Песні, што сталі народнымі

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Вечарына памяці Адама Русака

 /i/content/pi/mast/33/556/17.jpg
 Юная спявачка Анечка Смірнова.
Хто з беларусаў не ведае неўміручага шлягера, знакамітай песні «Бывайце здаровы»? Яна напісана Адамам Русаком і Ісакам Любанам больш за 70 гадоў таму, але па-ранейшаму гучыць у выкананні славутых артыстаў і нікому не вядомых аматараў, у прэстыжных канцэртных залах і за святочным сталом. Яе магутны аптымізм, жыццесцвярджальнасць, народнае, раблезіянскае ўспрыманне рэчаіснасці і пачуццё гумару маюць магнетычную сілу.

«Сольнік» — праз 35 гадоў

Песня «Бывайце здаровы» вабіла не адно пакаленне спевакоў — ад першай выканаўцы, «беларускага салаўя» Ларысы Александроўскай, ад славутага Леаніда Уцёсава да зорак сучаснай расійскай эстрады. Спявалі песню і ў мірны час, і ў час вайны, перарабіўшы словы. Акрамя беларускай версіі «Бывайце здаровы» мае рускамоўны, італамоўны і іншыя варыянты. Выпадак унікальны!

Усе гэтыя факты нагадала адметная вечарына «Бывайце здаровы...», што прайшла ў нашай філармоніі і прысвячалася 106-годдзю паэта Адама Русака. У ёй удзельнічалі шэраг знакамітых салістаў і вядомыя калектывы — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча. Мастацкі, музычны вынік, які ўбачылі і пачулі слухачы, — плён сур’ёзнай працы. Аўтар праекта — Людміла Русак, дачка паэта; рэжысёр — Вітаўтас Грыгалюнас (прадуманы відэарад спрыяў успрыманню музыкі); разнастайныя інструментоўкі і аранжыроўкі належаць салісту аркестра імя Жыновіча Аляксандру Крамко. Вечарына падалася тым больш цікавай, што папярэдні канцэрт, прысвечаны творчасці паэта, адбыўся ў сталічнай філармоніі ажно ў 1974-м, калі Адам Герасімавіч адзначыў 70-годдзе.

Родам з Капыльшчыны

Творчая біяграфія Русака надзвычай адметная. На яго вершы напісана каля 300 песень, у тым ліку неверагодна папулярныя «Лясная песня» («Ой, бярозы ды сосны...»), «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох». Многія з іх успрымаюцца як народныя і дагэтуль маюць ашаламляльны поспех. Неразгаданая таямніца музычнага даўгалецця ўражвае і сёння. Мо, адно з тлумачэнняў у тым, што сярод сааўтараў паэта пераважаюць творцы, якіх мы лічым класікамі? «Дзе ты, зорка мая» і «Я нікому цябе не аддам» напісаны разам з Ігарам Лучанком. «Я люблю глядзець у вочы твае...» — з Уладзімірам Алоўнікавым. Песня з фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» створана з Ісакам Любанам, «Не за вочы чорныя...» — з Юрыем Семянякам.

У 2004-м, калі ў Беларусі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння паэта і музыканта, разам з групай артыстаў і навукоўцаў пашчасціла трапіць на яго родную Капыльшчыну, у вёску Пясочнае, дзе нарадзіўся паэт, пабачыць у мясцовым школьным музеі экспанаты, звязаныя з яго жыццём і творчасцю, завітаць на маляўнічы хутар Малінаўка, дзе Русак жыў і працаваў многія гады.

Яго бацькі валодалі яскравымі здольнасцямі. Маці спявала, бацька быў цудоўным скрыпачом, сам змайстраваў скрыпку, стварыў у вёсцы капэлу, якая выступала на вяселлях, вечарынках, гулянках. У капэле будучы паэт атрымаў сваю першую «адукацыю».

Адам самастойна навучыўся граць на скрыпцы, але марыў зрабіцца прафесіяналам. І для гэтага пешкі пайшоў у Мінск. У 1925-м у сталіцы адкрыўся музычны тэхнікум, там выкладаў Мікалай Аладаў, вучыліся Ларыса Александроўская, Ісак Любан, Уладзімір Алоўнікаў. Але на скрыпку Русака не прынялі: па-першае, ён спазніўся, а па-другое, пазіцыя рукі была не тая. Менавіта таму Адам абраў валторну. Колькі часу ён выступаў у аркестры Беларускага радыё, а потым паступіў у Ленінградскую кансерваторыю. Яшчэ студэнтам музыканта прынялі на працу ў Малы оперны тэатр. Калі ў 1953-м ён пераехаў у Мінск, пачаў працаваць у аркестры Беларускай філармоніі. Але ў гісторыі айчыннай культуры гэты таленавіты, адораны чалавек застаўся найперш як паэт, а не музыкант-выканаўца.

Вершы Адам пісаў яшчэ ў Пясочным. Калі вучыўся ў музычным тэхнікуме, пачаў актыўна друкавацца, пазнаёміўся з пісьменнікамі. Знакаміты верш «Бывайце здаровы» з’явіўся ў 1936-м — як зварот да блізкіх, аднавяскоўцаў, калі аўтар у цягніку ехаў у Ленінград. Ісак Любан напісаў мелодыю, а ў 1937-м песня прагучала на Усесаюзным радыё — менавіта як фальклорны, народны твор. Верш змясцілі «ЛіМ» і «Правда», на рускую мову яго пераклаў Мікалай Ісакоўскі. Пазней высветлілася: песня не фальклорная, а мае аўтара...

