Лабірынты доўгіх шляхоў

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Cпроба змяніць фармат

 

Лабірынт — слова, поўнае асацыяцый. Гэты сімвал прыйшоў да нас з глыбокай гісторыі, згадаем хоць бы знакаміты Кноскі палац з міфічным мінатаўрам ці легенды пра падземныя хады, якімі шчодра абрастаюць беларускія палацы. «Лабірынты» — менавіта так назваў свой праект на тэлеканале «ЛАД» Алесь Матафонаў.

 

У цыкле дакументальных перадач пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі стваральнікі праграмы даследуюць «зарослыя сцежкі мінулага». Прадметамі вывучэння становяцца таксама міфалогія і фальклор, загадкі і таямніцы. Тэрыторыя здымак — уся Беларусь, удзельнікі — самыя розныя яе жыхары.

Праект выйшаў за межы свайго фармату: у памяшканні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі экспанаваліся дзве серыі фатаграфій, з’яднаныя агульнай назвай і канцэпцыяй лабірынта. Паабапал афішы працягнуліся ў розныя бакі два шэрагі выяў: справа — знятых аператарам Вячаславам Дамуцем, злева — увасобленых аўтарам і рэжысёрам Алесем Матафонавым. Дзесьці за іх плячыма — доўгія кіламетры паездак у пошуках сюжэтаў.

Нетаропкая плынь аповеду застывае ў адным моманце і фрагментуецца, каб сканцэнтраваць сказанае, убачанае і адчутае аўтарам фотаздымка. Як нітачкі ў клубок, у фота сцягваецца шматпланавасць падзей, спыняецца ў долях секунды іх перасячэння. Погляд чалавека ўтрымлівае рэха толькі што скончанай гаворкі, а краявід становіцца адбіткам думкі.

/i/content/pi/mast/33/558/20.jpg

Алесь Матафонаў. З праекта «Лабірынты». Фота. 2009–2010.

 Героі серыі Алеся Матафонава — простыя людзі. Падчас здымкі перадачы супрацоўніцтва паміж аўтарам і аператарам настолькі гарманічнае, што яны разумеюць адзін аднаго без слоў. Калі Вячаслаў пачынае працаваць, Алесь можа абгледзецца і засяродзіцца на сваіх думках. А потым бярэ ў рукі фотаапарат. Навошта? Каб нешта засталося для сябе з гэтай адмысловай вандроўкі. А можа, і для таго, каб, нетаропка ўзіраючыся ў спыненыя імгненні жыцця, зразумець самае галоўнае, што вынікае з «Лабірынтаў». «Калі глядзіш на гэтыя фотаздымкі, заўважаеш, што людзі на іх светлыя. Нават калі яны не ўсміхаюцца, не радуюцца — усё роўна нясуць добрую энергію. Часта на здымках іх галовы нахілены ці павернуты ўбок, іх твары задуменныя, таму нараджаецца адчуванне, якое ўзнікае пры праглядзе ікон. Гэтыя людзі па-свойму прыгожыя. Яны ўвасабляюць іншую Беларусь — забытую намі або тую, якую мы не заўважаем. Мы хочам быць сучаснымі, цывілізаванымі, абшар па-за межамі вялікіх гарадоў становіцца нам чужым, хоць многія з нас паходзяць менавіта з той Беларусі. Кожнага нашага героя цяжка разгаварыць, але калі гэта атрымліваецца, гледачу адкрываецца цэлы свет, космас».

Вось чалавек на полі, ён паказаў аўтарам праграмы камень-следавік: вучоныя ведалі пра яго, але не маглі адшукаць. Вось на лесвіцы хлопчык з прыгожым імем Марцін Белы, тут ён акцёр, іграе будучага вядомага паэта Оскара Мілаша.

Жанчына з Воўчына, месца пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яна жыве на хутары, дзе няма ні радыё, ні тэлевізара. Жыве цікавым паўнацэнным жыццём. А гэта апошні татарын вёскі Арда, які даглядае вясковыя могілкі, дзе пахаваны продкі.

