Камертон сэнсу

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Як гучыць кінавобраз?

/i/content/pi/mast/35/584/36.jpg

«Месяц». Рэжысёры Уладзімір і Алена Пяткевічы.

Наведвальнікі кінатэатраў нярэдка крыўдуюць: цяжка нармальна слухаць фільм, надта агрэсіўная і насычаная фанаграма! Сапраўды, сучасны кінематограф асвоіў новыя тэхналогіі і мае магчымасць прадставіць шырокі дыяпазон разнастайных гукаў. Але, як і раней, сярод гукавога багацця кінастужкі гледача больш за ўсё вабіць музыка. Песні з фільмаў адразу набываюць асаблівую папулярнасць. Саўндтрэкі да кінастужак разыходзяцца на дысках мільённымі тыражамі. Нават не верыцца, што некалі кіно называлі «Вялікім Нямым».

Нямецкі кампазітар Ганс Эйслер аднойчы выказаў меркаванне, што музыка ў фільме павінна нагадваць гарчыцу на краі талеркі. Іранічнае стаўленне да кінамузыкі і цяпер існуе ў асяроддзі прафесійных кампазітараў. Яны разглядаюць сачыненні для кінастужак перш за ўсё як сродак заробку. Напрыклад, Эдысон Дзянісаў, які напісаў музыку да фільмаў «Безыменная зорка» і «Хам», паблажліва ставіўся да гэтай галіны. А вось Альфрэд Шнітке, сааўтар стужак «Экіпаж», «Узыходжанне», «Агонія», адносіўся да сваёй працы вельмі сур’ёзна. Сучасны расійскі кампазітар Леанід Дзясятнікаў («Дзённік яго жонкі», «Масква», «Каўказскі палоннік») заклікае не далучаць кінамузыку да камерцыі.

Фільм «Жывыя і мёртвыя», зроблены па ваенным рамане Канстанціна Сіманава, ці экзістэнцыяльная драма «Крык» Мікеланджэла Антаніёні наогул не маюць музыкі. Але гэта адзінкавыя прыклады «немузычных» фільмаў. Музыка застаецца, бадай, самым эмацыянальным і чуллівым складнікам стужкі, які ўплывае на падсвядомасць.

Меладрама, баявік, камедыя...

У сучасным кіно пануюць баевікі і меладрамы. Камедыі пашанцавала менш — гэта вельмі складаны жанр, адолець які могуць далёка не ўсе рэжысёры. Асабліва адчувальная да музычнага элемента меладрама, якая выкарыстоўвае музыку для ўвасаблення душэўнага стану героя і ўзмацнення пачуццяў. Усе памятаюць стужку «Тры таполі на Плюшчысе», дзе выразна іграла і спявала славутая Таццяна Дароніна. У сучаснай меладраме «Інсайт» рамансава-элегічная музыка Віктара Капыцько каментуе драматычную гісторыю адносін бацькі і дачкі. У стужцы «Пакуль мы жывыя...» складаныя ўзаемадачыненні герояў паказаны на фоне лірычнага вальса. Музыка рухае сюжэт фільма «Я памятаю...» — ад чарнобыльскай тэмы да ідэі адраджэння. Характэрны тэмбр акарыны ўспрымаецца як голас спакутаванай народнай душы.

У баевіку ўладараць дынамізм дзеяння, пагоні, бойкі і трукі. Дэтэктыў, у сваю чаргу, патрабуе атмасферы трывогі. Славуты рэжысёр Альфрэд Хічкок назваў гэты стан саспенсам. Але прыгодніцкі кінематограф часам не надта разборлівы ў адносінах да герояў станоўчых і адмоўных: музыка прымушае гледача спачуваць і тым, і другім. Напрыклад, вядомая лірычная музыка Эніо Марыконэ з французскай стужкі «Прафесіянал» суправаджае сумніўныя ўчынкі сакрэтнага агента ў выкананні абаяльнага Жан-Поля Бельмандо. У фільме «Фантамас» запамінаецца выразная музычная тэма, якая мае дачыненне да няўлоўнага ліхадзея ў масцы.

Жахі вайны і каханне зрабіліся скразной тэмай баевіка «Снайпер. Зброя адплаты». Галоўнае ў гукавой партытуры стужкі — атмасфера загадкавасці і таямнічасці, стылістыка трылера. Электроннае гучанне разам з візуальнымі эфектамі стварае адчуванне камп’ютэрнага відовішча.

