Наталля Залозная.

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Жывапісец медытацыі

/i/content/pi/mast/35/583/32.jpg

Паміж рэкамі. Акрыл. 2008.

Больш як восем гадоў таму мінская мастачка Наталля Залозная пакінула Беларусь. Сёння яна — жыхарка Бруселя. Супрацоўнічае са многімі еўрапейскімі галерэямі. Яе персанальныя выставы  адбыліся ў Галандыі, Англіі, Францыі, ЗША, Расіі і Аўстрыі. А на пачатку года — і ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Работы Наталлі Залознай складаюцца з тэкстаў, слядоў, фрагментаў, своеасаблівых вербальных ідэаграм, сабраных паводле ўласнага досведу. І гэта датычыць не толькі калажаў, зробленых з дапамогай пафарбаванай скамечанай паперы, наклеенай на палатно, што надае работам нечаканыя каларыстычныя і фактурныя эфекты. Празрыстыя стужкі з тэкстамі, накладзеныя адна на адну, ствараюць відавочны стэрэаэфект. Жывапісныя творы балансуюць на мяжы прадметнага і беспрадметнага. Але і яны настолькі складаныя і шматслойныя, што здаюцца арт-аб’ектамі. Усе работы Наталлі Залознай, незалежна ад тэхнікі выканання, з’яўляюцца інтэлектуальнымі дамінантамі, медытатыўнымі знакамі выставачнай прасторы.

Кампазіцыі яе карцін заўжды дакладна прадуманы. Вытанчаныя каларыстычныя рашэнні прыносяць гледачам сапраўдную асалоду. А філасофскія інтэнцыі, якімі напоўнена ўся творчасць мастачкі, дазваляюць гледачу заўжды знаходзіцца ў «свабодным палёце» фантазіі, не прывязваючы сюжэты карцін да пэўных канкрэтных рэалій жыцця.

Наталля Шаранговіч

 

Наталля, вы нарадзіліся ў сям’і мастака. Творчасць вашага бацькі, вядомага беларускага жывапісца Мікалая Залознага, не змяшчалася ў традыцыйныя рамкі сацыялістычнага рэалізму. Тонкі і смелы каларыст, ён ператвараў свае кампазіцыі ў сімвалічныя карціны. Ці паўплывала гэта на ваш уласны творчы лёс?

— Тата займаўся маім выхаваннем тактоўна: не навязваў жорсткіх педагагічных установак, заахвочваў індывідуальнасць, не падаўляў, не крыўдзіў без прычыны. Мне здаецца, ён увогуле мяне ў маленстве не крытыкаваў, нават калі і было за што. Бацька быў надзвычай жыццярадасны чалавек і заўжды бурна выяўляў сваё захапленне ад маіх першых мастацкіх спроб. Гэта мяне натхняла. Маляваць я пачала рана, выбар прафесіі быў зроблены лёгка і адназначна. З боку бацькоў я адчувала толькі зацікаўленасць і падтрымку. Гэта зрабіла мяне ўпэўненай у сабе, дало адчуванне ўнутранай свабоды.

У сваёй творчасці вы прайшлі розныя этапы — ад рэалістычнага сюжэтнага жывапісу праз стылістыку народнага прымітыву з яго метафарычнасцю да поўнага адмаўлення ад фігуратыўнасці. Аднак да якога б кірунку ні адносіліся вашы работы, яны заўжды былі стрыманыя па колеравай гаме, аскетычна самаабмежаваныя.

— Яшчэ з дзяцінства бацька настойліва схіляў мяне працаваць з колерам. Я ж заўжды адчувала сябе аскетам у жывапісе. У той час гэта сапраўды можна было назваць жывапісным мінімалізмам. Графікай не занялася толькі таму, што мяне крыху раздражняла колькасць прамежкавых аперацый для стварэння адбітка, хоць паперу як матэрыял я вельмі люблю. І ў жывапісе часта выкарыстоўваю яе вобразныя і фактурныя магчымасці, калі наклейваю на палатно і расфарбоўваю. У паперы ёсць асаблівая цеплыня, прыцягальнасць, дэкаратыўнасць.

Яшчэ ў пачатку самастойнага творчага шляху вы свядома адмовіліся ад апавядальнасці сюжэта, ад выкарыстання трывіяльнай вобразнай структуры ў палотнах і звярнуліся да фармальных жывапісных прыёмаў. Што стала штуршком да такога адыходу ад традыцыйнай спецыфікі жывапісу?

— Чым глыбей чалавек спасцігае таямніцы творчасці, тым хутчэй ён губляе першасную свабоду мыслення. Я зразумела гэта, калі скончыла навучанне ў мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Рамяство — гэта важны, але не адзіны складнік поспеху ў прафесіі мастака. Мне здаецца, без дзіцячай непасрэднасці, без інтуітыўнага спасціжэння рэчаіснасці, без паэтычнага ўспрымання жыцця, без паглыблення ў філасофію немагчыма напісаць сапраўды глыбокі і цікавы твор. І не мае значэння — жывапісная гэта карціна або аб’ект ці інсталяцыя.

