Лічбавая мазаіка польскай графікі

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Выстава Катавіцкай акадэміі

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і Польскі інстытут у Мінску падрыхтавалі для гледачоў выставу «Сучасная польская графіка». У экспазіцыі было прадстаўлена каля 40 прац трох пакаленняў графікаў і педагогаў Акадэміі мастацтваў у Катавіцах (Польшча, Сілезія).

/i/content/pi/mast/35/580/22.jpg

Дарэк Гаеўскі. Прастора І. Лічбавы друк. 2010.

Гэта не першае знаёмства мінчан з творчасцю выкладчыкаў Катавіцкай акадэміі. Музей ужо прымаў у сябе персанальную экспазіцыю Гжэгажа Ханьдэрэка «Метропалі-Некропалі. Пейзажы памяці», а ў маі мінулага года з вялікім поспехам прайшла сумесная выстава яшчэ двух выкладчыкаў Акадэміі — графіка Іааны Пех і майстра плаката Рамана Каларуса.

У Катавіцах, раней больш вядомых у Польшчы сваёй школай плаката, на базе Акадэміі аформіўся і дынамічна развіваецца графічны накірунак, які мае сваю спецыфіку. Перадумовай гэтаму паслужыла ўласная гісторыя развіцця навучальнай установы. Яна была заснавана на тэрыторыі Верхняй Сілезіі, скрыжаванні трох культур — нямецкай, польскай і чэшскай. Амаль 50 гадоў рэгіянальная «кузня кадраў» польскага мастацтва дзейнічала як філіял старэйшай у Польшчы Кракаўскай акадэміі мастацтваў і стала аўтаномнай толькі з 2001 года.

Прадстаўленыя на экспазіцыі працы з’яўляліся не толькі «візітнай карткай» пэўнага майстра, яркай дэманстрацыяй яго індывідуальнага стылю і манеры. Кожная з іх адлюстроўвала імкненне да эксперыментаў і спробу пашырэння графічнай прасторы. Гэтая тэндэнцыя характарызуе напружаны творчы пошук, у якім педагогі Акадэміі знаходзяцца зараз.

Творчасць катавіцкіх майстроў — гэта своеасаблівы адказ усім, хто лічыць графіку формай архаічнага выказвання, несугучнай сённяшняй рэчаіснасці. Кожная з прац не толькі маладых мастакоў, але і іх старэйшых калег прымушала пераасэнсаваць дастаткова кансерватыўныя ўяўленні пра месца графікі ў сучасным мастацкім працэсе і крытэрыі яе ацэнкі. Такія каштоўнасныя складнікі графікі, як майстэрства, зробленасць, тэхнічнасць, сёння ўжо не надта актуальныя. У работах польскіх педагогаў гэтыя аспекты ўвогуле адышлі на другі план. Выстава паказала, што сучасныя тэхналогіі здольныя сыграць з нашым зрокам і ўвагай у даволі іранічную гульню. У вызначэнні тэхнікі прадстаўленых работ нават прафесіяналы маглі памыліцца, бо тое, што вока ў літаграфіі ці ў шаўкаграфіі прымала за «ручную працу», аказвалася прынтам — і наадварот. Такая акалічнасць не толькі карэкціравала агульнае ўражанне ад работы, але ўвогуле выводзіла за рамкі ацэнкі так званую «тэхніку». Гэта прымушала гледача сканцэнтравацца на структуры вобразнай сістэмы кожнага твора. На прыкладзе любой працы (амаль усе яны былі надрукаваны пры дапамозе «лічбы») можна было пераканацца ў тым, што лічбавая графіка — не больш чым сродак для выражэння аўтарскага вобраза. Выява ўсяго толькі праяўляецца на экране манітора пры дапамозе графічнага рэдактара, а нараджаецца па-ранейшаму ў галаве графіка. Камп’ютэр — гэта інструмент, які пашырае выяўленчыя магчымасці і дазваляе мінімізаваць шлях ад ідэі да выніку з чыста тэхнічнага пункту гледжання. Хаця тут трэба адзначыць, што працазатраты на многія з прадстаўленых работ значна перавышалі высілкі, якія ідуць на стварэнне традыцыйнага эстампа. У гэтым аспекце пурысцкія прэтэнзіі майстроў «старой школы» да працуючых у рэчышчы лічбавых тэхналогій калег — маўляў, у «лічбе» працу зрабіць лягчэй, — бачацца няслушнымі і непераканаўчымі.

