Рухомая прастора

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Сцэнаграфічныя трансфармацыі напрыканцы сезона

/i/content/pi/mast/33/562/27.jpg

Дар’я Волкава. «Нататкі звар’яцелага музыкі» паводле Мікалая Гогаля. Макет дэкарацыі. Рэспубліканскі тэатр юнага гледача.

У Музеі гісторыі беларускага кіно адбылася выстава работ тэатральных мастакоў «Вынікі сезона 2009–2010». Традыцыйна ў экспазіцыі былі прадстаўлены эскізы дэкарацый і касцюмаў, а таксама макеты да спектакляў драматычных, музычных і лялечных тэатраў. Акрамя таго можна было пабачыць творы сцэнографаў, якія працавалі над опернымі, балетнымі пастаноўкамі ды эстраднымі прадстаўленнямі.

Выстава ўяўляла своеасаблівы зрэз сучаснага сцэнаграфічнага мастацтва Беларусі. Адразу кідалася ў вочы, што яно значна амаладзілася. Яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму распачаўся працэс змены пакаленняў у беларускай сцэнаграфічнай школе, цяпер ён адбываецца планамерна і заканамерна. Абсалютная большасць удзельнікаў «Вынікаў сезона» — маладыя мастакі, вучні Барыса Герлавана.

Безумоўна падкупляе валоданне прафесіяй на высокім узроўні. Макеты дэманструюць здольнасць аўтараў да ўвасаблення першапачатковай задумы ў працоўным матэрыяле, імкненне да развіцця ідэйна-сутнаснага пачатку спектакля ў прасторы і часе. У работах прасочваюцца тонкае адчуванне заяўленага жанру п’есы, адмаўленне ад натуралізму, дробнай дэталізацыі побыту, зварот да пэўнага сімвалізму, філасофскай абагульненасці, умоўнасці.

Творчыя дасягненні сталых мастакоў таксама не застаюцца па-за ўвагай. Некаторыя з іх здзіўляюць смелымі вырашэннямі сцэнічнага асяродка з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій як на ўзроўні задумы, так і ўласна на сцэнічнай пляцоўцы.

Дзякуючы зменам у разуменні функцыі і значэння дэкарацыі з’яўляюцца новыя падыходы да традыцыйных ідэй. У аснове афармлення сцэнічнага твора ўсё часцей апынаецца дзеянне, а значыць і канфлікт. Гэта прыводзіць да ўзнікнення атмасферы адметнай вобразна-знакавай прасторы, узмацнення дынамікі пастаноўкі, якая з максімальнай напружанасцю ўплывае на гледачоў. Сучасны сцэнограф імкнецца да сінтэзу відовішчнай вобразнасці і мастацкай функцыянальнасці, якія становяцца для тэатра вызначальнымі.

Імкненне да мастацкага абагульнення сцэнічнага твора ў матэрыяльна-рэчыўным асяродку ўласцівае лепшым працам сучасных мастакоў. Яны інтэрпрэтуюць тэкст такім чынам, каб апрануць яго ў новую форму і не згубіць пры гэтым ідэйна-зместавай напоўненасці драматургіі. Вобразна пераасэнсаваныя рэчы набываюць іншасказальны характар. Сцэнографы шукаюць своеасаблівы падыход да кожнага твора, вызначыўшы для сябе актуальнасць ягонай праблематыкі. У большасці работ адчувальная паэтыка першакрыніцы, відавочна і яе аўтарскае прачытанне.

Звяртаюць на сябе ўвагу працы, у якіх адзіная, першапачаткова зададзеная прастора робіцца здольнай да знешняга ці ўнутранага самаразвіцця. Агульны вобраз, створаны сцэнографам і ўвасоблены акцёрамі, дазваляе ўзнаўляць шматлікія месцы дзеяння без страты дынамікі сюжэта. Дзякуючы сцэнаграфічнай апрацоўцы прастора выяўляе ўсё новыя і новыя значэнні, закладзеныя ў ёй, але не раскрытыя на пачатку спектакля. З аднаго боку, мы бачым завершаны сцэнічны аб’ект, а з іншага — ён валодае ўнутранай гнуткасцю адносна той ці іншай сітуацыі, тэксту п’есы, дзеянняў артыстаў.

Арыгінальным па задуме і ўвасабленні з’яўляецца спектакль Рэспубліканскага тэатра юнага гледача «Нататкі звар’яцелага музыкі» паводле Мікалая Гогаля, які Наталля Башава паставіла разам са сцэнографам Дар’яй Волкавай. Прастора заўважна «падтрымлівае» задуму рэжысёра, развіваючы яе з візуалізацыяй вобразаў. Звычайныя, але ж адмыслова асэнсаваныя мастаком побытавыя рэчы ілюструюць паўсядзённае жыццё героя. Падобным чынам выкарыстоўваецца і невялікі экран, што знаходзіцца ў цэнтры задніка сцэны. Гледачам часам паказваюць мала звязаныя паміж сабой анімацыйныя малюнкі, недарэчныя фотаздымкі, якія падкрэсліваюць раздробленасць свядомасці героя і дапамагаюць зразумець нейкую ўнутраную барацьбу... Мары пераўтвараюцца ў трызненне, памкненне да кахання прыводзіць да расчаравання, сонца на экране ўзыходзіць і заходзіць, але Папрышчын ужо жыве ў сваім часавым вымярэнні.

