Водгулле няўмольнага часу

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

З неапублікаванай кнігі ўспамінаў

У акупіраваным горадзе

Мы вяртаемся ў Мінск. Уся вуліца Савецкая (цяпер праспект Незалежнасці) у велізарных варонках ад бомб, як быццам узараў дарогу трактар. На тратуарах ляжаць трупы, асобна рукі, ногі, галовы. Смурод, гарачыня. Замест дамоў абгарэлыя каробкі. Чамусьці ўрэзалася ў памяць карціна: дагарае касцёл святога Роха. Стары, трымаючы за руку дзіця гадоў пяці, поркаецца на папялішчы, разварушвае яго доўгай палкай і нешта збірае ў мех. Можа, іконы? Каля цяперашняга парка Горкага на мосце стаіць нямецкі вартавы з аўтаматам, правярае дакументы. У каго яны ёсць — у адзін бок, у каго няма — у другі. Тых, апошніх, усіх забралі ў канцлагер, за калючы дрот.

Мы пайшлі шукаць жыллё. Мой інтэрнат дагараў. Дамы, дзе жылі Марк Васільевіч Зінчук і Грымбліт, педагогі кансерваторыі, разбамбілі. Дырыжору Лідзіі Вячаславаўне Шварц пашанцавала, невялікі драўляны дамок, у якім яна здымала пакойчык у метраў восем, цэлы. Гэта вуліца Карла Маркса, там, дзе спуск да ракі Свіслач. Так мы знайшлі дах над галавой. У двары цэлымі засталіся два аднапавярховыя дамы, там жылі музыканты з кансерваторыі.

Спякота нясцерпная, мучае смага, але ўсе калонкі разбітыя. Хтосьці сказаў, што самая блізкая ацалелая калонка ля Опернага. Туды і выправіліся з чайнікамі. На сценах дамоў велізарныя аб’явы: «Бі жыдоў! Бі камуністаў! Хто хоча атрымаць 250 грамаў хлеба — падбірайце трупы і зносьце іх...» (не памятаю ўжо, куды). Ад такіх аб’яў мурашкі беглі па скуры. Падышла да кансерваторыі — там выкацілі на вуліцу раяль. І немец у сподніках найграваў факстрот. Увогуле немцы людзей не саромеліся, многія хадзілі па горадзе ў адных плаўках.

У горад бежанцаў упускаюць, набіраюць рабочую сілу, а выходзіць вонкі забараняецца. Вельмі хочацца есці, аж да галодных спазмаў. Хтосьці сказаў, што разбіраюць склады з прадуктамі, пайшлі і мы. Аўтаматчык, які абараняў склад, абстраляў натоўп, усе кінуліся ўрассыпную. Пайшлі на фабрыку «Камунарка». Людзі, як жукі, караскаюцца па сценках цыстэрны, каб зачэрпнуць патакі. Двое на вачах іншых патанулі, іх спіхнулі тыя, хто напіраў ззаду. Нам так нічога і не перапала...

Выдадзены загад — усім мужчынам з’явіцца на рэгістрацыю. Назад яны не прыйшлі, усіх адправілі ў канцлагер. Вечарам да нас завітаў немалады афіцэр, папрасіў Лідзію Вячаславаўну перакласці на нямецкую назвы вуліц на карце горада. Яна ў сваю чаргу папрасіла яго паспрыяць, каб адпусцілі нашых мужчын-музыкантаў, далёкіх ад палітыкі. Немец паабяцаў і не падмануў. Назаўтра мужчыны вярнуліся, захапіўшы з сабой яшчэ некалькіх артыстаў з драмтэатра.

У суседнім доме, здаецца, ладзіцца вечарынка: немцы хочуць пазнаёміцца з рускімі. Туды пайшлі ўсе музыканты, засталіся я і Марк Васільевіч. Мяне з сабой не паклікалі, бо я «не прасыхала» ад слёз і не ўяўляла, як размаўляць з ворагам. Ціхі летні вечар, на небе месячык ззяе. Не хочацца верыць, што пачынаецца новае бязрадаснае жыццё ў акупацыі. Зінчук абхапіў слуп веранды і бязгучна горка зарыдаў. Упершыню ўбачыла, як плача мужчына...

