«Streams»:высокія ноты авангарда

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

«STREAMS-STRÖMUNGEN» — так называўся фестываль сучаснай музыкі, які адбыўся сёлета ў абацтве Браўвайлер (Кёльн, Германія).

 У праграме, якая адлюстравала акту-альныя кірункі свецкай і духоўнай музыкі, з’ядналіся канцэрты, выставы, даклады, сустрэчы. 16 кампазітараў з 10 краін і 4 кантынентаў прывезлі сюды свае сачыненні.
Гучала музыка з Расіі, усходнееўрапейскіх краін (Польшча, Беларусь, Славакія), Заходняй Еўропы (Італія, Францыя, Германія), ЗША, Малайзіі і Аўстраліі.

Ідэя і вынік

Фестываль нарадзіўся дзякуючы прыватнай ініцыятыве доктара мастацтвазнаўства Альфонса Бірмана (Германія) і кампазітара, піяніста, прафесара Фалька Штайнбаха (ЗША) — энтузіястаў, якія ўзялі на сябе цяжар і навуковага суправаджэння, і арганізатарскіх клопатаў. Фэст прадэманстраваў на практыцы вельмі перспектыўны кірунак руху сучаснай музычнай думкі. У прадстаўнічым форуме ўдзельнічалі два беларускія кампазітары — Вячаслаў Кузняцоў і Аляксандр Літвіноўскі, а таксама музыказнаўцы Таццяна Мдывані і аўтар гэтых радкоў.

Агульнавядома, што авангардная музыка не проста складаная для ўспрымання. Значная частка слухацкай аўдыторыі яе ўвогуле ігнаруе, таму такія сачыненні гучаць пераважна ў элітных клубах для «пасвячоных». Галоўнае ўражанне Кёльнскага фестывалю — сучасная музыка мела незвычайны поспех у слухача! А ці часта можна канстатаваць такі вынік, калі гаворка ідзе пра авангард? Поспех канцэртаў форуму адлюстраваў пошук шляхоў да слухацкага ўспрымання, адыход ад радыкалізму і адначасова захаванне піетэту перад ідэяй навізны і арыгінальнасці. І гэта пацвярджэнне таго, што галоўная мэта «STREAMS» дасягнута. Дзякуючы намаганням арганізатараў на практыцы ўвасобілася думка Ёзэфа Гайдна, якая паслужыла эпіграфам да ідэйнага абгрунтавання форуму: «Мая мова зразумелая ўсяму свету».

У межах фестывалю адбылося пяць канцэртаў. У свяце адкрыцця гучала музыка для струннага аркестра; акрамя таго, былі паказаны дзве праграмы камерных сачыненняў, адна — арганнай музыкі, а ў заключным канцэрце з’ядналіся опусы арганныя, харавыя і вакальна-інструментальныя. Згадаем шыкоўныя ўмовы архітэктурнага комплекса абацтва Браўвайлер, на тэрыторыі якога знаходзяцца цудоўная зала камернай музыкі, царква Св. Мікалая (з выдатнай акустыкай і арганам, дзе ладзяцца канцэрты духоўнай музыкі), ёсць і залы, дзе адбываліся навуковыя канферэнцыі і дэманстраваліся інсталяцыі.

Традыцыйна і радыкальна

Музыка, прадстаўленая ў Кёльне, была надзвычай шматграннай у стылявым плане. Сітуацыя ў мастацтве ХХ стагоддзя паслужыла асновай працэсу жанравага абнаўлення (аж да трансфармацыі непарушных ідыём), які працягваецца і на пачатку ХХI-га. На змену тыпізаванай трактоўцы прыйшла разнастайнасць рашэнняў. Новае светаадчуванне, прынесенае ў мастацкую культуру мінулым стагоддзем, і цяпер уплывае на творчы працэс. Прэзентаванае на фестывалі кола жанраў вызначана развіццём музыкі, якое ішло традыцыйна (з апорай на агульнапрынятую мадэль без карэнных пераўтварэнняў першаасновы) і радыкальна (з адыходам ад ранейшых норм музычнага мыслення).

