Пакаленне NEXT: пераемнасць і навацыі

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Новая генерацыя мастакоў актыўна засведчыла сваю прысутнасць на сталічнай арт-сцэне. Адным з маштабных праектаў стала выстава «Маладзёжная-2010», якая сабрала пад дахам Палаца мастацтва работы студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых навучальных устаноў, сяброў маладзёжнай секцыі Саюза мастакоў.

Вопыт правядзення падобных мерапрыемстваў дэманструе значны інтарэс да іх з боку крытыкаў, куратараў, старэйшых калег, якія шукаюць адказу на пытанне: «Якія імёны, плыні і тэндэнцыі будуць вызначаць развіццё мастацтва ў наступнае дзесяцігоддзе?»

Творца, які закончыў сваё навучанне, знаходзіцца ў своеасаблівай інкубацыйнай зоне, яму патрабуецца рэальная дапамога для ўваходжання ў мастацкі працэс. Дзеля гэтага і ладзяцца маладзёжныя біенале, выставы, конкурсы, выдаюцца гранты. Большасць выпускнікоў БДАМ могуць уступаць у маладзёжную секцыю Саюза мастакоў, а значыць — экспанаваць свае творы і мець права на льготную аплату майстэрні. Актыўныя захады робяцца і на дзяржаўным узроўні: спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі быў створаны ў мэтах фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для пошуку, станаўлення і творчага развіцця здольных юнакоў і дзяўчат. Сур’ёзныя дзяржаўныя заказы адораным выпускнікам Акадэміі прапануе і Міністэрства культуры. На гэта штогод выдзяляюцца спецыяльныя сродкі.

Аднак большасць праблем маладому мастаку даводзіцца вырашаць самастойна, і найпершая з іх — творчая адаптацыя. «Якія ідэі нясе новае пакаленне, у якіх варунках адбываецца яго станаўленне?» — пра гэта разважаюць нашы аўтары на старонках часопіса.

 

Пераемнасць і навацыі

/i/content/pi/mast/33/554/3.jpg

Таццяна Кандраценка. Сняданак на траве. Алей. 2010.

Духоўны свет сучаснай цывілізацыі і яе найважнейшага складніка — мастацтва з’яўляецца вынікам працы і творчасці сотняў пакаленняў, іх дыялог быў і застаецца галоўным механізмам захавання і ўзбагачэння культуры. Назіраць за зменай пакаленняў надзвычай павучальна. Важна асэнсоўваць працэсы, што адбываюцца ў асяроддзі новай генерацыі (згадаем, што светапогляд і стыль мастака ў значнай ступені складаюцца ў маладыя гады), таму даўняя традыцыя аглядаў творчасці моладзі і не страчвае свайго значэння. Вузлавым момантам гэтых працэсаў нязменна становіцца пытанне пра суадносіны пераемнасці і навацый у засваенні культурнай спадчыны, хоць спосабы яе трансляцыі мяняліся ў розныя гістарычныя эпохі. Культурная прастора, у якой функцыянуе моладзь, уключае як творчасць трох-чатырох пакаленняў, так і духоўны досвед папярэдніх цывілізацый, а таксама пэўныя прафесійныя навыкі, сістэмы вобразаў і прыкметы, характэрныя для розных нацыянальных школ, авалодванне якімі неабходна для далейшага развіцця.

Соцыябіялагічны ўзрост кожнай генерацыі прынята вылічаць 25 — 30 гадамі, але мы часта кажам пра пакаленні 40-х, 50-х, 60-х, 70-х, 80-х, маючы на ўвазе іх гісторыка-мастацкія адрозненні, таму пытанне пра генерацыйныя рамкі далёка не адназначнае. Яго нельга звесці ні да простага паступальнага паняцця «прагрэсу» ў мастацтве, ні да тэорыі пра цыклічнасць развіцця стыляў, ні да вывучэння чыста «фармальнага» боку мастацтва ў адрыве ад яго сацыяльна-гістарычнай прыроды. Ужо ў Старажытным свеце натуральныя механізмы перадачы досведу ад старэйшых да малодшых былі вызначаны і замацаваны ў якасці сістэмы паўтору навыкаў творчасці і ў спадчынным рэпертуары матываў і формаў: старэйшае пакаленне выступала захавальнікам дасягненняў і каштоўнасцей, а малодшае — носьбітам крэатыўнага пачатку. Іканаграфія хрысціянства, што склалася ў Еўропе, падтрымлівала цэласнасць развіцця мастацтва і каноны еўрапейскай акадэмічнай сістэмы навучання. Да пэўнай ступені традыцыйна і генерацыйная кампліментарнасць (проціпастаўленне «мы» і «яны»). Як адзначаюць сацыёлагі і гісторыкі мастацтва, маладое пакаленне прыходзіць тады, калі старэйшае яшчэ ў росквіце. Некаторая частка маладых цалкам падпарадкоўваецца пануючаму стылю, а іншая — шукае новыя шляхі і пратэстуе. Ва ўсе часы назіраліся нецярпімасць старэйшых да праяў самастойнага мыслення маладых, ідэалагічны дагматызм і прафесійныя абмежаванні, непрыманне творчых дасягненняў і наватарства, што вылівалася часцяком у вострыя канфлікты. Генерацыйныя ідэйна-мастацкія сутыкненні ўзмацніліся ў ХІХ стагоддзі, калі адзіны паток мастацтва стаў падзяляцца на мноства кірункаў, плыняў і індывідуальных стыляў. Розныя мастацка-гістарычныя з’явы — рамантызм, рэалізм і імпрэсіянізм — паўсталі як пратэст супраць акадэмічных догмаў, што падначальвалі маладых мастакоў застылым выяўленчым формулам позняга класіцызму, абмяжоўваючы творцаў біблейскімі і міфалагічнымі сюжэтамі. У Расіі падобным чынам з’явілася «Таварыства перасоўных выстаў», якое абвясціла крытычны рэалізм і ўласныя правілы ў мастацтве. Гэта выклікала зацяжны канфлікт з наступным пакаленнем, завершаны стварэннем «Свету мастацтва», фармаваннем сімвалізму і стылю мадэрн. Да 1900-х гадоў адмаўленне традыцый ва ўзаемаадносінах пакаленняў не ўтрымлівала ярка выяўленага негатыўнага пачатку. З распаўсюджаннем тэндэнцый мадэрнізму, у спробе абнаўлення стасункаў мастацтва з жыццём і канструявання культуры будучыні, малодшая генерацыя стала прэтэндаваць на разбурэнне папярэдніх мастацкіх прынцыпаў, ідэй і спосабаў іх выражэння — аж да поўнага разрыву з выяўленчым пачаткам і іканаборчага адмаўлення мастацкай творчасці. Авангардная «рэвалюцыя» з яе знакамітай парадыгмай «пакаленне забівае пакаленне», далейшым антымадэрнісцкім паваротам шматлікіх мастакоў назад да рэалізму ў той ці іншай яго форме і развіццём захавальніцкіх тэндэнцый з’яўляецца найбольш яркім доказам таго, што кожная генерацыя мастакоў павінна прайсці праз уласныя працэсы разбурэння і адраджэння.

