Праца над друкаваным графічным творам — працэс ювелірны і доўгачасовы, ён нагадвае праяўку негатыва, калі мы не заўсёды ведаем, якім будзе вынік. На маленькай прасторы кожная кропка дотыку да металу, рух, лінія знаходзяцца ў найбольш яркім, выразным выглядзе. Друкаваная графіка цалкам захавала тэхнічныя метады і сваю сутнасць у першароднай чысціні.
Андрэй Басалыга. Шляхі. Літаграфія. 2008.
Адносіны да сучаснага стану эстампа і яго будучыні ў нашых графікаў і мастацтвазнаўцаў вельмі неадназначныя. Нехта знаходзіцца ў суцэльным захапленні ад магчымасцей камп’ютэрнай графікі, актыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Але ў чым сіла графікі old-school, нават у параўнанні з найноўшымі графічнымі камп’ютэрнымі тэхналогіямі ці з жывапісам? У максімальнай канцэнтрацыі вобразнасці на квадратны сантыметр работы. Каб пранікнуць у філасофію графічных прац, патрэбны інтэлектуальныя высілкі. Таму некаторыя заклікаюць вярнуцца да рукатворнасці і, упадаючы ў крайнасць, абвяшчаюць анафему як найноўшым тэхналогіям, так і старой добрай літаграфіі.
З аднаго боку, мастакі сцвярджаюць, што класічнымі графічнымі тэхнікамі займаюцца цяпер адзінкі, бо працэс гэты занадта працаёмкі, патрабуе валодання спецыфічнымі навыкамі (надрукаваць — гэта ўжо мастацтва!), і працягваць традыцыю праз дзесяць — дваццаць гадоў будзе ўжо няма каму, бо моладзі гэта непатрэбна і нецікава. Да таго ж, існуюць і чыста тэхнічныя перашкоды — адна-адзіная друкарня Дзмітрыя Малаткова, унікальнага майстра, але ўнікальнасць у гэтым выпадку — рэч шкодная. Павел Татарнікаў казаў, што для таго, каб стварыць графічны твор, дастаткова пальца і пяску. А як быць таму, хто займаецца эстампам?.. Пяску тут яўна недастаткова. З другога боку, некаторыя ўпэўнены ў светлай будучыні мастацтва эстампа: нельга саступаць злому генію лічбавых тэхналогій, магія азотнай кіслаты, сухой іглы і дробназярністага вапняку — рэч нязводная, бо ёсць сталая традыцыя і ёсць мастакі, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды, традыцыю гэту падтрымліваюць.
На экспазіцыі «Мастацтва эстампа» былі прадстаўлены афорты, літаграфіі і гравюры, створаныя на базе эксперыментальнай майстэрні Беларускага саюза мастакоў. Часавы разбег паміж творамі, якія размясціліся ў Палацы мастацтва, складаў каля сарака гадоў: ад аўталітаграфіі Наталлі Паплаўскай «Размовы», зробленай у 1968 годзе, да афорта Уладзіміра Даўгялы «Табернакулум» 2009 года. Творы былі і зусім маленькія, для разглядвання амаль што праз лупу — «Табернакулум» Даўгялы, вытанчаны ліст з усімі жылкамі-пражылкамі, на чорным фоне якога — выява горада з вежамі і царкоўнымі шпілямі; абсалютна жаноцкае, страказінае «Паветра» Лізаветы Пастушэнка (тэхніка сухой іглы выбітна падыходзіць, каб стварыць эфект алоўкавага малюнка, калі грыфель ледзь-ледзь дакранаецца да паперы). Былі і амаль што манументальныя работы Уладзіміра Вішнеўскага і Кашкурэвіча-старэйшага...
Інтэлектуалізм эстампнага мастацтва не выклікае пытанняў. Разгадваць працы мастакоў можна бясконца, ламаючы галаву не толькі над выявамі, але і над назвамі, якія аўтары даюць сваім творам. Асаблівая выразнасць эстампаў прымушае і мастака, і гледача зазірнуць углыб, каб разабрацца не ў навакольным свеце, а ў сабе. Гэта пошукі не будучыні, а таго, што ўнутры. Азначэнне «вострасацыяльнае» — відавочна не пра «Мастацтва эстампа», выключэнне — хіба толькі аўталітаграфія Георгія Паплаўскага «Дрэвы без лісця» з серыі «Чарнобыль», датаванай 1987 годам. З часу Чарнобыльскай трагедыі мінула амаль чвэрць стагоддзя. Зона стала папулярным месцам для аматараў дзікага турызму, туды з ахвотай ездзяць фатографы, радзей — мастакі. Адыход ад сацыяльнай тэматыкі бачны, але не будзем кідаць папрок: кожны мастак сам вырашае, пра што ён хоча пісаць. І ўсё ж тэндэнцыя — навідавоку.
