Партрэт нацыі на фоне палатна

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Погляд на ўкраінцаў пачатку трэцяга тысячагоддзя

/i/content/pi/mast/32/539/19.gif

Колька Ляшч з жонкай Дусяй. 2003.

Габрыеля Масанга,мадэль. 2002.

У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі прадстаўлены тры праекты вядомага ўкраінскага фатографа Ігара Гайдая: «Украінцы. Пачатак трэцяга тысячагоддзя», «Космас украінскага хлеба» і «9+3». Самы маштабны з іх, значны паводле культурнай задачы, дакладны з пункту гледжання канцэптуальнага вырашэння — праект «Украінцы».

Кантэкст

Стаўленне да нацыянальных культур у розных еўрапейскіх краінах неаднолькавае. Адны эксперты адзначаюць неабходнасць балансу паміж адкрытасцю і захаваннем традыцый. Іншым блізкая ідэя, што культура — гэта працэс узаемаабмену, і традыцыі набываюць адмысловую каштоўнасць, калі знаходзяцца ў развіцці, ва ўзаемадзеянні. Самыя асцярожныя крытыкі адзначаюць, што «глабалізацыя вельмі небяспечная для малых культурных мадэляў» (Луі Швейцэр). Але ёсць і іншае меркаванне на гэты конт, бо такі нацыянальны здабытак, як культура і мастацтва, заўсёды будзе сферай чалавечых эмоцый і перажыванняў. Прычым усе гэтыя тэорыі грунтуюцца на вызначэнні і пошуку ідэнтычнасці як неабходнай падставы для пабудовы культуры народа.

У гэтым кантэксце і варта разглядаць фатаграфічны праект Ігара Гайдая «Украінцы. Пачатак трэцяга тысячагоддзя», ажыццёўлены аўтарам як адказ на пытанне суразмоўцы-еўрапейца: «Як выглядаюць людзі ва Украіне?»

Так здарылася, што простая фармулёўка стала імпульсам для разважанняў аўтара: дасведчаны рэкламны фатограф, які меў сур’ёзнае партфоліо, не мог паказаць, як выглядае яго рэальны суайчыннік. Не мадэль, не герой, а звычайны ўкраінец.

Некаторыя ідэі лунаюць у паветры

Праекты, падобныя да «Украінцаў», ужо з’яўляліся ў гісторыі фатаграфіі. Гэта «Амерыканскі Захад» Рычарда Аведона («In the American West», 1985). З бліжэйшых нам па часе і геаграфіі — «Рускія/Russkie» Анастасіі Харашылавай (2009). Некалькі ўбаку стаяць «Амерыканцы» Роберта Франка («The Americans», 1955 — 1956) і «Народжаныя ў СССР» Ігара Мухіна (2005), які «здымае драму і камедыю нашага часу і нашай прасторы» (Кацярына Дзёгаць). Усе гэтыя мастацкія праекты зроблены ў падкрэслена дакументальным стылі, што выключае ўсякую ідэалізацыю народа, але дапамагае аўтару даследаваць яго ідэнтычнасць — культурную, ментальную, грамадзянскую.

Ідучы за аўтарам ад выявы да выявы, глядач атрымлівае ўнікальную магчымасць скласці калектыўны партрэт жыхароў вялікай краіны — гэтую думку пра сумленнасць свайго праекта, пра спробу «напісаць партрэт нацыі ў яе сучасным стане» Ігар Гайдай неаднаразова падкрэслівае ў шматлікіх інтэрв’ю. І хоць ён увесь час кажа пра суб’ектыўнасць свайго падыходу, ва «Украінцах» выразна відаць, што дакументальны стыль у мастацкай фатаграфіі не мае нічога агульнага з самадзейнасцю. А прафесійны погляд фатографа відавочна вольны ад турыстычнай і побытавай павярхоўнасці.

Цікава, што ідэя стварэння мега-праекта пра народы як мага большай колькасці краін час ад часу абмяркоўваецца ў асяродку еўрапейскіх фатографаў. Магчыма, нашы ўкраінскія і расійскія суседзі якраз і зрабілі свае крокі ў гэтым кірунку.

«Ці падобныя, прыгожыя або не вельмі, прастадушныя або хітрыя, вырашайце самі...»

Выстава і альбом атрымаліся падрабязнымі і прадстаўнічымі: за 5 гадоў працы было зроблена каля 130 партрэтаў, а ўсяго ў праекце прынялі ўдзел больш за 500 чалавек.