У адрозненне ад бурнага запалу мінулага стагоддзя, сучаснае разуменне мастацтва з яго супярэчлівасцю і няўстойлівасцю не патрабуе ад маладога пакалення абавязковай крытычнай і антысістэмнай актыўнасці: часта яно імкнецца пашырыць свае гарызонты кансерватыўным шляхам. Незвычайным у сённяшняй мастацкай свядомасці з’яўляецца тое, што цягам шматвяковага развіцця цывілізацыі чалавецтва (і мастацтва) упершыню сутыкнулася з феноменам маладзёжнай культуры, якая паступова павялічвае свой уплыў на ўсе сферы жыцця. Маладосць звязана з велізарным ціскам уражанняў звонку, са здольнасцю востра ўспрымаць і эмацыйна аддаваць, з напругай усіх сіл і адчуваннем перспектывы, таму хацелася б чакаць ад яе новых ідэй. Аднак на практыцы ў гэтай культуры мы сустракаем разрыў паміж навязлівасцю вонкавай формы і ўнутранай абыякавасцю, што спараджае такую частую на выставах другаснасць, засілле ні да чаго не абавязваючых перформансаў і інсталяцый, кіна- і фота- псеўдаэксперыментаў. Сярод маладых мастакоў нямала талентаў, і, мабыць, іх колькасць у параўнанні з папярэднімі генерацыямі нават большая, аднак сацыяльна-эканамічная сітуацыя, цесная сувязь маладзёжнай і поп-культур уплываюць на іх не лепшым чынам, ператвараючы ў банальнасць і штампы шматлікія дэкларатыўныя пачынанні. У імкненні застацца актуальнымі і запатрабаванымі медыякультурай, арыентаванай у першую чаргу на маладога спажыўца, закладнікамі гэтых штампаў становяцца і прадстаўнікі сярэдняга, нават старэйшага пакалення. Шырока распаўсюджаныя формы іміджавай маніфестацыі і артыфікацыі жыцця, як, напрыклад, street-art і body-art, з’яўляюцца не новым, але добра вядомым старым. Да таго ж востра адбіваецца адсутнасць школы, якая навучае мастакоў мове сучаснага мастацтва, — у яго не менш прафесійных сакрэтаў, чым у класічнага. Але ці такія трагічныя гэтыя працэсы? Можа, праблемы маладога мастацтва шмат у чым надуманыя? Бо ўсё, што створана культурай раней, застаецца: адны ідэі перыядычна выходзяць на першы план, іншыя — прыхоўваюцца. Важна не тое, да якіх пластоў культуры звяртаецца малады мастак, па гарызанталі ці па вертыкалі ён іх асвойвае, а — дзеля чаго ён гэта робіць. Сапраўднае наватарства звязана не толькі з творчым развіццём традыцый, але і — найперш — з паслядоўным вызваленнем ад стэрэатыпаў любога кшталту, з імкненнем самааддана займацца ў мастацтве тым, што хвалюе менавіта цябе. І поспех на гэтым шляху прыносяць не цытаванне і запазычанне прыёмаў, класічных ці ультрасучасных, а рэальныя мастацкія каштоўнасці і ўласныя адкрыцці, у якіх у роўнай ступені праяўляюцца адоранасць і прафесіяналізм, узровень культуры і шчырасць мастака.

Марына Эрэнбург

 

У замкнёным коле

/i/content/pi/mast/33/554/5.jpg

Кацярына Сумарава. Пагранічны стан. Алей. 2009

Сваю мастацтвазнаўчую дзейнасць я пачынала з артыкулаў пра маладзёжнае мастацтва: у той час прыйшло новае і адметнае пакаленне творцаў 1980-х, яны былі маімі равеснікамі, і назіраць за іх развіццём было цікава і натуральна. Згадваю адзін са сваіх значных праектаў — «круглы стол», падрыхтаваны для 4-га нумара часопіса «Мастацтва Беларусі» (сёння — «Мастацтва») у 1983 годзе. У ім удзельнічалі Уладзімір Тоўсцік, Мікола Кірэеў, Фелікс Янушкевіч, Наталля Сухаверхава, Святлана Гарбунова, Уладзімір Савіч, Юрый Герасіменка і іншыя. Вельмі павучальна прыгадаць сёння некаторыя тэзісы той дыскусіі...

«Стан мастацтва знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад агульнага стану і ўзроўню культуры» (Уладзімір Конан);

«Важны крытэрый — актыўная жыццёвая пазіцыя аўтара» (Міхась Раманюк);

«Маладыя не заўжды здатныя абагульняць бачанне з’яў жыцця, адпаведна — ствараць ёмістыя мастацкія вобразы» (Уладзімір Гардзеенка);

«Часам недастатковы прафесійны ўзровень замінае стварэнню глыбокіх, значных вобразаў» (Леанід Шчамялёў);

«Імкненне маладых жывапісцаў пісаць арыгінальна можна было б толькі вітаць, каб яно мела пад сабою грунтоўную аснову — уласныя думкі, цвёрдыя перакананні» (Уладзімір Тоўсцік);

«Большасці твораў не хапае той ступені рызыкі, эксперыментатарства, якая павінна характарызаваць мастацтва маладых» (Арлен Кашкурэвіч);

«Маладым мастакам цяжка вызваліцца ад уплыву славутых майстроў і знайсці свой шлях. Я лічу, што вучоба не канчаецца дыпломнай работай, яна працягваецца ўсё жыццё» (Юрый Герасіменка);

«Нямногія маладыя скульптары маюць майстэрні, яны не ўдзельнічалі ў выстаўцы таму, што не мелі магчымасцяў перавесці свае работы хоць бы ў гіпс» (Святлана Гарбунова);

«Выстаўкам адхіліў шмат работ, але выключна праз іх нізкі ўзровень» (Уладзімір Пракапцоў);

«Варта б было заахвочваць маладых мастакоў, уручаць ім прэміі за лепшыя творы» (Уладзімір Тоўсцік);

«Прыемна, што акрамя мінчан паказалі свае работы мастакі з Віцебска, Гомеля. Кожнае новае імя мы шчыра вітаем, бо ўскладаем на маладых аўтараў немалыя надзеі» (Уладзімір Крукоўскі).

Усе гэтыя вострыя праблемы паўстаюць зноў і зноў з кожным пакаленнем творцаў. Гэткае «кола часу» маладзёжнага мастацтва. Што ж тут паробіш, відаць, калі мастак вырашае іх ці адаптуецца да іх, ён перастае быць пачаткоўцам.

У першых маладзёжных выставах 70-х гадоў мінулага стагоддзя бралі ўдзел і масцітыя мастакі — Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, якім тады даўно было за 35. З часавай адлегласці разумееш, што гэта было натуральна: іх творчасць з’яўлялася ўзорам не толькі індывідуальнага пошуку, яна акрэсліла пэўныя напрамкі і тэндэнцыі развіцця мастацтва, у прыватнасці — беларускую мадэль «суровага стылю».

