Сільфіда як сімвал і архетып

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

У Вялікім — прэм’ера або ўзнаўленне?

/i/content/pi/mast/35/576/17.jpg

Ірына Яромкіна і Алег Яромкін.

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбылася прэм’ера балета «Шапэніяна», прымеркаваная да 200-гадовага юбілею вялікага польскага кампазітара.

З’яўленне «Шапэніяны» справядліва звязваецца з рэвалюцыйнымі змяненнямі ў сусветным балетным тэатры. Другая палова ХІХ стагоддзя — перыяд дамінавання акадэмічнага, класічнага балета, якому ўласціва манументальнасць відовішча. Яго знешняе дзеянне раскрываецца ў пантамімных мізансцэнах, а ўнутранае — у кананічных структурах класічнага танца. Пачатак ХХ стагоддзя супаў з рэформамі выдатнага харэографа Міхаіла Фокіна, чыя творчасць паўплывала на далейшае развіццё сусветнага балета.

Ён стварыў аднаактовы балет, які будуецца на скразным сюжэце і дзеянне якога раскрываецца ў непарыўным адзінстве музыкі, пластыкі і сцэнаграфіі. Адным з такіх прыкладаў і зрабілася «Шапэніяна».

Прэм’ера 1-й рэдакцыі пастаноўкі Фокіна адбылася ў лютым 1907-га на дабрачынным спектаклі Марыінскага тэатра. Тады «Шапэніяна» ўяўляла сабой чатыры жанравыя сцэны, у якасці музычнай асновы выступалі вальс, тарантэла, накцюрн, мазурка і паланез з твораў Шапэна, аркестроўку да якіх зрабіў Аляксандр Глазуноў. Адной з танцоўшчыц, што выконвалі «Сёмы вальс», стала вялікая Ганна Паўлава. У сакавіку наступнага года Фокін стварыў 2-ю рэдакцыю. Сярод выканаўцаў — зоркі Марыінскага тэатра, у тым ліку Вольга Праабражэнская, Тамара Карсавіна і Вацлаў Ніжынскі. У 1909-м «Шапэніяна» была з трыумфам паказана падчас «Рускіх сезонаў» у Парыжы пад назвай «Сільфіды» і атрымала сваё другое імя. Неўзабаве спектакль увайшоў у рэпертуар большасці тэатраў і з таго часу не сыходзіць з іх афіш.

Існуе меркаванне, што адна з сільфідаў узнаўляе вобраз знакамітай рамантычнай танцоўшчыцы Марыі Тальёні. Нездарма Валянцін Сяроў намаляваў партрэт Ганны Паўлавай менавіта ў вобліку сільфіды. Невыпадкова Галіна Уланава дэбютавала на сцэне менавіта гэтым спектаклем, яго ж выбрала і для свайго развітання са сцэнай.

«Шапэніяна» не мае акрэсленага сюжэта: у ёй прадстаўлены разнастайныя варыяцыі на тэму сільфід, у свеце якіх аказваецца рамантычны Юнак. Сільфіда — дух паветра і адначасова архетып (як, дарэчы, і дзяўчына-лебедзь), сімвал паветранасці балетнага мастацтва, пераадолення зямнога прыцягнення, увасабленне перамогі духоўнага над матэрыяльным, узвышанага над зямным. Але ў гэтым і выяўляецца ўсё хараство харэаграфіі.

На мінскай сцэне спектакль ставіўся некалькі разоў: у 1952-м Сямёнам Дрэчыным, у 1966-м і 1975-м — Нінай Фёдаравай. Каштоўнасць сёлетняга аднаўлення балета і ў тым, што ў рэпертуары тэатра няшмат бессюжэтных, цалкам дансантных пастановак. Да іх ліку можна аднесці толькі Гран-па з «Пахіты» Мінкуса і «Балеро» Равэля.

Заўважу, што з 1994-га «Шапэніяна» прысутнічае на афішы Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра (пастаноўка пецярбургскай балерыны Любові Кунаковай, аднаўленне зроблена ў 2003-м). І хоць паводле агульнапрынятай іерархіі трупа музычнага тэатра заўжды лічылася другой у параўнанні з тэатрам оперы і балета, убачаны спектакль пакінуў надзвычай моцнае ўражанне. Верагодна, натхнёны эмацыйны парыў выканаўцаў можна патлумачыць тым, што артыстам харэаграфічнай трупы часта даводзіцца выступаць у падтанцоўках аперэт і музычных камедый, а ў класічных балетах яны саліруюць усяго некалькі разоў на месяц. Дзякуючы магутнаму ўздзеянню музыкі і харэаграфіі, іх гарманічнаму адзінству пастаноўка ўспрымалася як бясконцая шчаслівая казка.