Пазней Зінчук уладкаваўся на працу — дробным служачым у нейкай канторы. Лідзію Вячаславаўну Шварц узялі прыбіральшчыцай. Часам яна выбіралася ў вёску, каб памяняць сваё адзенне на ежу, і аднойчы знікла без следу... Зінчука пасля вызвалення Мінска адправілі ў штрафны батальён, дзе ён адразу і загінуў. Справа не толькі ў тым, што ён ніколі не трымаў у руках вінтоўку: са штрафнога батальёна ўвогуле жывым амаль ніхто не вяртаўся. Такім аказаўся лёс цудоўных музыкантаў, дацэнтаў кансерваторыі.

Як мы ратаваліся?

Ранкам прыйшоў Карповіч, былы завуч кансерваторыі. На вечарынцы ён здолеў дамовіцца з немцамі і прапанаваў нам працу — прыбраць у будынку цяперашняй лечкамісіі, куда павінны былі прывозіць параненых. Такім чынам чатыры жанчыны былі часова ўратаваны ад голаду. За дзень працы кожная з нас атрымлівала поўны салдацкі кацялок плову і бохан хлеба. Дома чакалі галодныя мужчыны, з якімі мы ўсё і дзялілі.

Так прайшоў тыдзень. Праца заканчвалася. Я папрасілася ў афіцэра яшчэ крыху папрацаваць, пакуль не пачнуць выпускаць з горада. Ён спытаў, дзе жыву, разгарнуў карту (уразіла, што ў немцаў такія падрабязныя карты, пяці- і нават кіламетроўкі). Я знайшла і паказала вёску Гарэлец, дзе жыла мая маці. Немец пацікавіўся, ці можна нарыхтаваць там прадукты для параненых, і абяцаў дапамагчы дабрацца дадому. Я зразумела, што ён быў начальнікам гаспадарчай часткі шпіталя.

Назаўтра салдат Алекс, шафёр Ганс, афіцэр і я выправіліся ў дарогу. Дабраліся ўдала. Вось і Гарэлец, вось і мой дом. На вуліцу высыпалі аднавяскоўцы, каля дома стаіць маці. Машына імчыць, я стукаю ў кабіну з просьбай спыніцца, працягваю рукі да мамы, плачу ад радасці. А маці (як яна потым расказвала) падумала, што мяне вязуць на расстрэл. З крыкам пабегла за машынай і самлела. Машына спынілася, маці прывялі да прытомнасці. Слёзы, пацалункі, абдымкі... Ад пачатку вайны прайшоў месяц. Мама мяне ў думках даўно пахавала і кожны дзень плакала, стоячы ля майго партрэта. А тут радасць!

Немцы выцягнулі з машыны на вуліцу два мяхі з мукой і пачалі мяняць яе ў вяскоўцаў на яйкі, сала, смятану. Усе разышліся. Маці згатавала бедны абед (бо галадалі страшэнна), накарміла фрыцаў. Ад’язджаючы, яны пакінулі нам паўмеха мукі, 30 маленькіх плітак шакаладу (потым мы доўга падтрымлівалі імі свае сілы). Як потым даведаліся, франтавікі і тылавікі (гаспадарнікі) не займаліся расправамі з мірнымі жыхарамі, гэта было спецыяльнасцю асаблівых каманд карнікаў.

Анёл-ахоўнік няйначай аберагаў мяне. Не ўяўляю, як бы прайшла пешшу каля ста кіламетраў па дарогах, дзе на кожным кроку небяспека. Да таго ж — наіўнае дзяўчо, не прыстасаванае да жыцця...

Гарэлец. Акупацыя

Так пачалося жыццё ў акупацыі. Ад вёскі Гарэлец да чыгуначнай станцыі Мар’іна Горка напрамкі 15 кіламетраў, а па дарозе — 20. Вакол лес, балоты, у 300 метрах — Пціч. Месца глухое, немцы з’яўляліся тут час ад часу, але і глухмень бамбілі. Днём і ноччу ішлі незлічоныя групы салдат і афіцэраў з тых частак Чырвонай Арміі, якія адступалі. Знясіленыя, галодныя, хворыя, раненыя, яны прабіраліся таемнымі сцежкамі ў бок фронту з заходняй мяжы. Заходзілі ў хаты, прасілі паесці. Да вайны не прынята было рабіць вялікія прадуктовыя запасы, дый сродкаў на гэта не хапала; калі ж і рабілі, дык усяго на некалькі тыдняў. Маці раздавала чырвонаармейцам кулёчкі-рагалікі, сухары, бацькава і дзядулева адзенне. Каб лягчэй было прабірацца да фронту, салдаты пераапраналіся ў цывільнае. Два лейтэнанты пакінулі ў нас усю сваю амуніцыю. Не магу без горкай усмешкі згадваць, як мой брат, 15-гадовы Юра, апранаў афіцэрскі шынель, рэмень, партупею і круціўся каля люстэрка з гордым выглядам.

