Водгулле няўмольнага часу

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

З неапублікаванай кнігі ўспамінаў

Гэта жанчына з дзівосным, часам неверагодным чалавечым і творчым лёсам. Імя Маргарыты Сяргееўны Мінянковай, заслужанага работніка культуры Беларусі, добра вядома многім нашым музыкантам розных спецыяльнасцей. Яна належыць да ліку старэйшых айчынных музыказнаўцаў і педагогаў.

Амаль 50 гадоў Маргарыта Сяргееўна працавала ў элітарных навучальных установах — у Мінскім музычным вучылішчы, у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі, у самой Беларускай кансерваторыі. Выкладала курсы гармоніі і сальфеджыо, методыкі, музычна-тэарэтычныя дысцыпліны. Вучнямі Мінянковай былі і кампазітары, якіх сёння мы лічым класікамі, — Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Сяргей Картэс, Эдуард Зарыцкі, і сярэдняе пакаленне творцаў — Уладзімір Дарохін, Віктар Капыцько, Сяргей Молчан, Васіль Кандрасюк, Алена Атрашкевіч і інш.

Сярод выхаванцаў Маргарыты Сяргееўны многія вядомыя беларускія даследчыкі музыкі і педагогі — Радаслава Аладава і Валянціна Антаневіч, Кацярына Дулава і Алена Гарахавік, Таццяна Ляшчэня і Таццяна Цітова, Наталля Хадзінская і Ірына Ухава. Яе вучні працуюць у буйнейшых кансерваторыях розных гарадоў СНД, зрабіліся вядомымі вучонымі, даследчыкамі музыкі, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Сярод іх — Яўгенія Скурко, Святлана Сазанчук, Наталля Саўкіна, Марыя Шчарбакова, Марына Старчэус. І сёння Мінянкова кантактуе з многімі сваімі былымі выхаванцамі. Ёй пішуць з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Уфы, Вашынгтона, Нью-Йорка, Іерусаліма.

Маргарыта Сяргееўна добра памятае пачатак Вялікай Айчыннай, памятае акупіраваны Мінск. У час вайны яна змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе, які знаходзіўся на тэрыторыі Мінскай вобласці. Яе смеласць адзначана многімі ўрадавымі ўзнагародамі — ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі, у тым ліку «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені.

Увогуле яе жыццё, падзеі якога адлюстраваны ў нявыданай пакуль грунтоўнай кнізе ўспамінаў, часам нагадвае прыгодніцкі серыял. Асобныя раздзелы з будучай кнігі мы і прапануем чытачу.

Таццяна Мушынская

Маргарыта Мінянкова

Як пачалася музыка

Маё дзяцінства прайшло на Палессі, у глухім мястэчку Парычы, што на рацэ Бярэзіне. Бацька — галоўны ветэрынарны ўрач раёна, маці — настаўніца. Культурнае жыццё абмяжоўвалася паказам нямых фільмаў у клубе пажарнага дэпо. Пра радыё мы толькі чулі. Вяршыняй тэхнічных дасягненняў успрымалася адзіная грузавая машына, што працавала ў суседнім калгасе. Упершыню я ўбачыла яе, калі мне было 10 гадоў. У той час цывілізацыя мала закранула мае родныя мясціны.

У школе я вучылася з захапленнем, была круглая выдатніца. Аднойчы маці аб’явіла, што буду вучыцца музыцы. Гэта здарылася пры канцы 4-га класа, мне споўнілася адзінаццаць. У Парычы прыехаў стары піяніст Уладзімір Аляксандравіч Більдзюкевіч.

/i/content/pi/mast/31/553/53.jpg

Дзядуля Нікандр Нікандравіч Мінянкоў з жонкай.

У маім жыцці пачаўся новы этап. Для першага знаёмства настаўнік прапанаваў запомніць сказ «Рэфаля дома?», мелася на ўвазе рэ-фа-ля-до-мі... Урок доўжыўся дзве гадзіны, першую Уладзімір Аляксандравіч мяне вучыў, другую сам іграў на раялі. А я, стаіўшы дыханне, лунала ў аблоках. Цяпер разумею, для чаго ён гэта рабіў: ён імкнуўся, каб я ўлюбілася ў музыку, бо ніякай музычнай інфармацыі, акрамя «Широка страна моя родная» або «Легко на сердце от песни веселой» з фільма «Вясёлыя рабяты», не было. Пра радыё тады мы нават уяўлення не мелі.

