Вандроўкі і вяртанні

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Палітра вобразаў Мікалая Рыжыкава

/i/content/pi/mast/33/559/22.jpg

Гімалаі. Акварэль. 1999.

«Ваколіца. Ад Палесся да Гімалаеў» — так назваў сваю юбілейную (да 70-годдзя) выставу ў Палацы мастацтва Мікалай Рыжыкаў.

Некалі таленавітыя педагогі — Аляксандр Мазалёў, Віктар Сахненка, Май Данцыг, Уладзімір Стальмашонак, Іван Рэй — вучылі яго не толькі ўвасабляць натуру, але і пераўтвараць убачанае, вобразна пераасэнсоўваць здабыткі гісторыі і культуры.

Заняткі афортам, іншымі відамі гравюры на факультатывах у выдатных мастакоў — Аляксандры Паслядовіч і Людвіга Асецкага сталі сапраўдным падарункам лёсу. Пазней, калі мінулі студэнцкія гады, Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч засталася для Мікалая патрабавальным настаўнікам і сябрам.

У інстытуце Мікалай Рыжыкаў сустрэў і сваю будучую жонку (а таксама будучага майстра габелена) Валянціну Крывашэеву. Яе дзяцінства і школьныя гады прайшлі на самым ускрайку Беларусі, у мясцінах, багатых на цікавыя народныя традыцыі і абрады, у пасёлку Церахоўка. Яго перасякае рака Уць, у адных месцах вузкая, звілістая, з зарослымі берагамі, у іншых — паўнаводная. Тут Мікалай занатаваў шматлікія сюжэты, якія пазней ператварыліся ў выразныя графічныя серыі...

У 1970 годзе Мікалай Рыжыкаў упершыню наведаў Дом творчасці «Сенеж» у Падмаскоўі і вярнуўся ў Мінск з аб’ёмістай папкай афортаў. Сярод іх быў манументальны трыпціх «Гродна. Будоўля», прысвечаны ўзвядзенню хімкамбіната. Аднаго гэтага хапіла б для справаздачы пра першую творчую камандзіроўку, але ў папцы былі яшчэ невялікія па памеры афорты-навелы: «Сельская легенда», «Дарога да замка», «Бабулін куфэрак», «Змярканне», «Збіральніца траў», «Гаспадынька», «Пейзаж з канём», «Увесну», «Ранішняя раса». Гэтыя працы вылучаліся паэтычным настроем, уражвалі разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў: мяккі лак, сухая іголка, рэзерваж, траўлены штрых, акватынта.

Саюз мастакоў СССР часта фарміраваў творчыя групы, што працавалі па ўсёй краіне і за мяжой. У такіх паездках мастакі адкрывалі для сябе новыя тэмы і сюжэты, падарожныя малюнкі і эцюды дапамагалі знаходзіць задумы для будучых твораў, якія яны завяршалі ўжо ў сваіх майстэрнях. Мікалай Рыжыкаў быў нястомным вандроўнікам. Геаграфію паездак пазначаюць назвы яго прац: афорты «Беларусы на БАМе» (1977), акварэльныя альбомы «Па Амуры» (1983), «Байкал» (1984), «Маўрытанія» (1981), «Па Чэхаславакіі» (1986), «Непальскія ўражанні» (1999), «Польскія пленэры» (1991–2009).

У працах мастака, створаных пад уражаннем вандровак, адсутнічае павярхоўная рэпартажнасць. Нават самыя экзатычныя рэаліі краіны не зменшылі яго шчырага інтарэсу да мясцовых людзей. Захапляюць трапнасць вырашэння характэрнага для кожнай краіны пейзажу, энергія, якой поўняцца аркушы. Нездарма такія цікавыя для гледача яго «Туарэг у чалме», «Маўрытанка», «Прадавец бананаў» з цыкла «Маўрытанія», «Тэрэза» і «Вінароб» з серыі «Па Чэхаславакіі».

Рамантыка далёкіх падарожжаў гарманічна спалучалася з уважлівым даследаваннем беларускага краявіду.

Сярод лепшых ранніх прац асабліва вартыя ўвагі графічная балада «Квітнеючае Палессе» (1974), серыя афортаў пра жыццё моладзі «Радасць» (1972). У гэтым жа шэрагу афорты, выкананыя па матывах паэмы Янкі Купалы «Камунары» (1978), і серыя «Рамантыка» (1981). У іх маладыя і прыгожыя героі, ды і мастак быў тады малады.

