Дыялогі праз ландшафты

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

У Нацыянальнай бібліятэцы — «Толькі асабістае»

У рэйтынгу прафесійных беларускіх фатографаў Уладзімір Парфянок уваходзіць у першую пяцёрку. Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы, арганізаваная пры падтрымцы пасольства Грузіі і Народнага банка, — яшчэ адзін крок да сцвярджэння на мясцовым алімпе. Тым больш што ўласны матэрыял з праекта «Экспедыцыя», які разам з ім здзяйснялі і ўжо прадстаўлялі Дзмітрый Кароль, Ігар Пешахонаў, Ігар Саўчанка, Уладзімір паказвае індывідуальна, па-за межамі неабходнага ў творчай калегіяльнасці абагульнення. Так была сфармавана серыя «Нявызначаны ландшафт Беларусі», якая ўвайшла ў экспазіцыю «Толькі асабістае».

Беларуская правінцыя як вобраз...

/i/content/pi/mast/36/593/13.jpg

Уладзімір Парфянок. З серыі «Нявызначаны ландшафт Беларусі». Фота. 2008 — 2010.

Вобраз — ён толькі візуальны, або гэта таксама лад жыцця і спосаб мыслення?.. У якой меры прымае ці не прымае гэтыя рэчы фатограф — тэма іншага «толькі асабістага». Пакуль жа драматычнае адчуванне існавання — галоўнае, што аўтар прыўносіць у правінцыйны пейзаж. І робіць гэта наўпрост, без агаворак і выбачэнняў (маўляў, тут у нас няма асаблівай маляўнічасці — досыць сціпла). Гэтую ўнутраную напружаную настройку не саб’еш прастатой сюжэта, чорна-белай скупасцю фарбаў, нейтральным святлом.

Там, дзе ёсць магнетызм гістарычных руін, як быццам бы ўсё зразумела. Іх энергетыка адчуваецца фізічна, яе даўно расцягваюць на каменьчыкі і «фоткі» на памяць (пра што, уласна, памяць — пытанне адкрытае).

Але і без высакародных развалін аўтар дасягае драматызму — праз дэталі, мноства неабходных дробязей і, вядома, праўдзівасць інтанацыі.

Міжкадравая адлегласць — час, дадзены нам для роздуму

У аснове гэтых фатаграфій ляжыць канцэптуальны падыход: у адрозненне ад камп’ютарных праграм, якія аўтаматычна сшываюць некалькі кадраў у панараму, аўтар пакідае мяжу паміж кадрамі як знак перапынку, неабходнага хвіліннага разважання. І робіць гэта ўручную — часавая паўза і разрыў панарамы ці маштабу патрэбныя, каб сабраць усё ў згустак руху, у агульную прастору перажывання.

У той жа час тры кадры, злучаныя ў адзін малюнак, не могуць не прыцягнуць увагу: погляд па чарзе спыняецца на фрагментах, потым ахоплівае ўсю паслядоўнасць у цэлым — і зноў вяртаецца да кожнага з іх паасобку.

Патрэба ў дыялогу вызначае аўтара, які жадае быць зразуметым

Баланс паміж эксперыментам (асабістым досведам) і вытворчасцю «запатрабаванага прадукту» — пытанне аўтарскага выбару, асабістага і прафесійнага. У гэтым сэнсе нават крызіс стратэгіі можа стаць карысным — калі з яго нараджаецца якасць, якая дае пачатак новаму руху. Калі ж спыніцца на мінулых дасягненнях або на тым, што само ідзе ў рукі, вынік наўрад ці будзе годным.

Але «шчасце ёсць», і пошукі адораных людзей прыводзяць да поспеху, разумення і прызнання.

Дыялог беларускага і грузінскага аўтараў «Толькі асабістае», на першы погляд, неадпаведны і не рыфмуецца аніяк. Але калі зірнуць на дзве зусім розныя пазіцыі больш уважліва, становіцца відавочна, што дыялог быў неабходны. Для асэнсавання сваёй краіны і празрыстасці свету.

