Васіль Галец

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Пра шафкі ды палічкі

/i/content/pi/mast/35/582/26.jpg
«Іншапланецянін» Яўгена Унгарда. Рыгор.
Адметныя, непадобныя да іншых акцёрскія індывідуальнасці для сучаснага беларускага тэатра — сапраўдная раскоша. Кожная з іх вартая ўвагі, павагі і пашаны.
Але нават сярод самых яркіх выканаўцаў акцёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Васіль Галец вылучаецца ўнутранай засяроджанасцю, прафесійнай самаадданасцю, таямнічым чынам спалучанай з маральным парогам, цераз які ні пры якіх абставінах ён не пераступіць. І гэта — выканаўца пераважна камедыйных і адмоўных роляў, стваральнік галерэі партрэтаў адмысловых дзівакоў... Так, але яшчэ і абаронца «маленькага чалавека» — пакрыўджанага, зняважанага, нікчэмнага.

У жыцці Васіля Гальца былі толькі тры сцэнічныя калектывы. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута — Магілёўскі абласны імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, пазней, амаль да распаду Савецкага Саюза, — рускі Тэатр юнага гледача ў Тбілісі і, нарэшце, Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Ягоны паслужны спіс вялікі і разнастайны. Ды сам акцёр, з уласцівай яму прафесійнай патрабавальнасцю, вылучае некалькі з увасобленых цягам цэлага творчага жыцця роляў. Гэта Валодзька ў макаёнкаўскім «Трыбунале» (Магілёўскі тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча), Санча-Панса ў мюзікле «Чалавек з Ламанчы» Мітча Лі (тбіліскі ТЮГ). У Магілёве сярод улюбёных персанажаў — Намеснік міністра ў «Мудрамеры» Мікалая Матукоўскага, Мёбіус у «Дзялку» Аляксея Талстога і унтэр Прышыбееў у «Антрапасе»
паводле Антона Чэхава.

Зрэшты, пра кожную ролю можна распавесці падрабязна, атрымліваючы задавальненне ад мноства сакавітых акцёрскіх дэталяў і прыстасаванняў. Ад гульні сэнсу,
выяўленага з дапамогай рук, ног, паставы, вачэй, спалучаных у няўрымслівым і своеасаблівым акцёрскім баляванні. Жыццё — сцэна — сям’я ў бясконцых чалавечых праявах напаўняюць зместам ягонае тэатральнае існаванне.

— Калі чую ад акцёраў, што з сям’ёй нічога не атрымліваецца, бо іх жыццё — сцэна, не веру. Тэатр і сям’я ідуць паралельна, і гэта надзвычай важна. Ролі — працяг мяне, але я пастаянна шукаю гармонію паміж сям’ёй і работай. Хоць дома пра тэатр амаль не гаворым і не вельмі люблю, калі родныя да мяне на спектаклі прыходзяць. Часам нават забараняю ім гэта рабіць. Але ўсё роўна раптам высвятляецца, што жонка мой спектакль глядзела...

Колькі гадзін штодня ты займаешся тэатрам?

— Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Зранку ўстаю, раблю пяць практыкаванняў тыбецкіх манахаў, гімнастыку для цела і душы. Без іх ўжо не магу. Далей усё, што жыццё мне цягам дня прапаноўвае, раскладваю па палічках. У мяне там, унутры, свае камоды ёсць, скрыначкі, шуфлядкі. Ну як, напрыклад, зайсці ў магазін і не паназіраць за тым, што адбываецца? За характарамі людскімі, якія мне надзвычай цікавыя. Машыны ў мяне няма, ды яна і не патрэбная. Бо перастану бачыць людзей, чуць іх галасы. А як без гэтага ў прафесіі? Жыву я на ўскраіне Магілёва, таму саджуся на веласіпед, еду на сваё любімае ўзвышша. Унізе — возера, навокал прастор, поле, лес удалечыні. Многія свае ролі я рабіў менавіта на гэтым узгорку. На ім сосны, я да іх падыходжу, дзякуй кажу. Падабаецца глядзець на вобраз і на сябе... нібыта зверху. І ролю як бы прайграю, і задума наша быццам навідавоку. Аднойчы міма ляснік праязджаў. Спыніўся. Мы з ім пра жыццё пагаварылі. Я не сказаў, што артыст... І не ведаю, што ён пра мяне падумаў. Магчыма, вырашыў, што крыўляюся або розум страціў... Але я проста рэпеціраваў...