У 1984 годзе Мікалай Рыжыкаў стварыў серыю «Зыслаў — востраў партызанскі», прысвечаную подзвігу партызан любанскага Палесся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адрэзаныя ад «Вялікай зямлі», яны выконвалі баявыя заданні, прымалі савецкія самалёты, па-ранейшаму засявалі палі і збіралі ўраджай, выпякалі хлеб партызанам.

Майстэрства творцы было заўважана, і аркушы набылі для Музея Вялікай Айчыннай вайны і Любанскага краязнаўчага музея.

Імкненне мастака быць сугучным гісторыі краіны і свайму няпростаму часу адчуваецца ў цыклах афортаў, прысвечаных Чарнобыльскай трагедыі («Ззянне космасу» (1986), «Святло і полымя» (1996)), у аркушах «Святая памяць» (1984), «Зіма ў Дзятлаве» (1985), «Мірскі замак» (1986), «Феерверк. Мінск» (1984).

Для творцаў пакалення Мікалая Рыжыкава характэрна манументальнасць, любоў да знакаў і метафар. У афортах і літаграфіях мастака строгая архітэктоніка і рамантычнае бачанне спалучаюцца з дакладнай прапрацоўкай кожнага сантыметра графічнага аркуша. Гравюры мастака сведчаць пра глыбокае разуменне тэхнікі афорта. Яны маляўнічыя, у іх выдатна «працуе» белая папера, у іх такі вольны рух рукі!

/i/content/pi/mast/33/559/23.jpg
Гальшанскі замак. З серыі «Альбом 2008». Вугаль, сангіна.
У творчых паездках і ў майстэрні Мікалай Рыжыкаў шмат і плённа працуе ў акварэльным жывапісе. Яго лепшыя аркушы з акварэльных альбомаў «Лепельшчына» (1975), «Маньковічы» (1994), «Нарачанскія абшары» (1995), «Палескія акварэлі» (1999–2000), «Гімалаі» (1999), «Светлыя нацюрморты» (2002) напісаны ў розныя поры года. Галоўнае ў іх — сцвярджэнне прыгажосці як ідэальнага стану жыцця прыроды. Паэтычны свет творцы — гэта чысціня першага снегу, сады і пчальнікі пад яго покрывам, імглістасць азёр і заслона дажджоў. Для мастака характэрна гучнасць акварэльнага колеру, яго градацыі ад тонкіх, празрыстых адценняў да корпуснай жывапіснай манеры.

Мікалай Рыжыкаў па-майстэрску валодае разнастайнымі тэхнікамі: гэта вугаль, туш, аловак, сангіна. Часта спалучае некалькі матэрыялаў, чым узбагачае выразнасць малюнкаў. Гэтыя работы запамінаюцца і пераконваюць энергічным почыркам, назіральнасцю, абвостраным адчуваннем характэрнага ў прыродзе і людзях. Таму заканамерна, што шматлікія малюнкі з самых значных серый «Бярэзіна — Сож — Прыпяць» (1987), «Нёманскія вечары» (1991), «Непальскія ўражанні» (1999), «Альбом 2008» набыты музеямі нашай рэспублікі і іншых краін.

Апошняе дзесяцігоддзе мастак шмат працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу. З 1992 года ён сталы ўдзельнік пленэраў у Польшчы і Славакіі. Яго жывапісныя работы, аб’яднаныя ў цыклы «Славацкія фатры», «Польскія пленэры», напоўнены лёгкасцю і непасрэднасцю першага ўражання.

Лепшыя творы Мікалая Рыжыкава захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі гісторыі і культуры Беларусі, Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў, у Музеі беларускага сучаснага выяўленчага мастацтва, у айчынных і замежных прыватных калекцыях і галерэях.

Свой багаты досвед і веды Мікалай Рыжыкаў імкнецца перадаць будучым педагогам (з 1994 года ён старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта). Лічыць, што задача настаўніка — паказаць шлях, а цяжкасці, якія непазбежна ўзнікнуць на гэтым шляху, чалавек мусіць пераадолець сам.

Ніна Марчанка