Юра і ягоны таварыш Ваня Крывашэеў дні напралёт блукалі па лесе, збіраючы боепрыпасы. Увесь падпечак у хаце быў завалены патронамі і гранатамі. Гранаты-«лімонкі» ўмудрыліся схаваць нават у раяль. У лесе знаходзілі неразарваныя снарады. Маці вельмі перажывала, але няўрымслівага брата перапаўняла імкненне ваяваць. Аднойчы, ныраючы ў рацэ, убачыў кінуты ручны кулямёт. Выцягнуць не хапала сіл, але ў вадзе ён упарта штурхаў кулямёт да берага і нарэшце даў рады. Разам з Ванем схавалі яго пасярод балота — на сухой выспе. Юра доўга валэндаўся з кулямётам: разбіраў, чысціў. (У ветэрынарным тэхнікуме, дзе вучыўся брат, ваенная справа была наладжана выдатна. Вучні свабодна збіралі і разбіралі вінтоўку і кулямёт.) Урэшце кулямёт быў прыведзены ў парадак, змазаны і схаваны ў надзейным месцы. З ім Юра пайшоў у партызаны. Гэта быў першы кулямёт у атрадзе.

На пачатку вайны ўсе настаўнікі школы, дзе працавала мама, разбегліся, дырэктар перабраўся ў вёску, бліжэй да нямецкага гарнізона. З усімі бедамі і па параду аднавяскоўцы ішлі да мамы. Настаўніца зрабілася і доктарам, і перакладчыкам. Аднойчы тры байцы прынеслі цяжка параненага таварыша. Вясковыя хлопцы падказалі, да каго звярнуцца. Толькі маці перавязала параненага, бягуць тыя ж хлопцы з крыкам: «Немцы!» Побач з домам — клець, байцы зацягнулі туды раненага, самі схаваліся ў сене. У двары на зямлі кроў. Маці хапае суседскую курыцу і адсякае ёй галаву. Як быццам тая кроў — таксама курыная... З’яўляюцца немцы. На пытанне, ці ёсць тут чырвонаармейцы, маці дае пераканаўчы адказ: нікога няма, усе даўно збеглі. Немцы паверылі і з’ехалі.

І надалей, калі ў вёсцы з’яўляліся немцы, а людзі не разумелі, чаго тыя хочуць, тут жа пасылалі за мамай. Яна прыходзіла і ўносіла яснасць, такім чынам многія канфлікты ўдавалася пагасіць. Да вайны мама была выкладчыцай літаратуры, рускай і нямецкай моў. У розныя часы выкладала французскую, а ў 1923 — 1925 гадах — шэраг прадметаў на польскай у мястэчку Шацілкі (пазней Светлагорск).

...Цягнуліся трывожныя дні. Да глыбокай ночы сядзелі ў двары, на вуліцы, бачылі сполахі пажараў, чулі далёкія выбухі. І ва ўсіх адно спадзяванне: можа, гэта нашы наступаюць? А восенню і зімой, калі ціснуліся ля печкі (іншага асвятлення не было), усе размовы круціліся вакол аднаго: дзе фронт, ці хутка прыйдуць нашы?

Мы галадалі. Агароды мала хто трымаў, у мамы ўся зямля вакол дома была засаджана кветкамі. Запасы сухароў, мукі, крупаў раздадзены байцам, якія адступалі. На калгаснай ферме дазволілі браць дробную бульбу (корм для свіней), яе дралі і пяклі бліны, якія атрымліваліся амаль сінімі. На дзень выходзіў адзін блін, памерам з далонь. Раз-пораз маці хадзіла жабраваць, аднойчы прынесла некалькі жменяў жыта. З цяжкасцю яго змалолі, зрабілі зацірку, смак якой памятаю да сённяшняга дня.

Як немцы ледзь не спалілі вёску

Вайна ішла ўсё далей на ўсход. Народ жыў у страху, бо невядома, што будзе заўтра. Вяскоўцы спадзяваліся, што немцы хутка адступяць. Але чуткі прыходзілі адна горшая за другую, казалі, што акупанты дакаціліся да прыгарадаў Масквы, што здадзены Ленінград. Узрушылі весткі пра масавае знішчэнне яўрэяў. Расстрэлы, шыбеніцы, расправы з жыхарамі вёсак... Недалёка ад Гарэльца немцы спалілі вёску Прыстань, але жыхароў пазабіваць не паспелі, бо з’явіліся партызаны.

