Палітра часу

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Ганаровая прэмія — Леаніду Шчамялёву

/i/content/pi/mast/35/575/14.jpg

Развітанне з Радзімай. Алей. 1981.

У сталічнай галерэі «Мастацтва» адкрылася выстава твораў Леаніда Шчамялёва, прымеркаваная да атрымання майстрам ганаровай прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Хоць у экспазіцыі прадстаўлены толькі дзве работы з серыі «Палітра майго часу» («Развітанне з Радзімай» і «Музычны Віцебск»), за якую творца і быў узнагароджаны, яе можна лічыць адной з самых удалых прэзентацый творчасці Леаніда Дзмітрыевіча.

Тут ёсць і зусім свежыя творы, выкананыя сёлета. Работы мастака 1980-га і 2010-га гадоў павінны былі б адлюстраваць пэўную стылістычную эвалюцыю і змены ў поглядах, але Шчамялёў застаецца верны сабе, і гэта адчуваецца нягледзячы на прысутнасць мноства сюжэтных, жанравых і тэхнічных варыяцый. У карціне «Зіма ў Пецярбургу» (2010) відавочныя ўсё тая ж нязменная любоў мастака да халоднай пары года, да каларыстычных эфектаў паўночнага ззяння. На фоне суровай бела-шэрай зімы нечаканай ярка-чырвонай плямай выступае велізарны фасад праваслаўнага храма — ён гучыць як фанфары, літаральна «гарыць» агнём веры, кахання і надзеі. Гэтымі бясконцымі жыццесцвярджальнымі знакамі напоўнены ўсе працы мастака. Патрэбны настрой падказваецца гледачу ненадакучліва і тонка, накшталт 25-га кадра кінастужкі.

Партрэты ў творчасці Шчамялёва — жанр адметны. Згадаем, напрыклад, яго вядомыя выявы Канстанціна Цвіркі ці Уладзіміра Караткевіча... Як выразна выказваюцца ў іх душэўная прыцягальнасць і глыбіня характараў! Партрэт Якуба Коласа — камерны і парадны адначасова. Урачыстая постаць ва ўвесь рост і ярка-жоўты фон маніфестуюць значнасць асобы, а меланхалічны і задуменны выраз твару і лёгкая сутулаватасць раскрываюць рысы ціхага інтэлігента.

Аднойчы нехта паспрабаваў злічыць колькасць выяў каня ў творах Леаніда Шчамялёва. Высветлілася, што гэта практычна немагчыма: такія розныя і аднолькава любімыя мастаком бясконцыя сілуэты гэтых грацыёзных жывёл — ці як працяг, дадатак да пейзажаў, ці як схематычныя напамінкі, здані і цені — узнікаюць на яго палотнах пастаянна. «Конь — гэта цэлая паэма», — прызнаўся аднойчы творца. На выставе была прадстаўлена работа з выявай каня і дзяўчынай, якая стаіць побач. Чорны вараны конь з неверагодным напорам і адчувальным цяжарам выступае на першы план — здаецца, ён зараз вырвецца за межы карціны. Бялявая стройная дзяўчына, што з далікатнай усмешкай гладзіць яго, нібы стрымлівае дынамічны парыў. Задні план карціны — аднатонны, светла-блакітны і ненавязлівы, таму глядач наўпрост сустракаецца з тым, што адбываецца, зведваючы пачуццё непазбежнасці.

Экспрэсіўныя творы ў экспазіцыі суседнічаюць з «традыцыйным» Шчамялёвым — гэта нязменныя беларускія пейзажы: вёскі, мястэчкі, гарады з іх правінцыйнай рамантыкай і самабытнасцю. Гэта і ўпадабаная тэма свят («Масленіца») з яркімі гуляннямі, кветкамі, застоллямі і бязмежным сонечным святлом.

