Куратар выставы: ад ідэі да цвіка

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Аналізуючы апошнія мінскія выставы, разумееш, што часта ім не хапае галоўнага — ідэі, асэнсавання, цыркуляцыі сэнсаў у прасторы экспазіцыі. То-бок не стае сур’ёзнай і прафесійнай куратарскай работы. Таму размова пра куратарства падаецца патрэбнай і актуальнай.

/i/content/pi/mast/35/573/5.jpg

Інсталяцыя Уладзіміра Макаркова «Шпацыр пад грыбным дажджом» з экспазіцыі «Абстракт». Куратары Ларыса Міхневіч, Васіль Васільеў. Палац мастацтва. 2008.

Інстытут куратарства — заходняе вынаходніцтва. Згадаем найперш патрыярха — швейцарца Харальда Зеемана: энцыклапедычныя веды і незвычайная свабода мыслення дазвалялі яму смела парушаць законы выставачнай практыкі і сумяшчаць несумяшчальнае дзеля галоўнага — іскраў сэнсу, якія высякаліся з гэткай мікставай і складана «замешанай» прасторы (творы маглі суседнічаць з аб’ектамі, што да мастацтва дачынення
не мелі, скульптуры пазбаўляліся подыумаў, а аўтары вольна ператасоўваліся ў экспазіцыі). Менавіта ён сцвердзіў выставачную дзейнасць як аўтарскую практыку
і даказаў права куратара на суб’ектыўнае бачанне.

Ад Зеемана ідзе мода рабіць экспазіцыі на закінутых прамысловых забудовах, праводзіць выставы-дыскусіі і мэтанакіравана шукаць прыватных спонсараў.
Яго дзейнасць выклікала і шэраг папрокаў, якія пазней сталі звыклымі ў мастакоўскім асяроддзі. Даніэль Бюрэн напісаў у каталозе «Documenta 5», што выстава з’яўляецца «творам Зеемана», у якім ён выкарыстоўвае работы мастакоў у якасці матэрыялу ці «мазкоў фарбы на сваім палатне». Шырокі ўніверсалізм куратарскай работы Зееман пазначыў у лозунгу «Ад бачання да цвіка», вельмі павучальным для арганізатараў выстаў: куратар — найперш інтэлектуал, але не толькі.

Сёння куратар часта становіцца медыяфігурай не менш значнай, чым мастак. Зацікаўленая публіка з нецярпеннем чакае агучвання імя наступнага арганізатара чарговай біенале. І ходзяць, бывае, не на выставу мастакоў, а на праект куратара, калі, зразумела, той мае ўласны почырк і ведае, чым здзівіць гледача (важны чыннік у гэтай прафесіі).

Абрысы куратарскай дзейнасці пазначыць сапраўды цяжка: яна знаходзіцца ў станаўленні. А запатрабаванасць у сур’ёзных куратарах на нашай культурнай прасторы надзвычай вялікая. Таму — час пачынаць гутарку.

Людзям, якія былі заўважаны ў арганізацыі ўдалых куратарскіх праектаў, мы задалі наступныя сем пытанняў:

1. Куратарства — гэта прызванне ці прафесія?

2. Постаць куратара ў нашым мастацкім кантэксце дакладна не акрэслена. Ці можаце вы абазначыць сутнасць куратарскай практыкі? Чым адрозніваецца куратарская выстава ад звычайнай?

3. Ці маглі б вы апісаць спецыфіку работы куратара ў нашай арт-прасторы?

4. Як будуюцца вашы ўзаемадачыненні з мастакамі? Ці любы творца згодны стаць часткай вашага праекта? Ці ёсць у вас кола любімых мастакоў, з якімі ахвотна
працуеце?

5. Які з вашых праектаў быў самы ўдалы? Які не атрымаўся? Чаму?

6. Назавіце тры лепшыя куратарскія работы, якія вы бачылі ў Беларусі за апошнія гады.

7. У каго вы вучыцеся, каго лічыце лепшым куратарам?

Міхаіл Баразна

/i/content/pi/mast/35/573/3.jpg
— Арганізую мастацкія выстаўкі беларускіх і замежных мастакоў на Беларусі і за яе межамі з 1991 года. Найбольш цікавымі для мяне з’яўляюцца міжнародныя праекты, дзе не даю перавагі беларускаму аўтару, і лічу такі стан рэчаў прызнаннем роўнага спаборніцтва і ўзаемнага развіцця творчых асяродкаў. Асновай праектаў з’яўляецца мастак, яго інтэрпрэтацыя ідэі. Мне не падабаецца, калі аб куратарах гавораць больш, чым аб мастаках. Гэта нагадвае тутэйшую гандлёвую рэкламу, дзе паліграфіі і графічнага дызайну столькі, што тавару не бачна. Аніякім эпатажам, мудрагелістымі прэс-рэлізамі і перформансам на адкрыцці выстаўкі дасведчанага гледача не падманеш.

1. Запытайце пра гэта ў дырыжора, пісьменніка, кінарэжысёра — адказы будуць падобныя.

2. У любой выставы ёсць куратар. Як і мастакі, яны розныя па творчай сталасці, вопыце і патэнцыяле. Кожная канкрэтная выстава мае індывідуальную альбо групавую мэту і асобныя па змесце задачы. Таму вызначаць універ-
сальную сутнасць куратарскай практыкі не зусім правільна. Калі ж спрошчана — гэта выпрацоўка праектнай ідэі, яе тэарэтычнае абгрунтаванне і насычэнне, пабудова творчага супольніцтва з аўтарамі, выкарыстанне арганізацыйных механізмаў і прэзентацыя творчага выніку, пошук развіцця праекта. Вольны куратар менш абмежаваны ў сваёй працы над праектам.

3. Спецыфічных рысаў занадта шмат. Найбольш відавочная — слабы фінансавы бок, які не дазваляе маладому куратару быць мабільным, ажыццяўляць шырокае даследаванне праблематыкі. Сустракаю новыя імёны куратараў, але не знаходжу іх публікацый. Часам нецікава, калі куратар-пачатковец без рызыкі прэзентуе добра вядомых аўтараў.