Музыка ў кінакамедыі павінна дынамічна рухаць дзеянне і мець ярка выяўлены смехавы, гумарыстычны пачатак. Гледачы памятаюць непаўторныя музычныя «трукі» і «жарты» кампазітара Аляксандра Зацэпіна з фільмаў Леаніда Гайдая «Каўказская палонніца» ці «Брыльянтавая рука». Сапраўдным сімвалам народнай камедыі «Белыя Росы» стала жартоўная песня ў выкананні Мікалая Карачанцава.

На перыпетыі гісторыка-легендарнага сюжэта ў фільме «Анастасія Слуцкая» чула рэагуе сімфанічная музыка Віктара Капыцько. Фільм акрэсліў важны накірунак у беларускай музыцы: з’яднанне нацыянальных рысаў з галівудскімі традыцыямі выкарыстання вялікіх аркестравых рэсурсаў і электронных гучанняў. У той жа час разнастайнасць і нават вытанчанасць музычнай кампазіцыі выдаюць аўтара, які мысліць па-еўрапейску.

Сапраўдным гонарам айчыннага кіно з’яўляюцца фільмы-казкі. Класікай жанру прызнаны славутыя тэлемюзіклы Леаніда Нячаева і Аляксея Рыбнікава «Прыгоды Бураціна» і «Чырвоны Каптурок. Працяг старой казкі».

Музыка «свая» і «чужая»

Усё часцей аўтары фільмаў звяртаюцца да старога сродку — кампіляцыі, цытавання вядомай музыкі. Калі раней арыгінальную партытуру да фільма ствараў адзін кампазітар, то цяпер паступова знікае прыярытэт аўтарства.

У розны час сусветную папулярнасць набылі кінакампазіцыі Ніна Рота і Майкла Наймана, Эніо Марыконэ і Алана Сільвестры, Яна Цірсена і Говарда Шора, Сяргея Пракоф’ева і Альфрэда Шнітке. Яны прыйшлі ў кінематограф з музычнага мастацтва і на практыцы спасцігалі асновы новай прафесіі. Напэўна, мала хто ведае, што ў кансерваторыях на постсавецкай прасторы не рыхтуюць кінакампазітараў. Напрыклад, адзіным расійскім аўтарам са спецыяльнасцю «кінакампазітар», набытай у Шведскай акадэміі музыкі, з’яўляецца Андрэй Сігле, які напісаў музыку да стужак Аляксандра Сакурава «Цялец», «Сонца» і «Аляксандра».

У «залаты» перыяд беларускага кіно, якім лічацца 1960 — 1980-я гады, былі створаны самыя цікавыя і выразныя музычныя кампазіцыі. Асобныя стужкі ўздымаліся да ўзроўню цэласнай гуказрокавай вобразнасці. Сярод вядомых айчынных кінакампазітараў — Яўген Глебаў, Сяргей Картэс, Генрых Вагнер, Уладзімір Чараднічэнка, Алег Янчанка, Уладзімір Кандрусевіч, Пётр Альхімовіч, Уладзімір Солтан, Алег Залётнеў, Сяргей Бельцюкоў, Леанід Захлеўны, Валерый Іваноў, Ларыса Сімаковіч, Алег Хадоска.

Цяпер кінематограф, як велізарны монстр, паглынае ўсе магчымыя выразныя сродкі музычнага мастацтва. У стужках часта гучаць народная і царкоўная музыка, класічныя творы (іншым разам залішне апрацаваныя). Гледачы прыкмецілі ў апошніх беларускіх фільмах «Тры талеры» і «Маленькія ўцекачы» з’яўленне этна-трыо «Троіца» пад кіраўніцтвам Івана Кірчука. Музыкант збірае і рэстаўруе самыя старажытныя народныя інструменты — дудкі, жалейкі, ліры, акарыны — і спалучае іх гучанне з сучаснай перкусіяй і электраінструментамі. Так айчынныя стужкі набываюць асаблівы каларыт.

У так званых «другасных» формаў фальклору з’яўляецца новае, кінематаграфічнае жыццё. Цяпер вельмі папулярны тэмбр армянскага дудука, які ўключаны ў партытуры стужак самай рознай тэматыкі — напрыклад, у блокбастэр «Гладыятар». Яшчэ адзін прыём — цытаванне класічнай музыкі, індывідуалізаванай па вобразнасці і стылістыцы. У кінапрыпавесцях Андрэя Таркоўскага ці Інгмара Бергмана музычная класіка выступае знакам вышэйшай духоўнасці. Славутая «Lacrimosa» Моцарта ўзмацняе канцэпцыю ваеннай кінатрагедыі «Ідзі і глядзі» Элема Клімава.