Што такое дыхальная гімнастыка, я разумею, але што такое практыкаванні для душы?

— Дыханне трэнірую абавязкова. Так бы мовіць, знакамітыя тры «р» — раздыхацца, разрэзаніравацца, разгаварыцца. І гэта мне выдатна дапамагае на сцэне. Але ж не ўсё так проста. Удыхнуць — гэта яшчэ гледзячы што... і выдыхнуць — таксама гледзячы што... Таму звычайныя практыкаванні могуць стаць своеасаблівай трэніроўкай уяўлення, розуму, фантазіі. Маё акно выходзіць на ўсход, адчыняю яго — і перада мной неба, сонца, якое ўзыходзіць, дрэвы. Нават калі надвор’е дрэннае, усё роўна бачу неба, уяўляю ягоную чысціню, ружовае святло... Усё гэта прапускаю праз сябе... Удыхаю і да самых пятак зараджаюся. А потым выдыхаю незадаволенасць, зло, усё благое, што назапасілася. Гімнастыка пачуццяў самае галоўнае для акцёра. Яна забяспечвае выдатны эмацыйны стан на сцэне і ў жыцці. Вядома, бываюць вельмі складаныя сітуацыі, але заўсёды трэба сябе помніць. Часам я мысленна занатоўваю нават нейкія шакіруючыя імгненні. Неяк ішоў за труной блізкага мне чалавека і раптам усвядоміў, што кантралюю сябе, свае адносіны да таго, што адбываецца. Гэта крышачку дзіўна, жудасна, але я ўсё запомніў. І мне гэта потым прыдалося. Або, напрыклад, у размове з маці ніколі не сфальшывіш, бо ты ж чалавек, сын.

У звычайным жыцці ты калі-небудзь канфліктуеш або заўсёды ў добрым гуморы, вытрыманы?

— Я пераважна спакойны чалавек. Бывае, гляджу на таго, хто злуецца, спрабуе зачапіць, і думаю: «Відаць, калі б мы былі сабакамі, стаялі б на чатырох лапах і — гаў, гаў...» Так атрымліваецца... Дый навошта? Трэба заставацца людзьмі. Зрэшты, мой спакой часам іншым перадаецца. Менавіта спакоем любы пажар, які шугае ўнутры чалавека, можна пагасіць. Задаваць яму пытанні: чаму? Навошта? Такія свае хітрыкі я не заўсёды ўсведамляю, але ўсё роўна сябе вывучаю і запамінаю. Мне гэта падабаецца.

Але ж тэатр — такі складаны арганізм. Часам яго проста раздзіраюць канфлікты, інтрыгі, узнікаюць кааліцыі — адна супраць другой. Ты ў гэтым удзельнічаеш?

 

— Ніколі. Дарэчы, за гэта мяне заўсёды любілі. Лічу, што пра ўсё можна дамовіцца. Нават у поглядах на п’есу, на ролю сысціся. Галоўнае — разумець і паважаць пазіцыю партнёра. Між іншым, па артысце часам бачна, колькі ён за жыццё кніжак прачытаў, ды ўсё роўна, раз прыйшоў у тэатр, значыць нешта ў ім ёсць. Розум, а не амбіцыі, павінен перамагчы. Нават калі п’еса, якую прапануе рэжысёр, мяне і маіх партнёраў не закранае, мушу пакорпацца ў сваіх скрыначках і нешта цікавае адтуль выцягнуць. Дапамагчы рэжысёру (асабліва маладому) увасобіць ягоную задуму. Я добрасумленны чалавек, і калі нешта паабяцаў, зраблю ўсё магчымае і немагчымае.