Стаўленне да спадчыны

Але вернемся з пасляваеннага часу ў пачатак ХХІ стагоддзя. Вершаў пішацца шмат, музыкі — таксама, з безлічы твораў праз дзесяцігоддзі застаюцца адзінкі, тое, што прайшло выпрабаванне часам. У паэзіі Адама Русака шмат шчырасці, душэўнай чысціні, нават наіўнасці. Ён тонка адчуваў мілагучнасць радка, магчымасць яго перастварэння ў музычнай стыхіі.

Што сёння прываблівае слухача ў гэтых песнях? Стыль «рэтра»? Наўрад ці. Хутчэй, адсутнасць развязнасці і пошлай безгустоўшчыны, без якой рэдка абыходзіцца эстрадны канцэрт. Вабяць непадробнасць і чысціня душэўных памкненняў — іх заўжды не хапае. Паэтычнасць вобразаў у песенных і рамансавых сачыненнях падкрэсліваецца надзіва запамінальнымі мелодыямі.

Песні Русака аднолькава пераканаўча гучалі ў выкананні і харавых калектываў, і вакальных гуртоў, і салістаў. Цікава, што сярод апошніх былі прадстаўнікі ці не ўсіх накірункаў: народна-фальклорнага (Святлана Суседчык і Якаў Навуменка), акадэмічнага (салісты оперы Алена Сало, Уладзімір Громаў, Рыгор Палішчук і саліст філармоніі Ігар Задарожны), бардаўскага (Зміцер Вайцюшкевіч, Надзея Мікуліч), эстраднага. Калі ў харах і песнях народнага стылю найбольш ярка былі ўвасоблены жыццярадаснасць, вясёлая і гарэзная жартаўлівасць, дык у рамансах і дуэтах — пранікнёны лірызм і задушэўнасць з адценнем лёгкага суму.

У праграме прагучалі не толькі вядомыя творы далёкіх ужо 60-х і 70-х гадоў, але і сачыненні новыя, напісаныя на вершы Русака нядаўна: «Сінічка» з музыкай Ганны Казловай (яе спявала абаяльная Анечка Смірнова) і «Любы сэрцу наш край» Эдуарда Зарыцкага.

У якасці своеасаблівай эмацыйнай кульмінацыі ўспрымалася шматгранная трагікамічная песня «Як правёў мяне Цімох». Невыпадкова яе любіла выконваць Александроўская. Дуэт Крысціны Грыгалюнайтэ і Зміцера Вайцюшкевіча прадставіў невялікі, але віртуозны спектакль, у якім было і водгулле жанру, што мае назву «страдания», і роздум пра жаночую долю і фатальнасць выбару. Яшчэ двума экспрэсіўнымі і сэнсавымі клічнікамі падаліся вакальны ансамбль «Славяне», які ўразіў акапэльнай пранікнёнай песняй Лучанка «Дзе ты, зорка мая», і Марына Васілеўская, надзвычай эмацыйная вакалістка, якая «завяла» залу песняй «Не за вочы чорныя». Вядомыя калектывы і салісты спявалі на вершы Адама Русака разняволена і захоплена, з пачуццём радаснага адкрыцця і далучэння да забытых вакальных скарбаў — і гэтая акалічнасць лепш за ўсё засведчвала каштоўнасць спадчыны паэта.

Музычныя гены

У дачыненні да сям’і Русакоў ужо варта казаць пра музычную дынастыю. І бацька Адама Герасімавіча, і ён сам пранеслі любоў да народнай музыкі праз усё жыццё. У сталым узросце паэт і музыкант арганізаваў у Пясочным духавы аркестр, артыстамі якога былі камбайнеры і механізатары. Аркестр гучаў на вечарах, урачыстасцях.

Дзве дачкі Адама Герасімавіча навучаліся ў музычнай школе. Старэйшая, Наталля, скончыла кансерваторыю, шмат гадоў працуе ў музычнай рэдакцыі радыёстанцыі «Маяк» (Масква). Унучка Русака, Крысціна Грыгалюнайтэ, — студэнтка аддзялення эстраднага вакалу БДУ культуры і мастацтваў. Сёлетняя вечарына, як і тыя, што ладзіліся з нагоды векавога юбілею Адама Русака, ажыццявілася шмат у чым дзякуючы ініцыятыве сям’і паэта і ягонай дачкі Людмілы. Калі ўсведамляеш, што нашчадкі здольныя ацаніць цуд, які нараджаўся побач з імі, скарб, з якім яны судакрануліся, узнікае рэдкае пачуццё здзейсненай справядлівасці.

«Бывайце здаровы, жывіце багата...» — усмешлівае і жыццярадаснае пажаданне. Мудрае, сутнаснае. Актуальнае і ў эпоху «развітога сацыялізму», і тым больш у эпоху рынкавай эканомікі. Словы гучаць і як жыццёвая праграма — не толькі для адной сям’і ці вёскі, але і для цэлай нацыі. «Бывайце здаровы, жывіце багата...» — дык што, можа нарэшце паспрабуем?!

Таццяна МУШЫНСКАЯ