Аднойчы з ранку пачулася кулямётная стральба, з крыкам: «Немцы!» пабеглі людзі. Стараста прайшоў па вёсцы і аб’явіў загад гітлераўцаў: усім мужчынам ад малога да старога сабрацца ля магазіна. Дачакаліся, пакуль збяруцца, усіх закрылі на замок, паставілі варту з аўтаматчыкаў. Маці, каб выратаваць Юру, хутка паклала сына ў ложак у суседнім пакоі, побач — тэрмометр, флакончыкі з лекамі, таблеткі (рэшткі даваеннай аптэчкі).

З плачам прыбягаюць жанчыны: «Настаўніца, ратуйце!» Павялі маму, а праз 10 хвілін прыбягаюць дзяўчаты, клічуць мяне. Маці паставілі да сценкі, пытаюць, чаму ведае нямецкую мову. Мабыць, яўрэйка або жонка камісара? (З прыходам немцаў многія пачалі ўзмоцнена вучыць нямецкую мову. Нам з Юрам было лёгка, бо дапамагала маці, былі слоўнікі, дый маладая памяць у экстрэмальных умовах усё засвойвала хутчэй.) Я бяру пашпарт мамы і свой, бягом да магазіна. Паказала пашпарты, сказала, што я дачка гэтай жанчыны. Па выглядзе нельга было падазраваць ува мне яўрэйку: блакітныя вочы, валасы колеру пшаніцы. Афіцэры спыталі, хто я, чым займаюся.

Сказала, што я — студэнтка кансерваторыі, бежанка з Мінска, і запрасіла немцаў да нас паслухаць музыку. Я спадзявалася, што маці здолее ўгаварыць іх не чыніць расправу над людзьмі. Так было ўжо не аднойчы, калі жыхары вёскі прыбягалі да мамы з просьбай пагаварыць з немцамі і адвесці бяду. Напэўна, нямецкія афіцэры былі здзіўлены, што ў гэтай глухамані можна паслухаць музыку.

Афіцэр заўсміхаўся, адпусціў маці, і мы, два афіцэры, я і мама ў суправаджэнні гурта дзяўчат, пайшлі да нас. Маці скамандавала жанчынам, каб неслі прадукты (у нас няма нічога, акрамя бульбы), і стала гатаваць «сняжкі» (узбітыя яйкі, малако, ваніль — вельмі смачная страва). А я села за раяль і пачала іграць нямецкія песні (дзве іх запомніла, пачуўшы ў Мар’інай Горцы), вальсы Штрауса і іншую лёгкую музыку. Вось дзе ратавала ўменне іграць на слых усё, нават класіку!

У паўзах маці садзілася бліжэй да афіцэраў і пераконвала іх: «Цяжка паверыць, што такія інтэлігентныя, адукаваныя асобы, лепшыя прадстаўнікі нямецкай нацыі, пачнуць забіваць ні ў чым не вінаватых людзей... Хіба ж могуць нашчадкі вялікіх гуманістаў Гётэ, Бетховена, Баха, Гендэля, Гайдна быць забойцамі?»

А я зноў іграю. Маці прыгатавала страву, запрасіла немцаў за стол, аднак яны да ежы не дакрануліся, загадалі мне пакаштаваць, бо баяліся атруты. Я з радасцю накінулася на такія смачныя «сняжкі», але мяне адсунулі ўбок. Я — зноў за раяль... Разамлелыя немцы паслалі салдат з загадам: адпусціць палонных, але з умовай: каб ранкам у шэсць гадзін сабраліся ля магазіна. А калі не будзе хоць аднаго чалавека, усіх расстраляюць, а вёску спаляць.

У Гарэльцы жыло 20 прыпіснікоў (афіцыйна яны лічыліся ваеннапалоннымі), ці можна на іх спадзявацца? Дый ці можна верыць немцам? Усю ноч мы, не распранаючыся, прасядзелі ў чаканні. Шэсць раніцы, усе ў зборы, не падвялі прыпіснікі! Каля нашага дома паставілі салдата, які не выпускаў нас за браму. Сэрца замірала. Што будзе?