Грузінскія пейзажы

/i/content/pi/mast/36/593/12.jpg
Арчыл Кікодзэ. Пастухі. Фота. 2010.
У пэўнай няёмкасці перад ценямі папярэднікаў Арчыл Кікодзэ як быццам разводзіць рукамі: так, вяршыні гор у снезе, так, старажылы, так, даўнія звычаі і традыцыйны лад жыцця ў горных сёлах. Усё праўда... Усё хораша... Фатаграфія дакументуе чаканыя віды, але гэта не вычарпальнае вяртанне да чаканых кадраў. Уключаючы ў экспазіцыю фатаграфіі, зробленыя ў розных жанрах, аўтар разрывае аднастайнасць візуальнага ўспрымання. Арчыл Кікодзэ робіць спробу адарваць гледача ад стэрэатыпаў, нават калі гэта стэрэатыпы добрага стылю і якасці. Наўмысна руйнуючы турыстычны малюнак, фатограф звужае псеўдамагчымасці колеру, мінімалізуе сюжэты, пакідае ў кадры лёгкую чорна-белую графіку.

Таму ўзнікае дваістае адчуванне. З аднаго боку, кіруючыся статуснымі меркаваннямі, куратары фармавалі «дадатную выяву краіны». У той жа час, твар аўтара, яго пазіцыя праглядаюць скрозь абмежаванні.

Перад намі — дэрамантызацыя прыемнага для вока краявіду ў адной асобна ўзятай прасторы 22-га паверха бібліятэкі. Дэрамантызацыя адбываецца паволі і ў цэлым — неканчаткова. Таму што не толькі краявіды, але і жанравыя сцэны з удзелам звычайных людзей, якія жывуць высока ў гарах, настолькі фактурныя, што робяць уражанне экзатычных. Узнікае нават адчуванне анахранізму, аднолькавай аддаленасці падзей і ад мінулага, і ад сучаснасці.

Цікава, што абодва фатографы карыстаюцца знакавай сістэмай, створанай да іх: выявы «прыгажосці» — у храмах і прыродзе; нешматлікія героі часцей за ўсё дзейнічаюць апелюючы да ўласнай ці гістарычнай памяці.

Аўтары разважаюць пра свае родныя краіны, пра гармонію прасторы, але не бачаць яе развіцця, не бачаць сучаснага гарадскога асяроддзя, перспектывы, XXI стагоддзя. Зрэшты, для фатографа, які працуе са знакавай сістэмай такога кшталту, гэта свайго роду тэст: можна запазычыць толькі вонкавую абалонку, а зымітаваць унутранае напаўненне немагчыма. І калі напоўніць схему няма чым, дасведчаны глядач гэта адразу адчуе.

Вельмі важна, што Арчыл Кікодзэ — не толькі фатограф, але і пісьменнік, этнолаг. У Беларусі яго літаратурная творчасць прадстаўлена ў часопісе «Маналог» аповедам «Развітанне» (2010).

■ ■ ■

Што дае гледачу аб’яднанне такіх розных серый у адзін праект? Разуменне асобнасці, асаблівасці нашых краін. Магчымасць убачыць розную аўтарскую стылістыку. Калі наш досвед, а так і адбываецца ў сучаснай фатаграфіі, сканцэнтраваны ў сферы тэхналогій, то тут важныя падыходы да кантэнту, да эмацыйнага і інтэлектуальнага насычэння серый.

Спалучэнне неспалучальнага — велічных ландшафтаў аднаго рэгіёна і канцэптуальных ператварэнняў зусім іншых краявідаў — нараджае адчуванне палярнасці. У рамках адной экспазіцыі гэта дзівіць, здаецца нерэальным. Ці атрымліваецца фатаграфічнае даследаванне? Хутчэй так, але гэта занадта церпкі напой, і прыцягвае ён аматараў не манатонных, не аднамерных уяўленняў пра свет.

Думаю, падобныя дуэты (біномы) маглі б стаць цэлай серыяй асобных праектаў у Мінску. Увесь пафас і стратэгія такіх праектаў складаліся б у тым, каб «не сшываць» выказванні, не выраўноўваць стылістыку, а паказаць беларускай публіцы нас саміх абсалютна па-іншаму, але ў адным візуальным шэрагу з іншымі краінамі. Бо галоўны сродак тут — мастацтва сучаснай фатаграфіі, а не ілюстрацыі дасягненняў народнай гаспадаркі.

Любоў Гаўрылюк