«Інтэрліньяж»

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

ІІІ Міжнародны фестываль «Арт-лінія»

/i/content/pi/mast/32/543/25.gif

Валянціна Калеснікава. Сувязі. Фотаграфіка. 2009.

Звыш 160 графічных твораў мастакоў з Іспаніі, Славеніі, Англіі, Украіны, Расіі, Беларусі, Польшчы, Эстоніі — трэці раз Нацыянальная бібліятэка прымала ўдзельнікаў міжнароднага фестывалю «Арт-лінія».

Як пажартаваў на адкрыцці выставы першы намеснік старшыні Саюза мастакоў графік Рыгор Сітніца:

— Мы пашыраем эстэтычную прастору нашай краіны, штораз нагадваючы ёй, што яна не толькі еўрапейская, але яшчэ і цэнтральнаеўрапейская. Таму да нас у цэнтр Еўропы прыязджаюць людзі з еўрапейскіх ускраін: з Італіі ці Вялікабрытаніі... Што ж, ускраіны таксама бываюць цікавыя...

Акрамя традыцыйнага конкурсу графікі ў шэраг фестывальных імпрэз увайшоў і рэтрапаказ, у рамках якога ў галерэі «Атрыум» экспанаваліся 47 работ вядомага англійскага літографа і архітэктара Джозэфа Нэша.

У мінулым годзе на «Арт-лініі» панавалі балгарскія графікі, сёлета — украінскія. Руслан Трэмба, Уладзімір Стэцьковіч і Садан удзельнічаюць у праграме «Генафонд», курыруе якую дырэктар украінскай «Я-галерэі» Павел Гудзімаў. Ім пасуе англійскае словазлучэнне emerging artists: гэта мастакі, якія знаходзяцца ў працэсе творчага і прафесійнага станаўлення і не маюць вялікага вопыту праграмнай выставачнай дзейнасці і працы з куратарамі.

Садан прадставіў фізіялагічны і візуальна цяжкаўспрымальны для публікі праект «Мяса. Сімулякры»: шкілеты, з костак якіх тырчаць вострыя лёзы, садраная скура, парэшткі сабачкі, з мускулаў якога тапырацца нажы... Аказалася, што праект прысвечаны тэме эвалюцыі, але працы Садана сведчаць хутчэй пра кібер-рэвалюцыю, і да таго ж праект утрымлівае крытычны пачатак:

— На зыходны матэрыял нарошчваюцца новыя косткі, новае мяса, скура, нервы... Эвалюцыя, як я разумею і ўяўляю, будзе развіццём не толькі візуальных формаў, але і зместу. Я намагаўся не проста паказваць праблемы соцыуму, але і шукаць шляхі іх вырашэння. Напрыклад, негатыўна ацэньваючы стэрэатыпную фізічную ці матэрыяльную красу, у якасці альтэрнатывы я прапаноўваў іншую прыгажосць — духоўную, або таксама фізічную, толькі з іншага боку, — тлумачыць мастак. Як пацвярджэнне ягоных словаў на трохгаловых шкілетах-големах красуюцца блакітныя кветкі.

Гран-пры «Арт-лініі» дастаўся філасофска-медытатыўным працам Руслана Трэмбы. Панаванне чорнага квадрата ўкраінскага чарназёму, цяга да зямлі, да каранёў, чорна-шэры, ценявы свет, дзе ўсё дакладна вызначана — чорнае яно ці шэрае. «Да бацькі на ферму» вяртаецца малады мастак, выхаванец Львоўскай акадэміі мастацтваў.

Працы Тае Троса можна разгадваць як красворды ці рэбусы — гэта ў прамым сэнсе інтэлектуальнае мастацтва. Напрыклад, у каляровай літаграфіі з адпаведнай назвай ён выводзіць уласную адмысловую формулу цывілізацыі — гэта супрацьпастаўленне «я» і групы, культуры і соцыуму і, разам з тым, іх непарыўныя сувязі і перакрыжаванні. А на стыку гэтых чатырох месціцца алфавіт.

Энергічныя і смешныя ці то чарнільныя плямы, ці то ценявыя звяркі віхурацца ў дзіўным танцы на літаграфіях эстонкі Інгі Хеамагі, якая прызналася, што прыязджала ў Беларусь, каб папрацаваць і павучыцца ў славутай майстэрні Дзмітрыя Малаткова.

Андрэй Ярашэвіч распрацоўвае ў лінагравюрах першабытную тэматыку, дадаючы сваім «Жанчынам» і «Паляўнічым» рознакаляровага дэкору і кроплю эротыкі.

Аляксандра Сідарэц — семнаццацігадовая ўкраінская мастачка. Яе працы пранізаны маладой энергіяй, там квітнеюць колеры, б’ецца сама жылка жыцця. І колькі спелай даросласці ў яе «Дні на чырвоных абцасах», як выдатна кожная жанчына зразумее гэтую стомленую дзявочую фігурку, вакол ног якой уецца крывавае марыва.

Свае эксперыменты ў новай тэхніцы фотапалімера маладая беларуская мастачка Мая Пракаповіч выстаўляла яшчэ ў рамках праекта шведска-беларускай графікі. Яна ласкава кажа: «Welcome to graphic house!», выбудоўваючы вельмі своеасаблівую філасофію дзяцінства — запэцканыя штонікі, грубыя шкарпэткі, недарэчныя сукенкі, пузыры на калготах, драўляныя цацкі і ненатуральныя ўсмешкі на скрыўленых дзіцячых тварыках.

