Уладзімір Зінкевіч. Мастацтва -- не рынкавая машына

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Яго карціны нагадваюць сны з іх мройнай недакладнасцю, фрагментарнай размытасцю, але з жывым ясным бачаннем дэталей, праз якія ўгадваюцца рэальныя падзеі. Вобразы палотнаў шматузроўневыя і эмацыянальна насычаныя. Яны -- вынік парадаксальных разваг і складаных асацыяцый, частка прыадкрытага для гледача ўнутранага свету мастака. Уладзімір Зінкевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ, больш вядомы ў нашай краіне і за яе межамі сваімі станковымі жывапіснымі работамі. У яго карцінах няма сюжэтаў, якія лёгка расшыфраваць, просталінейных тэм, канкрэтнасці партрэтнага жывапісу. Тут усё -- бясконцае супастаўленне пачуццяў і інтэлекту, вобразаў непадуладнай свядомасці і лагічных высноў. Гэта гульня, якая ніколі не страчвае сэнсу і не абмяжоўваецца адным палатном. Работы мастака нібы сатканы з алагізмаў: глухі жывапісны фон дае ілюзію цвёрдасці і непарушнасці, а накладзеныя на яго карункі вытанчанай жывапіснай тканіны ствараюць уражанне крохкасці. Фігуры, твары, прадметы без прасторы і паветра падкрэсліваюць адчужанасць дзеяння ад рэальнага жыцця. Палотны У.Зінкевіча -- бадай што містыфікацыя існуючага свету, магчымасць адначасова прыадкрыць свой унутраны свет і схаваць яго. Сам мастак не любіць тлумачыць уласныя творы і лічыць, што дасведчаны крытык і ўдумлівы глядач з лёгкасцю разгадае іх таямніцу.

 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja1.jpg
Зусім нядаўна вы разам з жонкай Валянцінай Сідаравай з поспехам прадставілі свае творы ў Празе. Ведаю, што гэтую выставу вы лічыце для сябе вельмі важнай. Але ж гэта далёка не першая прэзентацыя вашай творчасці замежнаму гледачу...

-- Для мяне выстава ў Празе сапраўды выключная падзея. І вось чаму. У 1980-я гады менавіта славацкая мастацкая школа спрычынілася да таго перавароту ў светаадчуванні, асэнсаванні рэчаіснасці, разуменні пластыкі, што зведалі мы -- маладыя мастакі. У той час гучалі імёны Альбіна Бруноўскага, Душана Кала, Ажовіча. Пра іх мы маглі прачытаць у такіх папулярных у Савецкім Саюзе часопісах, як нямецкі «Bildende Kunst», балгарскі «Изскусство». І не толькі прачытаць, але і паглядзець: А.Бруноўскі раз на год адкрываў у Вільнюскай акадэміі мастацтваў персанальную выставу графікі і фота. А буйны міжнародны конкурс кніжнай графікі «Залаты яблык», які штогод праходзіў у Славакіі, стаў для беларусаў шляхам у еўрапейскую супольнасць. Аднымі з першых у славацкім конкурсе пачалі ўдзельнічаць Мікола Селяшчук і Уладзімір Савіч. Яны мелі і дастаткова сур’ёзныя перамогі: у Міколы -- Гран-пры конкурсу, у Валодзі -- плакетка за якасць кнігі. І што цікава, графіка ў тыя гады пачала ўплываць на жывапіс. Графічныя прыёмы, вобразная сістэма бачання тактоўна, але заўважна перайшлі ў колеравую пластыку. Раней у жывапісе пераважала любаванне колерам, гэткая сумесь рэалізму з экспрэсіянізмам, дзе цалкам адсутнічала разуменне плямы, рытму. Карціны атрымліваліся прыгожыя па колеры, асацыятыўныя, але кампазіцыйны лад не адпавядаў патрабаванням. Графіка падштурхнула маладых звярнуць увагу на лінію, тон. Карціны пачалі не проста пісаць, а канструяваць. Таму сёння, пасля трыццацігадовага перапынку, мне было цікава паглядзець на сучаснае чэшскае мастацтва і адпаведна прэзентаваць сучаснае беларускае мастацтва.