Сцэнаграфічнае вырашэнне Таццяны Нерсісян спектакля «Чаму старэюць людзі?..» па п’есе Анатоля Вярцінскага (рэжысёр Аляксей Ляляўскі, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек) таксама вызначаецца ўнутранай дынамікай. Трохі нязграбныя лялькі з непамерна доўгімі рукамі, персанажы казкі, у пэўныя моманты яны становяцца рухомымі элементамі сцэнічнага аздаблення — так дакладна дапасоўваюцца да агульнага асяродка. Прасторавае вырашэнне спалучаецца з раскрыццём характараў персанажаў, а вонкава амаль статычная дэкарацыя ўзмацняецца акцэнтам на самаадчуванні герояў. Такім чынам вобразна пераасэнсаваныя і сэнсава абгрунтаваныя, звычайныя рэчы набываюць іншасказальны характар і значэнне мастацкага абагульнення.

Сцэнаграфія Віктара Цімафеева ў спектаклі «Сны аб Беларусі», пастаўленым па п’есе Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (рэжысёр Уладзімір Савіцкі, Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы), уяўляе сабой своеасаблівы сінтэз дынамікі і статыкі. Даволі лаканічная дэкарацыя цалкам перадае атмасферу шчымлівай трывогі, уласцівай сцэнічнаму твору. Цэнтральным вобразам, вакол якога канцэнтруецца думка мастака, становіцца трагічная смерць Янкі Купалы — падзенне ў лесвічны пралёт гасцініцы «Масква». Перад вачыма гледачоў паўстае аголены каркас сцэны, пазбаўлены куліс і задніка. У правым куце змясцілася нахіленая да гледачоў лесвіца з доўгім праходам, што вядзе ў бездань…

Жырандолі вісяць нахіліўшыся, высокія слупы стаяць пад вуглом. Цагляныя муры, металічныя жэрдкі нагадваюць турму, краты, куды трапіў дух чыстага і вольнага чалавека, які шукаў свабоду, а знайшоў расчараванне і смерць. Моцны сцэнаграфічны вобраз дае штуршок далейшаму развіццю падзей, дапамагае стварэнню агульнай атмасферы.

Сцэнаграфія спектакля «Хам» паводле Элізы Ажэшкі ў выкананні Ігара Анісенкі (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы) выглядае традыцыйна і нават статычна. Але адзіная прастора аказваецца здольнай да самаразвіцця. Сцэна нібы падштурхоўвае рух падзей. Фабула пераносіцца ў асяродак, які адрозніваецца ад прапанаванага першакрыніцай.

Сёння ўвогуле мала хто з мастакоў падпарадкоўваецца аўтарскім рэмаркам і заўвагам. Больш важна прадставіць гледачам уласны погляд на драматургічную задуму і надаць твору новую форму. Такі падыход часам дазваляе схаваць пэўныя хібы акцёрскага выканання, драматургіі або рэжысуры. Ды гэта не вырашае праблемы, а толькі робіць спектакль незавершаным.

Досыць няпроста знайсці баланс, пры якім яркая і вобразная сцэнаграфія, не прэтэндуючы на перавагу перад іншымі складнікамі пастаноўкі, здатная гарманізаваць усё дзеянне. Праблема збалансаванасці відовішча, характэрная для маштабных па задуме пастановак, датычыцца і спектакля «Пане Каханку» па п’есе Андрэя Курэйчыка (рэжысёр Сяргей Кавальчык, Нацыянальны драматычны тэатр імя Максіма Горкага). Мастачка Алеся Снапок на высокім прафесійным узроўні ўвасобіла першапачатковы замысел, але сам сцэнічны твор не пазбыўся пэўнай статычнасці і залежнасці ад першакрыніцы. Мабыць таму сцэнічны асяродак уяўляе сабой у нейкім сэнсе толькі фон для дзеяння.

Уражвае сцэнаграфічнае афармленне Аляксандра Касцючэнкі оперы Джузэпе Вердзі «Набука» (рэжысёр Міхаіл Панджавідзе, Нацыянальны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Грандыёзнае відовішча, якое разгортваецца перад гледачамі, дэманструе сапраўдныя магчымасці сучаснай беларускай сцэнаграфіі. Тэхнічныя вынаходніцтвы не перашкаджаюць сцэнічнай прасторы «жыць агульным жыццём» з героямі пастаноўкі, падкрэсліваюць, развіваюць і абагульняюць сюжэт, задуму, ідэю твора.

Свой погляд на сучасную сцэнаграфію прадэманстравалі на выставе мастакі Валерый Рачкоўскі, Уладзімір Чарнышоў, Ніна Гурло, Вольга Грыцаева, Андрэй Меранкоў, Вольга Мацкевіч, Валянціна Праўдзіна, Любоў Сідзельнікава, Таццяна Сакалоўская. Большасць з іх імкнецца да развіцця сцэнічнага афармлення ў прасторы і часе. Вынікам становіцца арганічнае яднанне ўсіх складнікаў пастаноўкі паміж сабой.

«Вынікі сезона 2009–2010» засведчылі, што мастакі цяпер у значна меншай меры, чым некалі, захапляюцца залішнім вонкавым упрыгожваннем сцэнічнай прасторы. Большасці работ уласцівыя ўмоўнасць, адсутнасць бытавізму, метафарычнасць, вобразна-знакавае вырашэнне кампазіцыі, наяўнасць шматлікіх сімвалаў. Творцы не загрувашчваюць дэкарацыяй пляцоўку, пакідаючы свабодную прастору для дзеяння. Суадносяць вонкавы вобраз пастаноўкі з яе зместам. Імкнуцца да засваення сучасных актуальных тэндэнцый сцэнаграфічнай выразнасці.

 Ксенія КНЯЗЕВА