Верагодна, і на сёлетняй «Маладзёжнай» не лішнімі былі б у якасці камертона работы дастаткова сталых творцаў, што захавалі малады імпэт, — Генадзя Драздова, Зоі Луцэвіч, Валянціна Борздага, Андрэя Вараб’ёва, Андрэя Басалыгі і іншых. Яны ўвасабляюць мадэль мастакоўскага мыслення, лагічна адаптаванага на новым вітку развіцця беларускага мастацтва пачатку ХХІ стагоддзя да прасторы найноўшай постсавецкай культуры.

Зразумела, што новая генерацыя мастакоў іншая, чым творцы, якія сфарміраваліся ў другой палове ХХ стагоддзя і свядома арыентаваліся на нацыянальную традыцыю і культуру. Сённяшняя моладзь становіцца ўсё больш касмапалітычнай і паступова набліжаецца да нейкага агульнаеўрапейскага модуля. Таму мяне прыемна ўразіла выказванне Міхаіла Гуліна ў інтэрв’ю 2006-га года: «Хацелася б зрабіць нейкі беларускі праект, каб у любой частцы свету было зразумела, што створаны ён беларусам».

Тым не менш памкненні маладых да развіцця нацыянальных рысаў у мастацтве вельмі кволыя. І гэта трэба прызнаць як існуючую рэальнасць.

Першае ўражанне ад «Маладзёжнай-2010» — цывільная, эстэтычная, насычаная змястоўнымі і высокамастацкімі творамі. Адчуваецца высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі аўтараў і складаецца ўражанне, што выстаўку добра падчысцілі, адшліфавалі, карацей, зрабілі зборным творам мастацтва, што засведчыла сучасны падыход да арганізацыі прасторы.

Экспазіцыя гарманічна ўпісалася ў кола вядучых выставачных праектаў новага складу кіраўніцтва Саюза мастакоў. Ранейшая выставачная палітыка зводзілася да формулы «што набяжыць». У выніку побач з высакаякасным і высокамастацкім творам магла размясціцца невыразная праца пачаткоўца ці ўвогуле аматара.

Жывапіс стаў эстэтычнай і эмацыйнай дамінантай на выставе «Маладзёжная-2010». Экспазіцыянеры эфектна, уздоўж «сілавых палёў» выставачнай залы размясцілі работы, што стварылі атмасферу, акрэслілі высокі прафесійны статус і вызначылі сугучча эмацыйных імпульсаў.

Па даўжыні залы «тонус» трымалі карціны Васіля Зянько «Анатомія страсці» (дыптых) і Дзяніса Буралкіна «Белае і чорнае» (дыптых).

Па шырыні экспазіцыі гэтую лінію эмацыйнага напружання змякчалі філасофскія колеравыя імпрэсіі Кацярыны Сумаравай «Магнетызм», «Водгук» і «Пагранічны стан», лірыка-гумарыстычныя элегіі Ганны Сілівончык «Мая душа спявае заўсёды» і «Мая другая палова», а таксама эфектны жывапісны трыпціх Юліі Новікавай «Блакітнае асяроддзе». Моцнымі акордамі якаснага высокапрафесійнага жывапісу гучалі, нягледзячы на сціпласць памераў, творы Міхаіла Крата «Залаты захад», «Зноў пахмурна», «Від на Ісакіеўскі сабор» і Віталя Гуназы «У Вільні».

З правага фланга экспазіцыю ўдала падтрымала серыя жывапісных работ Івана Сямілетава пад назвай «Асобы». Аднак гэтыя творы надзвычай таленавітага маладога мастака выклікалі ў мяне шмат пытанняў. Я згадала словы майго былога вучня, мастацтвазнаўца Андрэя Янкоўскага, які ў адказ на пытанне, навошта ён хапаецца за ўсё і не трымаецца адзінай лініі ў дзейнасці, адказаў, што яму хочацца ўсё паспрабаваць. «Пакуль будзеш усё каштаваць, і жыццё пройдзе», — сказала я тады свайму любімаму вучню і цяпер магу тое ж паўтарыць Івану Сямілетаву, за развіццём якога з цікаўнасцю назіраю яшчэ з часоў яго вучобы ў Акадэміі.

Вялікае здзіўленне выклікала і карціна Паўла Масленікава «Золата Полацка» — столькі ў ёй ад жывапісу на аналагічную тэму Уладзіміра Пракапцова... Навошта таленавітаму і арыгінальнаму керамісту з уласным тварам ісці па чужых слядах?

Фасад выстаўкі аздаблялі карціны Андрэя Савіча «Галава ў профіль на чорным фоне» і «Круг» ды «Чырвоны нацюрморт» Сяргея Самусенкі. Работы маладога Савіча выглядалі выразнымі і эстэцкімі, але гэтая «шрыфтаманія», якая з лёгкай рукі паважанага Паўла Апанасавіча Семчанкі запаланіла сучасную беларускую графіку, а цяпер «перакрочыла» і ў жывапіс, крыху ўжо набіла аскому.

Калі б мне далі права вызначаць гран-пры гэтай выстаўкі, я б аддала ўзнагароду Сяргею Самусенку — аўтару чырвонага нацюрморта. Яшчэ з дыпломнай работы ён паказаў сябе як неардынарны жывапісец, за яго, на першы погляд, «абракадабрамі» стаяць тонкая арганізацыя мастацка-вобразнай прасторы, складаны і неадназначны сэнсава-знакавы падтэкст, і ўсё гэта апраўлена ў «смачны» вытанчаны жывапіс.

Скульптура — другая дамінанта выстаўкі, яна эфектна сплялася з рытмамі і «гукамі» жывапіснай прасторы, надаючы ёй энергетыкі і пафасу.

Узначальвалі скульптурны шэраг кампазіцыі з металалому Валерыя Малахава (з серыі «Стыхіі»). Без гэтых твораў экспазіцыя, верагодна, «абмякла» б, «паблякла» і страціла сваю непаўторную адметнасць. Радуюся за гэтага пачаткоўца і не сумняваюся, што яго творы ўзбагацяць прафесіяналізмам і творчым палётам не адну выставу.

На кантрасце з металам добра ўспрымалася драўляная фармальная кампазіцыя Канстанціна Мужава «Скручаныя паралелі». Хацелася б, каб на гэтай выстаўцы падобнага было шмат. А мастаку можна толькі пажадаць: смялей і болей!

З першага погляду на астатнюю частку скульптурнай экспазіцыі падалося, што прыкметных дасягненняў тут няшмат. Звярнула на сябе ўвагу работа Уладзіслава Руткоўскага «Фан сін». Простая па форме, яна захавала ў сабе своеасаблівы пасыл да натуральнай рэалістычнасці партрэта і, у той жа час, апелявала да знакаў і прыёмаў мадыфікацыі бачнага. Гэтага няпроста дасягнуць, што сведчыць пра высокае майстэрства скульптара. Да таго ж вобраз партрэтаванай эмацыйна кранаў і ўражваў гледача.