Ці не падалося вам, што наша мастацтва можа ўспрымацца задужа традыцыйным у Чэхіі, якую сёння відавочна захапілі той самы «экспрэсіянізм» і фармальныя эксперыменты?

-- Самае сумнае, што ўсё гэта паўплывала і на вучэбны працэс. У Пражскай акадэміі мастацтваў скарацілася колькасць гадзін прафесійнага навучання, як і паўсюдна ў еўрапейскіх мастацкіх ВНУ, тэндэнцыя распаўсюджваецца і ў наш бок. Гэта страшэнная памылка. Мастак павінен пеставацца доўга і ўдумліва, і яшчэ невядома, калі і чым
 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja2.jpg

Верасень. Акрыл. 2006. 

скончацца «народзіны».
Але хацелася б сказаць вось пра што: у Празе мяне здзівіла цікавасць гледачоў маладога ўзросту да нашага светапогляду. Не хачу сказаць, што беларусы нейкія асаблівыя. Але мы прыадкрылі незнаёмы еўрапейцам мастацкі свет. Памятаю, як адзін з крытыкаў спытаў, да якога накірунку адносіцца мая творчасць. «Да містычнага рэалізму», -- адказаў я. Але што такое містыка? Як яе вытлумачыць, каб не скаціцца да прымітыўнасці, -- як стан сну або як арганічнае паяднанне з навакольным асяроддзем, перадачу пачуццяў? Але, зрэшты, такім і павінна быць нармальнае адчуванне творцам навакольнага асяроддзя. Нават калі мастак малюе краявід, ён не выпісвае літаральна кожную галінку, а выяўляе на палатне ўласныя асацыяцыі. Згадаю нашага паважанага майстра пейзажнага жывапісу А.Бараноўскага, у яго карцінах прырода акружана асаблівым рэчывам -- флёрам імпрэсіяністычнасці і эмацыянальнасці.

Гэта -- погляд з вашага боку. А як ацаніла вас чэшская крытыка?

-- У прэсе былі вельмі добрыя водгукі. Я рыхтаваўся да крытычнага ўспрымання, бо аб’ектыўна наша мастацкая школа дастаткова артадаксальная, з моцнымі рэалістычнымі
 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja3.jpg
 Кветкі старога саду. Акрыл. 2006.
традыцыямі. Але прафесіяналы заўжды з павагаю ставяцца да майстэрства іншаземных калег, беларускія ж мастакі, безумоўна, выдатна падрыхтаваныя, і гэта адчуваецца пры параўнанні іх работ з творамі еўрапейцаў. Зрэшты, пры ўсёй кансерватыўнасці навучання, мы на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў Акадэміі мастацтваў дазваляем студэнтам пасля чацвёртага курса адыходзіць ад жорсткіх акадэмічных канонаў, фантанаваць ідэямі і тэмамі, вольна працаваць у матэрыяле. За першыя гады вучобы яны засвойваюць азы тэхнічнага майстэрства, а далей пачынаецца тое, што ў Еўропе называецца «вольнай творчасцю». Толькі ў нас гэтая «вольная творчасць» знаходзіцца ў непарыўнай сувязі з рамеснымі ведамі, без якіх любое самавыяўленне становіцца надуманым і нецікавым. Калі не ведаеш асаблівасцей працы з металам, каменем, шклом, траўленнем, лесіроўкай і г.д., можаш накрэмзаць на лісце паперы нейкую кампазіцыю, але не перавядзеш яе ў памеры і матэрыял. Недахоп ведаў вядзе да разгубленасці. І вось гэтая разгубленасць стала хваробай заходніх мастакоў. З іншага боку, у Еўропе ідзе хуткі працэс камп’ютэрызацыі мыслення. Камп’ютэр пачаў вызначаць сістэму адносінаў, ён заварожвае неверагоднымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія зрабілі мастака не гаспадаром становішча, а памагатым. Узнікла небяспека знішчэння аўтарскага бачання і мыслення.

Калі ў 1980-я гады мы вучыліся ў славакаў пластыцы, вобразнасці, кампазіцыйнай выразнасці, то сёння мы знаходзімся ў больш выгадным становішчы ў параўнанні з імі?