Нарэшце з боку магазіна ўбачылі калону немцаў, пасярэдзіне — нашы людзі, а замыкаюць калону таксама немцы. Ішлі ў напрамку вёскі Пясчанка. Раптам — зарыва пажару, лямант, а праз паўгадзіны цэлымі і жывымі вярнуліся мужчыны вёскі. Якія мы былі шчаслівыя!

Заходзяць у наш дом два афіцэры, хмурыя і злыя, прыстаўляюць пісталеты да грудзей маіх і маці (ніколі не забуду гэты момант, адчування халоднай сталі і чакання смерці) і кажуць: «Вы пераконвалі нас, што ў вёсцы няма камуністаў, а мы толькі што спалілі дом камуніста!» Я ім кажу: «Ніякі ён не камуніст, у яго няма партыйнага білета!» (Вядома, цяпер гэта гучыць як бязглуздзіца!) Ён мне адказвае: «У яго ёсць бум-бум-бум!» Інакш кажучы, гранаты. Нехта данёс немцам на дурня, якія захоўваў некалькі гранат.

— Мы павінны вас расстраляць! Але таму, што ў вашым доме мы елі і слухалі прыгожую музыку, пакідаем вам жыццё. Ніколі не ручайцеся за іншых...

Атрад карнікаў у 250 чалавек пайшоў на Пясчанку. Там чуліся кулямётная страляніна, выбухі. Вёска гарэла. Але жыхары паспелі збегчы ў лес, бо ведалі, што немцы ў Гарэльцы.

Пасля вайны на рынку ў Мар’інай Горцы мяне аднойчы спыніў жаночы крык: «Вой, людцы! Гэта яна разам з маткай уратавала нашу вёску...» І кабета кінулася мне на шыю. Я не пазнала яе, але, аказваецца, яна была ў нас дома падчас размовы маці з немцамі і майго вымушанага «канцэрта».

Партызанская вайна

Па вёсцы папаўзлі чуткі, што ў нашых лясах бачылі партызан. Аднойчы брат Юра са змоўніцкім выглядам прызнаўся, што ідзе на сувязь з імі. Яны з сябрам пераплылі раку Пціч, увайшлі ў лес, там, у прызначаным месцы, прагучаў вокліч: «Стой! Хто ідзе?» Праз 50 метраў новы пост, потым яшчэ адзін...

Даведаўшыся, што за ракой у пасёлку Ржышча паяўляюцца партызаны, я вырашыла наведаць там знаёмую сям’ю. Позна ноччу пачуўся стук. Гаспадар адчыніў дзверы. На парозе стаялі тры чалавекі ў ваеннай форме, добра ўзброеныя. Спыталі, хто я, дзе жыву, што ведаю пра становішча ў вёсцы і наваколлі, ці згодная трымаць з імі сувязь, выконваць заданні.

— Мікалай Шыпілаў, — прадставіўся адзін з іх.

Велізарныя, чорныя як вуглі цыганскія вочы нібыта праціналі магічнай сілай. Белізну твару падкрэслівала чорная шапка валасоў. Ягоная прыгажосць проста гіпнатызавала...

Трапіўшы дадому, расказала маці пра сустрэчу. Як высветлілася, Юра з Шыпілавым ужо знаёмы. Пачаўся новы перыяд у маім жыцці. Трэба было часта выпраўляцца ў Мар’іну Горку, дзе стаяў гарнізон. Збіраць звесткі пра дыслакацыю нямецкіх войскаў, плануемыя карныя аперацыі, раздабываць газеты і медыкаменты. У Мар’інай Горцы давялося ўзнавіць адносіны з сям’ёй Шыпуляў. Колішнія сябры нашай сям’і, яны пасля арышту бацькі перасталі мець з намі якія-кольвеч стасункі. Пры немцах Шыпуля заняў чужую шыкоўную кватэру (мастака з Мінска). Як толькі немцы запатрабавалі, заявіў у камендатуры аб сваёй ранейшай прыналежнасці да кампартыі. Яму далі пасаду ва ўправе. Ягоныя дочкі Ларыса і Жэня актыўна наведвалі танцулькі, куды прыходзілі нямецкія афіцэры і паліцэйскія. У гэты час яны пачалі ставіцца да мяне па-сяброўску: як дачка «ворага народа» я, на іх погляд, павінна была вітаць «новы парадак».