Дзіўна, што Ларыса Кулік атрымала Гран-пры на мінулагодняй «Арт-лініі». Яе вопыты ў фотаграфіцы — гэта няўдалая падробка пад постмадэрнізм, вынік таго, што масавая культура паглынае мастацтва, выплёўваючы ў ружовай глянцавай сліне перажаваныя тысячу разоў цытаты са знакамітых твораў. Фотаграфіка рускай мастачкі выглядае вельмі «зробленай» і штучнай: гэта акуратна выкананыя аплікацыі — на нейкі фон (звычайна — змрочны лес) наклейваюцца напаўаголеныя прыгажуні ў шыкоўных сукенках, вяроўкі і тросы, фарфоравыя сервізы, баранчыкі, дзеткі, паламаныя цацкі — усё гэта змешваецца ў абсалютна безгустоўным кактэйлі, упрыгожаным свайго кшталту «фінальнай вішанькай» — выявай дзіцяці ва ўлонні ў атачэнні ружовых руж. Час спыніўся на кішэнным гадзінніку чароўнага трусіка: гэткая гламурная готыка выглядае вельмі статычна. Разнастайныя варыяцыі на тэму казкі пра Чырвоны Каптурык, якая так баіцца ваўка, але так чакае сустрэчы з ім, надакучылі.

На фоне лёгкасці і бесклапотнасці некаторых абраных тэм — крыху эротыкі плюс крыху містыкі — востра «прагучала» серыя прац Лукаша Левандоўскага «Катэхізм». Польскі мастак «распісаў» у жудасным чорна-бела-шэрым лінарыце знакаміты вершык-лічылку «Кто ты естэсь?..», які Уладзімір Караткевіч узгадваў у «Зямлі пад белымі крыламі», апавядаючы пра навучанне ў заходнебеларускіх школах на пачатку ХХ стагоддзя. Пытанні без адказаў, яны трымаюцца ў паветры або цвікамі прыбіты — нібы савецкія лозунгі — да закалочаных крыж-накрыж хат. Крыж на магільнай дошцы месціцца па-суседску з паржавелай «зоркай» — «Які знак твуй?». Над лядашчай кароўкай, над занядбаным, зарослым пустазеллем вясковым дваром паўстае: «А в цо вежыш?» Нечакана балюча гучыць прысвячэнне аўтара — для Беларусі. Хрэстаматыйнае пытанне: што аўтар хацеў сказаць гэтай серыяй? Што жыццё пад савецкай уладай — суцэльны прыгнёт, бо з нябёсаў вёску нібыта пранізвае востры кавалак пяціканцовай зоркі, на вулках — ніводнай жывой істоты, толькі страх, пустэча і галеча? Што лепш вярнуцца да вывучэння старога добрага польскага вершыка-лічылкі? Альбо праца яго сведчыць, што за Саветамі людзі беларускія забыліся, хто яны ёсць, і проста час настаў нагадаць ім, хто яны, адкуль яны, чыя гэта зямля, чыя гэта будучыня?

Графікаў прыцягвае фактура рэчаў і матэрыялаў. Рыгор Сітніца кінуў займацца літаграфіяй і цяпер карыстаецца толькі паперай і алоўкам, вымалёўваючы тонкай штрыхоўкай дах, дошкі, перакрыцці «Новага дома». Распрацоўваюць гэтую тэму маладыя творцы, якія эксперыментуюць і вынаходзяць уласныя аўтарскія тэхнікі. Украінец Дабрыня Іваноў прадставіў на «Арт-лініі» праект «Люкі»: на даўжэзных вузкіх белых аркушах — рознакаляровыя адбіткі... люкаў, у натуральную велічыню (дарэчы, як і Лукаш Левандоўскі, ён атрымаў дыплом за арыгінальнае пластычнае рашэнне). Паляк Кшыштаф Бартнік выставіў серыю «Дрэвы» — выразную фактуру і ўзоры, якія бываюць на драўляных зрэзах, цікава разглядваць і фантазіраваць. Серыя фотаграфікі Валянціны Калеснікавай «Сувязі» — вандроўка па вузлах і вузельчыках, па варсінках і галачках, па рознакаляровых нітках, якія сплятаюцца ў таўшчэзныя вяроўкі: так сплятаюцца-пераплятаюцца, звязваюцца ў хітрыя вузлы чалавечыя лёсы, так пярэста выглядае наша жыццё.

Памылкай было б лічыць, што замежныя графікі працуюць з выкарыстаннем выключна найноўшых камп’ютэрных тэхналогій: імкненне да амаль экзатычнай сёння рукатворнасці падкрэслівае неаднаразовы зварот да тэхнік лінарыту, каляровай літаграфіі, афорта, заўважны ў творах іспанскіх, эстонскіх і польскіх мастакоў. Магчыма, у хуткім часе рукатворнасць зробіцца трэндам і беларускія графікі, якія засталіся вернымі традыцыі, апынуцца ў авангардзе сусветнага графічнага мастацтва. А пакуль нашы творцы актыўна засвойваюць новыя тэхнікі і «казыраюць» эксперыментамі з фотаграфікай і фотапалімерамі.

Алена Каваленка