Здавалася б, для аналагічнага поспеху ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета створаны ўсе ўмовы. Аркестр на чале з дырыжорам-пастаноўшчыкам Алегам Лесуном чуйна ўслухоўваўся ў гучанне шапэнаўскіх мелодый, дакладна ўвасобіў эмацыйныя і стылявыя адценні музыкі польскага генія. Балетмайстрам-пастаноўшчыкам «Шапэніяны» выступіла Таццяна Яршова, вядомая тэхнічным і ўпэўненым выкананнем вядучых партый у 1980 — 1990-я гады, а мастацкім кіраўніком стаў Юрый Траян.

Спектакль не патрабуе віртуознай тэхнікі, у ім няма складаных па-дэ-дэ, каскадаў віртуозных скачкоў, двайных тураў, акрабатычных падтрымак. Але ён вымагае надзвычай тонкага адчування стылю, неверагодна дакладнага ўзнаўлення фокінскай харэаграфіі. Шкада, але пакуль што цудам і мастацкім адкрыццём балет не стаў. У параўнанні з паказанай на прэм’еры «Пахітай», дзе былі відавочныя зладжанасць і выверанасць кардэбалету, «Шапэніяна» падалася досыць сырым спектаклем, у якім выканаўцы не заўсёды адчуваюць адзін аднаго.

Безумоўна, адметнасць індывідуальнасцей надала пастаноўцы свежыя фарбы. Але імклівасць Кацярыны Алейнік у «Вальсе», лірызм Людмілы Кудраўцавай у «Мазурцы», пранікнёнасць Ірыны Яромкінай у «Прэлюдзе» і «Сёмым вальсе», непасрэднасць Валерыі Вапнярскай і Наталлі Рабцавай у «Вялікім бліскучым вальсе» ўжо даўно вядомы беларускім прыхільнікам балета і наўрад ці спрыяюць таму, што выканаўцы выйдуць на новы ўзровень свайго мастацкага развіцця.

Хтосьці заўважыць у гэтых радках суб’ектывізм. Не буду спрачацца, верагодна, твары выканаўцаў падчас танца былі адухоўленыя і трапяткія. Але пераканацца ў тым, на жаль, не было магчымасці: журналісты і крытыкі атрымалі толькі ўваходныя білеты без месцаў і прапанову... адпраўляцца на галёрку. Прыемна назіраць энтузіязм публікі, якая раскупляе ўсе білеты, марыць убачыць абноўленыя інтэр’еры тэатра і сфатаграфавацца на іх фоне. Але сітуацыя сведчыць, што тэатру важней за ўсё каса і выкананне фінансавага плана, а зусім не пытанне прэстыжу і грамадскага рэзанансу ад яго новай работы.

Лёгкае раздражненне выклікала і сцэнаграфія Кацярыны Булгакавай, мастачкі, якая зрабіла шэраг цікавых прац для тэатра (напрыклад, касцюмы для «Набука», адной з апошніх прэм’ер). Інтэнсіўны зялёны колер задніка, маляўнічы гай, ніцая вярба, магчыма, некаму і пададуцца прыгожымі, але, як кажуць, — зусім не з гэтай оперы.

«Шапэніяна» не зрабілася прарывам у фантастычны свет, а стала яшчэ адным спектаклем, што ідзе ў розных краінах і чарговы раз увасоблены на нашай сцэне. На прэм’еры яна была паказана разам з двума іншымі аднаактовымі балетамі: «Пахітай», якая сімвалізавала сабой класіку ХІХ стагоддзя, і «Балеро», пастаноўкай Елізар’ева, ажыццёўленай у 1980-я гады. Думаецца, больш лагічным было б паказаць «Шапэніяну» між імі, расставіць пастаноўкі ў храналагічнай паслядоўнасці, якая б адлюстроўвала развіццё балета і змену харэаграфічных стыляў. Але нават не гэта галоўнае. Прэм’ерны паказ яшчэ больш яскрава засведчыў неабходнасць чацвёртай часткі — сучаснай свежай работы беларускіх харэографаў, а не чарговых аднаўлення, рэдакцыі ці нават прэм’еры спектакля, які некалькі разоў ставіўся на сцэне тэатра. Новая «Шапэніяна» толькі далучыла гледачоў да дасягненняў сусветнага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, але не змагла стаць новым этапам у яго развіцці.

 

Дзяніс Марціновіч