Міфалогія, старажытная і сучасная гарадская, пейзажныя замалёўкі, рэлігійная тэматыка цікавяць сучасных творцаў. Многае трымаецца на дэталёвай тонкасці: прамаляваць вусны, вейкі, рыбіну луску, арнамент на крыжы... Мастакі ідуць да тонкай гульні, алегорый, асацыяцый, штрыхоў і ліній, размытых фарбаў. Яны сыплюць цытатамі з літаратурных і міфалагічных твораў: Арлен Кашкурэвіч робіць акцэнт на эпічных інтанацыях у «Часе Ірада», а Марына Капілава іранічна нагадвае пра збіванне жаніхоў у «Адысеі». Творы, якія ўтрымлівалі ўнутраную загадку, творы «ў сабе» размяшчаліся побач з жорсткім пераможным савецкім industrial пад лозунгам «Слава працы!» («ТЭЦ» Кацярыны Паплаўскай. Серыя «Новы Мінск», афорт 1986 года) ці звычайнымі гарадскімі пейзажамі, безаблічнымі і нецікавымі (на іх фоне прыцягвала ўвагу работа Соф’і Піскун з серыі «Горад і дрэвы» — адна з нешматлікіх сучасных спроб схапіць дух горада і замкнуць яго ў афортавай дошцы).
Дэкаратыўныя працы Юрыя Якавенкі характарызуюцца цікавай дакладнай формай, прыярытэтам фіялетавага і срэбнага колераў, а з пастаянных насельнікаў яго афортаў вылучаюцца драконы і крыжы.
Раман Сустаў верны сабе: дае творам англійскія назвы і прымушае задумацца, чаго ж чакаюць чатыры вершнікі Апакаліпсісу.
Андрэй Асташоў з дапамогай аўталітаграфіі расказвае гісторыю аднаго таямнічага дзяцінства (з прысмакам канца XIX стагоддзя): гульня ў коні, слонікі, маскарады, балі, урокі музыкі, караблікі ў бутэльках. І вусцішна, і соладка, і замілаванне праступае ад мяккасці сепіі і шэра-бэзавага колеру.
Аляксандр Шапо робіць яркія аўталітаграфіі і дае ім закручаныя назвы. Чаго каштуе хоць бы работа з яўнымі лацінаамерыканскімі сімваламі і афарбоўкай (усе гэтыя дэкаратыўныя чарапы, косткі, шкілеты; ды фіялетавыя кветачкі, ды прыгожыя дзяўчыны) «Яна памятала яе пацалункі... "Фрыда, Фрыда", — шапталі яе вусны» ці «Асвячоны дым смерці» — жахлівая азіяцкая фантазія з аголенымі прыгажунямі ды чырвонымі злоснавокімі дэманамі.
Вабныя афорты «Адпачынак», «Трыо» і «Сем» Вольгі Нікішынай пазбаўлены стройных ліній і акуратных абрысаў, але гэтая «неахайнасць» па-свойму кампенсуецца цёмнай, нутраной энергіяй першабытнасці, якая дрэмле ў целе кожнай жанчыны.
Непрыязныя кабеты насялілі афорты Марыны Капілавай: Пенелопа, зручна расцягнуўшыся і распусціўшы даўгія косы, помсліва пасміхаецца падчас «Збівання жаніхоў», а «Дама з сабачкам» (тлусценькай таксай), што нагадвае адначасова і егіпецкую арыстакратку, і Ганну Ахматаву, высакамерна пазірае міма гледача, злосна падціснуўшы вусны.
Андрэй Басалыга творыць уласную рэлігійную гісторыю, выкарыстоўваючы праваслаўныя абразы. Размытыя, утрапёныя фігуры на яго літаграфіях, пры ўсёй змрочнай засяроджанасці іканапісных святых, што чытаецца на смуглых тварах, неспакойныя: гнуцца іх целы, як травяныя сцябліны, заломваюць яны рукі ў «Малітве», разгублена стаяць на скрыжаванні, абіраючы «Шляхі».
Магчыма, экспазіцыі не хапіла цэласнасці і канцэптуальнай выразнасці. Не стае беларускай эстампнай графіцы кампазіцыйных і сінтэтычных эксперыментаў: цікава было б паглядзець на шаўкаграфію, цісненне, выкарыстанне наклеек...
Пры гэтым вобразны шэраг у працах беларускіх майстроў эстампа выглядае шыкоўна і сугучны сусветным тэндэнцыям у друкарскім мастацтве: гіпертэкстуальнасці, праектнаму мысленню і звароту да закамуфляванай цытаты. Такім чынам, пакуль існуюць інтэлектуалы, існуе і патрэба ў інтэлектуальным мастацтве графікі.
Алена Каваленка