Дадому прыйшла заплаканая, бо дарогу палівала слязамі захаплення. Маці са страхам і хваляваннем кінулася да мяне:

— Чаму ты заплаканая? Што — ён біў цябе?

— Не, мамачка, я плакала ад любві да музыкі!

Я рухалася хутка і неўзабаве пачала іграць невялікія п’ескі. Але праз тры месяцы шчасцю прыйшоў канец. Уладзімір Аляксандравіч назаўжды пакінуў Парычы і паехаў у Бабруйск да дачкі. Гэта я ўспрыняла як трагедыю.

Раяль з надпісам «Пушчын»

Кажуць, што лёсу няма, але хіба не яго таямнічая рука ўмяшалася ў маё жыццё і вызначыла далейшыя падзеі? Трэба было так здарыцца, што ў палескай глухамані ў камуне імя Сталіна ў куце стайні мой бацька ўбачыў пакалечаны прадмет, які калісьці называлі раялем. Тата яго купіў. Калгаснікі дзівіліся і пасміхаліся: «І нашто доктару патрэбна гэтая скрыня?» (у той час бацька працаваў у Парычах галоўным ветурачом раёна). Як прывезлі дадому велізарны канцэртны раяль, не памятаю, машын ва ўсім раёне не было. Напэўна, на дзвюх драбінах... Белая клавіятура такая абадраная, што можна пазаганяць стрэмак. Струн, малаточкаў, ножак і педаляў няма, толькі каробка і дэка. Калі адкрылі вечка раяля, унутры прачыталі надпіс, зроблены вялікімі залатымі літарамі: «Пушчын». Прозвішча мне ні пра што не казала, а мама здзівілася: чаму Пушчын? Гэта ж імя дзекабрыста! А якая сувязь інструмента з прозвішчам? Нашмат пазней таямніца раскрыецца, але пра гэта — у свой час.

Неўзабаве па запрашэнні бацькоў са Слуцка прыехаў стары настройшчык. Ён жыў у нас тры месяцы, штосьці клеіў, майстраваў, з’явіліся струны... І раяль перажыў другое нараджэнне. Як я чакала таго моманту! Адным пальцам падабрала модную тады мяшчанскую мелодыю «Ах ты, маленькая Нэлі». Літаральна падскочыла ад захаплення, націснуўшы адначасова чатыры гукі — соль-сі-рэ-фа. Потым загучалі мелодыі ўсіх знаёмых песень, якія спявалі ў школе, песні з кінафільмаў «Вясёлыя рабяты», «Волга-Волга», «Шукальнікі шчасця», «Цырк». Вельмі лёгка пайшло акордавае гучанне. Неўзабаве на слых іграла «Паланез» Агінскага, «Бурэ» Баха.

Убачыўшы маю цягу да музыкі, мама вырашыла, што любові мала, трэба мець здольнасці. Летам у час канікул мы выправіліся ў Мінск. На вуліцы Кірава знаходзіўся трохпавярховы цагляны будынак музычнага тэхнікума і кансерваторыі. З трапятаннем я глядзела на яго — тут нараджаецца музычнае чарадзейства!

У будынку рамонт. Маці спыніла нейкага маладога чалавека, які выйшаў з класа, і папрасіла паслухаць мяне і даць параду. З пагардай акінуўшы позіркам нашы сціпла апранутыя постаці, ён прапанаваў мне прадэманстраваць сваё «мастацтва». Я і выдала «Паланез» Агінскага, вядома, падабраны на слых, у дадатак нязграбнымі рукамі. Пасля некалькіх тактаў пачула:

— Хопіць! Хто сказаў, што табе трэба вучыцца музыцы? Калі такімі рукамі будзеш іграць, давядзецца адрэзаць кісці... Ідзі вучыцца на рахункавода або на акушэрку ў бальніцу!