Сучасны расійскі рэжысёр Міхаіл Сегал зняў карціну «Франц+Паліна» паводле аповесці Алеся Адамовіча. Уплыў ваеннай прозы адчуваецца далёка не ва ўсіх эпізодах карціны, ёсць і недакладнасці. Сцэна спалення беларускай вёскі знята занадта прыгожа і нават «гламурна». Камера павольна рухаецца ўздоўж хат, што гараць, а ў гэты час гучыць музыка цудоўнага лірычнага накцюрна Фрэдэрыка Шапэна.

Заўсёдны інтарэс да музычнай класікі выдае нястрымны «апетыт» кінаіндустрыі. Калісьці папулярны ў асяроддзі музыкантаў жартоўны лозунг «Абаронім Першы канцэрт Чайкоўскага ад кінематаграфістаў!» зноў набывае актуальнасць.

Лёс кінапесні

Кіно даўно адкрыла магічную выразнасць песні. Дагэтуль спяваюць шлягеры славутага Ісака Дунаеўскага, створаныя да расійскіх і беларускіх стужак. Не ўсе ведаюць, што кампазітар напісаў музыку да дзесяці беларускіх фільмаў, сярод якіх «Маё каханне», «Шукальнікі шчасця», «Новы дом».

Стужкі Віктара Турава істотна паўплывалі на лёс айчыннай кінапесні. Рэжысёр вельмі любіў аўтарскія кампазіцыі, галоўным чынам балады Уладзіміра Высоцкага. У фільмах Турава яны ўспрымаюцца як голас свабоднай душы, якая не церпіць ніякага гвалту і прымусу. Іх герой увасабляе маральны максімалізм і адначасова трагедыйнае светаадчуванне. Балады «На брацкіх магілах не ставяць крыжоў», «У халады, у халады», «Толькі ён не вярнуўся з бою» дагэтуль кранаюць сэрца.

Асабліва ставіўся да песні рэжысёр Ігар Дабралюбаў. Ён прапаноўваў супрацоўніцтва самым «меладыйным» кампазітарам — Яну Фрэнкелю (фільмы «Белыя Росы», «Братушка»), Валерыю Зубкову («Мама, я жывы!»).

У перыяд, калі кіно захліснула хваля «чарнухі», песня знікла з экрана, саступіўшы месца іншай музыцы — дынамічнай «дыскатэчнай» ці, наадварот, гнятлівай. У сучасных стужках адбываецца своеасаблівая рэабілітацыя жанру. Лірычным цэнтрам становіцца песня, якую спяваюць нягучна, як быццам для сябе. Узнікла і такая досыць спрэчная практыка: песню часта пакідаюць для фінальных цітраў, калі гледачы ўжо выходзяць з кіназалы ці адыходзяць ад тэлеэкрана. Гэта вельмі яскрава засведчыў блокбастэр «Тытанік», дзе балада «My heart will go on» выконваецца Селін Дыён у самым фінале. Можна разважаць пра станоўчыя і адмоўныя рысы рэжысёрскага рашэння, але пэўная тэндэнцыя відавочная.

У баевіку «У жніўні 44-га...» таксама напрыканцы карціны гучыць «Песня пра маятнік» Аляксандра Градскага, якая мае асаблівую энергетыку. Пасля дынамічнай і вострай сцэны псіхалагічнага паядынку чэкістаў і дыверсантаў лірычная балада ўспрымаецца як эпілог і каментарый нашага сучасніка.

Кінапесні, якія набываюць самастойнае жыццё, кампазітары ствараюць і цяпер. Асабліва гэта ўдаецца Алегу Елісеенкаву. Камерная драма «Яшчэ пра вайну» не адкрывае новага ў кінабаталістыцы, але мае пэўны зарад дабрыні і чалавечнасці. Дзве сяброўкі, што працуюць медсёстрамі ў ваенным шпіталі, вырашаюць адпачыць пасля цяжкага дзяжурства. Яны наладзілі вечарынку, запрасілі маладых афіцэраў. Гучыць пранікнёная песня «Снег», і ў гэты час нечакана вяртаецца з фронту муж адной з сябровак... Песня атрымала шырокае прызнанне: кампазітар Алег Елісеенкаў, паэтэса Алена Турава і выканаўца Вера Палякова неаднойчы былі заўважаны і ганараваны на разнастайных фестывалях.