Сярод неардынарных работ варта адзначыць кампазіцыі з металу «Мур-р-р-р» Дар’і Сушы, якая надала жорсткаму матэрыялу пластыку мяккай цацкі, і твор Андрэя Хацяноўскага «Геракл» з яго выразнай мовай метафары, што нібы стрэл таго ж Геракла дакладна фарміруе сімволіку і энергетыку антычнага вобраза.

Графікі на выставе было няшмат, і гэта здзіўляе, бо за апошнія гады Акадэмія выпусціла нямала адметных творцаў. Большасць з іх паспяхова працуе ў сферы кніжнай ілюстрацыі. Некаторыя заняліся мультыплікацыяй. Частка — жывапісам. І ўсё ж?

Размешчаны ў цэнтры залы «карабель» са шчытоў ажыўлялі эфектныя і энергетычныя творы Рамана Сустава «Усход» і «Захад». Нават здалёк, толькі набліжаючыся да графічнага раздзела, было відавочна: гэта мастацтва высокай культуры і адметнай вобразнасці. Тым не менш, надта моцных уражанняў графіка не пакінула.

Першае месца ў гэтым раздзеле я б аддала Соф’і Піскун за яе цудоўны твор «Евангеліст Лука». Саткаць у непарушную, поўную мелодыкі і паэзіі гармонію разнастайныя і, здавалася б, несумяшчальныя выявы расліннага і жывёльнага свету, храмавай архітэктуры і містэрыі прыроднага хараства, падначаліць іх сэнсаваму пачатку кампазіцыі — вобразу евангеліста Лукі — задача не для пачаткоўца. Мастачка ўдала працуе з метамарфозамі — вялікае выглядае маленькім, а малое вялікім. Гэтая гульня маштабамі скарыстана дзеля таго, каб паказаць умоўнасць стэрэатыпаў і жаданне спазнаць прыхаваны сэнс праўды жыцця. Твор нібы ўвасобіў духоўны сэнс усёй выстаўкі, дзе маладыя мастакі выказваюцца мовай выяўленчага мастацтва пра штосьці надзвычай важнае і значнае ў іх жыцці. А мы, гледачы, павінны гэта ўбачыць, пачуць мастацка-вобразныя прамовы, зразумець іх сутнасць.

Работа Усевалада Швайбы «Мойры» пакінула дваістае ўражанне. Гэты віртуозны, эфектны па пластыцы і выразнасці вобразаў малюнак, што, здаецца, дыхае ў прасторы, пабудаваны на прыёме, ужо скарыстаным скульптарам Генікам Лойкам. У яго рабоце, прысвечанай беларускім паэтам Анатолю Сысу і Алесю Разанаву, на прасвет паміж постацямі паэтаў прачытваўся сілуэт іншай выявы, іншы тэкст мастацкай вобразнасці, нібы крыху прыхаваны, завуаляваны творцам як мастацкае пасланне не для ўсіх.

Гэтак і ў малюнку Швайбы — паміж постацямі Мойраў, нібы змрочны фон, праглядаюць перавернутыя выявы.

Як расцэньваць гэты твор графіка — як плагіят арыгінальнай ідэі скульптара ці як адметнае і самастойнае развіццё ідэі тайнапісу, які ўжывалі продкі беларусаў у «тэкстах» арнаментаў ручнікоў? (Там асноўны, чырвоны арнамент прыкрываў галоўны «тэкст» узору, які амаль незаўважна праглядаў на прасвет паміж асноўнымі вобразамі малюнка.)

Зачапіла «за жывое» веснавая зеляніна твораў Юліі Мацура «Колер жыцця» і «Квітнеючы сад». Гэта не проста зялёны, які характарызуе каларыстычную атмасферу вясны, а нейкі асаблівы, ледзь не сюррэалістычна пранізлівы градус вясновага колеру. Яго надзвычайная энергетыка распаўсюджваецца на ўсю вялізную прастору выставачнай залы Палаца мастацтваў...

Сярод іншых твораў выстаўкі хацела б вылучыць жывапісныя палотны «Нацюрморт з бытавымі прадметамі» і «Белы нацюрморт» Васіля Пешкуна, «Сняданак на траве» Таццяны Кандраценка, «Мары» Марыі Пастуховай, «Арнамент Усходу» Таццяны Масленікавай, «Углядаючыся ў цемру» Паўла Кастусіка, «Сон» Сяргея Варкіна; графіку Андрэя Ясінскага «Самотны» і «Стары з папугаем», серыю літаграфій Тамары Стасевіч «У зачараваным царстве» і пранікнёную літаграфію Марыны Мароз «Прытулак лістоты». У скульптуры адметныя кампазіцыі Крысціны Гей «Кавалачак маёй Радзімы» і «Лета ў кастрычніку», Юрыя Бірын-Паўлава «Падарожжа» і вынаходлівыя вобразы з ліставой сталі Сяргея Галузы «INSEKT» і «Татэм».

У раздзеле выставы, прысвечаным дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, спаборнічалі за лідэрства дзве акадэмічныя школы — кафедра касцюма і мадэлявання тканін Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую ўзначальвае Валянціна Бартлава, і прыкладнікі-керамісты — вучні Тамары Васюк з Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Юлія Мардванюк, Вераніка Багачова і Кацярына Разанкова рушылі ў прастору творчага эксперымента з першых курсаў навучання ў Акадэміі. Як асобна, так і пад кіраўніцтвам Валянціны Бартлавай яны арганізавалі і правялі шэраг персанальных і групавых выстаў у галерэях Мінска, у тым ліку і ў выставачнай зале Музея Янкі Купалы — гэты іх нядаўні праект нарабіў шмат шуму ў сталіцы. Вядомая мастачка Тамара Васюк многія гады ва Універсітэце культуры і мастацтваў рыхтуе сучасных мастакоў-керамістаў, творчасць якіх грунтуецца на народных традыцыях, але мае моцны ўхіл да мадэрнізацыі вобразаў. Работы прадстаўнікоў гэтых дзвюх школ правялі ў прасторы экспазіцыі «Маладзёжнай-2010» выразную і дастаткова эфектную лінію нацыянальна арыентаванага мастацтва.

Выстава «Маладзёжная-2010» засведчыла дастаткова высокі прафесіяналізм творцаў, акрэсліла адметнасці мастацкага пошуку, своеасаблівасць успрымання свету новага пакалення. Высвеціліся галоўныя тэндэнцыі, сталі заўважнымі і трывожныя фактары і сімптомы. Аднак усё гэта немагчыма ахапіць у адной публікацыі. Патрэбныя намаганні многіх даследчыкаў, праца якіх дапаможа маладым не згубіцца ў культурнай прасторы.

Таццяна ГАРАНСКАЯ

пакаленне next

Васіль Пяшкун ва ўласнай творчасці працягвае традыцыі рэалістычнага жывапісу. Лічыць, што натура павінна выхоўваць і адукоўваць, а мастак — трансляваць яе рэалістычную прыгажосць.