4. Натуральна, што не любы творца згодны стаць часткай праекта. Могуць быць розныя абставіны: занятасць у іншых праектах, акалічнасці асабістага характару і г.д. Мастацкія практыкі працякаюць па складаных законах жыцця чалавека, а не паводле папяровых схем, дзе ўсё магчыма. Ёсць кола любімых мастакоў інтэлектуальнага напрамку, з якімі я працую не адно дзесяцігоддзе. Я не прапаную ўдзельнічаць у маіх праектах творцам, якія стаяць на пазіцыях традыцый сацыялістычнага рэалізму. Маецца суполка перспектыўнай моладзі, большасць — з Беларускай акадэміі мастацтваў, з якой планую праекты ў будучым. Запрашаю да ўдзелу і замежных аўтараў.

5. Сам не хачу ацэньваць. Праграмным быў міжнародны мастацкі праект «Тэксты» (1997). Да гэтага — «Беларт. Сучаснае мастацтва з Беларусі» ў Бентлаге (Германія,1996), дзе заходнееўрапейскаму гледачу ўпершыню былі паказаны творы Алены Кітаевай і Андрэя Шалюты. Выстаўка беларускага мастацтва ў Зале П’ера Кардэна ў Парыжы (2003) і кіраўніцтва ўдзелам беларускіх мастакоў у Пражскай квадрыенале сцэнаграфічнага мастацтва (2007) найбольш узбагацілі арганізацыйны вопыт.

6. «Праект стагоддзя», «Яйкаквадраты» (1993 — 2007), «Ілюзія часу» (2004).

7. Дзякую лёсу за знаёмства з Манфрэдам Шнэкенбургерам, Марцінам Хеначам, Тобіясам Бергерам. Значную ролю ў маёй куратарскай практыцы адыграла Кацярына Кенігсберг.

Таццяна Бембель

/i/content/pi/mast/35/573/3-.jpg
— Мяне хвалюе магчымасць ці немагчымасць папрацаваць з добрым партнёрам-куратарам, якога знайсці значна складаней, чым добрага мастака. Прыкладаю шмат высілкаў да арганізацыі сумесных праектаў беларускіх мастакоў з замежнымі куратарамі — хоць бы з блізкіх краін. Даводзіцца прызнаць, што з адной стартавай пазіцыі мы і нашы суседзі адышлі на розныя дыстанцыі.

1. А палкаводзец — гэта прызванне ці прафесія? Можна быць адораным самавукам-партызанам і без Акадэміі генеральнага штаба. Можна нават зрабіць паспяховую вылазку ў суседні лес ці райцэнтр, але гэта так і застанецца тым, чым з’яўляецца: дробнай сутычкай мясцовага значэння, якая нічога не вызначае ў расстаноўцы вялікіх сіл. У нас Ваеннай акадэміі — у сэнсе, Школы куратараў — пакуль няма. І, адпаведна, «ваенныя манеўры» носяць вельмі лакальны і, будзем сумленнымі самі з сабой, — самапальны характар. Вяртаючыся да пытання: куратарства — гэта, безумоўна, прафесія, але без спецыфічнага куратарскага таленту і адмысловых падрыхтоўкі і досведу поспех у ёй не гарантаваны. Адбор тут цвёрды: сапраўдны Куратар павінен быць зоркай, а зымітаваць гэта немагчыма.

2. Каб не было блытаніны, вызначымся з тэрмінамі. Куратарам у нас часта завуць проста адказнага за арганізацыйныя пытанні выставачнага кшталту, гэта — абслуговая функцыя, і тут няма аўтарскага моманту. А калі гэты момант ёсць, то ён пасіўны, падпарадкаваны. Мастак чагосьці жадае, і ты яму дапамагаеш. Такая праца куратара з малой літары «к» таксама вельмі важная. А Куратар з вялікай літары — гэта звышмастак па сваім пазіцыянаванні і ўнутры арт-асяроддзя, арт-сітуацыі, і па-за ёй. Добрая куратарская канцэпцыя супастаўная з аўтарскімі канцэпцыямі буйных сучасных сацыёлагаў, філосафаў, культуролагаў... І вельмі часта яны ўзаемазлучаныя.

3. Беларуская сітуацыя характарызуецца наяўнасцю некалькіх момантаў:

а). Тыя мастакі, якія цяпер трывала асацыююцца з паняццем «беларускае найноўшае мастацтва» — Руслан Вашкевіч, Уладзімір Цэслер, Артур Клінаў, Вольга Сазыкіна і яшчэ некалькі тых жа вагі і калібру, змушаны былі шмат гадоў быць куратарамі праз амаль поўную адсутнасць іншых варыянтаў. І рабілі яны справу вельмі годна. Дасюль гэтыя творцы аб’ектыўна мацней у куратарскіх практыках, чым мясцовыя мастацтвазнаўцы, якія па-ранейшаму выконваюць пры іх хутчэй абслуговую арганізацыйна-інфармацыйную функцыю.

б). Наша арт-поле практычна не ўзарана сапраўдным куратарскім плугам, і праўдзівы Куратар для нас — постаць амаль міфічная. У гэтых адносінах Беларусь — зона запаведная. У неўзаранасці і запаведнасці ёсць і патэнцыйна моцная пазіцыя, і небяспека — калі думаць пра інтэграцыю ў сусветную культурную прастору. Пра гэтую небяспеку казала ўвесну пры наведванні Мінска Лаліта Ябланскене, дырэктар Нацыянальнай мастацкай галерэі Літвы, куратар з еўрапейскай вядомасцю і досведам уваходжання невялікай краіны ў міжнародны кантэкст сучаснага мастацтва. Наша сітуацыя, наколькі можна было пра яе меркаваць па першым уражанні, нагадала Лаліце ў некаторых аспектах пачатак 1990-х у Літве. Думаю, мы цяпер маем патрэбу ў выпрабавальным староннім поглядзе. Гэтую экспертызу можна прыняць або не прыняць. Але яе вынікі неабходна ведаць, каб правільна ацаніць становішча пры выхадзе за межы сваёй даволі замкнёнай прасторы — я маю на ўвазе тую сферу, дзе звычайна працуюць Куратары.

в). Спецыфіка куратарскай практыкі ў беларускіх умовах палягае таксама ў тым, што прынцыпы гэтай працы досыць моцна супярэчаць традыцыйным формам каардынацыі працэсаў і падзей у арт-сферы.

4. Думаю, калі спатрэбіцца, змагу знайсці аргументы для заваблівання ў свой праект падыходзячага для кожнага канкрэтнага выпадку мастака. У гэтым рэсурсе я не сумняваюся. У нашым распараджэнні неблагі патэнцыял.