Колькі высакамернасці было ў ягоных вачах і словах! Ён і ўявіць не мог, што правінцыйная маці няўмелай дачкі — таленавіты выкладчык, дасканала валодае польскай, нямецкай, французскай мовамі... Як я даведалася потым, мой нядобразычлівец быў тады ўсяго толькі студэнтам музычнага тэхнікума.

Маці падзякавала, мы пайшлі. Я не бачыла дарогі, слёзы ліліся ручаінай. Для мяне прагучаў смяротны прысуд. Аб’явіла вучобе байкот (гэта быў ужо 6-ы клас), «з’ехала» з пяцёрак на тройкі. Тым не менш на раялі іграла гадзінамі. Але вось закавыка: знаёмыя песні перайграныя, ніякіх нот няма. І я пачала сачыняць уласную музыку — п’есы пад назвамі «Дзіцячыя гады», «Шум мора», «Палонны». У той час у мяне сур’ёзна балела нага, і аднойчы мы з татам выправіліся ў Бабруйск на рэнтген. Па дарозе з паліклінікі ўбачылі шыльду — «Музычная школа». Бацька звярнуўся да дырэктара, той сабраў некалькі выкладчыкаў і папрасіў сыграць, толькі не песні і танцы, а тое, што сама сачыніла. Доўга іграла... Потым мяне папрасілі выйсці, а бацьку — застацца. Што яму казалі, не ведаю, але выйшаў ён з усмешкай і ледзь не са стогнам: «Ой, дачушка, дачушка! Параілі тэрмінова ехаць у Мінск!» На душы зрабілася лёгка, як быццам выраслі крылы.

У выніку ўсё-такі выправіліся ў Мінск у музычную школу на плошчы Свабоды (тую, якая потым на ўсё жыццё зрабілася для мяне родным домам). Дырэктар Ізраіль Рыгоравіч Герман паведаміў, што, па-першае, інтэрната няма, па-другое, узяць мяне ў 7-ы клас немагчыма, бо не ведаю музычнай граматы, не маю ўяўлення пра сальфеджыо, а ведаю толькі ноты і іграю на слых... Якое выйсце? Ехаць дадому, закончыць 7-ы клас агульнаадукацыйнай школы і паступаць у музычны тэхнікум. Там ёсць аддзяленне, на якое прымаюць без падрыхтоўкі, без музычнай школы. Так я і зрабіла.

Музычны тэхнікум

У Мінску адшукалі інтэрнат музычнага тэхнікума і кансерваторыі па вуліцы Камуністычнай. Экзамены прайшлі непрыкметна і хутка. Па музычных прадметах праверылі даныя — слых, памяць, рытм. Усё з бляскам!

Да пачатку вучобы заставалася некалькі дзён, як аднойчы сярод ночы прачнулася ад жахлівага сну: перад вачыма, з мноствам падрабязнасцей, стаяла пахаванне бацькі. Я так безнадзейна плакала і так ірвалася дадому, што мая сяброўка Матля не змагла адмахнуцца. У тры гадзіны ночы мы былі на вакзале. Вёрткая Матля змагла здабыць білеты, так дабраліся да Бабруйска, а потым, на спадарожным грузавіку, да Парыч. Па дарозе — ці ў Бабруйску, ці яшчэ ў Мінску — з кішэні паліто ў мяне выцягнулі і грошы, і дакументы.

І вось я на парозе дома. На ганку нерухома стаіць маці і маўчыць... У кватэры, як у час рамонту, усё перавернута ўверх дном, на падлозе — адзенне, кнігі, паперы. Сляды вобыску... Бацьку арыштавалі і забралі. Майму гору не было мяжы. Дый мамінаму — таксама. Успамінаю, як яна ў адчаі рубіла сякерай па сценах з крыкам: «Ён чысты, як крышталь, ён ні ў чым не вінаваты!» З цяжкасцю яе супакоілі. Брат Юра (яму споўнілася 11) падчас арышту бацькі з гэтай сякерай кінуўся на міліцыянера.

