Сінхроннае плаванне на мелкаводдзі

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Чарговая камедыя на купалаўскай сцэне

/i/content/pi/mast/35/574/13.jpg

Зоя Белахвосцік (Лота), Алена Сідарава (Лэціс).

Рэжысёр Кацярына Агароднікава паставіла спектакль «Тэатраманія» па п’есе брытанскага драматурга Пітэра Шэфера «Летыцыя і дурман» у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Дзівацтва як кампраміс

Вобраз дзівака на беларускай сцэне сёння папулярны і запатрабаваны так, як у савецкія часы была запатрабаваная, да прыкладу, вытворчая тэматыка. Наўрад ці вы здолееце прыгадаць тэатр, у рэпертуары якога адсутнічае камедыя або трагікамедыя з дзіўнаватым галоўным героем. Дзівакі выйшлі і на акадэмічныя сцэны, дзе такая камедыя ў нейкім сэнсе паратунак: на коласаўскія падмосткі вярнулася Памэла Кронкі, у Купалаўскім зноў шукаюць прыдурка для вячэры, у Рускім Пане Каханку пасыпае дарогі соллю і спрабуе дастукацца да нацыянальнай свядомасці.

Папулярнасць у СССР спектакляў пра бюракратаў і вытворчыя праблемы была абумоўлена ідэалагічнымі прычынамі; папулярнасць дзівакоў сёння — эканамічнымі. Перад прэм’ерай «Вячэры з прыдуркам» рэжысёр спектакля і мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін зазначыў на прэс-канферэнцыі, што антрэпрызная камедыя на акадэмічнай сцэне, можа, і не тая пастаноўка, з якой мусіць пачынаць нядаўна прызначаны мастацкі кіраўнік, але тэатру патрэбна рабіць касу...

Беларускі глядач любіць павесяліцца. І камедыі заходнееўрапейскіх драматургаў на двух — чатырох акцёраў з дзіўнаватым галоўным героем, якія ўсё часцей з’яўляюцца на акадэмічных сцэнах, аказваюцца своеасаблівым кампрамісам паміж гледачамі і стваральнікамі пастаноўкі. Першыя смяюцца і атрымліваюць менавіта тыя эмоцыі, па якія прыйшлі ў тэатр, а другія пазбягаюць залішніх творчых пакутаў — вобраз дзівака дазваляе акцёрам і рэжысёру не проста лёгка рассмяшыць гледача з дапамогай «торта ў твар», але і даследаваць прыроду ірацыянальнага, гульневага пачатку ў чалавеку, папрацаваць з абвостраным міжасабовым канфліктам, які, як правіла, ператвараецца ў надасабовы.

Чарговы спектакль пра дзівакоў з’явіўся гэтым летам на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра.

Спектакль у квадраце

Сюжэт п’есы заснаваны на старым прыёме — спектакль у спектаклі. Лэціс (Алена Сідарава) водзіць экскурсіі па доме, адметнасцю якога з’яўляецца толькі тое, што ён быў пабудаваны некалькі стагоддзяў таму... І ніякіх там прывідаў, забойстваў, легендаў. Для Лэціс, маці якой была актрысай, такая гістарычная дакладнасць — пакута. І яна прыдумляе сваю гісторыю, пачуўшы якую на адной з экскурсій, інспектар Лота (Зоя Белахвосцік) прыходзіць у жах і прымае рашэнне звольніць Лэціс з працы. Так дзве гэтыя непадобныя жанчыны знаёмяцца, і паступова Лэціс адкрывае для строгай Лоты іншы свет — тэатральны: з каралямі, каралевамі, пакараннем смерцю і трыумфам чалавечай годнасці. І Лота смела крочыць у яго ўслед за сваёй правадыркай.

Дзве непрадказальныя жанчыны

«Тэатраманія» — акцёрскі спектакль. Асноўная сэнсавая і эмацыйная нагрузка ў ім прыпадае на два вобразы — Лэціс і Лоты.

Лэціс у выкананні Алены Сідаравай — эксцэнтрык: кудлатая прычоска, дзіўныя строі, падобныя на тэатральныя касцюмы, кранальная шчырасць, няўклюднасць у паўсядзённым жыцці і спрытнасць ва ўяўным, абсалютная непрадказальнасць учынкаў.

Непрадказальнасць — гэта тая кропка, у якой вобраз Лэціс збліжаецца з вобразам Лоты ў выкананні Зоі Белахвосцік, за кошт чаго дасягаецца гарманічнасць дзеяння. Строгая і памяркоўная Лота таксама непрадказальная, толькі па-іншаму. Глядач разумее, што за яе вымушанай стрыманасцю нешта хаваецца. Але што менавіта? І калі гэта праявіцца? Зала прадчувае момант, калі праз пластычную, унутраную напружанасць Лоты — Белахвосцік праклюнецца момант ісціны. Чаканні апраўдваюцца: пад рудым парыком — абсалютна сівая, як у Марыі Сцюарт, галава, а за вонкавай строгасцю інспектара — мінулае тэрарысткі...

