Рэха конкурсаў і фестывальных вандровак

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Аматары акадэмічнай музыкі з дапамогай Інтэрнета трапятліва сачылі за тым, як разгортваліся падзеі на адным з найбольш прэстыжных спаборніцтваў свету -- ХІІІ Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага. Сёлета ён быў прысвечаны памяці М.Растраповіча. Старшынямі журы сталіся буйнейшыя музыканты сучаснасці: М.Пятроў узначаліў конкурс піяністаў, У.Співакоў -- скрыпачоў, Н.Шахаўская -- віяланчэлістаў, І.Багачова -- конкурс вакалістаў.

 /i/content/pi/mast/3/59/Reha-konkursau1.jpg
 «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага. В.Гайко (Адылія), М.Радзюш (Зігфрыд).
У аргкамітэт паступіла 440 анкет-заявак ад музыкантаў з 35 краін (фартэпіяна -- 143, віяланчэль -- 87, скрыпка -- 99, сольныя спевы -- 111). Асноўная колькасць заявак -- ад расійскіх музыкантаў, а таксама артыстаў з Японіі, ЗША, Паўднёвай Карэі, Кітая. Сярод краін СНД дамінавалі Украіна і Беларусь.
Бюджэт конкурсу склаў каля 6 мільёнаў долараў. Прыкладна трэць выдаткаў узяла на сябе японская кампанія Toyota -- генеральны спонсар. Эмацыйнай напружанасці дадало і тое, што прызавы фонд зраўняўся з фондамі аналагічных міжнародных конкурсаў: 1-я прэмія -- 20 тыс. долараў, 2-я -- 15, 3-я -- 10, 4-я -- 7, 5-я і 6-я -- 5 і 4 тысячы долараў. Акрамя таго, уладальнікам 1-га месца ў кожнай намінацыі ўручалася прэмія імя М.Растраповіча (20 тыс. долараў).
З беларускіх музыкантаў складаны адборачны тур прайшлі пяцёра -- салісты оперы Таццяна Гаўрылава, Эдуард Мартынюк і Ілья Сільчукоў, а таксама скрыпач Арцём Шышкоў і віяланчэліст Георгій Анішчанка.
Лічба «13» аказалася не надта спрыяльнай для нашых выканаўцаў. І.Сільчукоў, уладальнік вельмі прыгожага, «аксамітавага» барытона, на жаль, не адолеў мяжу 1-га тура. Пасля 2-га тура са спаборніцтва выйшлі Т.Гаўрылава і Э.Мартынюк, хоць Т.Гаўрылава вельмі спадабалася спецыялістам, якія адзначалі яе філігранную тэхніку і надзвычай віртуозныя «вярхі». Што зробіш -- конкурс ёсць конкурс! Часам тут перамагаюць не самыя артыстычныя, а самыя тэхнічныя. Конкурс -- яшчэ і барацьба прадстаўнікоў розных школ і розных педагогаў. Многія назіральнікі аднадушна казалі пра перамогу (прынамсі, у струннікаў) азіяцкай школы, дзе дамінавалі Кітай і Паўднёвая Карэя.
З нашых больш за ўсіх пашанцавала скрыпачу А.Шышкову, па выніках 2-га тура ён атрымаў дыплом і заахвочвальную прэмію. Сваю адносную няўдачу на конкурсе Чайкоўскага І.Сільчукоў кампенсаваў на працягу мінулага сезона мноствам перамог на іншых міжнародных конкурсах па ўсёй Еўропе.
Усе нашы артысты вярнуліся з Масквы ў добрым настроі. Бо конкурс -- яшчэ і велізарны артыстычны кірмаш, куды з’язджаюцца імпрэсарыо, дырэктары і мастацкія кіраўнікі труп, каб заўважыць лепшых. Многія з нашых артыстаў атрымалі цікавыя запрашэнні і прапановы.
І яшчэ дзве важкія падзеі. Штогод Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і Нацыянальны тэатр балета выпраўляюцца ў гастрольныя вандроўкі.
Лета і восень мінулага, 2006 года былі, відаць, рэкорднымі па колькасці і прэстыжнасці гастрольных падарожжаў. Асабліва гэта тычылася оперы. У маі калектыў выправіўся ў Германію, дзе кантатай «Карміна Бурана» К.Орфа аркестр, хор і салісты адкрывалі штогадовы фестываль Open Air (фэсты пад адкрытым небам -- адна з шырока распаўсюджаных і даўніх традыцый у оперным выканальніцтве Заходняй Еўропы).У чэрвені ў Аўстрыі аркестр тэатра даваў сумесны канцэрт з зоркай сусветнай оперы Мансэрат Кабалье. На чале нашага аркестра быў іспанскі дырыжор Мар’ян Рывас. М.Кабалье вельмі спадабаўся аркестр тэатра оперы, і спявачка выказала пажаданне прадоўжыць супрацоўніцтва.
У ліпені нашы артысты вярнуліся ў Германію на фестываль Open Air, дзе паказвалі «Турандот» Д.Пучыні і «Карміна Бурана».
У ліпені -- жніўні аркестр тэатра знаходзіўся ў Іспаніі, на Канарскіх астравах, дзе падчас міжнароднага фестывалю «Санта круз дэ ля Пальма» ўдзельнічаў у выкананні опер «Рыгалета» Д.Вердзі і «Самсон і Даліла» К.Сен-Санса, а таксама даваў гала-канцэрт.
Гастрольная праграма гэтага лета сканцэнтравалася ў Германіі, у старадаўнім замку
 /i/content/pi/mast/3/59/Reha-konkursau2.jpg
«Трубадур» Д.Вердзі. Сцэна са спектакля.
Маншаў, дзе беларуская опера неаднойчы выступала ў мінулыя гады, а балет выступаў упершыню. На Міжнародны фестываль класічнага мастацтва тэатр балета павёз «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага. (Праўда, яго давялося танцаваць… пад дажджом, бо навес не закрываў усю сцэну, і прафесійны балетны жаргон -- «ля вады», г. зн. у кардэбалеце -- меў у дадзеным выпадку літаральны сэнс). Опера павезла на гастролі спектаклі «Кармэн» Ж.Бізэ, «Трубадур» і «Травіята» Д.Вердзі, а таксама «Карміна Бурана» К.Орфа.
Замак Маншаў знаходзіцца высока ў гарах. Каб трапіць у яго, гледачу трэба прайсці праз мост, перакінуты праз глыбокі роў. А сам мост трымаецца на металічных ланцугах. Уявіце, як рамантычна ўспрымаецца ў такім прыродным асяроддзі «Трубадур» ці «Лебядзінае...», дзеянне якіх на самай справе адбываецца ў старажытных рыцарскіх замках!
6 верасня спектаклем «Баядэрка» (на музыку Л.Мінкуса) распачаў свой новы сезон Нацыянальны тэатр балета. На пачатку кастрычніка канцэртным выкананнем «Барыса Гадунова» М.Мусаргскага пачынае сезон Нацыянальны тэатр оперы. Юбілейны, 70-ы сезон адкрыла Беларуская дзяржаўная філармонія. Значыць, нас чакаюць прэм’еры, адкрыцці, глядацкія ўзрушэнні…

Таццяна МУШЫНСКАЯ