Дарэчы, паходы ў Мар’іну Горку спрыялі пашырэнню майго чытацкага кругагляду — Шыпулі дазвалялі карыстацца багатай бібліятэкай. Дома ў мяне не было ніякага занятку: ні агарода, ні гатавання ежы (з чаго яе гатаваць?), адзіная магчымая забава — пасьянсы. Кнігі дапамагалі крыху забыць пра навакольную рэчаіснасць. Так я прачытала шэраг раманаў Генрыка Сянкевіча («Quo vadis?», «Патоп», «Крыжакі», «Пан Валадыеўскі»), Віктора Гюго («Чалавек, які смяецца», «93-і год», «Адрынутыя»), Аляксандра Дзюма («Тры мушкецёры», «Граф Монтэ-Крыста», «Праз дваццаць гадоў»).

Калі ў чарговы раз наведала Мар’іну Горку, мне сказалі, што на нашу сям’ю ў паліцыі ўжо ляжыць некалькі заяў. Гэта быў мой апошні паход у гарадок. Потым я часта думала, якія метамарфозы могуць адбыцца з чалавекам пад уплывам абставін! Раней баялася зайсці ў цёмны пакой, ніколі б не пайшла без спадарожнікаў у лес... А вось давялося крочыць адной па гушчары 20 кіламетраў. Адчуваць небяспеку і ў дарозе, і ў гарнізоне, і падчас сустрэч з падпольшчыкамі. А пазней — удзельнічаць у баях, перавязваць і выцягваць з поля бою параненых байцоў. І не было страху — а толькі адчайная злосць, шалёны азарт. Але, трэба прызнацца, смеласці маім учынкам надавала яшчэ і пачуццё, якое называецца каханнем...

Так! Я без памяці закахалася, у чым баялася прызнацца нават сабе, не кажучы ўжо пра яго, Мікалая Шыпілава, майго камандзіра атрада... Зразумела гэта з першага позірку ў тую ноч, калі пабачыла трох узброеных людзей. Свядомасць не хацела мірыцца з тым, што вакол вайна, смяротная небяспека, што маё пачуццё — вар’яцтва, недарэчнасць... Безнадзейнае каханне, якое ні на што не прэтэндавала, пасялілася ў маім сэрцы як глыбокая тайна. Яно нарадзіла смеласць, рашучасць, прагу дзеяння. Калі прыходзіла з гарнізона і дакладвала камандзіру пра вынікі паходу, ні ён ні я не ўзнімалі вачэй. Мікалай заўсёды быў строгі, халодны, нешматслоўны, ніводнай усмешкі. Сустрэчы нашы былі кароткія і афіцыйныя. Як жа я пакутавала!

Прызнанне

У ліпені 1942 года з-за лініі фронту прыбыла група ў складзе 43-х чалавек. Яны трапілі на Пухавіччыну па заданні Беларускага штаба партызанскага руху, каб аб’яднаць у брыгаду стыхійна створаныя атрады (на той час іх было пяць або шэсць). У нашым доме адбылася нарада каманднага складу дзеючых партызанскіх атрадаў і кіраўніцтва брыгады. Усяго чалавек 30—35.

Пасля доўгага абмеркавання спраў мяне папрасілі сыграць на раялі. Загучалі песні — нашы савецкія, рускія народныя, такія задушэўныя і простыя... «Раскинулось море широко», «Синий платочек», «Амурские волны» і іншыя. Ніколі не забуду кранальную карціну і рэакцыю ўзброеных, суровых камандзіраў: хтосьці глыбока задумаўся, хтосьці ўсміхаўся, хтосьці неўпрыкмет выціраў слёзы... Музыка ўскалыхнула іх суровыя сэрцы, нагадала пра родных і блізкіх, пра далёкае мірнае жыццё, пра тое, што яны па волі лёсу апынуліся ў сітуацыі, дзе няма тылу, а вакол толькі фронт. Канцэрт доўжыўся больш за дзве гадзіны. Атрады аб’ядналіся ў брыгаду, якая атрымала назву 2-й Мінскай.

Праз пэўны час стала вядома, што партызанскі лагер мяняе стаянку, таму вёска Гарэлец застаецца без прыкрыцця. Калі з’явяцца немцы або паліцаі, нас з маці могуць проста павесіць. Хоць бы таму, што наша хата даўно ператварылася ў шпіталь, дзе мы выходжвалі параненых. Трэба было тэрмінова сыходзіць у лес, да партызан.