Ты ўсё кажаш пра свае шуфлядкі, скрыначкі, палічкі... Што за каштоўнасці там?

— У самых вялікіх скрынях — светабудова. Падчас адпачынку ў жніўні еду ў вёску. І адзін з маіх улюбёных заняткаў — сузіранне зорнага неба. Я не магу зразумець: што гэта? Як? Чаму? І блізкія мне людзі, мая прафесія — што такое? Вось усё гэта ляжыць у мяне ў камодзе. Што датычыцца палічак — дык там мае штампы і штампікі. У кожнага акцёра яны назапашаны, прычым у вялікай колькасці. Хочаш не хочаш, усе імі карыстаюцца. Нават выдатныя артысты. Таму мне не зусім сорамна. Бо здаецца, што без іх не абысціся. Галоўным чынам гэта прыхаваныя ў акцёрскім арсенале спосабы ацэнкі. Узняў вочы — і нібыта... А гледачы пра тое не ведаюць і нават не здагадваюцца.

Працаваць у абласным тэатры складана. Напрыклад, выехалі са спектаклем у вёску. Маладыя настаўнікі сядзяць ззаду, робяць свае справы. Размаўляюць, штосьці пішуць, ніякай увагі на сцэну. А дзеці круцяцца. Глядзяць, ці няма педагога паблізу, ім хацелася б пасля абмеркаваць убачанае. Вось тут у акцёра думкі ўжо працуюць не на ролю, ён вырашае — што рабіць? Тады і спрацоўваюць штампы. Вачыма даем зразумець адзін аднаму, што становішча недапушчальнае. Абураемся ў душы.

Нейкім чынам ты вызначаеш сваё амплуа?

— Ува мне вельмі шмат існуе вобразаў, якія б хацеў увасобіць. Я пра гэта нікому не кажу. Мару пра ролі сур’ёзныя, драматычныя, нават трагічныя. Але ў тэатры мяне чамусьці эксплуатуюць як камедыйнага артыста. Іграю адмоўных персанажаў, на якіх ніколькі не падобны. Нават лад мыслення ў мяне зусім іншы. Возьмем таго ж Расплюева. Гэтак, як ён, я ніколі не думаў, у ягоным характары ўсё супярэчыць маёй волі, маёй свядомасці. Але калі рэжысёр у гэтым вобразе бачыць мяне, я яму давяраю. Толькі аднойчы адмовіўся ад ролі цара Ірада, якую мне прапанаваў Уладзімір Пятровіч. Я не рэлігійны фанат, але бываю ў царкве і веру ў сілу, якая існуе апроч нас. Вымаўляць такі тэкст проста не змог і па-чалавечы перапрасіў рэжысёра. Ён даў мне іншую ролю, якую іграю дагэтуль.

Як ты працаваў над вобразам Расплюева? Як шукаў фарбы?

— Цалкам даверыўся рэжысёру Саулюсу Варнасу. І вельмі яму ўдзячны за тое, што такім чынам зноў далучыўся да прафесіі. Апошнім часам у тэатры мы шмат што страцілі. Займаемся пераважна імітацыяй пэўных пачуццяў і думак. І няма першаснасці ў дачыненнях з партнёрамі, свежасці, жывога працэсу. А Саулюс менавіта гэта ад нас патрабаваў. Планку ўзнімаў усё вышэй і вышэй на кожнай рэпетыцыі. Мне надзвычайна падабалася і ўсё хацелася пераадолець. Хацелася, каб вобраз вырас ува мне натуральна.

І ўсё ж — які ён, Расплюеў?

