Гульні без правілаў

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Міфы пра тэатральны постмадэрнізм

/i/content/pi/mast/32/547/37.gif 
 Юлія Кадушкевіч (Анжаліка).
Падмена паняццяў у беларускім тэатральным мастацтве, гэтаксама як у мастацтве ўвогуле, зрабілася свайго роду адзнакай нашага часу. Тэатральную самадзейнасць называюць перформансам, пустыя і бязладныя формы — канцэпцыяй, рэжысёрскі on-line — тэатральнай лабараторыяй, а набор дзіўных рухаў цела — танцам бута.

Адбываецца гэта не толькі ў нас. Здаецца, ва ўсім свеце страчаны нейкі галоўны крытэрый ацэнкі мастацтва і таго, чым яно адрозніваецца ад прадукту масавай культуры. Аб адным нібыта дамовіліся: мэта «прадукту», незалежна ад ягонай якасці, — быць прададзеным. Але ж вызначыцца з функцыяй мастацтва чамусьці забыліся. Ды гэта асобная тэма...

Аўтарскія меркаванні і каментарыі, якія прапануюцца чытачу, — цалкам суб’ектыўныя, хоць і прэтэндуюць на цвярозую ацэнку таго, што адбываецца.

У нашым культурным асяродку асабліва шмат неадназначных поглядаў існуе вакол такога паняцця, як постмадэрнізм. Пасля падзення «жалезнай заслоны» яно нечакана зрабілася шырокаўжывальным і трывала ўкаранілася ў нашай свядомасці. Постмадэрнізм асацыіруецца з сучаснасцю, свежасцю, актуальнасцю, авангарднасцю. Таму галоўнае пасля ўбачанага дзіўнага відовішча — калі слоў няма, а выказацца трэба, інакш сам станеш «архаізмам», — упэўнена назваць усё гэта постмадэрнізмам. Ды толькі, калі ўжо і казаць пра сучаснасць, пры чым тут постмадэрнізм?

Міф 1: постмадэрнізм — гэта наша сучаснасць

Кожная культурная плынь непарыўна звязана з гістарычнай эпохай, што яе спараджае, і з’яўляецца своеасаблівай рэакцыяй на навакольную рэчаіснасць. З’яўленне постмадэрнізму на Захадзе было натуральным. Канец Другой сусветнай вайны і звязаная з ім вера ва ўсемагутную дэмакратыю, навуковыя рэвалюцыі (імклівы рост тэхналогій, іх масавая даступнасць), фарміраванне грамадства спажывання (так званы «спажывецкі рай») і паўсюдны рост уплыву капіталу — усё гэта не магло не знайсці водгуку і адлюстравання ў мастацтве.

Мадэрнізм на той момант даўно «прайграў», бо зрабіўся «зручным» для той публікі, насуперак густам якой ён у свой час узнік (калі б Ван Гог ведаў, за якія грошы будуць прадавацца ягоныя карціны!). Далей з’явіліся сімвалізм, экспрэсіянізм, футурызм, дадаізм і шмат іншых мастацкіх накірункаў. Урэшце ўсё спалучылася ў агульнай плыні, якой далі найменне постмадэрнізм.

Постмадэрн называюць дзіцем «постіндустрыяльнага грамадства і перанасычанай культуры, якая страціла свае звыклыя арыенціры». Розум аказаўся бяссільным, а сур’ёзны выраз твару недарэчным. Асабліва ў мастацтве, якое са сваёй песняй пра адвечныя каштоўнасці відавочна спасавала перад рэчаіснасцю. Таму… будзем іграць і іранізаваць. Наступіла эпоха «постмадэрнісцкай літаратуры», «постмадэрнісцкага жывапісу» і «постмадэрнісцкага тэатра».

Што было ў гэты час у нас? Перамога сацыялізму і звязаная з ім культурная палітыка спынялі ўсялякія праявы мадэрнізму і іншых авангардных накірункаў у айчынным мастацтве. Надзейна закансерваваныя на дзесяцігоддзі, мы жылі асаблівым жыццём, і нас старанна ахоўвалі ад найменшых уплываў буржуазнага Захаду. Канешне, беларускае мастацтва спараджала свае «ізмы» і свой андэграунд. Гэта была наша актуальнасць і рэакцыя на тое, што нас акружала.