Свае фантазійныя, наіўныя работы Ганна Сілівончык піша на рознакаляровай тканіне, ад колеру і фактуры якой ужо «танчыць» будучы твор. Лірычная гераіня Ганны — alter ego самой мастачкі, а герой — верны муж, мастак Васіль Пяшкун.

Васіль: Мая сучасная творчасць і вучэбныя работы не вельмі адрозніваюцца. Я ўзгадаваны на імпрэсіянізме і перасоўніках. Падчас вучобы ў нас панавала традыцыя, таму мне не давялося сябе ламаць, і гэта адыграла добрую ролю ў маім жыцці. Пошукі часоў вучаніцтва плаўна перацяклі ў самастойную працу. Пасля заканчэння Акадэміі ў мяне ўжо склалася пэўная база — і ў творчым плане, і ў матэрыяльным (калі вучыўся, супрацоўнічаў з некаторымі мінскімі галерэямі, якія прадавалі мае работы).

Ганна: Пасля Акадэміі я стала дыхаць больш свабодна, з’явілася шмат вольнага часу для творчасці. Мы адразу знялі майстэрню, месціліся там учацвярых. Гэта было выдатна. Але ўзніклі свае праблемы. Калі ў Акадэміі час траціўся на вучэбныя працы, якія табе былі не вельмі блізкія па духу, то потым паўстала пытанне: на што жыць? Пайсці працаваць? Намагацца зарабляць уласнай творчасцю? Але дзеля гэтага частку работ прыходзілася рабіць, так бы мовіць, «лёгказасваяльнай», шукаць каналы для таго, каб прадаць свае працы. Шмат ідэй і задумак я не магу рэалізаваць, бо майстэрня ўжо цяпер захламлена старымі работамі, застаўся толькі «пятачок» для жыцця. Палотны, вузенькія і тоненькія, можна акуратна скласці, а куды дзенеш аб’ёмныя аб’екты? У Еўропе малады мастак атрымлівае грант пад свой праект і спакойна займаецца ім, не задумваючыся, куды аддаць яго потым, таму ён не будзе «гнаць» камерцыйныя «бярозкі».

Васіль: Я пішу бярозавыя гаі па ўласнай патрэбе. Пад заказ мы амаль не працуем — такое бывае вельмі рэдка і толькі для сяброў. Маю творчасць можна палічыць за камерцыйную, бо, напрыклад, нацюрморты з букетамі выглядаюць прыгожа. Але я люблю прыгажосць і раблю так, каб мне самому падабалася.

 

Шлях ад кропкі невяртання

З рэдакцыйнага «круглага стала»

 

 

/i/content/pi/mast/33/554/8.jpg

Соф’я Піскун. Евангеліст Лука. Папера, аловак, гуаш. 2010.

«Круглы стол» часопіса «Мастацтва» сабраў як удзельнікаў «Маладзёжнай-2010», так і зацікаўленых назіральнікаў. Выстава, што стала нагодай для гутаркі, ладзіцца маладзёжнай секцыяй Беларускага саюза мастакоў ужо не першы год. Наколькі цікавыя такія мастацкія падзеі і ці адэкватна адлюстроўваюць яны стан рэчаў? Як ацаніць актыўнасць сённяшніх маладзёжных ініцыятыў? Якія тэмы і сродкі іх увасаблення выбірае новая генерацыя? Гэтыя і іншыя пытанні, адмыслова вынесеныя ў падзагалоўкі, сталі тэмамі гутаркі ў рэдакцыі часопіса.

Ці працуе фармат справаздачнай выставы?

Алеся Белявец: Мастацтва сёння развіваецца шляхам пастаяннага пашырэння сваёй тэрыторыі, адаптацыі новых ідэй, канцэптаў, метадаў, тэхнік. Таму любая маладзёжная выстава спараджае чаканні асаблівага кшталту: якое пакаленне прыходзіць, што за асобы будуць вызначаць аблічча нашага мастацтва ў бліжэйшы час?

Ці зрабілі вы для сябе адкрыцці на выставе «Маладзёжная-2010»?

Таццяна Кандраценка: Чамусьці ад маладзёжнай выставы звыкла чакаюць арт-шоку. Гэта папулярнае патрабаванне публікі: «Здзівіце нас!» Шок — не галоўнае ў мастацтве, і тое, што яго няма на «Маладзёжнай...», — не самы вялікі недахоп гэтай экспазіцыі.

Аляксандр Зінкевіч: Мяне турбуе не той факт, што выстаўка нікога не здзівіла. Праблема ў іншым: «Маладзёжная...» была запланавана на пачатку года, але я не назіраў вялікага імкнення на яе патрапіць. Мы нават запрасілі да ўдзелу студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Але калі б не мае тэлефанаванні мастакам, прынесеных работ магло б і не хапіць, каб запоўніць залу Палаца. Зазначу, што фармат быў дэмакратычны: ніякага падзелу на мастацтва «правільнае» і «няправільнае» не існавала.

Руслан Вашкевіч: Узнікаюць пытанні: няўжо гэта ўсё, што мы можам? Атрымліваецца, што такая выстава — наша дадзенасць? Ва ўдзельнікаў увогуле не было матывацыі прыносіць свае работы?

Яшчэ гадоў з дзесяць таму, калі ў нас быў дэфіцыт такіх праектаў, на канцэпцыю працавала сама назва: раз «маладзёжная», значыць — альтэрнатыва даросламу мастацтву. Самі па сабе з’яўляліся дзёрзкасць і эксперымент. Сёння гэта не працуе. Неабходна каманда куратараў, адкрытыя правілы гульні.

Мне, напрыклад, заўсёды цяжка было пісаць сачыненне на вольную тэму. Калі ж цябе прымусова абмяжоўваюць (хаця б у тэме), з’яўляецца такая неабходная для творчасці энергія «супрамату», нараджаецца жаданне пераадолець граніцы.

Перад моладдзю варта ставіць звышзадачы. Кшталту: зрабіць нешта так, як да цябе ніхто не рабіў, ці выкарыстаць іншыя тэхнічныя сродкі. Няхай толькі тры чалавекі справяцца, але гэта будзе «нешта».

Трэба па-іншаму арганізоўваць экспазіцыйную прастору. Можна было рабіць невялікія боксы, скажам, з пяці работ, каб даць аўтару магчымасць выказацца цалкам. А так на сёлетняй «Маладзёжнай...» шмат «агульных месцаў», нікому не цікавых тэмаў.

Ці варта наладжваць гонку выстаў? Лепей арганізоўваць іх радзей, але больш выразна, яскрава. Няблага было б пару разоў на год уступаць пляцоўку пад прыватныя творчыя ініцыятывы.

Аляксандр Зінкевіч: У Палаца мастацтва дастаткова гнуткі выставачны графік. Калі бачым цікавы праект, уключаем яго ў свой план. Але ні адзін малады куратар не прыйшоў да нас з прапановай супрацоўніцтва.