/i/content/pi/mast/35/580/23.jpg

Адам Раманюк. Чорны карнавал. Лічбавы друк. 2009.

Адным з відавочных плюсоў экспазіцыі стала гарманічнае суіснаванне работ графікаў розных пакаленняў, творчых стыляў і тэмпераментаў. У экспазіцыі практычна не назіралася якога-небудзь выяўленага стылістычнага дысбалансу, разрыву паміж работамі сталых майстроў і тымі, хто яшчэ зусім нядаўна былі іх вучнямі, а сёння з’яўляюцца калегамі. Кожны з аўтараў намагаўся пазбегнуць недагаворанасці і няяснасці. Магчыма, гэта адна з важных прыкмет існавання такой з’явы, як катавіцкая школа графікі. Нягледзячы на розніцу паміж работамі, усіх мастакоў аб’ядноўвала імкненне да максімальнай выразнасці. Яно відавочнае і ў працах майстроў старэйшага пакалення — Яна Шматлоха, Ёзэфа Будкі, Евы Завадскай, Марыуша Палкі, якія стаялі ля вытокаў школы. Цалкам натуральна, што ў іх творчасці класічныя графічныя тэхнікі працягваюць выконваць істотную і значную ролю. Невялікія па памерах эстампы прафесара Яна Шматлоха з серыі «Вокны» ўяўлялі сабою найбольш «чысты» прыклад традыцыйнай афортнай тэхнікі і, па сутнасці, з’яўляліся ёмкім, насычаным прыхаванай энергетыкай своеасаблівым аўтапартрэтам мастака.

Адам Раманюк з’яўляецца сапраўдным «мультынструменталістам» у творчых пошуках і ўзначальвае ў сваёй аlma mater майстэрню лічбавых тэхналогій і інтэрмедыяў — палігон найбольш дзёрзкіх эксперыментаў. Пры позірку на яго прынты не ўзнікала ніякага сумнення ў тым, што асновай канчатковай лічбавай выявы з’яўляўся «жывы» малюнак на паперы. У працах Раманюка можна было разгледзець момант уваходжання традыцыйных тэхнік у бязмежны свет лічбавых тэхналогій і адчуць пэўную сувязь паміж прадстаўленымі ў экспазіцыі поглядамі на мастацтва розных пакаленняў. І ў гэтым сэнсе творы майстра сталі ключавымі для ўсёй выставы.

У работах нядаўніх навучэнцаў, а зараз вядучых педагогаў Акадэміі Катажыны Дзюбы, Марціна Хаеўскага, Гжэгажа Ханьдэрэка (які зараз узначальвае кафедру графікі) адчуваліся не толькі беражлівае стаўленне да гісторыі і сувязь з традыцыйнымі формамі і тэхнікамі — афортам ці літаграфіяй, але і новая эстэтыка, якая прымушае пераглядзець сам падыход да разумення межаў у мастацтве. Яны па-новаму асэнсавалі свабоду мыслення, не стрыманую ніякімі рамкамі, акрамя аўтарскага намеру дакладна выказаць сваю індывідуальнасць, а іх працы падкрэслівалі, што месца графічнага вобраза — не толькі на пластыку ці папяровым аркушы.

Анджэй Лабуза, Дарота Новак, Сібіла Скалуба, Юдыта Бэрнась, Марцін Бялась, Якуб Цікала, Аляксандра Лясонь, Вольга Палка-Сласка, Марта Пагажэлец, Шымон Прандзёх прымушаюць сёння гаварыць пра сябе, рэгулярна атрымліваючы прызы на міжнародных конкурсах і біенале. Па сваёй вобразнай структуры іх графіка не з’яўляецца «камернай» і не мае нічога агульнага з так званым міні-прынтам. Манументальнасцю ўвасобленых вобразаў яны імкнуцца выйсці за межы галерэйнай прасторы — на вуліцы, на сцены будынкаў (такія эксперыменты ўжо праводзіліся ў Катавіцах).

Сучасная польская графіка шукае новыя формы выказвання на стыку новых тэхнік. Яе развіццё не можа ўспрымацца як паэтапны, паступальны рух. Польская графіка чуйна рэагуе на змены навакольнай рэчаіснасці, каб быць па-сапраўднаму актуальным і яркім сегментам у пярэстай мазаіцы сучаснага мастацтва.

Андрэй Янкоўскі