-- Безумоўна. Я звярнуся да прыкладу графікі, бо наш жывапіс, на жаль, мала гучыць у еўрапейскай прасторы. Не таму, што беларускія жывапісцы не маюць адпаведнага
 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja4.jpg

 Полымя. Акрыл. 2007.

прафесійнага ўзроўню, проста яны амаль не ўдзельнічаюць у значных конкурсах і біенале, дзе фарміруецца элітарная мастацкая думка, вызначаецца міжнародны рэйтынг. Камерцыйныя выставы ў галерэях невялікіх еўрапейскіх гарадоў не прыводзяць да сусветнай вядомасці. Графікі ж, наадварот, штогод атрымліваюць па некалькі буйных узнагарод у Барселоне, Венецыі, Мілане, што і вызначае ступень іх прафесійнай значнасці. Бліскуча сябе паказалі ў міжнародных конкурсах многія выпускнікі Акадэміі мастацтваў: Ю.Якавенка, А.Пешкаў, П.Татарнікаў, Г.Ціханава... Яны напрацавалі рэйтынгавую структуру ў еўрапейскай прасторы. Дарэчы, сёння мы спаборнічаем не са славакамі, якія аказаліся «з’едзенымі» моцным камп’ютэрным уплывам, а са славянамі -- украінцамі, напрыклад. Спаборнічаем, безумоўна, віртуальна...

Кансерватызм нашай школы адыграў тут станоўчую ролю?

-- У кожнага з беларусаў у душы жыве гаспадар. У нашым менталітэце адчуваецца імкненне не столькі да канцэптуальнасці, колькі да рукатворнасці. Заходні мастак-авангардыст толькі нараджае ідэі, увасабляюць іх у аб’екты мастацтва тэхнікі-памочнікі. А мы, нават ствараючы канцэптуальныя праекты, усё робім сваімі рукамі.

Вось і графікі нашы таксама ўсе творчыя і вытворчыя працэсы імкнуцца зрабіць самі, і гэта, магчыма, дапамагае ім ўтрымлівацца на вяршынях міжнародных конкурсаў.

-- Перавага графіка ў тым, што ён можа 10 лістамі ўдзельнічаць у 30 конкурсах. Яго творы падарожнічаюць па свеце, і гэты працэс можа доўжыцца бесперапынна. Графічныя лісты беларускіх мастакоў перамагаюць нават у біенале графікі малых форм у Японіі, дзе ім даводзіцца канкураваць з прадстаўнікамі 115 краін свету. Калі выйшаў каталог, мы змаглі параўнаць розныя графічныя школы і ўпэўніцца: мы -- адны з лепшых. Калі ж выставу беларускага мастацтва ў Парыжы наладзіў П’ер Кардэн, гэтая акцыя сур’ёзных вынікаў не дала. І толькі таму, лічу, што выстава была наладжана адасоблена ад агульнага мастацкага працэсу. На самай справе куратару вялікай міжнароднай выставы сучаснага беларускага мастацтва ёсць дзе разгарнуцца. Можна зрабіць вострую і актуальную экспазіцыю, прадставіць розныя накірункі -- ад рэалізму да поп-арта. У нас ёсць з чаго выбіраць.

Месца мастацтвазнаўца, крытыка, куратара ў Еўропе вызначана даўно. А вось у нас пакуль на крытычныя выказванні часта адказваюць крыўдамі...