Нацюрморты ў творчасці Шчамялёва займаюць месца не «мёртвай прыроды», а «ціхага жыцця» — гэта своеасаблівая канстантная выява замерлага часу. Што б ні было ў гэтых нацюрмортах — дарункі прыроды, кветкі, працоўныя прылады ці дэталі інтэр’ера майстэрні, — у іх заўсёды выдатна чытаецца настрой мастака.

Шчамялёў — майстар стварэння «атмасфернасці», якая найлепш выяўляецца ў бытавым жанры. У творах, прысвечаных сям’і, заўсёды адчуваецца асаблівая цеплыня аповеду. На выставе была паказана работа з «дамашняй» серыі — «Партрэт у інтэр'еры», дзе вобраз галоўнай музы мастака — яго жонкі Святланы Мікалаеўны — прыўносіць ва ўсю экспазіцыйную прастору адчуванне ўтульнасці хатняга агменю і яго недатыкальнасці.

/i/content/pi/mast/35/575/15.jpg

Восеньскія ружы. Алей. 2009.

Жанравая варыятыўнасць — яркая рыса жывапісу Шчамялёва. Знаёмая многім карціна «Успаміны пра Віцебск» напоўнена знакамі і сур’ёзнымі разважаннямі аўтара, яна сумная і драматычная. Успаміны дыхаюць меланхоліяй, шкадаваннем пра незваротнасць мінулага, пакорай перад суровым законам часу. Сам аўтар з жонкай сядзяць на велізарным гарлачы, што ўвасабляе іх мінулае, на фоне напаўразбітага старога люстэрка і пагрозлівага сілуэта чорнага вершніка. Кампазіцыя, вырашаная на дыяганальнай пабудове планаў, як на шалях, вагаецца то ўгару, то ўніз, губляецца ў цэнтры люстраной плоскасці і стварае адразу тры прасторы.

Падобныя экспрэсіяністычныя матывы, некаторыя — з моцным драматычным імпульсам іграюць істотную ролю ў гэтай параўнальна невялікай па колькасці работ выставе — і ва ўсёй творчасці Шчамялёва.

У экспазіцыі прысутнічалі і работы на тэму вайны, якія складаюць даволі аб’ёмную частку творчай спадчыны мастака. «Бярэзіна» — вядомы гістарычны сюжэт, але адлюстраванне падзейнасці не з’яўляецца галоўнай задачай творцы, гэта — развага пра вечныя каштоўнасці, пра жыццё.

Сярод самых вядомых работ Шчамялёва — «Развітанне з Радзімай». Яна апавядае пра трагічныя падзеі ў жыцці самога мастака. Але яго развітанне з радзімай — гэта і наша развітанне, наша памяць і смутак. Выява галоўнага героя спінай да гледача засведчвае жаданне інтымнасці, сакральнасць моманту, поўную адзіноту. Глядач пры гэтым апынаецца ў нязвыклым становішчы пранікнення ў асабістае, але не застаецца староннім да ўвасобленага, таму што выразныя сімвалы любові, выказаныя ў знакавых выявах беларускай прыроды, блізкія кожнаму з нас.

Адзін з цыклаў серыі ўганараванай «Палітры...» носіць назву «Гісторыі злучальная ніць». Відавочна, што абсалютна ўсе творы Леаніда Шчамялёва замкнуты адным сэнсавым ключом, аб’яднаны адной натхнёнай мэтай: захаваць неацэнныя моманты мінулага, ствараючы з іх дапамогай новы свет, расквечаны фантастычнымі фарбамі сучаснасці. А галоўным імпульсам да тых пераўтварэнняў з’яўляецца сам чалавек.

Пра што гэтая выстава? У першую чаргу, пра нас — пра беларусаў і Беларусь, пра паняцце Радзімы — у яго самым шырокім сэнсе, без пафасу і медных труб. Пра каханне, веру, жыццё і смерць і, вядома, пра самога мастака. Працы творцы — нібы маштабнае, велізарнае палатно, нарэзанае на фрагменты, якое ўвесь час будзе чакаць завяршэння. Бо гэта яшчэ не скончаны аповед...

Марыя Міхайлава