Потым «імперыя» рухнула, разам з кока-колай і гамбургерамі да нас прыйшоў і постмадэрн. Засваенне драматургіі абсурду, новых тэатральных форм і метадаў беларускім тэатрам 1980-х — пачатку 1990-х успрымалася як глыток свежага паветра, не больш за тое. Мы не маглі ў поўнай меры спасцігнуць сутнасць постмадэрнізму, таму што былі цалкам адарваныя ад рэчаіснасці, якая яго нарадзіла.

Постмадэрнізм, як і сама ягоная эпоха, — з’ява неадназначная. Заходнія даследчыкі дагэтуль канчаткова не вызначылі яго храналагічныя рамкі. Кропкай адліку называюць і канец 1930-х, і 1950-я гады. Гэты накірунак лічаць філасофіяй як «згубленых» (крах сістэмы каштоўнасцей пасля вайны), так і «сытых» (вера ў дэмакратыю і пяршынства капіталу). Спрэчак шмат, але сыходзяцца ў адным: постмадэрнізм ужо вычарпаў сябе. Хтосьці называе дакладную дату ягонай «смерці»: 11 верасня 2001 года (дзень падзення вежаў-блізнят у Нью-Йорку).

Больш таго, абвяшчаюць і канец эпохі, што стала так званым пікам постмадэрнізму, contemporary art, калі «ўсёдазволенасць», адсутнасць усялякай маралі, фармальныя пошукі дайшлі да сваёй бачнай мяжы. Мастацтва пачало «саромецца» таго, што яно абслугоўвае банкіраў. Парадокс заключаецца ў тым, што так званае актуальнае мастацтва цалкам страціла сувязь з рэчаіснасцю. Разгарніце любую газету, паглядзіце навіны або выйдзіце ў інтэрнэт, і тады нават самая скандальная акцыя падасца сумнай і надуманай. Але гэта таксама асобная тэма для размовы.

Такім чынам, постмадэрнізм скончыўся. Скончыўся паўсюдна, толькі, як высветлілася, не ў нас. Выкарыстоўваць гэтае паняцце ў сваіх ацэнках многія лічаць абавязковым.

Безумоўна, постмадэрнізм зрабіў сваю справу. Ягоны «вопыт» аналізуецца. Знайшліся агульныя кропкі перасячэння айчыннага мастацтва з постмадэрнізмам. Гэта натуральна, таму што мастак не можа мець якіх-небудзь прасторавых і часавых абмежаванняў. Канешне, трэба працягваць даследаванні. Мы можам выкарыстоўваць элементы постмадэрна — гіперактуальнасць, цытатнасць, маргінальнасць, іронію — гэтаксама, як элементы, напрыклад, антычнага або сярэдневяковага тэатраў. Але прымаць постмадэрнізм за мадэль нашай сучаснасці па меншай меры недарэчна, бо яго больш няма.

Чаму ж так настойліва ў вызначэнні сучаснага беларускага тэатра ўзнікае гэтае паняцце?

Міф 2: постмадэрнізм — гэта хаос

Мне здаецца, у апеляванні да «постмадэрнізму» як да спосабу ацэнкі таго, што адбываецца ў беларускім мастацтве, бачыцца пэўная разгубленасць нашай крытыкі. Гэта ўплыў самога накірунку, адным з пастулатаў якога было сцвярджэнне, што «ўсё можа называцца мастацтвам».

Сапраўды, кожны мог узяць у рукі пэндзаль і назваць сябе мастаком, выйсці на вуліцу і здзейсніць перформанс, знайсці сродкі, арандаваць памяшканне і назваць усё гэта тэатрам. Зрэшты, колькасць часам пераходзіла ў якасць. Але ж французскі тэатр, напрыклад, уяўляе сабой не толькі творчасць Пітэра Брука або Арыяны Мнушкінай. Гэта тыя самыя «выключэнні», якія застаюцца на стагоддзі. Добра, што час бязлітасны да тых, хто проста эксплуатуе мастацтва. Ён іх выкрэслівае з памяці і дазваляе нам не засмечваць такімі асобамі галаву.

Важна адно: як і любая з’ява мастацтва, постмадэрнізм мае свае законы. Ягонае светаўспрыманне грунтуецца на адчуванні хаосу, але гэтае адчуванне выяўляецца ў пэўнай форме, часам вельмі зарганізаванай і прадуманай.