— Калі, зноў-такі, глядзець з узвышша долу, мне вельмі шкада гэтага чалавека. Многае ў ягоным жыцці не атрымалася. З рэжысёрам мы вырашылі, што ён вулічны карцёжны шулер, які прагне элементарных рэчаў. Яму не хапае ні грошай, ні ежы. Але я, Вася Галец, заўсёды такіх людзей шкадую. Бо ў ягоным жыцці ад пачатку ўсё не задалося. На рэпетыцыях я запісваў за рэжысёрам, а потым перачытваў, намагаўся пражыць, адчуць. А вонкавае ўжо само сабой атрымлівалася. І тут вельмі дапамагалі мае вулічныя назіранні. Бывае, часам спецыяльна затрымліваюся каля бамжоў. Сярод іх ёсць разумныя людзі, ёсць і такія, што паводзяць сябе неадэкватна. Я да іх прыладжваюся, быццам мяне няма. І вельмі важна не тое, пра што яны гавораць, а — як гавораць. Іхняя танальнасць чалавечая.

У характары Расплюева многае сыходзіцца. Зайздрасць, прага ўлады, але ў той жа час ён у нечым кранальны. Сухаво-Кабылін пра тое не піша, але я нафантазіраваў, быццам у яго ёсць дзеці, якіх ён вельмі шкадуе. Магчыма і такое. З нервовай сістэмай штосьці не тое, таму Расплюеў лёгка ўзрываецца.

У нейкае абагульненне вобраз складваецца? Што ты праз яго даводзіш гледачам?

— Тое, што недапушчальны прымус аднаго чалавека над другім. Расплюеў менавіта з тых людзей, якім неабходна ціснуць на іншых. Прага фізічнага, маральнага прымусу авалодвае ім. І гэта поўная мая супрацьлегласць. Чым больш выразна я выяўляю зерне ролі, тым лепш мяне разумее глядач.

А чэхаўскі унтэр Прышыбееў чым адрозніваецца, што галоўнае ў гэтай ролі для цябе?

— Па-першае, ён зусім іншы персанаж. Ёсць людзі, што з глузду з’ехалі на сваёй рабоце. Але гэта ўжо палягае ў рэчышчы псіхалогіі. Бывае такая залішняя стараннасць. Вось гэтак жа прыкладна і я. Скажуць мне: «Стой тут і адганяй мух» — я з месца не сыду, буду стаяць і адганяць мух. Так і унтэр Прышыбееў. Усклаў на сябе занадта многа. Ды існуе прымаўка: «Хто шмат бярэ, той кепска трымае». Вось Прышыбееў, так бы мовіць, не ўтрымаў. За што і паплаціўся. І мне яго вельмі шкада. У Чэхава шмат такіх «маленькіх людзей», «чалавечкаў». Яны ціхія, спакойныя, добрыя. Мне гэта падабаецца. Але ў Чэхава дна не існуе, таму можна апускацца ўсё глыбей і глыбей.

Негатыў, які ўтрымліваюць такія персанажы, як Расплюеў, нейкім чынам уплывае на цябе? Пасля не хочацца пазбыцца яго, адмыцца? Або існуе мяжа, далей якой ты сваіх герояў не пускаеш?

— На сцэне, вядома ж, я праз сябе сваіх герояў прапускаю. Але як толькі спектакль скончыўся — усё. Ён застаецца ў грымёрцы, а я сыходжу. Бо... навошта ён мне такі патрэбны?

Сучасны тэатр, на тваю думку, якім мусіць быць?

/i/content/pi/mast/35/582/27.jpg

«Антрапас»паводле Антона Чэхава. Афанасій.