5. Лепшыя праекты заўсёды наперадзе. Пра тое, што не атрымалася, я падумала, зрабіла высновы і не жадаю пра гэта згадваць. Вельмі рада, калі ўдаецца «ўбудаваць» беларускіх мастакоў у прафесійныя куратарскія праекты высокага класа. Гэта і лічу цяпер сваімі поспехамі.

6. Не назаву.

7. Пераймаю досвед калегаў з Літвы, а яшчэ вельмі многаму навучылася і вучуся ў Івана Чачота, мастацтвазнаўца і куратара з Санкт-Пецярбурга — прамога нашчадка, між іншым, беларускага паэта Яна Чачота. Спадзяюся, дарэчы, сёлета арганізаваць яго візіт у Мінск. Апроч бліскучай акадэмічнай і выкладчыцкай дзейнасці цалкам традыцыйна арыентаванага мастацтвазнаўца, гэты чалавек вызначыўся тым, што амаль два дзесяткі гадоў быў надзвычай актыўнай постаццю мастацкага Пецярбурга, выступаючы і як куратар, і як выхавальнік цэлай плеяды таленавітых маладых дзеячаў сучаснага мастацтва. Ёсць і іншыя важныя для мяне ўзоры прафесійнай працы. Вельмі спадабалася партнёрства з польскімі калегамі: з апошніх прыемных і перспектыўных знаёмстваў — Агнешка Валадзько з Цэнтра сучаснага мастацтва «Лазня» ў Гданьску. І калі я бачу ў ролі «куратараў» культурна некранутых самазванцаў з дрэннай гаворкай і чароўнай упэўненасцю ў сабе, то суцяшаюся ўспамінамі пра гэтых людзей, якія адкрыты кантактам і супрацоўніцтву з беларускімі мастакамі, беларускімі калегамі, беларускімі інстытуцыямі. А наогул усё добра — я поўная надзей, планаў, праектных ідэй. Пры падтрымцы Міністэрства культуры і Упраўлення культуры Мінгарвыканкама на базе галерэі Леаніда Шчамялёва ствараю Цэнтр міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Спадзяюся, гэта актывізуе стасункі нашага прафесійнага асяроддзя з куратарамі іншых краін.

Павел Вайніцкі

/i/content/pi/mast/35/573/4.jpg
— Куратар — не адзіная мая іпастась. Я прафесійна займаюся многімі рэчамі адначасова (крытыкай, практыкай, педагогікай), але ўсе мае спецыялізацыі так ці інакш факусіруюцца на сучасным мастацтве —
у той яго частцы, якая мае справу з трохмернай прасторай: гэта скульптура, public art, урбаністычны дызайн і г.д.

Куратарства для мяне — важны інструмент, які дазваляе ўжывую даследаваць цікавую мне праблематыку, візуалізаваць тэарэтычныя канцэпты і нават у нейкай ступені ўплываць на лакальны мастацкі працэс. Акрамя таго, гэта выдатная нагода для плённых узаемадачыненняў з калегамі... і выключна ўзбуджальная сфера прыкладання творчых высілкаў.

1. Зразумела, прафесія, бо існуюць вызначаныя параметры такога роду дзейнасці, якія прадугледжваюць наяўнасць пэўных ведаў і ўменняў. Як і любая іншая прафесія, яна патрабуе асаблівай схільнасці — то-бок прызвання, без якога выкананне прафесійных абавязкаў становіцца сумнай руцінай. Зрэшты, у нашай краіне куратарства — хутчэй хобі.

2. Пачну з канца. Куратарская выстава, у адрозненне ад не-куратарскай, як правіла, асэнсаваная. Гэта паўнавартасны твор, зроблены з унікальнага матэрыялу, якім з’яўляюцца асобныя мастацкія (а часам і не мастацкія) аб’екты або канцэпты. Куратар узаемадзейнічае з гледачом на эстэтычным, інтэлектуальным і нават цялесным узроўнях, даносячы да яго свае ідэі, настроі, фобіі. Свядомая творчая праца з выставай ці праектам як са спецыфічным медыя з’яўляецца сутнасцю гэтай практыкі.

3. Мне здаецца, што ва ўмовах неакрэсленасці, нявызначанасці, несфармуляванасці айчынная сітуацыя ўтрымлівае вялікі патэнцыял для куратарскай дзейнасці. Зрабіць штосьці ўпершыню, на новай нераспрацаванай глебе — гэта проста выдатныя выклікі, якія варта прыняць.

4. Узаемаадносіны з мастакамі, вядома, павінны быць сяброўскімі, інакш працэс стасункаў становіцца непрадуктыўным і бессэнсоўным. Я імкнуся выбіраць тыя прапановы і ажыццяўляць тыя ідэі, да якіх сапраўды неабыякавы. Таму працую з цікавымі мне мастакамі.

5. Складана аб’ектыўна ацэньваць уласныя работы, аднак мне асабліва дарагі мой самы першы куратарскі праект, які стаў своеасаблівым практычным завяршэннем дысертацыйнага даследавання ці нават яго часткай, скіраванай у будучыню. Мая дысертацыя была прысвечана беларускай станковай скульптуры апошняй чвэрці ХХ стагоддзя. На прааналізаваным факталагічным матэрыяле мне ўдалося вылучыць дзесяць маладых аўтараў, кожны з якіх уяўляў нейкую адну новую тэндэнцыю ў беларускай скульптуры. Праект быў прэзентаваны на некалькіх выставачных пляцоўках Беларусі, у тым ліку ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў Мастацкай галерэі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Мінула ўжо больш за пяць гадоў, і практычна ўсе ўдзельнікі «Новага пакалення ў беларускай скульптуры» — тады нядаўнія выпускнікі і студэнты — цяпер паступова выходзяць на вядучыя пазіцыі ў айчынным мастацтве. Да прыкладу, ужо на дзесяткі ідзе лік краін, у якіх стварыў свае каменныя працы Віктар Копач, Павел Герасіменка стаў аўтарам шэрагу манументальных твораў, Кастусь Касцючэнка зусім нядаўна перамог у Адкрытым рэспубліканскім конкурсе па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Я вельмі рады за хлопцаў і надзвычай задаволены тым, што мой куратарскі арт-прагноз пацвярджаецца.

Пра няўдачы мне сказаць няма чаго.