Назаўтра ў школе сабралі ў зале вучняў, і дырэктар аб’явіў: «Мінянкова — жонка ворага народа, ёй тут не месца!» Маці выклікалі ў райкам партыі (хоць была беспартыйная) і прапанавалі адмовіцца ад мужа і падаць заяву на развод. Удакладніўшы: калі яна так зробіць, яе не будуць звальняць з працы. Прыяцелька маці, Шыпуля (іх сям’я лічылася нашымі лепшымі сябрамі, усе святы адзначалі разам), з’явілася, але не са словамі спачування, а з прапановай аддаць ёй раяль: «Усё роўна яго ў вас забяруць!» Маці адказала: «Пасяку, але не аддам! Гэта інструмент маёй дачкі!»

Без суда і следства, сумна вядомай «тройкай» Сяргей Нікандравіч Мінянкоў быў адпраўлены на 10 гадоў у ссылку на Калыму. У 1947 годзе пайшла другая хваля арыштаў. Бацька пазбег гэтай долі, але яго пакінулі на пасяленні. Два разы на тыдзень павінен быў з’яўляцца ў камендатуру і адзначацца. Так працягвалася яшчэ 8 гадоў, ажно да 1953-га, калі памёр Сталін. Бацька вярнуўся дадому пасля 18-гадовага расстання з сям’ёй.

Парадокс: сям’я «ворага народа» — жонка і двое дзяцей — ваявала ў партызанскім атрадзе з 1942 года аж да ўз’яднання з Чырвонай Арміяй.

Студэнцкія гады

Але вярнуся ў даваенны час. У музычным тэхнікуме я хавала сваё гора. Дзяўчаты ведалі, што тата ў мяне доктар, маці — настаўніца, і дзівіліся, што я так бедна апранута і адмаўляюся хадзіць разам у сталоўку. Пра арышт бацькі маўчала, як і многія студэнты, якія мелі такі ж лёс. Тым не менш, усе пра ўсё ведалі, а выкладчыкі нам спачувалі. Не забуду, як Яфім Лявонцьевіч Жыў (ён выкладаў фартэпіяна) запрасіў дадому і папрасіў, каб ягоная жонка накарміла мяне і яшчэ дала з сабой. Некаторых студэнтаў з сем’яў рэпрэсаваных выключалі з тэхнікума і кансерваторыі. Усе са страхам чакалі: хто наступны? Янка Шмігер хавалася і начавала ў знаёмых — у яе былі арыштаваныя і бацька, і маці. А па радыё металічным голасам абвяшчалі пра новыя змовы супраць Савецкай улады і доўга зачытвалі спісы «ворагаў народа».

Вось у такім псіхалагічным становішчы даводзілася жыць. І толькі прага да вучобы ратавала хворую свядомасць, дапамагала адсунуць крыху ўбок страшныя думкі, трывожныя чаканні, усведамленне, што дамоклаў меч вісеў над галавой кожнага з нас.

Вучылася з велізарным захапленнем, з радасцю насычалася ведамі. Маё валоданне фартэпіяна раней абмяжоўвалася выключна выкананнем песень і танцаў на слых, цяпер жа, апантаная любоўю да музыкі, я рухалася наперад сямімільнымі крокамі. На сальфеджыо палову ўрока праводзіла за дзвярмі, бо першая заканчвала заданне і для таго, каб у мяне не спісвалі, педагог прасіў выйсці з класа.

Дзіўлюся: якія ў той час мы былі неадукаваныя і недасведчаныя! Браніслаў Сільвестравіч Смольскі выкладаў гісторыю музыкі. Калі высветліў, што тэрмін «хрысціяне» мы разумелі як «сяляне», на яго твары ўзніклі плямы — ад гневу!

З кожным днём нашы далягляды пашыраліся. Гэтаму спрыялі канцэрты ў зале кансерваторыі. Цяжка забыць вечар, калі Генрых Нейгауз іграў 24 прэлюдыі і фугі Баха. Падзеяй успрымаліся выступленні ў Мінску выканаўцаў, якія не так даўно зрабіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў: Розы Тамаркінай (фартэпіяна), Міхаіла Фіхтэнгольца (віяланчэль).