— У рэпертуары абавязкова павінны прысутнічаць спектаклі, што апярэджваюць свой час гадоў на дзесяць. Але ж яны, як правіла, вельмі складаныя для ўспрымання. Гэта як у літаратуры. Ёсць вершыкі, кшталту «Наша Таня гучна плача...» Але ёсць і высокая паэзія. Важна, каб у тэатры існаваў баланс паміж высокім мастацтвам і ягонымі шараговымі праявамі. Увогуле ж я не прыхільнік побыту на сцэне. З гледачамі не надта хочацца гаварыць пра гаршкі, каструлі і да т.п. Я ўжо ў такім узросце, што мне больш цікава і важна падумаць пра духоўнае і бездухоўнае. Ад звычайнага побыту, сцэнічнага шырспажыву я стамляюся і маральна, і фізічна. Бо выдатна ўсведамляю, што неўзабаве пасля мяне прыйдуць іншыя артысты. Таму выходзіць на сцэну і займацца там нейкімі бірулькамі лічу няслушным. На мяне глядзяць мае вучні, і я адчуваю адказнасць перад імі. Таму заўсёды імкнуся ўдыхаць у жыццё здаровы дух, нават калі роля, якую выконваю, адмоўная. Гледачы абавязкова павінны зразумець, што маё асабістае стаўленне да гэтага персанажа іншае. Я — не ёсць ён. І ў жыцці нічога падобнага ніколі не рабіў. Але ўзыходжу на гэтае ўзвышэнне, на падмосткі, і мушу адказваць за тое, што чыніць мой персанаж, за тое, што ён прамаўляе.

З цягам часу на зямлі нічога не змяняецца, апрача саміх прыстасаванняў да жыцця. У нас былі адны, цяпер — зусім іншыя. Ды толькі каханне, гуманнасць, высакародства, зайздрасць, нянавісць — застаюцца ранейшымі. Але ж і думаць пра вечнае, пра духоўнае — гэта цяжкая праца.

Ці змяняецца з гадамі тваё стаўленне да сцэнічнага мастацтва? Па форме, па спосабе выказвання якія спектаклі выклікаюць найбольшы інтарэс?

— Таленавітыя спектаклі, у якіх прысутнічае тэатральная магія. Дагэтуль памятаю, як пасля спектакля Някрошуса «Пірасмані... Пірасмані» ўсю ноч не мог заснуць. І мне заўсёды цікава ў такіх выпадках: як яны гэта робяць? Як так можна? Як да гэтага дадумацца, як увасобіць? Пасля такіх спектакляў хочацца жыць, самому штосьці здзяйсняць. У гэтым і ёсць прызначэнне сцэнічнага мастацтва — падараваць чалавеку надзею.

Ты асуджаеш людзей за іх учынкі, наогул за тое, што яны такія, як ёсць?

— Канешне, мне не ўсё падабаецца, што робяць людзі. Але, зноў-такі, мяне заўсёды займаюць матывы іх дзеянняў. Чаму чалавек павёў сябе так, а не гэтак?

Напрыклад, не люблю пітушчых людзей. Але, відаць, у кожнага чалавека ёсць прычына — чаму ён п’е? Магчыма — фізіялогія, магчыма не ўтрымаўся на нейкім краі, сарваўся вось у гэта... Але я нікога не суджу. Колькі сябе памятаю, многія рэчы мяне здзіўлялі, узрушалі, але мне заўсёды было цікава аналізаваць сітуацыю. Я спрабую гэта рабіць і засцерагаю сябе ад асуджэння. Бо існуе мяжа, якую ў адносінах з людзьмі пераступаць нельга.

Як змяняецца свет вакол цябе?