Як дырэктар Палаца я атрымаў у спадчыну будынак, што вымагае неадкладнага і сур’ёзнага рамонту. Выязныя сесіі з мэтай пошуку цікавых праектаў будуць абавязкова, але — пазней.

Ганна Самарская: Для мяне стала адкрыццём, што Палац чакае маладых куратараў. Мы проста не ведаем пра гэта і не здагадваемся, таму што будынак — афіцыйная выставачная структура Саюза мастакоў і яго відавочнае прызначэнне — выставы сяброў БСМ.

Руслан Вашкевіч: За апошні час Палац мастацтва растраціў свой сімвалічны капітал. Таму яго дырэктару і даводзіцца склікаць народ па тэлефоне.

Аляксандр Зінкевіч: У «Маладзёжнай-2010» не было канкрэтнай канцэпцыі. Гэта аглядная экспазіцыя, якая паказала шырокі спектр кірункаў і аўтараў.

Міхаіл Гулін: Падзялюся сваім досведам удзельніка. Здавалася б, пошук — калі не ў тэмах, то фармальны — асноўная рыса, якая павінна характарызаваць маладзёжныя выставы. Але якраз з такімі творамі і паўстаюць праблемы. Закажаш грузавік, прывязеш вялікае палатно, а яго не прымаюць. Кожны раз узнікаюць пытанні: «Што несці — больш традыцыйную работу ці, наадварот, правакатыўную? Ці несці ўвогуле? Паказаць адзін твор ці прадставіцца цэльна?» Скажу шчыра, для мяне «Маладзёжная-2010» нічога не вырашала, мне нашмат цікавей браць удзел у канцэптуальных праектах.

Алеся Белявец: Якая выстава справакуе вас на пошук?

Міхаіл Гулін: Чакаю «Арт-сегмента», гэта будзе больш шырока трактаваны мінулагодні «Дах». Дарэчы, апошняя падзея паказала, што ў людзей існуе вялікая патрэба ў сучасным мастацтве. Яны хочуць бачыць цікавае і новае.

Аляксандр Зінкевіч: Давайце пройдземся па выставачных залах горада і спытаемся — якім чынам яны ўдзельнічаюць у развіцці мастацтва, у тым ліку актуальнага, як падтрымліваюць творчыя шуканні? Многія з іх займаюць буржуазную пазіцыю: сёння мы выстаўляем аўтара маладога і незнаёмага, але астатні час — таго, на кім можна зарабіць грошы.

Калі замінае прафесіяналізм?

Алеся Белявец: Моладзь па вызначэнні павінна генерыраваць ідэі, увасабляць іх у новых формах, гуртавацца, правакаваць, адмаўляць і рухацца далей. Чаму ж у нашай культурнай прасторы так мала маладзёжных ініцыятыў?

Міхаіл Гулін: Не згодзен, актыўныя маладыя людзі з’яўляюцца. Звычайна — не выпускнікі Акадэміі: або недавучыліся, або скончылі нейкія іншыя ўстановы.

А ў маладзёжным мастацтве я бачу іншую праблему: засілле нуднага прафесіяналізму, непатрэбнай рукатворнасці, эстэцтва. Гэта ўвогуле тычыцца беларускіх арт-рэалій. Прыгожа згарманізаваць колер, эфектна вырашыць фармальную кампазіцыю — гэтага сёння недастаткова.

Мала бесшабашнасці і неверагодных рэчаў. Усе ідуць пратаптанымі шляхамі. Ніхто не бярэцца за неадназначныя тэмы.

Таццяна Кандраценка: У Акадэміі нас шэсць гадоў вучылі эстэтычна вырашаць твор, так што цяпер, калі нараджаецца ідэя, выразныя сродкі творца падтасоўвае такім чынам, каб урэшце абавязкова выйшла прыгожа.

Міхаіл Гулін: Нядаўна ў Варшаве я патрапіў на выставу Люка Цюйманса. Сваімі работамі гэты мастак стварыў адчуванне хваравітасці, трывогі. Робіцца зразумела, што ён дамогся мэты шляхам нівелявання ўласнага прафесіяналізму. Ідэя прагучала моцна, калі ён здолеў падначаліць ёй свае выяўленчыя сродкі.

Што вядзе мастака?

/i/content/pi/mast/33/554/10.jpg

Раман Сустаў. Захад сонца. Каляровая літаграфія. 2008.

Таццяна Кандраценка:
Мне здаецца, галоўная праблема моладзі — адсутнасць матывацыі для творчасці. Дзеля чаго працаваць? Не кожны можа адказаць на гэтае пытанне. Здаецца, мастакі новай генерацыі павінны быць актыўнымі, ініцыятыўнымі. (Гуліну.) Міша, я не бачу асаблівага абаяння ў тваіх работах. Мне яны падабаюцца, але творы могуць увесці ў зман: ці гэта жывапіс, ці плакат на сцяне? Падазраю, што ствараюцца яны не для нашага гледача.

Міхаіл Гулін: Мне падаецца, што наш глядач заўсёды нечым незадаволены... Крытыкі — таксама. Таму хочацца сказаць пра «Маладзёжную-2010»: гэта тое, што мы маем. Іншага — няма.

Павел Вайніцкі: А чаму б не ставіцца крытычна да таго, што мы маем? Чаму абавязкова хваліць?

Міхаіл Гулін: Хваліць не абавязкова. Але колькі можна слухаць неканструктыўную крытыку, такое незадаволенае бурчанне? Ідзе прабуксоўванне. Размовы пра сучаснае мастацтва не прыводзяць ні да якіх канкрэтных высноў. Крытыка павінна стаць складнікам мастацкага працэсу.

Руслан Вашкевіч: Мяркую, мы гэтак моцна зацыклены на рэакцыі гледачоў, таму што ў нашых праектах невыразная ўнутраная канструкцыя. Калі праект працуе паводле ўласных правілаў, думка гледача хвалюе менш.

Міхаіл Гулін: Памятаеце, было шмат размоў пра тое, што гледача трэба выхоўваць. Паглядзіце на сітуацыю ў Маскве ці Кіеве. Адкрываюцца новыя галерэі. І яны не падладжваюцца пад гледача, а праводзяць сваю палітыку. Не азіраюцца.

Аляксандр Зінкевіч: Мы тут разважалі, як можна матываваць творцу... Больш або менш паспяхова выставіцца малады мастак, але як быў бедняком, так ім і застанецца. Пройдзе гадоў пяць з заканчэння Акадэміі. Прафесія грошай не прыносіць, з’яўляецца сям’я, пачынаюцца бясконцыя папрокі. І чалавек бярэцца за нейкую іншую справу. Знікаюць у нікуды нават вельмі таленавітыя мастакі. А ўсё таму, што людзі, якія займаюцца галерэйным бізнесам, — бедныя. Яны на тры месяцы не могуць разлічыць палітыку сваёй галерэі. І выставу добрую прывезці не могуць. Без устойлівага эканамічнага становішча забудзьце пра доўгатэрміновыя ініцыятывы. Вось была галерэя «Золата» пры аднайменнай краме, колькі пафасных прамоў прагучала на яе адкрыцці. І што? Дзе тая галерэя? Раптам высветлілася, што нашмат больш выгадна ў гэтым памяшканні чайнікі прадаваць...