-- Толькі крытык, на маю думку, можа сфарміраваць вобраз сучаснага мастацтва. Яно такое шматграннае, што некаторыя важныя і спрэчныя моманты трэба тлумачыць. Мне вельмі падабаецца, як сказаў адзін швейцарскі крытык на адкрыцці апошняй
 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja5.jpg
 Сон Валянціны. Акрыл. 2006.
Венецыянскай біенале: «Крытык заўжды на баку гледача. Тэатр выглядае дзіўным без аўдыторыі. Гэтак жа атрымліваецца і з мастацтвам. Важна, каб завязаўся дыялог. Як мы ведаем, свет недасканалы. Калі не будзе крытыкі, мастацтва ператворыцца ў сухую рынкавую машыну».
Мы часта крыўдуем і нават становімся ў позу, калі нашы творы пасля выставак крытыкуюць, называюць слабымі або недапрацаванымі. Але пры гэтым забываемся, што крытыка абвастрае ўспрыманне мастаком уласнай творчасці. І ўвогуле, хто, акрамя мастацтвазнаўцаў, уголас скажа пра недахопы і слабыя месцы аб’ектыўна і важка? Толькі прафесійны крытык можа вызначыць праблему і ператварыць гэтую праблему ў задачу. І вось толькі тады пачынаецца сур’ёзнае і ўдумлівае ўвасабленне творчых задум мастака.
Мне, напрыклад, было прыемна, калі ў Празе адзін мастацтвазнавец вельмі дакладна вызначыў сэнс маіх работ: акрамя павярхоўнай тэкстуры, складанай, шматграннай, прыгожай, ідзе працэс яе ўкаранення ў глыбіню. Сённяшняе сучаснае мастацтва Еўропы вонкава вельмі эфектнае, тэкстуры працуюць на імгненны эфект, але ненадоўга затрымліваюць увагу гледача. За прыгожым фасадам не адчуваецца думкі. Увага да філасофскай глыбіні -- гэта адзін са складнікаў нашай мастацкай школы.

Дарэчы, пра тэкстуры. Валоданне імі і ёсць прычына таго, што многія вашы студэнты сыходзяць у жывапіс?

-- Што такое манументальная школа? Яна дае магчымасць пастаянна эксперыментаваць з матэрыяламі. Я не хачу пацясніць нашых жывапісцаў. Яны таксама працуюць з фарбамі, палатном, у іх ёсць поле для эксперыментаў. Але манументалістаў вылучае абвостранасць каларыстычных і пластычных задач. Калі ты працуеш над вітражамі, манументальнымі
 /i/content/pi/mast/3/55/Mastactva-ne rynkavaja6.jpg
роспісамі, мазаікамі, мяняецца тваё светаўспрыманне. З’яўляюцца разуменне лакальнасці, графічная структуры, якія рашаюць пэўныя характэрныя пластычныя задачы. Энкаўстыка, напрыклад, блізкая да тэмпернага роспісу. А ёсць цалкам новы матэрыял, які мы зараз толькі пачынаем распрацоўваць -- кераміка з уплаўленнем шкла, што дае нечаканыя эфекты пераходу адной формы ў другую. Усё гэта прымушае манументалістаў успрымаць некаторыя моманты вастрэй, быць авангарднымі і, як ні дзіўна, ствараць больш «літаратурныя» творы. Хаця сюжэтнасць -- гэта задача тэматычнай карціны. Прынцыпам стварэння шматфігурнай кампазіцыі трэба вучыць найперш студэнтаў-станкавістаў. Чаму б камусьці з маладых жывапісцаў не прапанаваць напісаць дыпломную работу на тэму Грунвальдскай бітвы? І зрабіць гэта не праз абстрагаваную пляму, а праз шматфігурнае спляценне чалавечых цел і коней? Дарэчы, узровень школы малявання гэта дазваляе. Малюнак нашых студэнтаў даволі ўпэўнены і моцны.

Магчыма, сённяшні дзень і не ставіць перад мастакамі такіх глабальных праблем. Сучаснае мастацтва скіравана на вырашэнне больш лакальных задач, чым стварэнне шматфігурных кампазіцый.

-- У жыцці ўсё бывае. Раптам атрымаеш музейны заказ... Напрыклад, адну з маладых мастачак некалькі гадоў таму запрасілі маляваць партрэты ў Ватыкане. Мала для гэтага мець канцэптуальнае мысленне. Трэба валодаць школай рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці, урэшце -- умець падобна намаляваць твар якога-небудзь кардынала. Таму студэнта трэба рыхтаваць да любых жыццёвых калізій, у якія ён можа трапіць.

Так бы мовіць, будучы мастак павінен зразумець, што мастацтва -- гэта высокая матэрыя, а жыццё можа паставіць яго ў розныя, нават неспрыяльныя ўмовы.