Адкрытыя людзі, што мудра і проста глядзяць у аб’ектыў.

Нават выпадковы чалавек, што сустрэўся па дарозе, нібы нясе ў сабе сваю прыхаваную, нерасказаную гісторыю.

Алесь Матафонаў стварае глыбокія псіхалагічныя партрэты. Без залішняга антуражу, драматычных эфектаў, толькі ўважліва ўглядаючыся ў свайго персанажа. Здымак атрымліваецца шчырым. Няважна, рэпартаж ствараецца ці прадуманая пастаноўка — людзі на фатаграфіях раскрываюцца перад аўтарам. Галоўным чынам правінцыялы, яны пазіруюць без позы, след перадуманага і перажытага лёгка чытаецца на іх тварах.

Гэта не спыненыя кадры кіно. Гэта фрагменты аповеду ці, дакладней, той самы галоўны фрагмент, у якім сплялося многае, найперш — пачуццё аўтара і давер героя.

/i/content/pi/mast/33/558/21.jpg

Вячаслаў Дамуць. З праекта «Лабірынты». Фота. 2009–2010.

  Серыя Вячаслава Дамуця цалкам іншая. Яго лабірынты — краявіды, праз якія ўвасоблены пакручастыя шляхі свядомасці, заблытаныя сцежкі душы, таму колеры і абрысы рэальных пейзажаў зменены часам да непазнавальнасці. Фактычна, нараджаецца новы графічны твор. Краявід дадумваецца і дапрацоўваецца, нічога лішняга, аднак, у ім не ствараецца, бо цэнтр і нагода трансфармацыі знаходзіцца ў самой рэальнай выяве. Часта яна настолькі выразная, што патрабуецца мінімальнае ссоўванне кантрастаў, каб знайсці ёй зачэпку ў стане душы. Напрыклад, карані дрэў — амаль спынены кадр кінахронікі. Бясконцыя і пачварныя, праплываюць яны ў запаволенай здымцы. Вось фатаграфія, на якой увасоблена звычайнае поле, падрыхтаванае пад сяўбу, мастак наўмысна падкрэслівае яго рытмы і геаметрыю. Лініі электраперадач, як пераблытаныя лінейкі ў школьным сшытку, дзеляць неба на шэраг геаметрычных структур. Вясковы зімовы краявід спыняе ўвагу выразнай графікай платоў і хат. Нерэальныя кантрасты нібы пераносяць гэтую вёсачку ў пазачасавае існаванне, ператвараюць у знак гармоніі прыроды і людскога побыту...

Гарадскія фактуры зазвычай глянцавыя і гладкія — вычышчаныя вулкі, прамыя вуглы дамоў і плошчаў. Правінцыя дорыць багацце натуральных сюжэтаў, фантастычныя малюнкі перапляцення нетаропкіх падзей і шорсткасць паверхняў. Прырода тут у сваім звычаёвым выглядзе, а рэкі не ўвабраныя ў каменныя берагі. Ракурсы і нюансы надзвычай складаныя і нечаканыя. Адсутнасць лакіроўкі і прыхарошвання дае магчымасць творцу бачыць глыбока і адчуваць шчыра. Максімальна наблізіцца да чалавечых думак і прыродных фактур.

На здымках мы бачым статычныя эпізоды, часам не так проста ўзнавіць атмасферу, што панавала ў момант стварэння кадра. Раскрыць плынь часу дапамагае кінахроніка. Сюжэты і настроі тэлевізійнай праграмы і дзвюх серый фотаздымкаў перагукваюцца, гледачы пазнаюць герояў, час і асяроддзе. Звычайна пасля фільма застаецца ўнутраны след, бо стужка сюжэта ў адвольным парадку нібы раскручваецца ў свядомасці гледача, фатаграфія ж — спынены момант, яна дазваляе ўгледзецца ў плынь жыцця, што імкліва праносіцца міма.

Алеся Белявец