6. На жаль, тут мне таксама складана нешта адзначыць. Магчыма, я папросту прапусціў самае цікавае за час сваёй працяглай адсутнасці. Так, мне сімпатычныя тэматычныя праекты Дзяніса Барсукова ў галерэі «Універсітэт культуры» і Фёдара Ястраба ў галерэях Нацыянальнай бібліятэкі, як, зрэшты, і тое, што адбываецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў галерэі «Ў». Аднак у экспазіцыйнай сферы — а выстава ўсё ж галоўны куратарскі медыум — усё гэта вельмі традыцыяналістычна. Карціны на сценах, скульптуры на подыумах — ідзі, глядзі і атрымлівай абстрактнае эстэтычнае ці інтэлектуальнае задавальненне. А хочацца драматызму, суперажывання, узаемадзеяння. З бачанага мной у мінулым запомніліся ў поўным сэнсе куратарскія (нягледзячы на тагачасную неартыкуляванасць пазіцыі куратара) праекты галерэй «Шостая лінія» і «АВ», пэўныя экспазіцыі ў Акадэміі мастацтваў, напрыклад, «Тэксты».

7. Я праслухаў некалькі аспіранцкіх курсаў менавіта па куратарстве — у паўночнаамерыканскіх універсітэтах Йорк (Таронта) і Канкордзія (Манрэаль). Такім чынам, я знаёмы як з тэарэтычнымі, так і з практычнымі аспектамі куратарскай працы. Што да асабістых пераваг, то мне блізкія працы Нейла Кумінгса, Марысі Левандоўскі, Ідэсы Хендэлз, шэрагу іншых прадстаўнікоў «сярэдняга пакалення», якія практыкуюць вольнае абыходжанне з экспазіцыйным матэрыялам пры поўным і нават жорсткім кантролі над выставачнай прасторай. Мне падабаецца паглыбленне ў асаблівую, у кожным выпадку ні на што не падобную атмасферу тых іхніх выстаў, якія мне пашчасціла наведаць.

Любоў Гаўрылюк

/i/content/pi/mast/35/573/6.jpg
— Сфера інтарэсаў — творчая фатаграфія. Арганізаваныя мной выставы «Запаяны ў пінжак», «Прыватны сектар», «Дзівоснае месца» (2007 — 2009) былі паказаны ў экспазіцыйным фармаце як шматслойныя фатаграфічныя праекты з уключэннем аб’ектаў. Яны выбудаваліся ў паслядоўны цыкл: першы праект быў прысвечаны ўзаемадачыненням чалавека з уласнай абалонкай, другі ўздымаўся на ўзровень асэнсавання прыватнага жыцця, трэці стаў перажываннем гарадской прасторы. Не толькі канцэпцыі, але і самі выставы ствараліся як асобны мэсідж. На жаль, адсутнасць каталогаў не дазволіла ім стаць даследаваннем.

1. Гэта прызванне, якое можа стаць прафесіяй, а можа і не.

Хацелася б, каб куратарства было прафесіяй, але немагчыма генераваць ідэі з 9-й раніцы да 6-й вечара.

А як прызванне куратарства вельмі дорага абыходзіцца — у фізічным, інтэлектуальным, эмацыйным, фінансавым плане. Калі працуеш у такім інтэнсіўным рэжыме, здаецца, што людзі вакол запаволеныя, нібы знаходзяцца пад уздзеяннем снатворнага.

2. Сутнасць — у сучасных канцэпцыях, у асэнсаванні актуальных працэсаў. У пошуку нефармату, таму што адкрыцці ў мастацтве фарматнымі не бываюць. Лепш памыліцца ў эксперыменце, чым тыражаваць банальнасці.

Як куратару, мне не цікавыя застылыя на месцы рэчы, тое, што можа стаць толькі руцінным «мерапрыемствам» (ніколі не ўжываю гэтага слова!). Але ўдвайне цікавыя праекты-даследаванні, якіх няшмат.

Куратарская выстава вылучаецца інавацыйнасцю. Ідэяй куратара, яго здольнасцю выбудаваць агульны з аўтарамі творчы працэс. Ёсць мастакі, для якіх важна зрабіць новыя працы адмыслова для куратарскага праекта. І ёсць куратары, чые ідэі знаходзяць водгук у такіх мастакоў. Гэта — велізарная рэдкасць, каштоўнасць і сапраўдны кайф!

У куратарскай выставе спачатку матэрыял падпарадкоўваецца мастацкай задуме, потым задума суадносіцца з галерэйнай прасторай, і, нарэшце, адпрацоўваецца ўспрыманне экспазіцыі гледачом. І ўсе тры прыступкі, як адзінае цэлае, павінны працаваць у вызначаным інтэлектуальным кантэксце.

3. На жаль, у нашых умовах спецыфіка — у абмежаваных магчымасцях, паўсюль і з любой нагоды. Куратар змушаны вырашаць надзвычай складаныя арганізацыйныя і інфармацыйныя пытанні. Да ўласна куратарскіх справа не даходзіць.

4. Узаемаадносіны менавіта будуюцца — і падоўгу; як правіла, я ўважліва адсочваю, што і як робіць аўтар, мы размаўляем, абмяркоўваючы самыя розныя тэмы, што тычацца мастацтва. Часам працую з фатографам як журналіст — з пункту гледжання паразумення гэта вельмі эфектыўна. І толькі потым з’яўляецца адчуванне неабходнасці яго ўдзелу ў пэўным праекце.

Малаверагодна, што «любы можа стаць часткай праекта». Імкнуся пазбягаць выпадковасцей.

Часам фатографы самі выяўляюць зацікаўленасць, прапануюць ідэі і матэрыял для супрацоўніцтва. З улікам таго, як шмат людзей цяпер прыходзяць у фатаграфію, наколькі гэты працэс выходзіць з-пад кантролю ва ўсім у свеце, гэта звычайны шлях.

На жаль, маладыя мастакі кампрамісныя. Так што фатаграфічнай інфармацыі шмат, а дынамікі практычна не назіраецца. Патрэбны правакатыўныя, неканвенцыйныя рэчы. Гэта не пра радыкалізм, а пра творчую свабоду. Якая ў першую чаргу ўзнікае ў галовах.

Таму кола любімых аўтараў ёсць, я іх вельмі шаную. Берагу, імкнуся радаваць і сама цешуся з кожнай падзеі ў іх развіцці. Усярэдзіне гэтага кола творчае дыктатарства арганічнае.