Лірычным камертонам фільма «Вам — заданне» зрабілася вакальная кампазіцыя «Плача белая бяроза» ў інтэрпрэтацыі вядомага ансамбля «Чысты голас». Яна напісана Елісеенкавым у народным стылі. Песня надала стужцы свежасць, увасобіла глыбіню пачуццяў. Галоўны герой, капітан Купрэвіч, нарэшце знаходзіць жонку і дзяцей, якіх лічыў загінуўшымі. Трапяткое пачуццё да ваеннага доктара Вольгі, якое толькі нарадзілася, застаецца ў мінулым. Душэўная, шчырая кампазіцыя аздобіла ваенны фільм.

Як голас сучасніка ўспрымаецца песня «Чыстая рака» ў фільме «У чэрвені 41-га...» Славуты кампазітар Аляксандр Зацэпін і тут паказаў сябе выдатным меладыстам. Песню спявае Сяргей Бязрукаў, які іграе мужнага лейтэнанта Івана Бурава. Сам артыст прызнаваўся, што прысвячае ролю свайму дзеду, які ваяваў у Вялікую Айчынную. Таму, напэўна, і інтэрпрэтацыя аказалася ўдалай: песня гучыць як пасланне — аднаго пакалення другому.

Беласнежка, Вожык і Зубр

У дакументальных стужках музыка часта непатрэбная — гэта адпавядае сутнасці жанру. Для такога кіно, як правіла, музыку спецыяльна не пішуць, а выкарыстоўваюць ужо гатовую.

У айчыннай дакументалістыцы вялікія выразныя магчымасці музыкі ўпершыню адкрыў Віктар Дашук. Нават назвы стужак з цыкла «У вайны не жаночае аблічча» нараджалі асацыяцыі з вядомымі рамансамі (напрыклад, «Раніца туманная»). І тады аповеды жанчын пра сваю ваенную маладосць быццам набывалі новы сэнс.

У фільмах рэжысёра Віктара Аслюка існуюць вонкава традыцыйныя, але па духу актуальныя кампазіцыі: у іх амаль няма выпадковых гукаў, усе кампаненты працуюць на агульную звышзадачу. Ужо першай стужцы рэжысёра «Слёзы блуднага сына» была ўласціва канцэптуальная музычная драматургія. У музычна-пластычным рашэнні фільма «Край тужлівых песень» «зашыфраваныя» народныя абрады — Дзяды, Радаўніца, зажынкі, заручыны.

У дакументальным кіно роля кампазітара не вельмі істотная, але і тут нельга не заўважыць значных работ Сяргея Бельцюкова, Уладзіміра Дарохіна, Кіма Цесакова. Галоўнае, як мяркуе Віктар Капыцько, каб усё было «графічна, тэзісна, абагульнена». Менавіта так (разам з рэжысёрам Адольфам Канеўскім) ім зроблены стужкі «Гудзёлка» і «Спрадвечнае мужчынскае мастацтва».

Што датычыць анімацыйнага кіно, то яго наогул часта параўноўваюць з музычным мастацтвам. Абодва апелююць да абстрактнага мыслення, да часавай формы вобразаў. Вядома, што Уолт Дысней вельмі ўважліва ставіўся да музыкі: яна пісалася раней за фільм, а потым выяве надаваўся тэмпарытм музычнага суправаджэння. Таму Беласнежка і гномы ў ягонай стужцы рухаюцца ў строгай адпаведнасці з гукавым ладам.

У славутай карціне «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна музыка Міхаіла Меяровіча ўважліва «сочыць» за прыгодамі маленькай істоты. Яна малюе карціны заімглёнай сенажаці, велічнага дрэва, шумнай ракі. Узнікае вобраз касмічнай прасторы, дзе няма дробязяў і ўсё набывае глыбокі сэнс.

Ужо прызнаны класікай беларускага кіно музычныя кампазіцыі Леаніда Захлеўнага да стужак «Песня пра Зубра» і «Ладдзя Роспачы» рэжысёра Алега Белавусава. Пазней з’явіліся вядомыя вопыты Алега Елісеенкава: анімацыйны мюзікл «Пра рыцара, які нічога не баяўся» і «Музыка-чарадзей» рэжысёра Алены Туравай.

