Пластычная псіхатэрапія

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Алан Платэль

 Толькі факты

Бельгійскі харэограф і рэжысёр Алан Платэль нарадзіўся ў 1956 годзе ў Генце. Вучыўся на дэфектолага, потым з 1969 па 1973 — пантаміме ў Акадэміі Сабаціні ў Жэневе. У 1984-м у родным Генце разам з аднадумцамі-сябрамі і сваякамі заснаваў Les Ballets C. de la B. Платэль ставіць спектаклі, праводзіць танцавальныя майстар-класы, робіць кіна- і відэапраекты.

У якім жанры ён працуе?

Дагэтуль невядома (прынамсі, цяжка вызначыць), па якім ведамстве лічыць Алана Платэля. Што такое ягоныя спектаклі: пантаміма, сучасны балет, драма, цырк, мюзікл? А можа — клаунада або гісторыя хваробы? Знакаміты спектакль «vsprs» Платэль ставіў, вывучаючы пацыентаў псіхіятраў. Адзін з тэатральных крытыкаў назваў гэтую работу Платэля «серыяй эпілептычных прыпадкаў акцёраў, якія канчаюцца сеансам калектыўнай мастурбацыі». Хоць, канешне ж, тут не ўсё так проста.

Што такое «vsprs»?

Гэта слова «vespers» («вячэрня»), з якога выключаны галосныя. Само ж слова ўзятае з назвы духоўнай араторыі Клаўдзіо Мантэвердзі 1610 года «Vespro della Beata Vіrgine» («Вячэрня прасвятой Дзеве»). Аранжыроўка Фабрыцыо Касоля надала ўзвышанай барочнай музыцы цыганска-афрыканскі характар. Афраамерыканская спявачка Крысціна Завалоні вядзе вакальную партыю сапрана, а аркестр — дзесяць музыкантаў — сядзіць непасрэдна на сцэне, каля падножжа белых ледзяных гор, якія нагадваюць разгорнутыя крылы, але насамрэч аказваюцца фрагментамі сподняй бялізны.

На сцэне — галерэя дзіўных і няшчасных людзей, якія знаходзяцца ў стане ці то калектыўнай істэрыі, ці то рэлігійнага экстазу. Гэтыя героі не маюць імёнаў, іх пластычныя характарыстыкі розныя, але абавязкова камічныя і недарэчныя. Алан Платэль выказвае неверагодную вынаходлівасць у пластычнай партытуры: у кожнага персанажа свае фобіі і комплексы. Вось знерваваны хлопец, якога нібыта б’е токам; вось бізнес-лэдзі, што выгукае імёны мужчын, але няздатная справіцца са сваім непаслухмяным целам; вось дзяўчына ў сарочцы-балахоне, з якой ёй ніяк не ўдаецца выкараскацца...

Спачатку здаецца, быццам у гэтых вар’ятаў няма нічога агульнага, але паступова становіцца ясна: усе яны памыкаюцца зразумець, што знаходзіцца там, за белымі гарамі, у іншым вымярэнні. Дапамагаючы адно аднаму, караскаюцца на вышыню, відавочна для іх недасягальную. Асуджаныя на адзіноцтва, у марным імкненні да любові нябеснай, няшчасныя аддаюцца вартаму жалю адзінокаму акту кахання зямнога.

Якія пачуцці выклікае спектакль? Роспач? Так. Спачуванне? Безумоўна. І ўнутранае супраціўленне...

Алан Платэль засмучаецца, калі публіка не прымае ягоную эстэтыку, — бо ён не мае на мэце шакіраваць людзей. Ён лічыць, што чалавек прыходзіць у тэатр, каб перажыць больш моцныя, чым у паўсядзённым жыцці, эмоцыі. Гэта свайго роду тэрапія — Платэль імкнецца лячыць сучаснае грамадства.

Крыніца натхнення для Платэля — канкрэтны чалавек: ён назірае за паводзінамі сваіх танцоўшчыкаў, людзей на вуліцы, у царкве, у магазінах. Змяшэнне жанраў і культур лічыць умовай руху наперад. Высока цэніць класічны балет і класічную музыку, свабодна звяртаецца да іх, часам пераасэнсоўвае.