5. Пакуль я куратар-пачатковец, і лепшым, спадзяюся, будзе мой новы праект, які яшчэ нідзе не прадстаўлены. Гэта «Фатаграфія на заўтра». Яго задача — паказаць два падыходы, актуальныя ў сучаснай мастацкай фатаграфіі: адзін — як прамы кантакт з рэчаіснасцю, другі — як кантакт з адрэжысаванай падзеяй. З пэўнай доляй умоўнасці падыходы можна пазначыць як дакументальны і пастановачны, дызайнерскі. Ці яшчэ так: фатаграфія і фатаграфіка. Цікава, што аўтары паспрабавалі вызваліцца ад цэтлікаў (уласных характарыстык у традыцыйнай класіфікацыі), і многія нечакана выявілі сябе.

6. Праект Інстытута імя Гётэ «1989 — 2009: Зменлівы свет — адлюстраваны час» (2009). (Куратар — Юле Ройтэр (Берлін), рэгіянальны куратар — Кацярына Кенігсберг.)

7. У Сяргея Кажамякіна (аўтара праекта выстаўкі сучаснай беларускай фатаграфіі «Дэжа вю», 2005), Уладзіміра Парфянка і Дзмітрыя Караля ў праектах галерэі «NOVA» (у прыватнасці, «Idée fixe», 2007).

Ларыса Міхневіч

/i/content/pi/mast/35/573/7.jpg
— У куратарстве люблю не самотнасць, а супрацоўніцтва. Вельмі цікава, калі другі куратар у праекце — мастак. З аднаго боку, гэта дазваляе мне вольна паддакваць яму, з іншага, і гэта самае важнае, спрачацца з ім. Люблю мастацтва інтэлектуальнае і глядацкае адначасова. Жывое, вольнае, з гарачым сэрцам.

1. Адказ на гэтае пытанне ў любой дзейнасці залежыць толькі ад «хімічнага» складу асобы. Таму мяне яно насцярожвае як відавочнае жаданне міфалагізаваць асобу куратара, як сведчанне таго, што з гэтай справай у нас нешта не так. Уяўляеце сабе анкету для мастакоў: мастак — гэта прафесія альбо творчасць?..

2. Куратар, з лацінскай, — гэта папячыцель: той, хто нечым альбо некім апякуецца. Цікава, што ў тлумачальным слоўніку гэты тэрмін не распаўсюджваецца на мастацкую дзейнасць. Значыць, працэс арганізацыйнага рэфармавання тут распачаты не так даўно. Мастацтвазнаўства — вельмі шырокая катэгорыя, якая закранае шмат аспектаў дзейнасці. Ты абавязкова павінен рэалізоўвацца вербальна і прасторава. Але ж гэта і пасрэдніцкая дзейнасць, кшталту адвакацкай. Прычына з’яўлення тэрміна «куратар» — у запатрабаванасці такога роду дзейнасці.

3. Сутнасць куратарства, калі гэта насамрэч куратарства, мусіць быць аднолькавай і ў нас, і ў «іх». Калі размова пра варункі існавання... Прабачце, межы апытання не дазваляюць сур’ёзна прааналізаваць праблему, яны хутчэй яе хаваюць, тут патрэбна нейкая іншая форма. Натуральна, наша бяда ў тым, што мы — amatore. Але гэта ідзе праз агульныя хібы мастацкага жыцця, дзе самае найпершае пытанне — гэта слова. Яно даўно павінна быць адрасным.

4. Я іду па жыцці з марай сустрэць Мастака (і гэта сутнасць маёй прафесіі). Сапраўднага і вялікага. І я вельмі шчаслівы чалавек, таму што гэта ў маім жыцці было. Але не менш цікавая рэч і мастацкая штодзённасць, валтузня з драбязой і абставінамі. Таму ў дадзеным кантэксце не разумею пытання пра твор. Натуральна, што любы можа стаць часткай майго праекта. Даць ацэнку твору — практыка мастацтвазнаўства, але ж гісторыя мастацтва не стала праз гэта гісторыяй стварэння шэдэўра, а паўстае, найперш, як працэс думання. Куратар мусіць вольна валодаць прафесійным інструментарыем, але ён больш аперуе не творам, а ідэямі.

5. Надзвычай люблю куратарскую працу, і мне падабаюцца ўсе мае праекты.

6. Самы ўдалы на сёння куратарскі праект? Магу назваць той, які быў бы па-сапраўднаму вартым Венецыянскай біенале. Гэта «ХЭ» Руслана Вашкевіча. Ён вольны і дзёрзкі. Глядацкі і інтэрактыўны. Лёгкі, а гэта ці не самае складанае. Ён з гумарам. Пры гэтым ён вельмі тонка і глыбока закранае асновы асноў мастацкай культуры, балансуе на мяжы існавання жанру, канцэпту, жывапісу, рамяства. Мне вельмі падабаецца «Рэвізія» беларускіх творцаў, што жывуць па-за межамі краіны, але пры ўсёй вонкавай эфектнасці гэтага праекта для мяне ён прайграе ў лёгкасці і абстрактнасці падачы праблемы. А на разважанні пра самы няўдалы праект мне не хочацца марнаваць час.

6. Ведаеце, шкада, але тут трэба згадваць пра «сівую даўніну». Я думаю, што гэта Аляксандр Малей і дзейнасць віцебскага аб’яднання «Квадрат». Перад сабой і грамадствам яны здолелі паставіць пытанні, якія змянялі саму парадыгму мастацтва. Ступень дзёрзкасці існавання там была вельмі высокага ўзроўню. Надзвычай цікавым куратарам быў Мікалай Прусакоў, аўтар шагалаўскага пленэру і віцебскай арт-сесіі.

7. Вучуся ва ўсіх, у мастакоў у тым ліку. Нават у няўдалым праекце можна знайсці цікавыя моманты. Сярод тых, хто працаваў на Беларусі, — куратар з Польшчы Эўлалія Даманоўска.

Уладзімір Парфянок

/i/content/pi/mast/35/573/8-p.jpg
— Мая куратарская практыка абмяжоўвалася пераважна працай з беларускімі фатографамі ў час майго кіраўніцтва некамерцыйнай галерэяй візуальных мастацтваў «NOVA». Я б аднёс сваю дзейнасць да традыцыйнай і інстытуцыянальнай. І гэта не звязана з неразуменнем сутнасці куратарства, а выклікана неадпаведным статусам фатаграфіі ў нашым мастацтве.