-- Мастак дваццаць першага стагоддзя рэзка адрозніваецца ад мастака стагоддзя дзевятнаццатага. Тады ўсе творцы былі бедныя. А сёння, я мяркую па сусветнай практыцы, мастаку сорамна быць без грошай. Мастак -- гэта цэнтр актыўных грамадскіх працэсаў. Не таму, што ўмее маляваць. Проста мастак па вызначэнні -- яркая асоба, якая вылучаецца з агульнага асяродка, здольная групаваць вакол сябе цікавых неардынарных людзей. Гэта можа адбывацца як у майстэрні, так і на адкрыцці выставы.
У Беларусі, на жаль, прэзентацыі персанальных экспазіцый у апошнія гады сталі вельмі лакальнымі і закрытымі. Збіраюцца толькі сябры, няма маштабных прадстаўленняў, па-сапраўднаму зацікаўленай публікі. Памятаю, у савецкія часы ў зале Цэнтральнага Дома мастакоў на Крымскім вале выстаўляўся Юкер. Усе паверхі будынка былі запоўнены гледачамі. І вось да аўтара падышла жанчына і задала яму пытанне пра творчае крэда і некаторыя спецыфічныя прафесійныя моманты. «Хто гэта?» -- спытаў мастак у адміністрацыі. Калі яму адказалі, што гэта ткачыха з Арэхава-Зуева, Юкер быў не на жарт шакіраваны. Такой удумлівай і інтэлігентнай публікі ён не бачыў. У савецкія часы культура, выяўленчае мастацтва былі адзінай магчымасцю адчуць сапраўднае духоўнае жыццё, вастрыню творчасці. А гэтая ткачыха, відавочна, была здзіўлена, што недзе за мяжой ёсць альтэрнатыва рэалістычнаму мастацтву. Вось так ішло сапраўднае перавыхаванне людзей. Пляваліся ў асноўным калегі. А просты народ стаяў у чэргах па квіткі з шасці гадзін раніцы.

Раней тусоўкі былі змешанымі. Нават партыйныя босы на іх хадзілі. А сёння адбылося расслаенне грамадства. Усе сталі жыць цэхава: бізнесмены з бізнесменамі, спартсмены са спартсменамі, музыканты з музыкантамі, мастакі з мастакамі.

-- Перавыхаванне важна пачынаць з правінцыі, з малых гарадоў. Рабіць знакавыя выставы, канцэптуальныя і цікавыя праекты. Трэба самім ствараць сенсацыю і інтрыгу. Мінуў час, калі можна было заспакоена гаварыць: прыйдуць, нікуды не дзенуцца. Сёння трэба працаваць з мастацкімі школамі, ВНУ, прадпрыемствамі. Чаму б не прыехаць на завод, не запрасіць, растлумачыць, што такое сучаснае мастацтва? Гэтым павінны займацца і крытыкі, і самі творцы.
Праблема рэкламы і інфармацыі ў Еўропе рашаецца праз запрашэнні на адкрыцці выстаў знакамітых мастакоў або вядомых грамадскіх дзеячаў. Некаторыя нямецкія творцы, напрыклад, пішуць у сваёй біяграфіі: я -- сябра Шродэра. І ўклейваюць побач фотаздымак. Прысутнасць першай асобы стварае мадэль новых адносін дзяржавы з мастацтвам. Гэта вельмі дзейсны спосаб прапаганды сучаснага мастацтва.

На жаль, займацца жывапісам у наш час могуць толькі багатыя людзі...

-- Варта задумацца: як выжывае малады мастак, у якога яшчэ няма стабільных пакупнікоў? Нездарма сёння ў Акадэміі мастацтваў такія вялікія конкурсы на факультэт дызайну: 12-13 чалавек на месца. Дызайн дае сталы і прагназаваны заробак у будучым. А дваццаць гадоў таму было ўсё інакш, лідзіраваў ва ўсіх рэйтынгах факультэт выяўленчага мастацтва. На дызайн ішлі тыя, у каго не атрымлівалася паступіць на графіку ці жывапіс. Вось якая адбылася глабальная пераарыентацыя. Але сітуацыя можа і змяніцца. Мяркуючы па колькасці выстаў, які адкрываюцца ў рэспубліцы, магу сказаць, што цікавасць да прафесіі мастака захоўваецца, і не ўсё тут вызначае матэрыяльны фактар. Творчы працэс жывы, і маладыя не баяцца непрадказальнага шляху ў сапраўднае мастацтва.

Наталля ШАРАНГОВІЧ