Прыгажосць — не ягоная эстэтыка; хараство ён знаходзіць нават у звыродлівым. Унутраны маналог чалавека можа быць агідны, недарэчны і змрочны, але надзея застаецца заўсёды.

Слова Алану Платэлю

— Я — за сціранне межаў. У нашай трупе ёсць адзін бруселец, які высветліў, што ў горадзе, дзе ён нарадзіўся, пражываюць людзі 150 нацыянальнасцей. А ў раёне, дзе ён жыве, людзі гавораць на 125 мовах. Гэта рэальнасць, да якой трэба адаптавацца. З гэтым нельга змагацца. Трэба шукаць рашэнне праблем — эканамічных і значна больш жорсткіх псіхалагічных.

Першай суполкай з’яўляецца сям’я, потым — прыход, потым — вуліца, гарадок, нейкі клуб, школа, спартыўная каманда, палітычная партыя... Але палітычныя партыі ў Еўропе не маюць пэўнай самаідэнтыфікацыі — розніца між імі ледзь прыкметная.

Жаданне належаць да той або іншай суполкі — фундаментальная якасць чалавека. Пры тым, што існуе імкненне да свабоды індывідуальнасці, многія людзі, мне здаецца, сёння гатовы ахвяраваць гэтай свабодай дзеля супольнай прыналежнасці. Калі не знойдзецца альтэрнатыва існуючай абшчыне — нацыянальнасці, у бліжэйшую сотню гадоў у чалавецтва будзе вельмі цяжкі перыяд.

Праблема нацыянальнага самавызначэння хвалюе мяне асабіста, я паставіў нямала танцавальных спектакляў на тэму культурнай самаідэнтыфікацыі. У папярэднім нашым спектаклі «Воўк» на музыку Моцарта сабраў танцораў з розных кантынентаў, на сцэне былі дзяржаўныя сцягі, выконваліся дзяржаўныя гімны. У Еўропе гэта тэма актуальная. Мне здаецца цікавай тэндэнцыя дэманстраваць, што мы належым не да асобнай нацыі, але да нечага больш маштабнага: мы еўрапейцы і нават грамадзяне свету.

Калі казаць пра «vsprs», то гэты спектакль быў інспірыраваны дакументальным фільмам, знятым урачом-псіхіятрам на пачатку дваццатага стагоддзя. Многія лічылі спектакль спрэчным (у Парыжы падчас паказу гучалі абураныя выкрыкі, у Лондане мы ўвогуле сутыкнуліся з этычнымі абвінавачваннямі, бо там нашых акцёраў палічылі за сапраўдных душэўнахворых, а ў Японіі людзі дзякавалі і плакалі).

Але для мяне гэтыя персанажы — не хворыя. Для мяне асобы з псіхічнымі або псіхалагічнымі праблемамі — нармальныя людзі, якім цяжка жыць. У нейкі момант яны становяцца няздатнымі да самавыяўлення...

Усе мы памром — адзінае, у чым можна быць упэўненымі на гэтым свеце. Ісціна настолькі абсурдная, жорсткая і трагічная, што людзі, якія гэта ўсведамляюць, трацяць розум.

«Злітуйся!»

У аснове новай работы Алана Платэля «Злітуйся!» — араторыя Баха «Страсці паводле Матфея». Платэль хацеў, каб для рэкламнага постэра была выкарыстана старая паштоўка, якую жонка даслала яму з Францыі: абапал бясконцай дарогі — людзі, якія спраўляюць вялікую патрэбу... Уладальнікі тэатраў на гэта не пайшлі, хоць Алан спрабаваў растлумачыць ім, што такі працэс — форма яднання чалавецтва, сімвал ачышчэння.