1. Думаю, што прызванне, бо ў сучасным свеце куратарскую працу нельга ўявіць як працэс, далёкі ад творчасці. Аднак аднаго прызвання мала. Каб стаць сапраўдным куратарам, неабходна атрымаць спецыяльныя веды.

2. Нявызначанасць постаці куратара ў нашай сітуацыі наўпрост злучана са старой схемай функцыянавання мастацтва і цалкам адлюстроўвае яе разладжанасць і неадпаведнасць духу часу. Я маю на ўвазе як традыцыйны адукацыйны працэс, што слаба адгукаецца на патрабаванні сучаснасці, так і формы захавання, прэзентацыі і папулярызацыі мастацтва. Куратар не столькі арт-менеджэр ці арганізатар экспазіцыйнай актыўнасці творцаў, колькі аўтар ідэй, канцэпцый выставачных праектаў. Сённяшні куратар — паўнавартасны ўдзельнік мастацкага працэсу нароўні з мастаком. Гэтым, уласна, і адрозніваецца куратарская выстава ад «звычайнай», падрыхтаванай мастаком пры арганізацыйнай дапамозе арт-дырэктараў, экспазіцыянераў і іншых музейных ці галерэйных супрацоўнікаў. У любой куратарскай выставе выразна прачытваецца пазіцыя куратара, яго аўтарскі мэсідж. Паўтару ўслед за Віктарам Мізіяна: «Куратар не толькі ідзе за мастацкім працэсам, але і стварае яго». Не столькі выкарыстоўвае ў сваім праекце гатовыя выказванні іншых мастакоў (пакідаючы магчымасць іх ужывання таксама ў іншых праектах), колькі выступае ініцыятарам стварэння ўнікальных твораў, якія маюць сэнс толькі ў пэўным праекце. Такім чынам, сучасны куратар становіцца на чале творчага працэсу. І гэта называюць перфарматыўным куратарствам.

3. У нашым выпадку мы часцей за ўсё сутыкаемся з традыцыйным падыходам у разуменні куратарскай працы — гэта стацыянарныя і інстытуцыянальныя формы, калі куратары (часта супрацоўнікі нейкай інстытуцыі) працуюць як селекцыянеры гатовых для выкарыстання твораў мастацтва, што адпавядаюць той ці іншай ідэі/канцэпцыі выставы. І вельмі рэдка мы бачым спробы крэатыўнага падыходу, калі куратар выступае ў ролі завадатара мастацкага працэсу, які правакуе таго ці іншага мастака на стварэнне новага і вузка адмысловага па ступені сваёй дастасавальнасці мастацкага твора.

4. Спадзяюся, што дзейнасць галерэі «NOVA» хоць неяк паспрыяла працэсу «сталення» беларускай фатаграфіі, выхаду яе са стану хранічнага аматарства. А што да стылю ў куратарскай працы з аўтарамі, то тут я выкарыстоўваю цвёрды падыход: любы выставачны праект павінен захоўваць свае выразныя контуры, а не ператварацца ў месца, дзе «танчаць усе»...

5. Да найбольш удалых куратарскіх праектаў я аднясу «Аспекты сучаснай беларускай фатаграфіі», якія складалася з 4 калектыўных выстаў, што пазначылі «болевыя кропкі» стану гэтага мастацтва. Праект быў рэалізаваны ў галерэі «NOVA» ў 2000 годзе і стаў своеасаблівым люстэркам, у якім адбіўся супярэчлівы шлях беларускай фатаграфіі ў 1980 — 1990-х гадах.

Як удалыя трэба згадаць і некалькі замежных рэпрэзентацыйных праектаў, рэалізаваных у сааўтарстве з замежнымі калегамі — прафесійнымі галерэйнымі куратарамі: «Новая фатаграфія Беларусі» (Сопат, Польшча, Дзяржаўная галерэя мастацтва, 1994) і «Фатаграфія з Мінска» (Берлін, Германія, галерэя IFA, 1994). Гэта былі ледзь не першыя поўнамаштабныя аналітычныя выставы фотамастацтва, паказаныя за мяжой.

Да менш удалых я б аднёс параўнальна нядаўні праект «Idée fixe. Канцэптуальныя пошукі сучаснай беларускай фатаграфіі», зроблены спецыяльна для Каўнаскай фотагалерэі (Літва) і паказаны там у 2007 годзе. На яго прыкладзе я зразумеў: рэалізуючы выставачны праект, нельга не ведаць і не ўлічваць спецыфіку асяроддзя і чаканні публікі, што складае касцяк той ці іншай глядацкай супольнасці.

6. На жаль, не магу вылучыць лепшыя беларускія куратарскія работы: ніводны з убачаных мной праектаў не пераконваў мяне на ўсё 100%. Магу толькі адзначыць тыя з іх, у якіх праца куратара, на мой погляд, нейкім чынам набліжалася да сучаснага яе разумення. Найперш, гэта «Беларускі павільён 53-й Венецыянскай біенале» (2009), некаторыя выставы Любові Гаўрылюк. Нельга не заўважыць і прысутнасці пэўнага сучаснага куратарскага падыходу ў дзейнасці галерэі «Ў». Але здаецца, што самыя яркія праекты засталіся ў далёкім мінулым — у гісторыі дзейнасці галерэі «Шостая лінія»...

7. На жаль, вучыцца гэтай прафесіі ў нас няма ў каго. Застаецца толькі спадзявацца на ўласную інтуіцыю, імпэт і на тую інфармацыю, якую можна ўзяць з інтэрнэта ці з агляду выстаў у іншых краінах.

Ірына Саламаціна

/i/content/pi/mast/35/573/9p.jpg
— Паводле сваёй дзейнасці адношу сябе да «практычных гуманітарыяў»: прыярытэтнай для мяне з’яўляецца практыка. Таму часам займаюся куратарствам. Задачай маіх выстаў з’яўляецца разгляд праблематызацыі адрозненняў, у прыватнасці — гендэрнага адрознення, г.зн. усе мае куратарскія праекты выконваюць інтэлектуальна-даследчую функцыю.