Адметнасць нараджалася яшчэ падчас фарміравання праграмы форуму — структура кожнага канцэрта была выверанай і цэласнай, яна будавалася на аснове пэўнай ідэі, закладзенай натхніцелямі фестывалю. І пачала ўвасабляцца ўжо з канцэрта адкрыцця: у ім прагучалі творы «Tales of the Magic Tree» (2001) Аляксандра Літвіноўскага (Беларусь) і «Il Castello d’Este» (2004) Барбары Рэтальяці (Італія), інспіраваныя «застылай сімфоніяй» архітэктурных ансамбляў краін, дзе жывуць кампазітары.

Кёльнскія прэм’еры

У адпаведнасці з задумай арганізатараў некаторыя кампазітары паспрабавалі адрадзіць старадаўнюю практыку аўтарскага выканання (у традыцыях хатніх канцэртаў кампазітараў-рамантыкаў або выканальніцтва ў творчым асяроддзі Арнольда Шонберга). На двух канцэртах камерных сачыненняў у інтэрпрэтацыі кампазітараў прагучалі творы Крыстофа Марыі Вагнера і Міхаэля Астржыгі, Фалька Штайнбаха і Вячаслава Кузняцова.

Звычайна адной з найбольш важных задач інтэрнацыянальных форумаў з’яўляюцца прэм’еры. Сёлета «STREAMS» прапанаваў першае выкананне твораў Чонг Ліма, Міхаэля Астржыгі, Крыстофа Марыі Вагнера, Кшыштафа Пендэрэцкага. Упершыню прагучалі ў Германіі і некаторыя сачыненні беларускіх кампазітараў — ужо згаданыя «Tales of the Magic Tree» для струннага аркестра і «Canzonetta» для віяланчэлі і электронікі Аляксандра Літвіноўскага, а таксама «Dedications, tiny piano elegies» Вячаслава Кузняцова.

Твор «Tales of the Magic Tree» Аляксандра Літвіноўскага меў вялікі поспех у публікі: аўтара і музыкантаў выклікалі неаднаразова. Прызнанне суправаджала і опус «Canzonetta». Узроўнем інтэрпрэтацыі ўласнай прэм’еры быў захоплены і Вячаслаў Кузняцоў. У камерным канцэрце выконвалася яго сачыненне «Heterophonie» для габоя, скрыпкі і альта, увасобленае музыкантамі з Амерыкі і Германіі. Слухачы захоплена прынялі твор нашага аўтара. Вячаслаў так афарыстычна ахарактарызаваў выканальніцкі ўзровень: «Якасць, экспрэсія, свабода, адкрытасць». Айчынная кампазітарская творчасць аказалася прадстаўленай падчас фестывалю на высокім узроўні. Невыпадкова сачыненні нашых аўтараў інспіравалі назвы канцэртаў.

Кёльнскі фестываль вызначаўся высокім узроўнем выканаўцаў. Запрашэнне дырыжораў-кампазітараў — падстава для стварэння выканальніцкіх інтэрпрэтацый высокага інтэлектуальнага ўзроўню. А багаты канцэртны досвед — аснова поспеху спецыяльна створанага для фестывалю аркестра «Streams festival orchester» пад кіраўніцтвам дырыжора і кампазітара Крыстофа Марыі Вагнера.

Цікавасць да сакральнай тэматыкі

Для канцэрта закрыцця былі запрошаны хор і салісты «Collegium musicum» Кёльнскага ўніверсітэта (дырыжор — кампазітар Міхаэль Астржыга). У іх выкананні гучала вакальна-інструментальная, а найперш — сучасная сакральная музыка, дзе хор выступае як адмысловы інструмент, выразныя магчымасці якога ў ХХ стагоддзі надзвычай пашырыліся за кошт новых тэхнік выкладання матэрыялу, спосабаў гукаўтварэння і гуказдабыцця. «Collegium musicum» — калектыў, вядомы сваім досведам у інтэрпрэтацыі сучасных сачыненняў. Свабоднае валоданне рознымі гукавыяўленчымі і санорнымі прыёмамі дэманстравалася ў опусах Фалька Штайнбаха, Масіма Берцолы, Марыны Воінавай.