Кансерваторыя

Скончыўся навучальны год 1-га курса, я — ужо на другім. Пасля зімовай сесіі выклікалі ў вучэбную частку і аб’явілі, што пераводзяць на падрыхтоўчы курс кансерваторыі. Такім чынам, «за бортам» у мяне аказаліся палова другога курса тэхнікума, трэці і чацвёрты! Мяне прызначылі на кафедру кампазіцыі ў клас Мікалая Ільіча Аладава.

Ён — класік беларускай музыкі, надзвычай своеасаблівы чалавек. Расказваў, што вучыўся музыцы дома, экзамены ў Пецярбургскай кансерваторыі здаў экстэрнам адразу за ўвесь курс і атрымаў дыплом. Аладаў быў вялікім арыгіналам — і на выгляд, і ў неардынарных учынках. Велізарныя цёмныя вочы, між імі — пасма валасоў... Помніцца зашмальцаваны партфель, які ён звычайна падтрымліваў рукамі падчас руху.

Інтэрнат музычнага тэхнікума і кансерваторыі размяшчаўся на першым паверсе двухпавярховага будынка і займаў адзінаццаць пакояў. З васьмі раніцы і да адзінаццаці вечара грымела какафонія, змешваліся гукі фартэпіяна, скрыпкі, флейты, баяна, валторны. Раённая доктарка, якая аднойчы наведала хворага студэнта, жахнулася і сказала, што трапіла ў вар’яцкі дом. У інтэрнаце ніякі расклад для заняткаў на фартэпіяна не мог задаволіць усіх, некаторыя студэнты падымаліся ў 5.30. У шэсць раніцы мы ўжо знаходзіліся каля кансерваторыі, займалі класы і практыкаваліся да дзевяці. А вечарам з 21 да 23 гадзін, а то і пазней... Ажыўленне ў інтэрнаце пачыналася амаль ноччу, калі студэнты вярталіся пасля канцэртаў або працы ў аркестры. Паходы на кухню з чайнікамі, абмен інфармацыяй, залівісты смех, флірт закаханых парачак...

6 сакавіка адбыўся справаздачны канцэрт студэнтаў-кампазітараў усіх курсаў. Зіхацелі такія прозвішчы, як Леў Абеліёвіч, Метэк Вайнберг, Уладзімір Алоўнікаў (усе — 5-ы курс), Генрых Вагнер (2-і курс). Я вучылася на першым. Калі дзве мае фартэпіянныя прэлюдыі выканала Браніслава Школьнікава, зала ўзарвалася бурнымі апладысментамі, пачуліся выгукі: «Аўтара — на сцэну!» Ад сарамлівасці і страху памкнулася ссунуцца ўніз з крэсла. Ваня Васільчанка, наш камсорг, літаральна схапіў мяне за рукі і выштурхнуў на сцэну... Ніколі не забуду гэтага нечаканага поспеху і шматлікіх віншаванняў.

Вайна

Няўмольны час усё далей і далей адсоўвае ў памяці падзеі даўно мінулых дзён. Многія з іх забыліся, але ёсць такія, якія час не сцірае, яны жывымі вобразамі стаяць перад вачыма.

Для мяне навучальны 1940—1941 год быў асабліва радасным. Паспяхова прайшоў паказ маіх сачыненняў на канцэрце кампазітарскага аддзялення, я атрымала Сталінскую стыпендыю. І ўсё-такі радасць ад заканчэння вучэбнага года азмрочвалася нейкім неўсвядомленым пачуццём трывогі, чаканнем чагосьці кепскага. У паветры насіліся чуткі пра будучую вайну.

22 чэрвеня 1941 года. Здадзены ўсе залікі і экзамены, застаўся апошні, па гісторыі партыі. Але не магу засяродзіцца, нічога не ідзе ў галаву. У двары інтэрната з цяжкасцю прымушаю сябе ўзяцца за апошнія білеты. Раптам з пакоя каменданта чуецца суровы голас Левітана, ён аб’яўляе, што зараз з важным паведамленнем выступіць Молатаў. Усе сціхаюць. І з рупара гучаць злавесныя словы аб тым, што 22 чэрвеня, на світанку, у чатыры гадзіны раніцы германскія войскі вераломна напалі на Савецкі Саюз...

