Зімовыя карункі. Алей. 1987.
Віктар Казачэнка ніколі не ставіў подпіс на сваіх працах, але яго карціны пазнавальныя — перадусім праз магутны, эмацыйны каларыт. Яго жыццярадаснае светаадчуванне ўражвала тых, хто ведаў, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на долю мастака: вайна, акупацыя, голад, рэпрэсіі, хвароба, смерць любімай дачкі...
Выстаяць і захаваць жыццялюбства дапамагла незвычайная ўспрымальнасць, чуласць да прыроды, яе колеравых азарэнняў. Без гэтага дару Казачэнка не адбыўся б як жывапісец.
Як ні дзіўна, спецыяльнай мастацкай адукацыі ў Віктара Фёдаравіча не было. Яшчэ да вайны студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Гомельскага педінстытута Казачэнка наведваў студыю выяўленчага мастацтва, дзе заняткі праводзілі таленавітыя мастакі і педагогі Барыс Звінагродскі і Акім Шаўчэнка.
Віктар Казачэнка накіраваўся ў Ленінград, у Акадэмію мастацтваў. Спазніўся на ўступныя іспыты і быў прыняты вольным слухачом — без права на стыпендыю. Давялося зарабляць на жыццё. І тут новы паварот лёсу — цяжкая траўма нагі. Казачэнка быў змушаны вярнуцца дахаты.
Вайну сустрэў у інваліднай калясцы: маці пад выбухі бомб везла яго з гомельскай бальніцы...
З 1946 года ён пачаў прымаць актыўны ўдзел у выставах, дзе адразу звярнуў на сябе ўвагу згарманізаванымі па колеры працамі. У 1948-м Казачэнка быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР.
На працягу 35 гадоў ён вёў студыю выяўленчага мастацтва ў Палацы культуры чыгуначнікаў. У ліку яго выхаванцаў Зоя Літвінава, Валянцін Пакаташкін, Уладзімір Кароткі, Генадзь Тарскіх і многія іншыя. У гэтым Палацы Казачэнка арганізаваў і першыя выставы мастакоў Гомельшчыны.
Выхаванцы Віктара Фёдаравіча захавалі сваю індывідуальнасць. Кожны з іх — адметны творца са сваімі стылявымі асаблівасцямі, аўтарскімі прыёмамі жывапісу. Майстар вучыў бачыць у штодзённым і паўсядзённым — непаўторнае і ўнікальнае. Дэлакруа казаў, што дзякуючы жывапісу людзі захапляюцца тым, да чаго ў рэальнасці звычайна досыць абыякавыя, — ён назваў гэта цудам. Гэтым рэдкім дарам валодаў і Казачэнка і шчодра дзяліўся ім з іншымі. «Няма для мастака нічога больш каштоўнага, чым пастаяннае ўзаемадзеянне з прыродай», — казаў ён.
«Ці не самыя шчаслівыя моманты, — распавядаў Віктар Фёдаравіч, — звязаны ў мяне з ракой Сож, ракой дзяцінства. На ёй упершыню адчуў мядовы водар сенажацяў, мог удыхнуць паветра на поўныя грудзі». Большасць сваіх прац творца выконваў на пленэры. Яго майстэрня была побач з домам. Вось яна — у глыбіні старога саду на палатне «Квітнеючы травень». Тут мастак пісаў не толькі нацюрморты з сарваных у садзе ці ў полі кветак, але і пейзажы. Аб’ектамі станавіліся суседскія хаты, дрэвы... Сёння, супастаўляючы яго каларытныя пейзажы з тымі куточкамі прыроды, якія захаваліся, разумееш, што гомельскі мастак валодаў надзвычай уражлівай натурай.
Мастацтвазнавец Міхаіл Лазараў казаў, што «пейзаж — родны брат паэзіі, ён не можа не быць паэтычным». Творы Віктара Казачэнкі пацвярджаюць слушнасць гэтага меркавання. Да прыкладу, кампазіцыя палатна «Залатая восень» — гэта рытмічнае чаргаванне халодных і цёплых фарбаў. Барвова-сонечныя і сінія плямы падтрымліваюць адна адну, «рыфмуюцца». Глыбокім гарызантальным пералівам вады і неба супрацьстаяць акварэльна-празрыстыя кроны восеньскіх дрэў. Белыя ствалы бяроз успрымаюцца як струны ў песенным гучанні каляровых усплёскаў. Асацыятыўная сувязь пейзажаў Казачэнкі з паэзіяй, з песняй праглядаецца даволі выразна.
Пейзаж можа падзяляцца на такія ж разнавіднасці, як і паэзія: лірычны, эпічны, рамантычны, драматычны. Віктар Казачэнка быў лірыкам нават у сваіх індустрыяльных пейзажах («Порт запрацаваў», «Новабудоўлі Гомеля», «На суперфасфатным», «Элеватар»).
Ён жыў не на фоне прыроды — ён жыў разам з ёй, увасабляючы ў сваіх пейзажах не проста рытмы пораў года, а ўсплёскі колеру і святла. Працуючы ў імпрэсіяністычнай манеры, сакавітым, размашыстым, палаючым мазком мастак перадаваў жыццялюбства, сілу, тэмперамент.
Колер у жывапісе быў і застаецца самым моцным выразным сродкам. Падобна музыцы, ён здольны ўздзейнічаць на нашы пачуцці, нараджаць — нават незалежна ад сюжэта карціны — глыбокія перажыванні. У Віктара Казачэнкі фарбы — гэта згустак энергіі, што нібы выплёхваецца з паверхні палатна, выяўляючы напал эмоцый. Унікальны каларыт (ён не баяўся выкарыстоўваць і чысты, «адкрыты» колер) і жывое святло надавалі яго творам дынамічнасць: прырода на палотнах нібы дыхае.
Памяць пра Віктара Казачэнку беражліва захоўваецца на яго радзіме. Да 90-годдзя майстра ў Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў была адкрыта выстава яго твораў — больш за 40 прац з фондаў абласнога краязнаўчага музея і са збораў сваякоў Віктара Фёдаравіча.
Алег Ананьеў