Дзень сурка

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Фатаграфічных галерэй у сталіцы не засталося

Фарматы, якія мы страцілі

Больш як паўгода таму зачынілася галерэя «Свет фота», некалькі месяцаў не працуе «Zнята». Тры сталыя галерэйныя фарматы: інтэлектуальная фатаграфія ў «NOVA», блізкая клубнай — у «Свеце фота» і самая маладая і дэмакратычная, якая ўтульна ўладкавалася ў холе кінатэатра «Цэнтральны», — аказаліся непатрэбнымі Мінску. Магчыма, як заўчасныя ці, наадварот, адсталыя ад жыцця.

Агульным месцам сталі згадкі пра тое, якімі былі гэтыя галерэі, развагі, якімі яны не сталі. Праўда, замест таго каб абмяркоўваць пытанне па сутнасці, мы высвятляем адносіны, азіраемся ў мінулае. Таму «даўжэй стагоддзя цягнецца дзень», і гэта — Дзень сурка. Ходзім па коле, і заўтра не настае.

Як быццам імкліва не мяняецца інфармацыйны фон, як быццам не відавочная знакавасць моманту. Большасць не бачыць гэтага, а іншыя не жадаюць бачыць. Здаецца, усе ўсё разумеюць, і вось-вось нас спасцігне кансэнсус. Але ўжо ў які раз адбываецца толькі імітацыя дзеянняў.

Пазітыў

Рызыкну выказаць здагадку, што ў гэтай сітуацыі ёсць і дадатны момант — ужо таму, што яна прымушае нас вызначыцца.

Зачыненне прафесійных, але некамерцыйных галерэй было прадказальным. «Аблегчаная» схема, у якой фатаграфія прысутнічала як дадатак да кінастужкі, размясціўшыся практычна ў кафэ кінатэатра «Цэнтральны», здавалася б, больш аптымальная. Але не, і яна не выстаяла.

У гэтым сэнсе закрыццё ўсіх трох галерэй толькі фіксуе наяўныя працэсы. А яны неадназначныя і ў пэўнай ступені — плённыя.

Знікаюць ілюзіі, міфы пра тое, што хтосьці, дагэтуль невядомы, раптам мастацтва зразумее і падтрымае.

Сур’ёзным фатографам не трэба больш імітаваць бурнае творчае жыццё, а ёсць магчымасць узяць паўзу, паразважаць, пачытаць — павучыцца. Цяпер яны проста змушаны будуць гэта зрабіць.

Летась выстаў, здавалася, было з лішкам. Але ці надараліся адкрыцці? Хто-небудзь «прачнуўся знакамітым», калі не быў маніякальна заклапочаны праславутым самапазіцыянаваннем? На жаль, у нас няма нейкага цэнтра мастацтваў, дзе б падрабязна аналізавалася сітуацыя. Пануе ўсёпаглынальны салонны стыль, па сутнасці — не мастацтва, а папулізм. Салон калі і патрэбен, то толькі ў якасці кантэксту, калі адначасова падспудна выспяваюць новыя ідэі і будучыя адкрыцці.

Куды фатографу падацца, калі не ў галерэю?

Выцясненне цэлага мастацтва ў катэгорыю лішняга, па любым цэнзе — адукацыйным, ідэалагічным — сведчыць пра ненармальнасць сітуацыі. Калі мастак разумее, што яго ўменні больш не спатрэбяцца, што яго толькі з няёмкасцю церпяць, — гэта непасільны стрэс.

Ёсць некалькі варыянтаў паводзін у гэтых умовах — пры тым, што аўтар застаецца цікавым у творчых адносінах і няўдачлівым у штодзённасці. Напрыклад, перараджэнне і сыход у прыкладную, камерцыйную сферу. Праца выкладчыкам.

І тое, і другое заканчваецца зацяжной дэпрэсіяй — пры ўмове, калі мастацтву не ўдаецца на справе даказаць сваю гаючую сілу.

Застаецца адно пытанне: не «быць або не быць?», а — «быць або мець?» Фатаграфія з яе адметнымі законамі суіснавання з рэчаіснасцю апынаецца ў асабліва цяжкім становішчы.

Выдаткі

У грамадстве, якое адэкватна прымае фатаграфію, у прыватнасці, яе дакументальны стыль, адчуваецца цьмяняе нецярпенне: каб хутчэй жыццё наладжвалася, каб здаравей былі старыя і дзеці, мацней стаялі помнікі, менш было бамжоў і алкаголікаў.

Але ўсё не так дрэнна, мы з гэтым працуем. Рух наперад відавочны: скажам, фрывольная адзежа і дэманстрацыя замежнага фільма яшчэ зусім нядаўна былі палітычнымі падзеямі, прыезд заходняга мастака лічыўся ідэалагічным візітам. Дзе сёння гэтыя праблемы духу? Хіба што з альбомамі па фатаграфіі сітуацыя не палепшылася: іх як не было ў нашых крамах, так і няма.

А фатаграфія, тым часам, валодае незвычайнай уласцівасцю раскрываць унутраны сэнс падзей. Яна не прэтэндуе на духоўную ўсёмагутнасць, яна па-ранейшаму — прылада даследавання. Нават рафінаваная арт-фатаграфія, якая працуе з выявамі і метафарамі, выхоўвае вастрыню думкі, але ніякіх гатовых рашэнняў не прапануе. Па вялікім рахунку, развівае канцэптуальнасць і праектнасць у мысленні, а што яшчэ трэба грамадству для прарываў у эканоміцы, палітыцы, для той жа Сіліконавай даліны? І хіба не хапае ў Беларусі іншых аб’ектаў для вартаснага вывучэння, у тым ліку фатаграфічнага, што дазволіць паказаць нашу краіну сабе і ўсяму свету сумленна і з любоўю?

Вось толькі дзе ўсё гэта рабіць, каб убачыў глядач? Зноў на кухнях? Ці ў інтэрнэце?

Творчасць, зрэшты, і сама па сабе ўзнагарода майстру, а што будзе з астатнім светам, пакінутым без мастака? Патрэбны сродкі мастацтва, каб агаліць разбурэнні прасторы, дэмістыфікаваць зло... Ніякая прапаганда гэтага не зробіць, мастацтва ж наяўныя праблемы прынамсі маркіруе. І калі «чыстую паэзію» не кожны ўспрымае, то шматслойныя вобразы з выразнай гісторыяй, якімі цяпер так заклапочаны фатографы, прымаюць вельмі добра. Усім было б толькі лепш, калі б фатаграфія назвала рэчы сваімі імёнамі, без падтушовак і прыкрас.

З іншага боку, чым больш перашкод, тым больш з’яўляецца такога мастацтва, якое спрабуе іх пераадолець.

 Любоў Гаўрылюк