Страшэннае слова «вайна»! Людзі аслупянелі, ногі як быццам прыраслі да зямлі, сэрца, здаецца, спынілася... Што рабіць? Са здранцвення вывеў голас студэнта Клешчыка: «Глядзіце, глядзіце на неба!» Высока-высока ўжо лётала некалькі нямецкіх самалётаў-разведчыкаў. Першая думка — бегчы ў Маскву! Там жывуць бацькі майго добрага знаёмага Шуры. Але такі намер не на жарт угнявіў Івана Васільчанку, нашага камсорга. Яго абурыла нават думка пра тое, што ў Мінск могуць трапіць немцы! «У самым горшым выпадку вайна будзе доўжыцца месяц, а потым мы прагонім іх назад! Ідзі і рыхтуйся да экзаменаў!» Увечары Ваня развітаўся і пайшоў на зборны пункт у ваенкамат. Увесь дзень да вечара радыё манатонным голасам паведамляла адрасы зборных пунктаў, куды павінны скіроўвацца мужчыны для адпраўкі на фронт.

Мы, дзяўчаты, сабраліся ў адзін вялікі пакой, леглі па тры чалавекі на ложак, прыціснуліся адна да адной і са страхам усю ноч слухалі зенітныя стрэлы. Горад апанавала цемра, толькі дзе-нідзе злавесна мільгацелі сінія лямпачкі.

Першыя налёты

23 чэрвеня зайшоў брат Юра, студэнт ветэрынарнага тэхнікума, што на Курасоўшчыне. У сталовай паабедалі, потым я адправілася ў атэлье, каб забраць гатовую блакітную сукенку. Першую, на якую зарабіла сама. Але яна аказалася не адпрасаванай, параілі забраць заўтра.

А «заўтра» ўжо не было... Яно гарэла ў агні. 24 чэрвеня. У горад скінулі шмат дыверсантаў, пераапранутых у ваенную форму Чырвонай Арміі і міліцыі. Яны падпальвалі будынкі, сеялі паніку. Уся вуліца Леніна была ахоплена полымем. У гасцініцу «Еўропа», што знаходзілася на рагу Ленінскай і Інтэрнацыянальнай, трапілі бомбы, пад развалінамі загінула шмат людзей.

Я пабегла здаваць экзамен. На вуліцы Чырвонаармейскай міліцыянер прымусіў схавацца пад аркай дома, бо вакол ірваліся снарады. Дабегла да кансерваторыі, а там паніка, нікога з адміністрацыі няма. Які тут экзамен?! Паімчала ў інтэрнат, там студэнты выносяць скульптуры з падвала мастацкай майстэрні. Спадзяюцца выкарыстаць яго ў якасці бамбасховішча. І тут як ірванула, задрыжэў будынак, пасыпаліся тынкоўка і шкло з вокнаў. Усе выбеглі на вуліцу. Я заскочыла ў свой пакой, схапіла дакументы, партфель з двума боханамі хлеба, накінула летняе паліто і ў тым несамавітым адзенні, у якім звычайна прыбірала, памкнулася да бамбасховішча ля опернага, яно недалёка ад нашага інтэрната.

Вось яна, злая іронія жыцця! Гарачы сонечны дзень, блакітнае бязвоблачнае неба, а ў ім — сотні самалётаў, якія шалёна скідаюць бомбы і расстрэльваюць з кулямётаў мірных жыхароў. Жудасная сімфонія смерці, дзе лейтматывам гучала пранізлівае выццё сірэн паветранай трывогі пад акампанемент выбухаў і пошчаку кулямётных чэргаў, сімфонія, ад якой ледзянела кроў і прыходзіла ў жах усё жывое...

Я кінулася за натоўпам на Камароўку. Там быў луг, а далей поле і лес. Праз кожныя пяць-сем хвілін людзі падалі на зямлю, бо рваліся бомбы, страчылі кулямёты. Пакуль самалёты рабілі новы заход — мы беглі. А вось і луг, Балотная станцыя. У адзін з такіх заходаў самалёта бягу і чую крыкі: «Рыта! Кладзіся!» Упала тварам у крапіву, калі паднялася, бачу, да мяне ідуць Марк Васільевіч Зінчук, мой загадчык кафедры (дацэнт, таленавіты музыказнаўца), Грымбліт, загадчык кафедры музычнага выхавання, і Лідзія Вячаславаўна Шварц, дырыжор хору. Учацвярых мы пераадольвалі кожныя наступныя сто метраў з рызыкай больш не падняцца з зямлі.