1. Праз паняцці «прызванне» і «прафесія» куратарства не ўхапіць. Гэтым словам назвалі прынцыпова новую форму аўтарства ў мастацтве, звязаную з іншым тыпам функцыянавання і існавання твораў у глабальнай, транснацыянальнай сістэме камунікацыі, амаль цалкам дэтэрмінаванай эканамічнымі патрэбамі. Сёння шмат што залежыць ад здольнасці куратара ўступіць у канкурэнцыю з іншымі за права на «твор» (на сэнс, каштоўнасць, статус і да т. п.), то-бок, за «культурную вытворчасць» сэнсаў. Барыс Гройс лічыць невыпадковай этымалагічную сувязь у англійскай мове слова «куратар» («curator») са словам «cure» («вылячэнне», «вылечыць»), бо «працэс курыравання вылечвае бездапаможнасць твора, яго няздольнасць паказаць самога сябе свету».Пагаджуся з тым, што куратары — гэта вытворцы сэнсавых палёў, праз якія выяўляюцца новыя мастацкія з’явы і падыходы.

2. Сутнасць куратарскай практыкі можа быць рознай. Асабіста для мяне яна не зводзіцца да ролі менеджэра, адміністратара, фондрайзара (хоць без гэтага адміністрацыйна-фінансавага рэсурсу — пошуку сродкаў для праектаў — яна немагчыма). Куратарскія мастацкія праекты, як правіла, ставяць важкія пытанні пра час, прастору, сучаснасць. Яны ж ствараюць адмысловае камунікатыўнае асяроддзе, у выніку чаго і з’яўляецца афект выяўлення новага. Яднанне вакол такіх «месц» (новага афекту) ці падзеі ўзнікае не таму, што ёсць аўтары-геніі, а таму, што людзі залучаюцца ў стратэгіі культурнай вытворчасці сэнсаў. Такое камунікатыўнае асяроддзе фармуе статус «твораў» і дазваляе ім прысутнічаць у арт-прасторы. Менавіта куратар ажыццяўляе артыкуляцыю выставы пры дапамозе тэкстаў, прычым не толькі пісьмовых, але і вусных, выяўленых праз публічныя экскурсіі, абмеркаванні, якія павінны суправаджаць праекты. Менавіта такі тып працы і адрознівае куратарскую выставу ад традыцыйнай.

3. Спецыфіка ці, лепш сказаць, прынцыповае адрозненне беларускай сітуацыі ад заходняй у тым, што ў Беларусі існуе праблема інтэрпрэтацыі культуры як важнага рэсурсу развіцця тэрыторыі, дзейнасці, чалавечага капіталу. На Захадзе мастацтва з’яўляецца «месцам» выказвання мастакоў, і кожнае выказванне выклікае грамадскую дыскусію, якая спараджае розныя тэмы, звязаныя з пошукам новых вектараў развіцця соцыуму. Да таго ж заходняя сітуацыя вызначаецца сёння развіццём крэатыўных індустрый — вытворчасцю сэнсаў, а не рэчаў, там тэхнічныя інавацыі, бізнес і культура ўзаемазлучаныя. У Беларусі грамадская дыскусія зводзіцца да лакальных выказванняў адных і тых жа асобаў. Эканамічны патэнцыял эфектыўнага ўжывання сацыяльна-культурных (крэатыўных) рэсурсаў для мэт сістэмнага развіцця лакальных тэрыторый застаецца незапатрабаваным. Мабыць, таму, што экспертнае асяроддзе так і не склалася, а інтэлектуальныя і даследчыя высілкі замкнёныя самі на сабе.

4. Калі ў мяне з’яўляецца ідэя выставы, я абмяркоўваю яе з мастакамі, працы якіх, на мой погляд, могуць рэпрэзентаваць цікавыя для мяне сэнсы. Гэта заўсёды дыялог. Але я падзяляю пазіцыю, што менавіта куратар з’яўляецца аўтарам выставачнага праекта, а мастакі, прыняўшы рашэнне ў ім удзельнічаць, могуць і не атаясамліваць сябе з куратарскім выказваннем ці не бачыць тых сэнсаў, якія я (як куратар) бачу ў іх працах.

5. Самымі цікавымі і ў нечым вар’яцкімі для мяне былі праекты пачатку 90-х, рэалізаваныя ў галерэі «Alter Еgo». Гэта выстава крэатыўнага творчага аб’яднання «Беларускі клімат»; экспазіцыя Уладзіміра Лапо, працы якога збіраліся па гаражах і ведамасных гасцініцах, бо сам аўтар нечакана застаўся ў Англіі; студэнцкая выстава Акадэміі мастацтваў, дзе былі работы мастачкі Ганны Школьнікавай, якая сёння працуе на Захадзе.

6. Моцны міжнародны куратарскі праект быў паказаны ў Мінску Нямецкім інстытутам імя Гётэ — «1989 — 2009: Зменлівы свет — адлюстраваны час», дзе экспанаваліся 16 фота- і відэаработ з Расіі, Украіны, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кіргізіі, што дэманстравалі, як мастацтва ўспрымае і інтэрпрэтуе змены, распачатыя пасля падзення Берлінскай сцяны.

У галерэі «Ў» у красавіку гэтага года была паказана персанальная выстава (жывапіс, відэаінсталяцыя) эстонскай мастачкі Маарыт Мурка «Hairpower» («Сіла валасоў»). У гэтай экспазіцыі Мурка працавала з матывам астрыжанага валосся і з адпаведнымі культурнымі кодамі і значэннямі.

Моцны эмацыйны глядацкі водгук выклікаў у мяне праект «Анталогія трагічнага кахання» (куратар Аксана Жгіроўская) — адзін з пераможцаў фіналу конкурсу «На шляху да сучаснага музея 2010», праведзенага пры падтрымцы Інстытута Гётэ. Гэта быў конкурс для маладых людзей, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка праекта групавога тэматычнага паказу прац сучасных беларускіх мастакоў.

7. Калі казаць пра постсавецкую прастору, то самым значным і, мабыць, першым можна назваць Віктара Мізіяна, нязменнага галоўнага рэдактара «Художественного журнала», куратара расійскіх павільёнаў на Венецыянскіх біенале 1995, 2003, 2005 гадоў і мноства іншых праектаў.

Сяргей Шабохін

/i/content/pi/mast/35/573/10-p.jpg
— Сфера маіх інтарэсаў — найноўшае мастацтва, відэа, фатаграфія, сцэнаграфія, аналіз і даследаванне гісторыі мастацтваў і куратарства.

