Дом, дзе ажываюць героі

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

На падмостках Новага драматычнага

/i/content/pi/mast/33/560/24.jpg
«Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка» Бірутэ Мар. Сцэна са спектакля.
Дыскусіі, якія разгарнуліся апошнім часам у грамадстве, тычацца эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў. Пытанні як, дзе, якім чынам, урэшце, хто мусіць далучаць дзяцей да мастацтва — пакуль што застаюцца без адказу. Між тым у асобна ўзятай Дзіцячай тэатральнай школе №1 пры Новым драматычным тэатры горада Мінска паспяхова вырашаюцца многія эстэтычныя праблемы. Шляхам практычных дзеянняў сцвярджаецца карыснасць падобных устаноў і плённасць высакародных намаганняў людзей зацікаўленых.

Напрыканцы тэатральнага сезона на сцэне Новага драматычнага тэатра адбылася прэм’ера дзіцячага спектакля «Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка» па п’есе Бірутэ Мар. Пастаноўка прайшла з поспехам. Ды толькі варты ўвагі і не менш цікавы шэраг творчых ініцыятыў, якія суправаджалі рэпетыцыі і былі зусім нечаканымі для кіраўніцтва Новага драматычнага тэатра. Справа ў тым, што дзеці, навучэнцы тэатральнай школы, упэўнена выйшлі на прафесійныя падмосткі. Апекавалі юных артыстаў, працавалі з імі, дапамагалі зрабіць першыя крокі на сцэне добра вядомыя мінскай тэатральнай грамадскасці рэжысёр і тэатральны дзеяч Віргінія Тарнаўскайтэ, Антаніна Міхальцова, а таксама каманда прафесіяналаў, якія аформілі спектакль, зрабілі касцюмы, навучылі маладых акцёраў танцаваць, прыдумалі музычнае афармленне і тэатральнае асвятленне. Усё атрымалася належным чынам. Само сабой узнікла пытанне пра мэтазгоднасць уключэння казкі ў рэпертуар Новага драматычнага тэатра. А пакуль усё існавала на ўзроўні мараў і запаветных жаданняў, удзельнікі спектакля рушылі ў Літву — на ІХ Міжнародны фестываль дзіцячых і юнацкіх тэатраў «Авансцэна» ў Каўнасе, дзе і адбыўся ягоны самы першы паказ.

Прэм’ера ў Мінску моцна ўразіла бацькоў, якія крычалі брава і наладзілі юным артыстам авацыю. Ды толькі відовішча, якое разгарнулася на сцэне, было нечым большым за проста ўдалы прыклад дзіцячай творчасці, што, так бы мовіць, сцвердзіла сябе на міжнародным узроўні. Менавіта пра каштоўны тэатральны досвед хочацца распавесці больш падрабязна. Па-першае, казка Бірутэ Мар (літоўская актрыса добра вядома беларускім гледачам дзякуючы сваім монаспектаклям) прасякнута моцнай гуманістычнай інтанацыяй. Простая і немудрагелістая гісторыя пра тое, як дзяўчынцы Марыі ў пытаннях дабра і зла дапамагае разабрацца Анёл, што становіцца яе сябрам, з лёгкасцю перасякае межы звычайнага маралізатарства. Бо пэўным чынам пашырае дзіцячую свядомасць найперш сваім гуманітарным пасылам. «Свет вакол нас напоўнены цудамі, і ўсё наўкол — жывое. Шкада, што не кожны бачыць і чуе гэта», — запэўніваюць гледачоў стваральнікі спектакля. А маладыя выканаўцы пацвярджаюць многім знаёмую сентэнцыю з лёгкасцю, шчырасцю і запалам. Выдатна, што спектакль пазбаўлены налёту самадзейнасці і таму паспяхова ўнікае распаўсюджаных у гэтай галіне штампаў. Віргінія Тарнаўскайтэ паставіла перад сабой галоўную і бадай што адзіна правільную задачу. Паспрабавала зрабіць так, каб маладыя выканаўцы нічога не ўяўлялі, не ігралі і не найгравалі, а былі проста сабой — Мішам, Лерай, Жэнем — у прапанаваных абставінах. Імкненне адкрыць індывідуальнасць у кожным пачынаючым артысце вызначылася высокім парогам шчырасці. Юныя асобы былі цікавыя яшчэ і самі па сабе, на іх хацелася глядзець, іх хацелася слухаць. Упэўненай спрактыкаванай рукой рэжысёр разгарнула перад гледачамі імклівае дзеянне, эпізоды чаргаваліся, мізансцэны развіваліся маляўнічым веерам. Выканаўцы не толькі вялі і ўвасаблялі сюжэт, але і выконвалі цэлы шэраг пастановачных эцюдаў, размаўлялі, спявалі, танчылі. Трэба заўважыць — без магчымага налёту сцэнічнай пошласці або якой-небудзь папсовасці. Відовішча доўжыцца цэлую гадзіну. І важна не толькі тое, што любоў да тэатра прывіта пачынаючым артыстам назаўсёды, галоўнае — гэта зроблена правільна, густоўна, асэнсавана. Радасць бацькоў не ведала межаў. «Калі ў вас ёсць дзеці, якіх вы марыце далучыць да сцэнічнага мастацтва, адвядзіце іх у Дзіцячую тэатральную школу №1» — першае, што хацелася сказаць пасля прагляду. Вядома, калі работа падобнага кшталту тут будзе працягвацца.

Аляксандра Ерафеева