— Чалавека кідае то ў адзін бок, то ў другі. То ўверх, то ўніз. Хоць я не думаю, што павялічылася колькасць злых людзей, паменшала добрых... Прырода нашмат мудрэйшая за нас. І кожны расплачваецца за свае ўчынкі. Адразу ці праз некалькі дзесяткаў гадоў, але расплачваецца. І сам стварае свой лёс. Чытаеш Шэкспіра і адчуваеш, што ягоныя героі вельмі падобныя да нас, а мы падобныя да іх. Іншая справа, што я не кароль, не Рычард, але пачуцці падобныя. Таму не думаю, што людзі ў агульнай масе сваёй змяняюцца. Дый у тэатры кожны раз трэба іграць канкрэтнага чалавека, а не штосьці ўвогуле. Ёсць тэкст, задума, герой. Важна вельмі дакладна адчуць, усвядоміць, як ён сябе ў той або іншай сітуацыі паводзіць. Часам з акна сваёй грымёркі гляджу на аўтобусны прыпынак. Назіраю. Не чую, што людзі гавораць, але па іх паводзінах, пластыцы заўсёды можна здагадацца пра ўнутраны стан. Усё зразумела — хто чымсьці моцна заклапочаны, хто спяшаецца... Людзі заўсёды такія былі, ёсць і будуць. Проста адзенне іншае, тэлефоны, камп’ютэры. Тое, што нібыта аблягчае наша жыццё, але не аблягчае ўзаемаадносіны. Напрыклад, канфлікты паміж маці і дачкой.

Здаецца, ты пастаянна знаходзішся ў працэсе аналізу?

— Мне гэта вельмі падабаецца. Хоць нічога не раблю спецыяльна. Нібыта без майго ведама ўсё адбываецца. Так, гэта трэба запомніць. Потым прымерваю паставу, выраз твару, пагляджу на сябе ў люстэрка. Які ты, Васька, цікавы! Вось і гатовы штамп ёсць, можна выкарыстоўваць.

Табе казалі, што ты ў нейкіх вобразах паўтараешся?

— Канешне, казалі. Ды я і сам гэта адчуваю часам, калі ўва мне прачынаецца Абломаў. Вось тут мала папрацаваў над вобразам, гэта ўжо выкарыстоўваў, а такі прыёмчык таксама быў, але я нічога іншага не прыдумаў...

Ты бачыш сябе ў трагедыях Шэкспіра?

— Так, вядома. Я хацеў бы іграць трагедыі Шэкспіра. Гэта мая таямніца, так бы мовіць... І не столькі іграць, колькі пражыць такое жыццё, як Кароль Лір. Адчуць падобны жыццёвы злом. Як усё гэта? Здаецца, мне непадуладна, але прыцягвае, як магніт. Магчыма… я лепей яшчэ раз прачытаю п’есу або фільм пагляджу. Памятаеш, які цікавы Лір Юры Ярвета ў знакамітай кінастужцы Рыгора Козінцава?

Апрача Шэкспіра, якая драматургія цябе вабіць найбольш?

— Калі ў п’есе, як акцёры кажуць, «ёсць што на язык пакласці». Альбо, бывае, раптам угадваецца боль драматурга, сугучны майму, і я гэта разумею. Люблю класіку — Чэхава, Гальдоні. З сучасных п’ес вельмі падабаюцца творы Алены Паповай. Людзі, якіх яна ўзнаўляе адцягнена, не адкрываючы свае адносіны да іх...

Тваё становішча ў тэатры пэўнае і стабільнае. Вось мінае час, мінае... Здаецца, заўсёды так было. Рэчышча надзейнае і глыбокае. Ты ўяўляеш, што калі-небудзь усё гэта скончыцца?

— Усё абавязкова мусіць скончыцца. І, мабыць, я гатовы да гэтага ўжо зараз. Думаю, змагу без тэатра існаваць і мне не будзе сумна. Зрэшты, трэба ўмець сказаць сабе: «Дзякуй, Вася! Усё».

Важна выканаць сваю місію, цаніць жыццё за тое, што ў ім было. Я ўдзячны людзям, якія ствараюць мне ўмовы, песцяць мяне. Але трэба ведаць свой час. Бо павінна быць гармонія, баланс велічыні і энергіі. Калі ёсць баланс — усё цудоўна.

 Людміла Грамыка