Гаспадар над пачуццямі

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Фактуры і глыбіні Мацвея Басава

/i/content/pi/mast/35/577/18.jpg

Дванаццаць кален. Алей. 2004.

У творах мінскага мастака Мацвея Басава адчуваецца след эмацыйнага выбуху, надрыву, які наўпрост пераходзіць у фактуру выяўленчай плоскасці. Яго новыя работы, паказаныя на персанальнай выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, — нібыта магнападобныя выкіды вітальнага парывання-часу, што зацвердзяваюць у фактурна-пластычных формах жывапісу.

У зале музея адбылася незвычайная, але арганічная інверсія: працы нашага мастака змянілі выстаўленыя тут раней творы Каро, барбізонцаў і імпрэсіяністаў, прысвечаныя вобразам Нармандыі. Гэта дазволіла музейнаму гледачу і ўбачыць у жывапіснай культуры Басава досвед «жывапісу настрою», свабоду жывапіснай фактуры еўрапейскага мастацтва, і ў той жа час адчуць асаблівую басаўскую трагічную ноту.

Паводле характару сваёй жывапіснай «спантаннасці» Мацвей Басаў можа быць суаднесены з экспрэсіяністамі кшталту Карла Шміта-Ротлуфа, Эміля Нольдэ ці з сучаснымі неаэкспрэсіяністамі. З апошнімі, дарэчы, творчасць мастака часта параўноўваюць амерыканскія крытыкі, яго працы ім добра знаёмыя па выставах у Амерыцы і па прэстыжных зборах, дзе яны захоўваюцца (Zimmerly Art Museum, Яўрэйскі музей у Нью-Йорку, Музей сучаснага рускага мастацтва і іншыя). Як і неаэкспрэсіяністы, Басаў стварае работы на моцным парыве, тэмпераментна раскрываючы сваю творчую энергію свету. Яго шматпластовы фактурны жывапіс блізкі палімпсестам Ансэльма Кіфера з іх унутранай гістарычнасцю. Аднак гэтыя супастаўленні, якія ўзнікаюць пры асэнсаванні твораў Басава, ніяк не вызначаюць сутнасць яго творчага пошуку, які можа быць акрэслены як пераход ад фактурнага жывапісу да жывапісу-мігцення. У аснове гэтага мастацтва — асаблівы настрой-сэнс, блізкі хайдэгераўскаму настрою-разуменню — Stimmung, пра які філосаф заўважаў: «У кожнага разумення ёсць свой настрой». У настроі твораў Басава здзяйсняецца невытлумачальны сінтэз вітальнага парыву, сэнсавай складанасці і асаблівай фактурнай «глыбіні».

Чаму вучыць жывапіс гэтага мастака? Быць ушчыльную да бачнага, як заклікаў Марыс Мэрло-Панці. Мастацтва Басава — непасрэдна бачнае, вобраз вока ў леанардаўскім духу: «Я паўтараю, што першае — гэта вока <...> І калі ты скажаш, што зрок замінае засяроджанаму і тонкаму духоўнаму пазнанню, праз якое здзяйсняецца пранікненне ў боскія навукі <...> то на гэта я адкажу, што вока, як гаспадар над пачуццямі, выконвае свой абавязак, калі перашкаджае блытаным і хлуслівым не навукам, а развагам». У творах Басава складанасць і глыбіня пачуццяў нясуць сябе ў адкрытасць праз непасрэднае меркаванне вока, праз выразныя формы спантанна-візуальнага.

/i/content/pi/mast/35/577/19.jpg

Колькі хараства! Алей. 2009.

Станаўленне востра індывідуальнага жывапісу Мацвея Басава адбылося па-за акадэмічнай школай. Сярод сваіх настаўнікаў ён вылучае Сяргея Каткова — кіраўніка дзіцячай мастацкай студыі пры Палацы піянераў, які даў імпульс творчасці шматлікім майстрам сучаснасці. Каткоў разглядзеў у жывой тэмпераментнасці выхаванца «маленькага Шагала» і падтрымаў яго ў пошуках. Пазней былі Рэспубліканская мастацкая школа (1963–1967), дзе Басаў вучыўся ў Валянціны Свентахоўскай, і Мінскае мастацкае вучылішча (1967–1971), у якім ён асабліва адзначае педагогаў Уладзіміра Гардзіенку і Аляксея Зінчука. Аднак галоўным настаўнікам заўсёды быў бацька — выбітны жывапісец Ізраіль Басаў, выстава якога нядаўна адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Ізраіль Басаў не ўпісаўся ў савецкае мастацтва сацрэалізму, таму самымі важнымі ўрокамі, якія атрымаў Мацвей у бацькі, былі досвед творчай свабоды, разуменне суверэннай значнасці мастацтва і гераічнасці адзіноты. Сёння нас захапляе, як у час татальнасці ідэалагічных формул з незвычайнай творчай воляй і сілай працавалі Басаў-старэйшы, Віталь Цвірка, Альгерд Малішэўскі — выдатныя беларускія майстры, што так ці інакш паўплывалі на станаўленне асобы маладога Басава. Спантаннасць — вось якасць, уласцівая яго жывапісу. Манументальнасць выяўленчага ладу, фарматаў і тэм Басава-старэйшага ўвасобіліся і ў пошуку яго сына, які пры ўсёй камернасці нясе ў сабе трансцэндэнтальны імпульс да вечнага. «Бацькоўскі вобраз» жывапісу адчувальны і ў прадстаўленых на выставе карцінах-дыялогах («Колькі было месца для кахання», 2009; «Адзінае пачуццё», 2009), вобразах «статуарнай вечнасці» і некаторых «эцюдах» («Кастрычнік», 2009), у якіх заўважаецца след серабрыста-шэрай танальнасці выдатнага эцюднага жывапісу Ізраіля.