Вы гаворыце пра дзіцячую непасрэднасць?..

— Я маю на ўвазе разняволенасць рукі, адмову ад тэхнічных напрацовак і ад залішняй дэкаратыўнасці колеру. Работа становіцца знакавай, метафарычнай, філасофскай, калі ў колеравай гаме я дасягаю абмежавання, аскетызму.

Не магу не згадаць словы мастацтвазнаўца Вольгі Каваленка, якая лічыла, што вашы элегантна-вытанчаныя колеравыя вырашэнні абстрактных кампазіцый дораць воку рафінаваную асалоду. Аднак гэткая творчая разняволенасць можа з’явіцца ў мастака не адразу, а толькі спакваля, калі сапраўды аддаешся свабоднаму палёту ў прасторы сэнсаў і знакаў, загадзя адмаўляешся ад спробаў звязаць іх з канкрэтнымі рэаліямі жыцця.

— Думаю, гэта адбылося паступова. Яшчэ да свайго ад’езду ў Брусель, працуючы ў Мінску са студэнтамі, я аднойчы зразумела, што тлумачу ім правільныя рэчы. А калі прыходжу ў майстэрню, сама раблю ўсё іначай: парушаю кампазіцыю, эксперыментую з колерам. Мяне гэта не засмуціла. Таму што, як гаварылі яшчэ старажытныя кітайцы, трэба добра ведаць правілы, каб іх парушаць. Трэба адысці ад таго, што ты ўмееш, і заняцца тым, чаго не ўмееш.

А як адбіваецца гэты пастулат на вашай творчасці?

— Я імкнуся адмовіцца ад старых штампаў і ўласных напрацовак. Увесь час знаходжуся ў пошуку... Гэта цалкам натуральны працэс.

У творчым плане вы значна адрозніваецеся ад свайго мужа, мастака Ігара Цішына. Ён рэзкі і экспрэсіўны ў жывапісе, нястомны ў генерыраванні ідэй, непрадказальны ў формах і колерах. Вы ніколі не адчувалі небяспекі яго ўплыву?

— Не. Я па натуры мінімаліст. У нечым мы нават супрацьлеглыя. Ён робіць мне заўвагі, бывае, падказвае некаторыя вобразныя прыёмы. Я да яго заўжды прыслухоўваюся, але ўплыву не адчуваю. Напрыклад, Ігар з задавальненнем піша партрэты. Я імі захапляюся, але разумею: гэта — не маё. Мне важна працаваць з прасторай.

З прасторай як вобразнай структурай або філасофскай катэгорыяй?

— Мне цікава ствараць неабмежаваную прастору на палатне, будаваць планы далёкія і блізкія. Таксама я працую з паняццем часу, эксперыментую, трансфармую яго. Люблю творчасць Франца Кафкі і Хорхе Луіса Борхеса. Асабліва падабаецца апошні. Гэта даўняе захапленне. Шмат гадоў таму (яшчэ ў Мінску) я разгарнула часопіс і прачытала апавяданне. Аўтарам быў Борхес. Адразу зразумела, што трэба тэрмінова адшукаць іншыя творы. Знайшла вялікую кнігу, чытала яе маленькімі фрагментамі, пад настрой. Дарэчы, і цяпер часта перачытваю... Борхес пісаў пра няяснасць, дваістасць з’яў, немагчымасць лагічных і строгіх ідэнтыфікацый сэнсаў, каштоўнасцей, канкрэтных вобразаў навакольнага свету. Гэта і для мяне вельмі актуальная праблематыка. Мне хочацца знайсці лінію падзелу паміж дабром і злом, радасцю і сумам. Знайсці тую мастацкую форму, якая б адпавядала самадастатковасці і магічнасці выказанай філасофскай думкі.

У аснову адной са сваіх работ я паклала вось гэтыя словы Борхеса: «У чаўнах з сандалавага дрэва пераплывалі яны праз мноства рэк, якія зіхацелі на сонцы, а магчыма, праз адну і тую ж раку». Тут гаворка ідзе пра цякучасць часу, пра тое, што нельга паўтарыць пройдзенае. І мы такія ж зменлівыя, як вада. У іншай карціне мне цікава было перадаць адчуванне часу, які цячэ ўначы. Свет паглыблены ў сон, а час бяжыць, струменіцца на зямлі і пад зямлёй. Гэткае няўлоўнае і магічнае бязмежжа...

Часта ў мяне пытаюцца, што я малюю ў сваіх абстрактных пейзажах — Мінск або Брусель. Я адказваю: не тое і не другое. Я спрабую праектаваць сучаснасць на гістарычнае мінулае або, наадварот, успрымаць сучаснасць праз прызму мінулага. Гэты шлях мастацкай медытацыі мне таксама падказаў Борхес, які пісаў: «Бясконцасць бяздоння, якая палохае і хаваецца ў нябеснай цвердзі, насамрэч ілюзорная, бо яна толькі адлюстроўвае бяздонне нашага ўнутранага свету, які мы бачым у люстэрку». Адну са сваіх работ я так і назвала — «Люстэрка».