Шмат узнагарод атрымалі фільмы, зробленыя кампазітарам Віктарам Капыцько ў садружнасці з рэжысёрамі Уладзімірам і Аленай Пяткевічамі. Іх анімацыйная прыпавесць «Месяц» знята па аднайменнай беларускай казцы. Лёсы двух братоў сімвалізуюць два розныя жыццёвыя шляхі. Першы з братоў увасабляе анёльскі пачатак. Другому страшэнны Цмок падараваў чароўную дудку, якая гучыць злавесна: той, хто на ёй іграе, наводзіць жах на ўсё наваколле. Зусім іншы настрой маюць дзіцячыя лічылкі і народныя песні ў выкананні Таццяны Мархель. У кульмінацыі фільма пад гукі гімнічнай музыкі з’яўляецца дуб з магутнай кронай — як сімвал Сусветнага Дрэва.

У паэтычнай стужцы «Жыло-было дрэва...» адсутнічаюць словы, а ёсць толькі музыка і шумы. Рэфрэнам фільма зрабілася крыштальная мелодыя, якая яднаецца з натуральнымі гукамі жыцця — смехам дзяўчынкі, рыканнем каровы, ціўканнем птушак, — яна ўвасабляе ідэю адзінства ўсяго існага. Чароўны свет у стужцы «Казкі лесу» вытканы музычнымі і выяўленчымі фарбамі. Карціны чарадзейнага лесу і прыгод маленькага коніка суправаджаюцца выразнымі «падрабязнасцямі»: гулкімі акордамі, таямнічым гудзеннем, «павуціннем» шумоў. З гумарыстычнай інтанацыяй «абмаляваны» ўсе персанажы казкі — качка-карабель, слімак Варвара.

Шлях да MTV?

Вялікую папулярнасць апошнім часам набываюць саўндтрэкі, так званыя гукавыя «дарожкі» з кінастужак. Яны выступаюць як частка піяру фільма.

Першы расійскі саўндтрэк з’явіўся ў фільме Аляксея Балабанава «Брат-2». Ён быў зроблены па ўсіх канонах сусветнай індустрыі і ўключаў песні Земфіры, гуртоў «Бі-2», «АўкцЫён», «Танцы Мінус». Некаторыя знаўцы лічаць першым саўндтрэкам музыку з «Асы» Сяргея Салаўёва, там гучалі песні Барыса Грабеншчыкова, Жанны Агузаравай і групы «Кіно».

У айчынным кінематографе прыхільнікам багатай музычнай «дарожкі» з’яўляецца рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў. У яго стужках у якасці другога жанравага пласта існуюць рысы рэвю ці канцэрта. Так, меладрама «Павадыр» насычана песнямі з рэпертуару Алесі і ансамбля «Сябры», Іны Афанасьевай і Кірыла Слукі, гурта «Мегаполіс» і ансамбля «Беларускія песняры». Песня «Вечар» Валерыя Іванова гучыць у выкананні Валерыя Дайнекі, у стужку ўключана таксама інструментальная кампазіцыя Андрэя Ледзянёва. Музыка суправаджае маляўнічыя карціны Мінска — дзённага і начнога, восеньскага і зімовага. Адлюстроўваючы дынамічнае жыццё сучаснага горада, яна быццам прагназуе шчаслівы фінал журботнай гісторыі пра сляпую дзяўчыну. Карціна «Дунечка» распавядае пра першае каханне дзесяцігадовай дзяўчынкі. Кампазіцыі Андрэя Галавіна змяняюць танга «Стомленае сонца», песні групы «Бітлз» і Уладзіміра Высоцкага. Гэта адпавядае агульнай рэтрастылістыцы стужкі, сюжэт якой адсылае да «брэжнеўскай» эпохі.

Пашырэнне практыкі выкарыстання саўндтрэкаў нараджае шэраг пытанняў. Адно з іх — наконт сувязі музыкі і выявы ў фільме. Калі кінамузыка робіцца спецыяльна для продажу на дысках, то выява выступае як дапаўненне да яе. Але арыентацыя аўтараў на выключна эстрадныя песні-хіты можа прывесці да тупіковай сітуацыі, калі кінематаграфічная аўдыёэстэтыка не будзе адрознівацца ад перадач MTV.

У сучасным кіно музыка ўсё часцей выконвае ўтылітарную задачу «абслугоўвання» фабулы. Як адзначаюць даследчыкі, кінематограф перастае быць інструментам пазнання, ён фіксуе вядомыя праблемы. Таму і кінамузыка застаецца сродкам ілюстрацыі. Яна стварыла свой «код», заснаваны на пэўных формулах і канонах. Важна, каб гэтае музычнае пасланне з экрана мела гуманістычны пачатак і было адпаведна прачытана аўдыторыяй.

 Антаніна Карпілава