Павел Вайніцкі: Я б тут не зацыкліваўся на фінансах. Калі чалавек хоча працаваць, ён будзе рабіць твор літаральна са смецця ў самых непрыдатных умовах.

Руслан Вашкевіч: Мы можам выкладвацца на сто пяцьдзесят працэнтаў, але агульная сітуацыя неспрыяльная для нас, мастацтва не стала моднай тэмай. У яго па-ранейшаму не прынята ўкладваць грошы...

Таццяна Кандраценка: Мы — прадукт той гісторыі, якая нас спарадзіла. Фактычна, гаворка цяпер вядзецца пра тое, як трансфармаваць культурнае асяроддзе. Гэта не наша справа.

Павел Вайніцкі: Сапраўды, задача мастака — ісці далей і выходзіць з зададзеных рамак. Фінансавыя і інстытуцыянальныя складнікі тут не істотныя.

Пазіцыя ці стылізацыя?

Руслан Вашкевіч: У нашым мастацтве няма ідэй, за якія можна памерці. Здохнуць, калі не зробіш. Усё неабавязковае, нейкае дэкаратыўна-прыкладное. Ніякае. Не хапае рэальнага жыцця...

Павел Вайніцкі: Нядаўна памёр малады мастак Луіза Буржуа. Ёй было 98. Яна здолела захаваць юны імпэт да старасці. У нас маладыя творцы працуюць нібы дзяды.

Міхаіл Гулін: На выставе была прадстаўлена работа майго знаёмага скульптара. Памятаю сітуацыю, калі падчас гульні ў футбол нехта падставіў яму падножку: ён учапіўся ў твар крыўдзіцеля, пачалася сапраўдная бойка. І вось ягоны твор: тоненькая дзяўчына з валасамі, якія развіваюцца. Работа называецца «Ветрык». Вар’яцтва. Сучасны адэкватны (дакладней — неадэкватны, але гэта добра для мастака) малады чалавек выстаўляе твор, з якога нельга рабіць выснову аб тым, што аўтара насамрэч цікавіць і ці цікавіць нешта ўвогуле. Нейкія агульныя фразы, аднолькавыя плямы. Узнікае да творцаў пытанне: «Дзе вы жывяце?»

Таццяна Кандраценка: У Акадэміі ты знаходзішся ў структуры, у кантэксце заданняў. Выходзячы, чалавек павінен будаваць той кантэкст сам. І гэтая складаная задача прыпадае на малады ўзрост, на 25-30 гадоў.

Большасць ідзе ў дызайн. Нехта застаецца. Іншыя вырашаюць, што будуць проста добрымі выканаўцамі.

А тут з’яўляюцца яшчэ шматлікія праблемы фінансавага кшталту. Сям’я і заробкі. Вось і адказ на пытанне, чаму мы не бачым выразнага моладзевага мастацтва.

Руслан Вашкевіч: Праблема ў тым, што ў нашай Акадэміі мастацтваў не вучаць студэнтаў стратэгічна мысліць. Іх вядуць пяць гадоў за ручку дробным крокам ад прагляду да прагляду. І забываюць, што проста выканальніцкае майстэрства нікога не выратоўвае.

У Еўропе студэнтаў адразу нацэльваюць на ўдзел у праектах. Яны не толькі робяць твор, але і вучацца яго прэзентаваць. Напрыклад, могуць выставіцца са сваім прафесарам як калегі. Выпускнікі не трацяць па пяць-дзесяць гадоў на самавызначэнне і пошукі свайго месца.

І ў нас студэнта трэба ад пачатку накіроўваць на ўласны шлях. Выдаць паёк на адзін дзень і пазначыць на карце кропку невяртання.

Стаць зоркамі тут

Павел Вайніцкі: Не варта думаць, што ўсе выпускнікі замежных мастацкіх устаноў становяцца творцамі. Толькі невялікі іх працэнт... Але я хацеў сказаць пра тое, што калі мясцовая сітуацыя здаецца вам неспрыяльнай, заўсёды ёсць іншыя зоны для творчых высілкаў. Свет адкрыты.

Руслан Вашкевіч: Мой досвед сведчыць пра адваротнае. Вялікая колькасць замежных выстаў — гэта добра. Але чым больш у мяне іх было, тым лепей разумеў, што я — нібы наёмнік на чужой вайне. Зрэдку атрымліваецца зарабіць грошы, паказаць нешта новенькае. Няблага. Усе задаволены. Але калі тычыцца сур’ёзных праектаў, усе будуць ставіць на сваіх, тых, якія побач. А ты ніколі не станеш сваім, седзячы на лаўцы запасных. Мы патрэбны тут. І зоркамі мы можам стаць таксама тут.

Павел Вайніцкі: Для дзесяці мільёнаў беларусаў?

Руслан Вашкевіч: Для трох чалавек. Для сябе.

Міхаіл Гулін: Я згодны з гэтым. Цягам апошняга года да мяне таксама прыйшло такое разуменне. Я выразна ўсвядоміў сваю прыналежнасць да гэтай тэрыторыі. Толькі тут.

Значыць...

Павел Вайніцкі: Значыць, трэба развівацца, удасканальвацца. Імкнуцца адпавядаць узроўню не толькі мясцоваму, але і інтэрнацыянальнаму.

Руслан Вашкевіч: Словы ў мастацтве не маюць сэнсу без дзеяння. Для пачатку трэба проста вызначыць хоць бы пару крокаў у накірунку далейшай мэты. І менавіта толькі пра гэта варта гаварыць.

Павел Вайніцкі: Задача маладога мастака — пераадольваць межы. Ісці далей. Справа не ў няўдалых выставах — у нас саміх.

Руслан Вашкевіч: Так, калі заканчваюцца размовы, пачынаецца самая вялікая праблема — творчых ідэй. Ідэю пераўтварэння свету рэалізаваць тут і цяпер практычна немагчыма. Але мы павінны рыхтаваць гэтае месца, каб наступная генерацыя не пачынала з нуля.

пакаленне next

Ад дзіцячага захаплення графікай Антаніна Слабодчыкава перайшла да энергічных эксперыментаў у буйных формах, свежых і бадзёрых, як бутэлька «Coca-Cola» з маразілкі. Яе мастацтва — спалучэнне розных стыляў і творчых практык, сумесь сюррэалізму і неапоп-арта, калажу, інсталяцый і тэксту.

— Зараз я ўзгадваю, якімі дзецьмі мы былі пасля Акадэміі, дзецьмі, якіх выкінулі ў жыццё. Было вельмі цяжка, адчувалася разгубленасць — і настальгія. Атрымалася, што ўсе гэтыя гады мы былі «завязаны» на Акадэміі, жыцця ўвогуле не бачылі, бо нават у суботу і нядзелю — працавалі, малявалі. Пасля зыходу ты не ведаеш, як запаўняць свой час і прастору.