І вось спектакль пачынаецца... Замест Тайнай вячэры — вячэра на траіх: за сталом — Ісус, ягоная Маці і Марыя Магдаліна (контр-тэнар, сапрана і мецца-сапрана). На афрыканцу Сержу Какоджы, які выконвае ролю Хрыста, яркая майка з выявай беласкурага Ісуса. Стрыманыя, самотныя рухі, ціхія арыі і рэчытатывы... Але вось трое выходзяць з-за стала, іх акружае натоўп дзіўных танцуючых людзей. На памосце — музыканты.

У цэнтры пастаноўкі — вобраз Маці, якая, паводле Платэля, павінна не аплакваць сына, а памерці замест яго або разам з ім (заўважым, што ў араторыі Баха партыі Марыі ўвогуле не існуе). За музычную аснову ўзята адна арыя — «Злітуйся, Гасподзь!», і ў аркестры гучаць эклектычна змешаныя мелодыі розных краін і кантынентаў. На сцэне — таксама разнамасны ( і па колеры скуры, і па касцюмах) натоўп, выразы твараў людзей, з якіх ён складаецца, пастаянна мяняюцца. Старанна адрэпеціраваная імправізацыя... Часам акцёры прамаўляюць фразы, не звязаныя з дзеяннем, напрыклад: «Я ўдзячны маёй сям’і за любоў і клопат. Астатнія могуць цалаваць мяне ў...» Напрыканцы спектакля Серж Какоджы замірае, ягоны твар зліваецца з цемрай, і толькі майка з выявай Хрыста, асветленая пражэктарам, лунае над сцэнай. Акцёры заклейваюць адзін аднаму вочы тонкай тканінай — смерць даганяе ўсіх. Сцэна пусцее, але аркестр працягвае іграць Баха. І гэтая музыка цудоўная...

Кампазітар Фабрыцыо Касоль пра спектакль «Злітуйся!»

— Мы замахнуліся на адаптацыю «Страсцей паводле Матфея». Пытанне непазбежнае: што рабіць з расповедам? Мне было зразумела, што Алан у той або іншай форме хоча захаваць гісторыю. Хоць бы ў водгаласе. Другая праблема: што рабіць з Хрыстом, як увесці вобраз у кантэкст умоўнай харэаграфіі, спалучанай з музыкай і спевамі? І хто можа іграць гэтую ролю? Мы пазнаёміліся з Сержам Какоджы з Кіншасы. У яго чорная скура і надзвычайны голас. Серж і спявае, і танцуе, і плача. Іграе ў кожным спектаклі — дублёра няма, ён ідэальны ў гэтай ролі. Ісус у «Злітуйся!» — алегорыя зменлівага часу...

Слова Алану Платэлю

— Тэатр — адкрытая форма мастацтва, і зусім не абавязкова дзяліць яго на оперу, драму, танец. Гэта тэрыторыя, якая дазваляе перажыць больш моцныя эмоцыі, чым у рэальным жыцці. І я не магу адмовіць сабе ў праве выкарыстаць такую магчымасць. Мае спектаклі могуць быць жорсткімі і эмацыйна складанымі, але я заўсёды хачу, каб у іх было тое, што аб’ядноўвае людзей.

Скура, плоць пастаянна выяўляюць патрэбу адчуваць іншага чалавека. Гэты пачуццёвы бок жыцця, дачыненне — прычына зачацця. «Плоць ад плоці маёй», — кажа маці пра сына.

Перакананы, што заўсёды звяртаюся адначасова да інтымнай сферы і да грамадства. Раней змяшчаў людзей у іх сацыяльны і палітычны падтэкст і ствараў вобразы, якія маглі быць узятыя наўпрост з вуліцы. Цяпер выварочваю чалавечыя душы.

Мая жыццёвая філасофія простая: катэгарычна не згодны з тым, што на гэтым свеце мы толькі дзеля таго, каб памерці. Глыбокія перажыванні на гэты конт накладваюць адбітак на кожны мой спектакль.

Але я зусім не нешчаслівы. Вывучаў педагогіку, псіхалогію, працаваў у інстытуце, дзе лячылі дзяцей з праблемамі, аб’ездзіў з гастролямі ўвесь свет. Вялізная колькасць людзей прыходзіць глядзець мае спектаклі. Я — шчаслівы чалавек.

Ніна Мазур