«Калыханка» для Шапэна і... глядзельнай залы

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

«Ноч музыкі» ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі

 

Калі да еўрапейскай традыцыі «Ночы музеяў» усе ўжо прызвычаіліся, дык «Ноч музыкі» ладзілася ў нас упершыню. І ахапіла не мноства канцэртных пляцовак, а ўсяго адну, стаўшыся гэткім «эксклюзівам» Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аднак гэта зусім не перашкодзіла «Ночы...» з’яднаць адразу некалькі канцэпцый вакол асобы і творчасці Фрыдэрыка Шапэна, 200-годдзе з дня нараджэння якога шырока адзначалася ва ўсім культурным свеце.

 

Музыка вялікага польскага рамантыка гучала ў арыгінальным фартэпіянным выкладанні, і беларускія піяністы, адзін за другога лепшыя, прапаноўвалі яе класічнае выкананне — дасканалае, пазначанае высокім густам і стылёвай дакладнасцю.

«Некласічныя» варыянты прачытання Шапэна прэзентавалі харэограф Раду Паклітару, які апошнім часам працуе ў Кіеве, і гурт «Zespol Polski» з Варшавы. «
/i/content/pi/mast/35/578/20.jpg

«Жорж Санд, мазурка і Шапэн». Сцэна са спектакля.

Мазурка» ў інтэрпрэтацыі салісткі нашага Вялікага тэатра Надзеі Філіпавай была насычана, як і іншыя мініяцюры Паклітару, шматлікімі іранічнымі асацыяцыямі з балетнай класікай. Варшаўскі ж гурт увогуле спалучыў музыку Шапэна з джазавымі апрацоўкамі, польскімі народнымі інструментамі і аўтэнтычнай манерай ігры на іх. Атрымалася — супер!

Музычны спектакль «Жорж Санд, мазурка і Шапэн» шмат у чым скіраваў шапэнаўскую тэму ў бок не столькі кахання, колькі палітычных падзей ХІХ стагоддзя, з-за якіх кампазітар быў вымушаны назаўжды пакінуць радзіму. Ды ўсё ж такое акцэнтаванне не ўласных душэўных памкненняў генія, а грамадскіх поглядаў шапэнаўскага асяроддзя нагадала прыслоўе: дзе пачынаецца палітыка, там заканчваецца мастацтва. Разам з тым, у спектаклі было шмат пластыкі, што перагукалася з ранейшай рэжысёрска-харэаграфічнай працай Ларысы Сімаковіч — «Вяселейкам» Ігара Стравінскага.

Восем калыханак, прысвечаных Шапэну, прапанавалі беларускія кампазітары. Сярод іх былі і раней напісаныя творы (дакладней, асобныя часткі шматчасткавых партытур), і абсалютна новыя. Узнік своеасаблівы кампазітарскі «конкурс». Самая стыльная, жанрава дакладная калыханка атрымалася ў Канстанціна Яськова. Найбольш кантрасна тэатралізаваная — у Сяргея Картэса. Самая «пункцірная», што нагадвала ўрыўкі сноў, — у згаданай Сімаковіч, якая не толькі «падбухторыла» на напісанне калыханак астатніх творцаў, але і выступіла аўтарам і галоўным распрацоўшчыкам усёй «Ночы музыкі». Самую канцэптуальна запамінальную калыханку стварыў Вячаслаў Кузняцоў. І справа тут не толькі ў тэатралізаваным сыходзе — адзін за адным — музыкантаў са сцэны, а ў саміх паўторах апошняй закалыхваючай фразы.

Такія разнастайныя звароты да шапэнаўскай тэмы — выканальніцкі, харэаграфічны, тэатральны, кампазітарскі — міжволі выклікалі пашырэнне задумы. Да шапэнаўскай лініі далучылася купальская. Зусім невыпадкова «Ноч музыкі» ладзілася «на мяжы пераходу», вечарам і ноччу з 23 на 24 чэрвеня, калі заходнія славянскія рэгіёны святкуюць тамтэйшае Купалле. Атачэнне вечара выступленнямі Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым надало канцэрту рысы сольніка з запрошанымі гасцямі. Выяўленне розных іпастасей Ларысы Сімаковіч нагадвала яе ўласны бенефіс. Працяглае выступленне амерыканскіх музыкантаў Крысціны Фонг і Міхаэля Карнацкага з медытатыўна-мінімалісцкімі сачыненнямі ператварыла гэту частку канцэрта ў фонавае «закалыхванне» публікі. Харэаграфічныя версіі музыкі Баха і Афенбаха ў пастаноўцы ўсё таго ж Раду Паклітару дадалі імпрэзе здаровай іроніі.

Ды ўсё ж агульная драматургія вечарыны падалася непрадуманай, а аўдыторыя, для якой ладзіўся гэты філарманічны мега-канцэрт, — нявызначанай. Фіналу дачакаліся далёка не ўсе. Першымі сышлі тыя, хто дбаў пра заўтрашні працоўны дзень і свае кішэні. Бо начныя паездкі на таксі — справа не самая танная.

Надзея БУНЦЭВІЧ