Я чакала, што пасля нашага выпуску будзе творчы выбух, «захлёст», але людзі пачалі спакойна шукаць сабе нішкі. Патрэбна браць крэдыты, набываць халадзільнікі... Кожны ўжо вызначыўся са сваімі прыярытэтамі.

Жыццё раскрываецца пакрысе. Як сад для Алісы, яно хавае ў сабе ўсё больш і больш новых дарожак і лабірынтаў. І даводзіцца ўвесь час выбіраць. А па сутнасці выходзіць, што лабірынты і дарожкі — гэта стэрэатыпы, якія навешваюцца нам на вушы з дзяцінства: «Ну вось, аднаго нарадзілі, а калі другога заведзяце?», «А кватэра калі будзе?»

Такія сутыкненні з рэальнасцю радыкальна змянілі мяне. Першы год пасля Акадэміі — гэта год аскетычных, абмежаваных зносінаў, год адзіноты. Наўкол шмат людзей, з якімі цікава было б паразмаўляць, а мы — нібыта ў вакууме. Потым пачалі «выходзіць у свет». Першым быў Руслан Вашкевіч — мы хацелі пасябраваць, наведваліся ў яго майстэрню, паказвалі свае працы. Абралі сабе некалькі «зорных» маскоўскіх галерэй («Рыджыну», галерэі Марата Гельмана і Айдан Салахавай) і накіраваліся туды. У нашым партфоліо было ўсё, што мы ўмеем рабіць: хацелася паказаць, што мы можам і так, і так, і гэтак. Усе глядзелі на нас, як на дзяцей. Пазнаёміўшыся з рэаліямі, паехалі назад і зноў сталі працаваць.

У мастацтве істотныя візуальны вопыт, нагледжанасць і ўсведамленне таго, што ёсць мастакі на іншых планетах і ў іншых краінах. Праводзіцца фільтрацыя ўсяго, што ўбачыў і спазнаў, выбудоўваецца свой ланцужок прыярытэтаў і інтарэсаў. Ты чытаеш, вывучаеш, знаёмішся, нарэшце, з тым, што ёсць такое паняцце, як постмадэрнізм, пра які ты нават не чуў у Акадэміі, бо наша гісторыя мастацтваў заканчвалася на Генры Муры. Новыя веды мяняюць свядомасць.

Зразумела, можна «працягваць традыцыі беларускага мастацтва» і ствараць туманныя працы пад назвай «Легенды камянёў», але гэта смешны пафас і блеф. Надзённая наша праблема — адчуць і сфармуляваць, што ёсць насамрэч сапраўднае, і выразіць тое, што думаем. Калі спачатку ў мяне былі расчараванні, то потым я пачала скідваць усё гэта, як рыбіну луску. Прыходзіла разуменне: гэта не тое, і гэта не тое, гэта не так...

Маладому беларускаму мастаку патрэбна камунікацыя — тады тое, што ў ім закладзена, абавязкова праявіцца. Мне ў гэтым плане пашчасціла, бо мы з мужам мастакі і можам сам-насам «гаварыць пра высокае». Людзі, блізкія па духу, знаходзяць адно аднаго і прымагнічваюцца. «Свайго» чалавека ты ўбачыш нават у натоўпе.

пакаленне next

Сяргей Шабохін працуе з відэа, графікай і фатаграфіяй, тэкстамі, інсталяцыямі і сцэнаграфіяй. Аўтар чатырох серый работ для «Беларускага павільёна 53-й Венецыянскай біенале» — леташняй акцыі актуальнага мастацтва. Куратар праекта «Філасофія мас. Беларускі неапоп-арт».

— Самаідэнтыфікацыя — перманентны працэс, фундаментальны для любога думаючага чалавека. Але разуменне таго, што я хачу быць толькі мастаком, прыйшло не так даўно, толькі на чацвёртым курсе БДАМ. Гэтае рашэнне мела для мяне каласальнае значэнне. Мала хто са студэнтаў свята верыць у тое, што будзе займацца мастацтвам пасля заканчэння Акадэміі. Часцей за ўсё так і адбываецца: творчую кар’еру працягваюць адзінкі.

Мой светапогляд мяняўся, часта — кардынальна, бо на кожнай прыступцы мастацкай адукацыі трапляліся пасткі новых ікон і канонаў. Мяне кідала ў крайнасці, і калі-нікалі гэта было даволі балюча. Але ў выніку я набыў пазітыўны вопыт, і сумненні дапамаглі мне ўмацавацца ў сваім выбары. Дарэчы, сумненне — важны саюзнік мастака. Калі ён задаволены сваёй творчасцю, значыць штосьці не так.

Быць маладым творцам у Беларусі проста і складана. Мінусы празрыстыя: гэта праблемы з самой мастацкай сістэмай (наладжванне сувязей з іншымі яе ўдзельнікамі, атрыманне майстэрні), адсутнасць прызнання, напрацаванага аўтарытэту і сувязей. Часта падводзяць дурнота і няхватка вопыту. У Беларусі недастаткова фондаў і грантаў для падтрымкі маладых аўтараў, мала якасных экспазіцыйных пляцовак. Мастакам-пачаткоўцам цяжка заключыць дагавор з галерэяй ці з іншымі падобнымі інстытуцыямі. Для заробку яны займаюцца дызайнам, стрыгуць, працуюць у кавярні...

Плюсоў таксама шмат. У нас лёгка «засвяціцца». Каб на маладога аўтара звярнулі ўвагу ў Германіі, яму даводзіцца прыкладаць значна большыя намаганні.

У маладых ёсць права на памылку. Усе ацэньваюць твой патэнцыял, а не нейкі агульны творчы вынік. Ну і, канешне, маладосць — гэта энергія, інфантыльнасць, пастаянныя пошукі і вялікія планы.

пакаленне next

/i/content/pi/mast/33/554/13.jpg
Андрэй Савіч. Круг. Акрыл. 2009.
Андрэй Савіч называе сябе шматпалярным і шматвектарным мастаком. Ён чаргуе заняткі абстрактным і фігуратыўным жывапісам, улетку займаецца каменнай і драўлянай плоскаснай скульптурай, цікавіцца лічбавай графікай, эксперыментуе з відэа і анімацыяй.

— Мы проста вымушаны зарабляць грошы, і, на мой погляд, гэтая праблема «знішчыла» і «знішчае» шмат таленавітых маладых мастакоў. Неабходны няспынныя ўпартыя творчыя пошукі, а ў якім накірунку працаваць і якія матэрыялы ці тэхналогіі выкарыстоўваць — не так ужо і істотна. Важна імкнуцца да якасці мастацкага прадукту.

Галоўнае, што я зразумеў пасля заканчэння Акадэміі дванаццаць гадоў назад: жорсткая самаарганізацыя — самая неабходная рэч для мастака любога ўзросту, калі ён хоча паспець пакінуць свой след у мастацтве. Асабіста я змагаюся з недахопам часу на ўласны творчы працэс і вельмі злуюся на сябе, калі не рэалізую ў тэрмін запланаваныя праекты.