Праз некалькі гадзін на парозе з’явіўся Мікалай Шыпілаў. Папрасіў у маці дазволу пагаварыць са мной сам-насам. Яна выйшла. Чорныя, як пагаслае вуголле, вочы глядзелі на мяне так, як ніколі раней. Доўгая паўза... Кажуць, што вочы — люстэрка душы. Я не магла паверыць таму, што ўбачыла ў гэтых вачах... Мікалай адшпіліў кабуру, дастаў пісталет, паклаў яго на стол. Прагучалі дзіўныя словы: «Рыта! Я вас кахаю... Даўно, з першага погляду... Будзьце маёй жонкай! Калі адмовіце, я на вашых вачах застрэлюся!»

Не верачы вушам, я літаральна задыхнулася ад таго, што пачула.

— Дык чаму ж вы ўсе шэсць месяцаў маўчалі, не даючы нават намёку на свае пачуцці?

— Вайна! Нельга... Я разумеў, што ў такі час недарэчна нават думаць пра любоў. Але сэрцу не загадаеш... Я змагаўся, як мог, але каханне мяне перамагло. Ці магу я спадзявацца на ўзаемнасць?

Такое прызнанне можна было параўнаць з небам, якое ўпала на галаву. У страшэннай і шчаслівай разгубленасці я прашаптала: «Так!»

Мікалай папярэдзіў: «Хто б па вас ні прыязджаў, чакайце мяне! Вечарам я вас забяру...» Увесь дзень за акном чуўся стук колаў, гэта рухаліся па вёсцы атрады. Вечарам, гадзін у дзевяць, з’явіўся Мікалай са сваім ардынарцам. Паставілі на стол бутэльку самагонкі, кавалак хлеба, прыгубілі. Развітанне з маці аказалася нядоўгім. Гэта адбывалася 15 кастрычніка 1942 года. На двары дождж, цемра, слота, а для мяне самае шчаслівае імгненне жыцця! Сядзела на вазку ў абдымках каханага і ўсе вакол здавалася раем. Назаўжды запомніўся мне той вечар. Здавалася, больш шчаслівага чалавека няма на свеце... Я дагэтуль удзячная лёсу, што даў мне зведаць Вялікае Пачуццё. Хоць у далейшым маё жыццё пайшло, як кажуць, наперакос і сямейнае шчасце так і не склалася...

Я — у атрадзе. Першая блакада

Пачаліся партызанскія будні. Пры любым надвор’і дахам было неба. Здаралася, прачыналіся ад холаду, бо нас засыпала снегам, калі, стомленыя, валіліся з ног проста пад дрэвамі. Паходы на чыгунку, засады, удачы і няўдачы... Знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, ведала, што жыццё кожнага вісіць на валаску, што ў нас няма тылу, што многія нашы байцы загінулі, а яны былі лепшыя за мяне і здолелі зрабіць непараўнальна больш. На вайне гінуць сотнямі, тысячамі, і я павінна ў рэшце рэшт загінуць... Мной авалодала адчуванне наканаванасці, а разам з гэтым знік і страх.

Надышоў Новы год, 1943-і. Атрад знаходзіцца ў вёсцы Пясчанка. Бачу, Мікалай рыхтуе застолле чалавек на дваццаць. Маю маці называе «мамай», чаго раней не надаралася, а мне загадкава ўсміхаецца... Аказваецца, гэта наша вяселле... Мікалай узяў мяне за руку і вывеў на вуліцу. Была ціхая ноч, круглы месяц мірна асвятляў поле, занесенае снегам. А мы, перапоўненыя пачуццямі, марудна ішлі па снезе, усміхаючыся адно аднаму, і радаваліся магчымасці быць побач, не думаць ні пра вайну, ні пра паплечнікаў. Сам-насам даводзілася бываць вельмі рэдка. Усе размовы — пра аперацыі, якія маюць адбыцца. Пра асабістае не ўспаміналі, а калі і казалі, дык з горыччу. Мікалай згадваў: скончыў ваеннае вучылішча, служыў лейтэнантам на заходняй мяжы, дзе яго і заспела вайна. Расказваў пра баі, адступленне, палон, з якога некалькі разоў спрабаваў збегчы. Лавілі, нават сядзеў у камеры смяротнікаў... Разам з іншым палонным, Мікалаем Цярэнікам, які ў лагеры працаваў на грузавіку, здолелі ўцячы, бадзяліся па лясах, хварэлі на сыпны тыф. Богведама як выжылі. Калі акрыялі, пачалі ствараць партызанскі атрад.

Сярэдзіна студзеня. Заўтра пачатак аперацыі. У хаце гул, як у пчаліным вуллі. Прыходзяць і сыходзяць байцы. На печцы-ляжанцы я раблю бінты з парашутнай тканіны. Побач прысеў Мікалай, задумліва паглядзеў на мяне.