Кругленькая смешная Лэціс падобная на дом, па якім водзіць экскурсіі: у яе няма адметнага жыцця — і яна яго прыдумляе. У мінулым Лоты ёсць яркія драматычныя моманты, але яна спрабуе забыцца пра іх. «Тэатраманія» — гэта дзве супрацьлеглыя мадэлі чалавечых паводзінаў, пошук кампрамісу паміж жыццямі ва ўяўным і рэальным свеце.

Зручнасць і гістарычныя хронікі

Уласна акцёрская мова абедзвюх гераінь больш сакавітая і вобразная, чым мова спектакля ўвогуле. Эмацыйнасць Лэціс і Лоты часам арганічная, а часам і не спалучаецца з функцыянальнасцю і аскетызмам сцэнаграфіі (мастак Вольга Мацкевіч).

Заднік з выявай лесвіцы, прыступкі якой натхнёна пералічвала Лэціс, трансфармуецца ў кабінет Лоты з вялізным сталом і канапай. Строгасць офіса падкрэсліваюць шырмы, якія хутка і бясшумна рухаюцца, то адкрываючы герояў, то закрываючы іх ад гледачоў. Такое сцэнаграфічнае вырашэнне пасуе да вобраза інспектара Лоты, адцяняе яго. Але калі тыя ж самыя шырмы пачынаюць рухацца ў доме Лэціс — яе ірацыянальным свеце (няхай сабе і далучаючы да яго Лоту), дзеянне страчвае гарманічнасць.

Часам функцыянальнасць сцэнаграфіі становіцца празмернай. Так чацвёра музыкаў (спектакль аформлены з ужываннем жывой музыкі і гукаў) ператвараюцца ў кабінетныя статуі і працяглы час вымушаны стаяць у нязручных позах на пастаментах. Аднак мэта надаць эпізодам настрой і пафас судовага пасяджэння такім чынам не дасягаецца.

Другарадныя персанажы, якія з’яўляюцца побач з галоўнымі гераінямі, хутчэй ствараюць дысананс дзеяння, чым спрыяюць яго развіццю. З рознымі мерамі гратэску вырашаны вобраз Лэціс і масоўка экскурсантаў, якім яна распавядае пра помнік гісторыі; аморфны адвакат у выкананні Георгія Маляўскага з’яўляецца на сцэне з дапатопным магнітафонам і гэтай невялікай дэталькай робіць непатрэбную прывязку да часу, адсунуўшы дзеянне гадоў на дваццаць назад.

Яшчэ адно слабае месца спектакля — нераспрацаваны гістарычны пласт. З аднаго боку, ён можа і не ўспрымацца на ментальным узроўні. Дакладна гэтак жа, як не быў успрыняты гасцямі Міжнароднага фестывалю «М.аrt.кантакт» падтэкст пра нацыянальную свядомасць беларусаў у спектаклі Мікалая Пінігіна «Пінская шляхта». Гледачам можа быць незразумела, чаму ў «Тэатраманіі» згадваюцца гістарычныя хронікі, Рычарды і Генрыхі. Тым больш што веды ў галіне сусветнай гісторыі ў большай часткі нашай публікі даволі павярхоўныя.

Але, з іншага боку, Кацярына Агароднікава і не спрабуе паўплываць на ўспрыманне гэтых асацыяцый і паралеляў: яна ніякім чынам не акцэнтуе ўвагі на «гістарычнасці» п’есы.

Прага глыбіні

У «Тэатраманіі» Купалаўскі тэатр паспрабаваў вырашыць некалькі надзённых пытанняў. Па-першае, прывесці ў калектыў маладога таленавітага рэжысёра Кацярыну Агароднікаву (нагадаю, што ў яе за плячыма такія папулярныя антрэпрызныя пастаноўкі, як «Дванаццатая ноч» Уільяма Шэкспіра і «Спяваць. Піць. Плакаць» Ксеніі Драгунскай). Па-другое, зрабіць яшчэ адну касавую і ў той жа час інтэлектуальную камедыю. Па-трэцяе, у пэўнай ступені падрыхтавацца да хуткай рэканструкцыі (функцыянальная і аскетычная сцэнаграфія пастаноўкі) і магчымых гастрольных варыянтаў (невялікая колькасць занятых акцёраў).

У выніку атрымаўся спектакль, у якім дзве актрысы працуюць поруч нібы сінхронныя плыўчыхі, але паказваць сваё майстэрства ім даводзіцца на мелкаводдзі пастаноўкі. Таленавіта, смешна — ды нечага не хапае...

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