Куратарскай дзейнасцю я стаў займацца з асабістай цікавасці да гэтай прафесіі. Для мяне было і застаецца важным атрымліваць новыя веды, патрэбныя мне як мастаку. Паспрабаваўшы гэты занятак, я стаў лепш разумець выставачную прастору, творчасць іншых і структуру беларускай арт-сістэмы. Я адкрыты для гэтай справы, і мне пакуль хапае нахабства спрабаваць займацца ёю далей.

1. Гэта адносна новая прафесія (калі лічыць ад Харальда Зеемана). Як і любая іншая, яна патрабуе пэўных навыкаў і здольнасцей, што можа характарызаваць яе і як «прызванне».

2. Сумняваюся, што мне ўдасца аб’ектыўна пазначыць сутнасць куратарскай дзейнасці: палеміка вакол постаці куратара не змаўкае і сёння. Расійскі партал www.openspace.ru арганізаваў дыскусію наконт гэтага. Многія выказалі агульнае меркаванне: куратарству немагчыма навучыць. І, адпаведна, складана стварыць інстытут, які зможа выгадаваць генерацыю прафесійных куратараў. Я з гэтым не згодны, бо любая прафесія патрабуе тэарэтычных і практычных ведаў, якія цяжка атрымаць, займаючыся выключна самаадукацыяй. Хоць цяпер менавіта так усё і адбываецца — куратарамі становяцца мастацтвазнаўцы, мастакі, сацыёлагі, бізнесмены — людзі, якія прыйшлі з вельмі розных прафесійных дзялянак. Гэта не дзіўна, бо праца куратара патрабуе навыкаў са многіх сфер ведаў. Важна адзначыць, што ў шматлікіх краінах, напрыклад, у Францыі, існуюць асамблеі і клубы куратараў, уступіць у якія можна толькі напрацаваўшы сур’ёзнае партфоліо. Спасылка на такую арганізацыю дазваляе куратару атрымаць адказныя праекты.

Што да куратарскай выставы... Часцей за ўсё «звычайную» арганізуюць самі ўдзельнікі. Кожнаму мастаку важна, каб яго праца экспанавалася ў лепшым месцы. Гэта часта прыводзіць да дрэнна сканструяванай прасторы і візуальнай какафоніі. Арганізатары рэдка і нясмела ўмешваюцца ў экспазіцыю, ім важней, каб мерапрыемства прайшло без асаблівых праблем. Тут і ўзнікае постаць куратара. Як рэжысёр, ён выбудоўвае пераканальную экспазіцыйную прастору. Куратар змешвае, супастаўляе і сутыкае мастацкія творы, не азіраючыся на асобу мастака і яго заслугі. Яму найперш важныя якасці і ідэі, якія нясе твор, каб выразна выявіць сваю думку з дапамогай выставачнай прасторы і чужых работ. Выдатным куратарскім праектам можна лічыць той, у якім працы мастакоў насычаюцца новымі і нечаканымі для іх аўтараў сэнсамі.

У сферу абавязкаў ідэальнага куратара ўваходзіць не толькі стварэнне добрай экспазіцыі, але і арганізацыя дыскусіі наконт яе. У экспазіцыі павінен адчувацца акцэнтаваны канфлікт, вакол якога зручна правесці гэты дыялог. Для праекта важна выбудаваць выразную даследчую працу, вынікам якой мусіць стаць сур’ёзны каталог.

3. Ёсць толькі адна спецыфіка ў нацыянальным куратарскім пытанні: я не магу з упэўненасцю назваць прозвішча прафесійнага куратара, які жыве ў Беларусі.

4. Калі я ствараў свой першы куратарскі праект для галерэі сучаснага мастацтва «Ў», перада мной стаяла задача аб’яднаць амаль усіх аўтараў галерэі. Прааналізаваўшы творчасць гэтых мастакоў, выявіў, што многія працуюць з тэмай папулярнай культуры. Так нарадзіўся праект «Філасофія мас. Беларускі неапоп-арт». Дзевятнаццаць мастакоў для першага досведу — гэта вельмі шмат: трэба было з кожным звязацца, пазнаёміцца, увайсці ў давер, знайсці патрэбныя працы і пераканаць выставіць іх. Многія паставіліся да мяне вельмі падазрона, іншыя, наадварот, праявілі нечаканы давер і адкрытасць. Мне пашанцавала, бо ўсе мастакі аказаліся разумнымі людзьмі і ніхто не выказаўся супраць выбудаванай мной экспазіцыі. Я моцна перамяшаў паміж сабой працы розных аўтараў. Скульптуру Паўла Вайніцкага наогул змясціў на гары пакетаў са смеццем, а некаторыя работы вешаў не тым бокам. І ўсе аўтары даверыліся майму меркаванню. Я быў рады папрацаваць з кожным з іх.

5. Яшчэ рана адказваць на гэтае пытанне.

6. Калі шчыра, я не магу назваць тры ідэальныя праекты. На жаль, я не бачыў многіх культавых выстаў, якія былі створаны раней. Але сярод вядомых мне ўдалых спроб можна адзначыць павільён былой арт-галерэі «Падземка» на «ART VILNUS’09», «Беларускі павільён 53-й Венецыянскай біенале» ў Мінску. У цэлым мне імпануе праграма «На шляху да сучаснага музея».

7. Мяне ўразіла экспазіцыя, якую стварыў Жан-Юбер Мартэн падчас Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва. Яго выставы даўно сталі прыкладамі куратарскай працы. Вядома, Харальд Зееман — класік і піянер куратарскай справы. На ўсіх, хто пачынае займацца гэтай дзейнасцю, ён аказвае велізарны ўплыў. Я імкнуся сачыць за творчасцю Даніэля Бірнбаўма і рускіх куратараў, такіх як Віктар Мізіяна і Іосіф Бакштэйн. Радуюся пачынанням маладога куратара Арсена Жыляева з Расіі.

 

 P.S. Такім чынам, нашы рэспандэнты пазначылі балючыя кропкі куратарскай практыкі. Відавочна адно: інстытут куратарства павінен развівацца, атрымліваючы сур’ёзнае падсілкоўванне ў выглядзе ідэй і фінансаў. А крытэрыямі ацэнкі яго дзейнасці могуць стаць і поспех у значных міжнародных праектах кшталту Венецыянскай біенале, і лакальнае адкрыццё — мастака ці з’явы. Багаты «культурны пласт» нашага мастацтва патрабуе куратарскага інтэлектуальнага асэнсавання.