Ужо ў юнацкіх працах Мацвея бачныя рысы, якія стануць пазней прыкметамі яго ўласнай манеры. Раннія акварэлі незвычайна «фактурныя» і пастозныя. У кантэксце фарміравання жывапіснай тэхнікі Басава не варта казаць пра паслядоўную «эвалюцыю» — хутчэй, гэта развіццё ў форме палімпсеста, калі новыя працы нараджаюцца як узмацненне, праясненне, паглыбленне, новае гучанне вобразаў і якасцей, што ўжо існуюць у папярэдніх творах. Асаблівая рэльефная фактурнасць становіцца выключнай рысай жывапісу мастака. Яго работы ствараюцца цягам доўгай, тэхналагічна прадуманай працы над палатном — пласт за пластом. У апошні час ён дасягае эфекту дзіўнай гульні празрыстасці фону і корпуснасці жывапіснага рэльефу. У новых працах іматэрыяльнасць узмацняецца, колер то ясна выяўляецца на паверхні, то мігатліва растае («Возера», 2009 –2010; «На адпачынку», 2010).

Пры ўсёй камернасці жывапісных фарматаў дыяпазон тэм, якія Басаў імкнецца ахапіць, надзвычай шырокі. Біблейская тэматыка, заснаваная на экзістэнцыйна-асобасным асэнсаванні святых тэкстаў («Майсей», 1997; «Дванаццаць кален», 2004; «Пасланне», 2009), спалучаецца з вобразамі кахання («Закаханасць», 1995; «Дарунак кахання», 2009) і зваротам да трагічнага досведу ваенных гадоў («Як мала было месца для кахання», 2009). Майстар дае тонкія пластычныя рашэнні для ўвасаблення глыбокіх пранізлівых пачуццяў і станаў — малення, закаханасці, рашучасці.

Невялікія памеры жывапісных работ Мацвея часткова тлумачацца ўмовамі яго майстэрні. У такіх творах, як, напрыклад, «Ахоўная сцяна» (2009), патэтычная містэрыя і сіла вобраза відавочна «выходзяць» за рамкі камернага фармату, патрабуючы для свайго выражэння вялікіх плоскасцей — кшталту тых, на якіх працавалі ў спелыя гады абстрактныя экспрэсіяністы — Марк Ротка ці Барнет Ньюман. Менавіта так мог бы развівацца жывапіс Басава, што балансуе на мяжы растварэння рэальнага ў мастацкай абстракцыі, выяўляючы ўсю сілу вобразнага эмацыйнага закліку.

Пра «эцюды», цыкл якіх прадстаўлены на выставе, варта сказаць асобна: яны ствараюцца на прыродзе і амаль ніколі не дапрацоўваюцца пастфактум. І ўсё ж гэтыя «эцюды» з’яўляюцца паўнавартаснымі карцінамі з жывой выявай-станам, выявай-перажываннем. У іх дасягае апагею бліскучая здольнасць майстра злучыць неверагодную энергію спантаннага парыву з візуальнай завершанасцю, знайсці пэўную форму для выражэння непасрэднай экзістэнцыі свету «тут і цяпер».

У новых творах Мацвея Басава жывапісная спантаннасць адчуваецца як свабода. Аднак па меры медытатыўнага паглыблення гэтае пачуццё пераходзіць у эфект пераліву, асаблівы стан жывапіснага ўнутранага свячэння. Святло злучаецца з гульнёй фактур і тэкстур — на мяжы пластыкі і рэльефа. На выставе Басава апынаешся ў жывым «дыханні» жывапісу, чыё мігценне нясе асаблівы вобраз часу. Бергсанаўскі élan vital, што яднае ў адзіным патоку творчасць і свет, у гэтым жывапісе набывае прасторавасць і, пластычна цвярдзеючы, атрымлівае свае бачныя формы.

Ігар ДУХАН