Духоўная музыка займала важкае месца ў праграме фестывалю. Сачыненні на духоўныя тэксты вабяць дзякуючы ўзвышанасці і глыбіні літаратурнай асновы, якая потым атрымлівае індывідуальную трактоўку кампазітара. Гэта выяўляецца ў спосабе філасофскага асэнсавання, у стылявой адметнасці музычнага ўвасаблення.

Форум пераканаў, што еўрапейскі музычны авангард не толькі справакаваў з’яўленне шэрагу твораў, але і па-ранейшаму ўплывае на мысленне кампазітараў, якія імкнуцца асвоіць новыя сістэмы гукаарганізацыі. І гэта адбываецца ў рэчышчы пошукаў арыгінальнай гукавой прасторы. «STREAMS» прадэманстраваў, што авангарднае музычнае мысленне застаецца адным з самых магутных сродкаў экспрэсіі.

Галіна Цмыг

 

Альфонс Бірман:

«Рэакцыя нашай публікі, якая захоплена прымала музыку Вячаслава Кузняцова і Аляксандра Літвіноўскага, супала з маім асабістым успрыманнем. Усцешаны, што беларуская музыка была тут прадстаўлена такімі выдатнымі кампазітарамі. Падзяляю меркаванне калег, якія прысутнічалі на акадэмічнай частцы фестывалю: даклады даследчыкаў з Беларусі сведчаць пра высокі ўзровень навуковага абагульнення працэсаў сучаснага музычнага мастацтва, яны ўтрымлівалі шмат новай для нас інфармацыі пра музыку гэтай краіны».

Вячаслаў Кузняцоў, кампазітар:

«“STREAMS” — гэта кантакты з незвычайнымі і гасціннымі людзьмі. Сустрэчы з новай музыкай, сяброўскія дыялогі з калегамі-кампазітарамі. Адшліфаванасць і глыбіня інтэрпрэтацый, тонкая, пачуццёвая музычнасць. Насычаная, пазнавальная культурная праграма... Інакш кажучы, свята!»

Таццяна Мдывані, доктар мастацтвазнаўства, прафесар:

«Фестываль прайшоў на высокай ноце. У ім была ўся атрыбутыка буйнога еўрапейскага форуму: канцэрты, кантакты з музыкантамі розных краін свету, дыскусіі, дэманстрацыя кінастужак на тэмы еўрапейскага мастацтва і нямецкай манастырскай культуры, інсталяцыі і акцыі мультымедыйнага тыпу. Што ўразіла? Радасная ветлівая атмасфера, цёплы прыём. Тон задаваў доктар Альфонс Бірман, аўтар шматтомных прац па сярэднявечнай манастырскай культуры».

Аляксандр Літвіноўскі, кампазітар:

«Крыстоф Марыя Вагнер паказаў высокае прафесійнае майстэрства дырыжора-кампазітара. Пранікненне ў сутнасць стылю майго твора “Tales of the Magic Tree”, дзе мінімалізм з яго спецыфічнай медытатыўнасцю (я быў захоплены гэтым стылем падчас працы над сачыненнем) уступае ў стылявы дыялог з элементамі рамантызму, — задача няпростая для аркестра. Узрушаны падыходам да інтэрпрэтацыі маёй музыкі: вытанчанасць і глыбіня інтэлектуальнага разумення матэрыялу ў спалучэнні з высокай культурай і выканальніцкімі здольнасцямі — галоўнае, што не пакінула абыякавым. І ў аркестра, і ў дырыжора вялікі творчы патэнцыял. Яны працуюць з аддачай і натхненнем. Пра такі падыход да выканання кожны кампазітар можа толькі марыць...»