Ці можа літаратурны твор або філасофскі канцэпт стаць штуршком для вашых работ?

— Я толькі ў апошні час пачала выкарыстоўваць у карцінах канкрэтныя цытаты. Часцей спачатку пішу работу, а пасля знаходжу адпаведнае выказванне ў кнігах любімых аўтараў. Мае палотны не з’яўляюцца літаратурнымі цытатамі або ілюстрацыямі.

Бывае, што штуршком да напісання работ становяцца ўражанні ад падарожжаў. Асабліва шмат давялося паездзіць у другой палове 90-х: ад Нідэрландаў да Аўстрыі і Італіі, далей — на Блізкі Усход аж да Іерусаліма, сустрэча з якім была сапраўдным узрушэннем. Вынікам гэтых падарожжаў сталі шматслойныя тэксты еўразійскай культуры, інсталяцыі «Сям’я», «Іерусалімская серыя», «Сентыментальная карціна». Аднойчы давялося трапіць у Арль, мясціны, авеяныя духам Ван Гога. Там я адчула трагізм жыцця гэтага апантанага мастака. Так шмат сонца ён пісаў — і такім нешчаслівым быў ягоны лёс. У выніку ў мяне нарадзілася серыя асацыятыўных пейзажаў пад назваю «Лісты з Арля», дзе я пераасэнсоўваю «сонечнага» Ван Гога ў някідкі «летапіс асабістай імпрэсіі», як заўважыла мастацтвазнавец Ніна Эрыставі.

Вашы фармальныя і каларыстычныя прыёмы з кожным разам усё больш ускладняюцца. Ці не пераходзіць пластычнае самаабмежаванне ў новую якасць — паглыбленне ў структуру колеравых спалучэнняў?

— У маіх карцінах важныя не толькі колер і яго багацце, але і ўплеценыя ў жывапісную тканіну абрыўкі слоў, знакі, прадметы, часткі сцен і забудоў, якія ствараюць паэтычны настрой, пакідаюць адчуванне неакрэсленасці дзеяння. А яшчэ я люблю пустату. Пустату, напоўненую паветрам і прасторавымі планамі. Пустату, якая ўяўляе сабой нейкую пейзажную прастору, не вызначаную межамі. Прастору свабоднага палёту, дзе неба і зямля — адзіныя і непадзельныя.

Ведаю, што вы многа і з задавальненнем займаецеся арт-аб’ектамі, хоць на апошняй выставе ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва іх не прадставілі...

— Мае інсталяцыі патрабуюць прасторы і асаблівага прачытання. Згадаю адну з іх, якую я мяркую з часам паказаць у Мінску. Гэта відэаінсталяцыя: стол, накрыты белым абрусам, на які праектуецца выява рыбіны. Такім бачу сімвалічнае прачытанне граніцы паміж небам і зямлёй, паміж рэальным і нерэальным светамі. Тут я спрабую вырашыць катэгорыю часу — цяперашняга і былога. Я з задавальненнем займаюся арт-аб’ектамі і спрабую падаваць іх як аўтарскія інтэрпрэтацыі філасофскіх катэгорый. Адзін з іх, зроблены з паперы, уяўляе сабой стос праклееных аркушаў, з усіх бакоў паколаты і пашкуматаны. Называецца гэты твор «Асабістая справа». Ён сімвалізуе немагчымасць для выпадковага і чужога пранікнуць у інтымны свет чалавека.

Ваша светаадчуванне відавочна постмадэрнісцкае. Амаль усе карціны ствараюць уражанне медытатыўнай архаічнасці, уласцівай менталітэту беларусаў. Але ў той жа час яны не абмежаваныя нацыянальнымі прыярытэтамі.

— Заўжды лічыла сябе беларускай мастачкай, якая проста жыве ў Бруселі. Наш з Ігарам Цішыным дом, калі яго разумець як стан душы, — тут, у Мінску. Сюды мы часта прыязджаем. Там, у Бельгіі, — работа, галерэі, магчымасць наведваць выставы, атрымліваць інфармацыю. Ёсць цікавыя мастакі, з якімі мы кантактуем, аднак няма галоўнага — адзінага творчага асяродка, як у Беларусі.

Кантэкст еўрапейскага мастацтва вам не чужы?

— Мне складана гэта вызначыць самой, няхай ацэнкамі займаюцца мастацтвазнаўцы і галерэйшчыкі... Зрэшты, калі ў Еўропе ёсць галерэі, якія са мной працуюць, значыць, я ўпісалася ў кантэкст. Там існуе такая разнастайнасць тэндэнцый, накірункаў, плыняў, што кожны мастак можа знайсці сабе зацікаўленых гледачоў.