Утульная Еўропа і загадкавы Усход

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Вікторыя Каваленчыкава стала адной з удзельніц выставы «Свет жанчын», якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Экспазіцыя была прысвечана маладосці, жаноцкасці і прыгажосці. Творчасць В.Каваленчыкавай у асноўным прадстаўлялі яе апошнія работы.

 /i/content/pi/mast/3/54/UtulnayaEuropa2.jpg
 Сабачае жыццё. Алей. 2007.
Дыптых «Сабачае жыццё» прасякнуты тонкім мінорным пачуццём, звернуты да любімай мастачкай гарадской тэмы. Свежымі насычанымі фарбамі прагучаў пейзаж «Вясновая мелодыя». Нацюрморты «Магчымасць адчуваць» і «Унутраная пачуццёвасць» прадоўжылі тэму аднаўлення прыроды.
В.Каваленчыкава пачала прымаць актыўны ўдзел у выставах, калі яшчэ вучылася на кафедры жывапісу БДАМ. Яе студэнцкія работы экспанаваліся ў Магілёве, Мінску, Санкт-Пецярбургу, Гановеры. Сёння Вікторыя шмат выстаўляецца за мяжой. Сумесныя праекты былі рэалізаваны ў Расіі, Швейцарыі, Бельгіі. Персанальныя выставы адбыліся ў Германіі і Нідэрландах.
Адна з апошніх адкрылася ў г.Брасхаат (Бельгія), у галерэі-майстэрні мастака Хендрыка Лайтэна, якая мае багатыя творчыя традыцыі. Атмасфера жывой гісторыі падкрэслівала пераемнасць пакаленняў і ўзаемапранікненне культур. Утульнасць хатняй абстаноўкі, у якой апынуліся карціны маладой беларускай мастачкі, прыемна кантраставала са строгасцю сучасных выставачных залаў.
Творы В.Каваленчыкавай лёгка пазнаюцца дзякуючы ярка выяўленай індывідуальнай манеры жывапісу. Мастачцы ўдаецца сумясціць у сваіх шматлікіх гарадскіх пейзажах (напрыклад, «Bridging Destinies») тонкія колеравыя спалучэнні і акварэльную празрыстасць жывапіснага слою з багаццем і разнастайнасцю фактур.
Сёння Вікторыя працуе больш маштабна, стварае панарамныя і дэкарацыйныя серыі карцін, прысвечаныя аднаму гораду. Шматлікія падарожжы дазваляюць сабраць багаты натурны матэрыял, з якога нараджаецца збіральны вобраз, як у рабоце «Вецер зменаў». Такое аблічча кутка старой Еўропы адлюстроўвае не толькі ўдумлівае сузіранне, але і лірычны настрой аўтара.
Вікторыя часта вяртаецца да сюжэтаў, якія ёй падабаюцца, выкарыстоўвае ўдала знойдзенае раней кампазіцыйнае рашэнне. Так, матыў двара-калодзежа з акенцам неба наверсе запазычаны з карціны «Надзея» для больш позняга трыпціха «NO EXIT» і паўтораны са зменаю колеравых спалучэнняў, дабаўленнем новых фактур і агульным ускладненнем задумы.
Тэма горада застаецца вядучай у творчасці В.Каваленчыкавай. Яна з задавальненнем піша
 /i/content/pi/mast/3/54/UtulnayaEuropa1.jpg
 Панядзелак. З серыі «Ліванскі дзённік». Алей. 2007.
і ўтульную Еўропу, і загадкавы Усход. Увага мастачкі можа быць прыцягнута як вытанчанасцю каванай рашоткі старога нямецкага моста («Берлінскі матыў»), так і ажурнасцю аркады ліванскага дворыка («Манастыр св. Шарбеля»). Горад дыктуе мастачцы лаканізм і абагульненасць геаметрычных форм, на якія раскладваецца навакольнае асяроддзе. Вікторыя канструюе прастору сваіх карцін дакладнымі гранямі і плоскасцямі. Аўтару ўдаецца перадаць настрой і характар горада, афарбаваўшы яго пры гэтым уласным перажываннем.
Работы Вікторыі добра «кладуцца» на любы інтэр’ер. Мастачка смела эксперыментуе з фарматам карцін. Яна пачала выкарыстоўваць форму ромба ў цыкле работ, асновай якіх стаўся матыў старога двара з яе дыпломнай кампазіцыі «Рытмы старога горада». Для больш арыгінальнай падачы твора яна часта падзяляе палотны на дзве часткі, перамяшчае іх адносна адно аднаго пры экспанаванні.
На станаўленне асобы мастака, яго светаўспрыманне ўплывае шмат фактараў. У развіцці творчай біяграфіі Вікторыі немалую ролю адыграла сям’я. Бацькі, педагогі, вялікую ўвагу надавалі ўсебаковай адукацыі дачкі, далучалі яе да музыкі і харэаграфіі. Музычнае пачуццё рытму і гармоніі гучыць у многіх кампазіцыях В.Каваленчыкавай.
Маладая мастачка ўпэўнена рухаецца ў абраным кірунку, развівае ўпадабаныя сюжэты, знаходзіць новыя, ускладняе тэхніку выканання. Колькасць жа выставак, сумесных і персанальных, а таксама прафесійны ўзровень работ дазваляюць гаварыць пра станаўленне сур’ёзнага мастака.

Марыя КАРЭЛІНА