Ракурс неспакойнай эпохі

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Шэсце па вуліцы Савецкай

/i/content/pi/mast/35/591/end.jpg

Ісак Салавейчык. Чырвоная Армія вяртаецца з манеўраў. 1931.

Сонечная восеньская раніца 1931 года. На мінскай вуліцы Савецкай шматлюдна. Натоўп заняў амаль усю праезную частку. Нібы ў ганаровай варце, застыў на рэйках гарадскі трамвай нумар 1, які нядаўна рухаўся па сваім звыклым маршруце ад Камароўкі да Таварнай.

Так пад гукі ваеннага аркестра жыхары Мінска сустракалі адзін з палкоў 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі імя англійскага пралетарыяту. Па сканчэнні акруговых манеўраў ён вяртаўся на месца сваёй пастаяннай дыслакацыі. Магчыма, дзесьці тут, сярод стомленых воінаў, і славуты камдыў, будучы маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі, які ў 1930 — 1931 гады кіраваў гэтым падраздзяленнем. Дывізія рухалася ў бок Камароўкі, бо там знаходзіліся казармы.

7-я Самарская дывізія мела слаўную баявую гісторыю. Яна ваявала і з дзянікінцамі, і з пятлюраўцамі, і з махноўцамі. У снежні 1921-га дывізія была пераведзена ў Заходнюю ваенную акругу ў прыгранічны Мінск. З 1925 года ў акрузе пачалі праводзіцца рэгулярныя палкавыя тактычныя вучэнні, а па заканчэнні летняга лагернага перыяду навучання — манеўры.

З балкона аднаго з будынкаў за ўрачыстым шэсцем назіраў чалавек з фотаапаратам. Ён уважліва сачыў за няспынным рухам калоны — і вось той самы момант... Шчоўкае затвор... Потым яшчэ і яшчэ. Але толькі адзін адбітак з’явіцца на старонках ілюстраванага часопіса «Чырвоная Беларусь». Яго аўтар — беларускі фатограф Ісак Салавейчык. Пры здымцы ён скарыстаў верхні ракурс і таму вельмі ўдала адлюстраваў гэтую маляўнічую працэсію. Фатаграфія стала не проста дакументам эпохі, але пераўтварылася ў мастацкі твор. Падобныя ракурсы мы бачым на фатаграфіях вядомага расійскага фотамайстра Аляксандра Родчанкі, першыя з якіх былі апублікаваны ў 1925 годзе ў часопісе «Советское кино» і сталі ягонай візітнай карткай. Пазней гэты прыём пачалі актыўна выкарыстоўваць і іншыя фотакарэспандэнты.

Ісак Салавейчык — патомны фатограф. Ягоны дзед Якаў паходзіў з нясвіжскіх мяшчан і ў розныя часы трымаў фатаграфічныя майстэрні ў Слоніме, Пружанах, Нясвіжы і Гродне. Рамяству фатаграфіі Ісак навучаўся ў свайго бацькі Восіпа Салавейчыка, таксама фатографа і ўладальніка фатаграфічнага атэлье ў Гродне, а потым у Беластоку. У 1916 годзе, пасля дэмабілізацыі з царскай арміі, Ісак Салавейчык пачынае працаваць у фотаатэлье Макоўскага ў Віцебску, а ў 1921-м, пасля службы ў Чырвонай Арміі, становіцца загадчыкам адной з дзяржаўных фоталабараторый Віцебска. У 1926 годзе ён пераязджае ў Мінск. Выкладае фатаграфію на курсах, а таксама працуе інструктарам у шматлікіх гарадскіх гуртках, фатографам у Дзяржаўным выдавецтве, робіць здымкі для прэсы.

У кастрычніку 1927 года было ўтворана першае ў Савецкай Беларусі фатаграфічнае аб’яднанне — Мінскае таварыства фатографаў-аматараў. Сярод дванаццаці мінскіх фатографаў, якія з’яўляліся яго заснавальнікамі, быў і Ісак Салавейчык. Пазней, у 1960 годзе, ён стане ініцыятарам стварэння і мастацкім кіраўніком фотаклуба «Мінск».

На жаль, амаль усе ягоныя даваенныя негатывы і адбіткі (а гэта шматлікія фота для «Чырвонай Беларусі» і іншых выданняў, фотамантажы для беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве) загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Адзінкавыя арыгіналы захаваліся ў музейных і архіўных зборах, астатнія — у выглядзе рэпрадукцый на старонках тагачасных друкаваных выданняў, у тым ліку ў першым айчынным фотаальбоме «Беларусь Савецкая» (1930). Больш позняя фатаграфічная спадчына Ісака Салавейчыка рупліва захоўваецца ў дзяржаўных архівах.

2010 год — юбілейны для фотамайстра. Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня яго нараджэння. Выстава памяці Ісака Салавейчыка адкрыецца восенню ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Надзея Саўчанка