— Што будзе з намі заўтра? Давай паклянемся, калі хтосьці з нас будзе забіты, другі павінен пакончыць з сабой...

Далі клятву. Мікалай прасіў мяне не хадзіць у гэты бой. Адказала, што ва ўсіх аперацыях была побач, пайду і зараз.

Партызаны размясціліся на санях. Да нашага атрада імя Суворава далучыўся 5-ы атрад Лапідуса. Ад марозу зліпаюцца вейкі і ноздры. Цяжка дыхаць, твары байцоў, шапкі пакрыліся інеем. За ўсё жыццё ўпершыню давялося перажыць такі мароз — мінус 40. Па дарозе зрабілі два ці тры прывалы, заязджалі ў хаты абагрэцца. Гэта было памылкай, бо ствалы аўтаматаў ад цяпла пакрываліся вільгаццю, а на марозе замярзалі. Аўтаматы выйшлі са строю...

Прыбылі на месца, коней пакінулі ў пасёлку на ўзмежку лесу. Мікалай пастроіў атрад, даў распараджэнне ўзводам — і наперад! Мы з Мікалаем ішлі побач, узяўшыся за рукі… У апошні раз… Світала. Перад намі ляжала чыстае поле ў два кіламетры, снег вышэй за калені, а ўдалечыні — нямецкі гарнізон, які закапаўся глыбока ў зямлю, у дзоты. Адышлі метраў дваццаць, і раптам у неба ўзляцелі ракеты з боку Дражна. Нас прыкмецілі, а дакладней — чакалі. Атрад рассеяўся па заснежаным полі. Нас сустрэлі ўраганным агнём. Так і бачу перад сабой постаць Мікалая з узнятым аўтаматам:

— Уперад! У бой, за Радзіму! Бі фашыстаў!

Шквальны агонь прымусіў уціснуцца ў снег. З’явіліся параненыя, ля стога сена я толькі паспявала іх перавязваць. У грукаце згубіла з поля зроку Мікалая, ён кіраваў боем.

Мне здавалася, што бой доўжыцца вечнасць. Агонь узмацніўся, у бой уступілі мінамёты. Раптам мне крычыць Саша Кандаураў, ад’ютант камбрыга Іванова: «Рыта, адыходзь хутчэй! Паліцаям прыйшла дапамога са Старых Дарог, нас акружаюць!» Мой маскіровачны халат увесь чырвоны ад крыві, прабіты ў некалькіх месцах. Блізка каля лесу сустрэла групу нашых партызан, сярод іх Зорык Фрыдман, ён паранены ў вуха і ягадзіцу. У час перавязкі ўсхвалявана кажа — ці то пытаецца, ні то сцвярждае:

— Мікалай загінуў?!

Я дзіка закрычала, кінулася назад, на поле бою. Але тут закрычаў Зорык:

— Ён не загінуў, ён цяжка паранены. Яго адвезлі ў вёску.

Байцы, іх сямёра, пачалі крычаць на мяне: «Назад!» Зорык: «Ты не маеш права пакідаць раненых, нас сямёра, а ён адзін! Стой, а то застрэлю!» Я на імгненне спынілася, байцы падбеглі, штурхнулі мяне ў сані, і мы памчаліся ад пагоні. Прыехалі ў бліжэйшую вёску, тры кіламетры ад Дражна, там хата ўся набіта раненымі. Каля хаты вазок, ля яго Сашка Кандаураў:

— Саша, скажы праўду: Мікалай загінуў?

— Так, загінуў...

Гэта здарылася 15 студзеня 1943 года. Я ні пра што не магла думаць, бо бясконца, суткамі рыдала. У мяне адабралі зброю, бо ведалі, што я магла звесці рахункі з жыццём. Трое сутак не ела, не піла і ўжо амаль трызніла. На трэцюю ноч прыйшла да мяне партызанка Тоня і кажа: «Мы ўсе табе спачуваем, але трэба жыць і ваяваць, а ты нікому спаць не даеш. На самакрутку, кажуць, дапамагае...» Я зацягнулася і пачала страчваць прытомнасць. Толькі мільганула думка: «Мікалай, іду да цябе...» Адну тытунёвую самакрутку смаліла два дні, амаль паміраючы пасля кожнай зацяжкі. Нечакана чую крык: «Трывога!»

Пачыналася другая зімовая блакада...

Маргарыта Мінянкова