У ваколіцах Мінска

Аднаго разу ўсіх нас ледзь не прынялі за шпіёнаў, бо салдат уводзілі ў зман элегантныя габардзінавыя макінтошы, капелюшы і прыгожыя скураныя партфелі маіх спадарожнікаў. Нарэшце дайшлі да выратавальнага лесу. Тысячы спакутаваных бежанцаў цягнуліся па лясной дарозе. Ніхто не звяртаў увагі на трупы, параненых, кінуты хатні скарб, адзенне, падушкі. На зямлі валяліся адкрытыя чамусьці сейфы, а ў іх — пачкі новенькіх асігнацый. Сцямнела. Ззаду, як велізарнае вогненнае палотнішча, гарэў горад. Сілы скончыліся. Падклалі пад сябе газеты і леглі спаць у лесе. Пайшоў дождж.

Прачнуліся на світанку і пачалі распытваць бежанцаў пра дарогу на Маскву. Усе паказвалі ў розныя бакі. Ніхто нікому не давяраў, бо было шмат дыверсантаў, якія сеялі паніку. Рэспектабельнае адзенне маіх спадарожнікаў унушала падазрэнні. Вось калі выявілася бездапаможнасць і непрыстасаванасць інтэлігентаў...

Нам трапілася група артылерыйскага разліку. Камандзір параіў, каб трымаліся далей ад воінскіх падраздзяленняў, бо выгляд шынялёў як магнітам прыцягваў ворага. Нарэшце выйшлі на шашу Варшава — Масква. Зінчук вырашыў падзяліць мой хлеб (у маіх спадарожнікаў нічога з ежы з сабой не было). На дзень атрымалася па тры кавалачкі памерам з пачак запалак.

Дайшлі да вёскі Багута (гэта за некалькі кіламетраў ад цяперашняга Кургана Славы). Калгасны двор, стайня, усе двары і дамы занятыя бежанцамі. У калодзежах вычарпалі ваду — аж да пяску. Спёка, дыхаць няма чым. Усе пакутуюць ад смагі. Адна жанчына дазволіла нам заняць клець, дзе звычайна захоўваецца вясковы інвентар. Яна адмовілася прадаць нам якога-небудзь харчу, а грошы, чырвоныя купюры з выявай Леніна (30 рублёў), кінула: «Навошта мне гэтыя паперкі?»

Вёска знаходзілася ў нізіне між двума вялікімі ўзгоркамі. Ранкам пачаўся бой. Перакрыжаваным агнём «спаборнічалі» нямецкія войскі і нашы воінскія часці, якія адступалі. Зямля літаральна стагнала ад выбухаў снарадаў і мін. У гэтым пекле можна было звар’яцець! Бой доўжыўся аж да наступлення цемры. І нечакана ўсё сціхла. Ніводнага гуку. Раптам плач і крык мужчыны: «Немцы!» За пяцьдзесят метраў ад вёскі па шашы Варшава — Масква з мерным гулам сцяной рухалася стальная армада — танкі, бронетранспарцёры, артылерыя...

Дарога на Маскву адрэзана, што рабіць? За ноч немцы прасунуліся далёка на ўсход. Мы апынуліся ў акупацыі. Усю ноч і наступны дзень нямецкія войскі суцэльнай сцяной, не сустракаючы супраціўлення, ішлі на Маскву.

У бясконцай плыні бежанцаў мы пацягнуліся назад у горад. Не хацелася верыць жахлівай праўдзе. Радкі вядомай песні «Если завтра война...», што гучалі так пераможна, успрымаліся цяпер як насмешка над рэальнасцю. Сорамна ўсведамляць, што за шэсць дзён ад пачатку вайны немцы дайшлі да Мінска і занялі яго... Што здарылася? Дзе наша праслаўленая армія? Тысячы пытанняў узнікалі ў галаве, горыч сораму і крыўды мучыла і цела, і душу...