго, каб адбыўся тэатральны цуд, нічога новага ў гэтым свеце яшчэ не прыдумалі. У спектаклі гарманічна вытрыманы баланс паміж рамантычнасцю, флёрам высокіх пачуццяў і рэаліямі зямнога быцця простых людзей. Нібы анёлы або шагалаўскія персанажы, лунаюць над горадам Джавані і Беатрычэ. Яны любяць адно аднаго насуперак меркантыльнасці бацькі-п’янюжкі Гвіда, якому грошы даражэйшыя за шчасце дачкі. У клубок спляліся клопаты пра грошы і рэўнасць Гвіда, адзюльтэр яго жонкі, разбэшчанасць гарадскіх нораваў, даносы Манаха і яго маральнае падзенне. Рэжысёр і акцёры не абразілі эстэтычныя пачуцці гледача і не здрадзілі добраму густу. Закон Станіслаўскага — «ледзь-ледзь» — у віцебскай інтэрпрэтацыі «Дэкамерона» вывераны з матэматычнай дасканаласцю.
Пасля спектакля застаецца адчуванне лёгкай эйфарыі ад якаснага гумару і камічных сітуацый. Душа атрымала порцыю пазітыўных эмоцый. Акцёр Алесь Маханькоў падрыхтаваў гледачу «смачны» персанаж Аўтара — элегантнага, чуллівага, прывабнага, эксцэнтрычнага, — на якім трымаецца ўсё дзеянне. Здаецца, кожны міліметр сцэны ён запаўняе сваёй харызмай. Валерый Зімніцкі стварыў прыцягальны вобраз закаханага юнака, што ўразіў сваёй шчырасцю, чысцінёй, праўдзівасцю і духоўнай несапсаванасцю. Няшмат ёсць сёння маладых акцёраў, якія пераканаўча «іграюць любоў» у лірычных сцэнах. Часцей яны выглядаюць няўклюдна і нязграбна ў такія адказныя моманты. А вачам і голасу Зімніцкага верыш! Тое, што побач са сталымі вопытнымі акцёрамі працуе моладзь, за якую не сорамна, пацвярджае: тэатр захоўвае свой зорны імідж.
Ксенія Дружкова