«Перакройванне» твораў — гэта не стварэнне гіпертэксту, а ў лепшым выпадку інсцэніроўка, у горшым — кампіляцыя. Выкарыстаць у якасці асновы міф або ўжо вядомую гісторыю ці проста сюжэт — зыходная кропка для работы. (Не прыйдзе ж нам у галаву назваць Шэкспіра або Гамера постмадэрністамі, іншая справа Джойс з ягоным «Улісам».) Бязладнасць формы — гэта не плынь свядомасці, прафесійнае бяссілле — не канцэпцыя. Пустэча ёсць пустэча, а купка смецця застаецца купкай смецця.

Нягледзячы на тое, што постмадэрнізм мае свае законы і рамкі, ён здолеў так размыць межы мастацтва, што пачало знікаць само паняцце прафесіі. Пад прафесіяй я разумею не толькі наяўнасць дыплома або рамесніцкіх навыкаў, але і «напаўненне» твора, разуменне, дзеля чаго і навошта, а галоўнае — сумленнасць мастака (вялікае вучэнне Станіслаўскага пра «звыш-звышзадачу»).

На Захадзе здзіўляюцца (часам з кпінамі, часам з сумам у вачах), бо нашы мастакі ведаюць асновы малюнка, а не толькі канцэпцыю, акцёры задумваюцца над пабудовай ролі, а рэжысёры могуць разважаць пра дзейсны аналіз. Каб навучыцца сістэме Станіслаўскага, многія плацяць вялізныя грошы за ўрокі або прыязджаюць па адукацыю на радзіму майстра. Той, хто сур’ёзна займаецца мастацтвам, прыходзіць да высновы, што «прафесія» неабходная. Сур’ёзны выраз твару зноў уваходзіць у моду. Пустая канцэпцыя нікому больш не патрэбная: нагуляліся. Гульня, дарэчы, таксама адна з адзнак постмадэрнізму. Але ж любая гульня дзеля таго, каб адбыцца, мае свае правілы.

Дык што мы так настойліва спрабуем дагнаць і чаму хочам навучыцца? Быць сучаснымі? Засвоіць чужы вопыт? Калі крочыць такім шляхам, усё роўна застанемся ў хвасце. Безвыніковая спроба пераймаць толькі форму, калі яна ўнутрана ніяк не пацверджана. Такіх «пераймальнікаў» хапае і на Захадзе. І заўсёды на кожнага імітатара знаходзіцца глядач, які з-за сваёй неадукаванасці і боязі паказацца нямодным называе ўбачанае новым словам у мастацтве.

Можна, канешне, знізіўшы прафесійную планку, чакаць, пакуль узнікне праславутая колькасць, якая дасць адзінкавыя праявы якасці. Ды толькі, мне здаецца, не ў нашым невялічкім фармаце. Адрозніць добрыя ўсходы ад пустазелля цяжка, але магчыма. І калі сказаць няма чаго або неяк няёмка з-за боязі незнарок пакрыўдзіць творцу, лепей прамаўчаць, чым пераконваць чалавека ў ягонай прыналежнасці да постмадэрнізму.

Мы жывем у сваю эпоху. Пакуль складана зразумець, у чым заключаецца яе сутнасць і па якіх законах мы існуем. Хутчэй за ўсё, адказ трэба шукаць у мастацтве. Не ў тым, якое так ярка пазіцыянуе сябе, жангліруючы разумнымі словамі (хоць гэта таксама свайго роду характарыстыка нашага часу). Але там, дзе мастакі засяроджана займаюцца сваёй справай, спасцігаюць сутнасць і знаходзяць для яе форму, на якую ў нас, не ў галаве, а недзе глыбока ўнутры, насамрэч штосьці адгукаецца. І пачынаеш гэтаму верыць.

«Постмадэрнізм — дзіця марксізму. Усе колішнія вашы прафесары марксізму цяпер перайначыліся адпаведным чынам. На Захадзе, на шчасце, гэта ўжо сыходзіць. У Расіі я бачу шмат такіх былых марксістаў. Яны ўсе зараз вучаць, што каштоўнасцей не існуе, што расповед немагчымы, што праўда нічым не адрозніваецца ад няпраўды, што хараства больш няма. Усе гэтыя дэструктыўныя думкі мяне раздражняюць, я лічу іх шкоднымі для культуры», — зазначыў Кшыштаф Занусі. Можна спрачацца з польскім рэжысёрам наконт вытокаў постмадэрнізму і не пагаджацца з ягонай ацэнкай таго, што адбываецца на постсавецкай прасторы. У адным, як мне здаецца, ён безумоўна мае рацыю: дэструктыўныя думкі насамрэч раздражняюць.

Таццяна Арцімовіч