Пасля таго як была вызначана стратэгія, Гайдай прыняў некалькі тактычных рашэнняў адносна формы, што мусіла адпавядаць канцэпцыі. Адна з першых умоў здымкі тычылася фармату: найбліжэйшае асяроддзе, характэрнае для ладу жыцця кожнага героя, было адсечана ў кадры нейтральным фонам — палатном, якое паслужыла той кропкай адліку, нулявым другім планам, на якім максімальна выразнай стала выява рэальнага чалавека. У першых кадрах вы яшчэ адзначаеце гэты момант аўтарскай рэжысуры — адсечаную прастору і заўважаеце край палатна, што дэманстратыўна ляжыць на траве. Але ў наступнае імгненне акадэмічная пастановачнасць, ужо «зніжаная» гэтай самай травой, пачынае ўспрымацца як адзіна магчымая.

Практычна ні ў каго з персанажаў няма ў руках рэчаў, хіба што зрэдку кніга, скрыпка ці лапата — мабыць, гэтыя прадметы героі ўспрымалі як неад’емную частку сябе.

Абраная Гайдаем чорна-белая гама вельмі арганічная, і фатограф паслядоўна вытрымаў гэты дрэс-код. Сацыяльны праект, у якім трэба было не толькі знайсці чалавечыя тыпажы, але і паказаць псіхалагічныя нюансы, а яшчэ зафіксаваць у тварах атмасферу часу, сапраўды не меў патрэбы ў «размалёўванні». Інакш атрымалася б не даследаванне, а лубок, значыць — зусім іншая стылістыка.

Прадставіць украінскі народ, грамадзян вялікай краіны, скласці нават частку візуальнай гісторыі свайго часу — сур’ёзная задача. Працоўныя і манахі, настаўнікі і футбалісты, школьнікі і шматлікія хатнія гаспадыні — ніхто з іх, за невялікім выключэннем, не «завышае планку» (што было б зразумела ў рашэнні такой пафаснай тэмы). Вядома, ёсць у праекце акцёры і музыкі, якія не могуць не пазіраваць, як і мадэлі, якія не могуць не распрануцца. Але, па-першае, «без мяне народ няпоўны», і артысты ў нацыянальных строях выразна ідэнтыфікуюць сваю прыналежнасць да ўкраінскай культуры. А па-другое, трэба прызнаць, што гульня і маска, як выяўленне патрэбы ў сталай самапрэзентацыі, трывала прыраслі да гэтых людзей. Так трывала, што сталі спосабам жыцця і яго формай. Аднак фатограф зрабіў галоўнае: абраў свой метад і выканаў працу без патэтыкі, без нагрувашчвання ідэалагічных штампаў. У выніку яна і стала фатаграфічным даследаваннем — акуратным, у чымсьці руцінным адборам і фіксацыяй таго, што адбываецца, а гэта значыць — фатаграфіяй, блізкай да сапраўднасці.

І ў экспазіцыі выставы, і ў альбоме «Украінцы» самае цікавае твары. Відавочна, што атмасфера працы была максімальна прыязнай — інакш персанажы не атрымаліся б такімі шчырымі і эмацыйнымі. З фатаграфій наўмысна выключаны сучасныя канфлікты і напружанне жыцця, тут пануе цяпло роднасных адносін, часам задуменнасць, але заўсёды незвычайная адкрытасць свету. У гэтым сэнсе праект успрымаецца як прамая фатаграфія і майстэрства сумленных стасункаў, таму ад гледача не патрабуецца высілкаў па дэкадзіраванні, як гэта часта адбываецца з канцэптуальнымі праектамі.

Лепшыя мадэлі — украінскія бабулі, такія натуральныя іх усмешкі, кранальныя тэпці і хустачкі. Нібы і натура, якая сыходзіць, але ні ў каго няма засмучэння і стомленасці ўзросту. Вясёлыя ўкраінскія бабулі, быццам з гісторый Гогаля, і, здаецца, у іх усмешках ёсць нейкі агульны шматвяковы досвед.

Не бяруся вызначаць іншыя групы персанажаў, хіба што працоўныя і людзі мастацтва вылучаюцца як асобныя прыступкі грамадскай іерархіі. Дакладней, кожная група герояў — сацыяльны слой, не ніжэй і не вышэй за іншыя. Хоць ёсць сярод іх і Віктар Юшчанка (у момант здымкі яшчэ не прэзідэнт краіны), і генерал-маёр МНС, і прафесар, усё ж цяжка сказаць, хто ў гэтым доўгім шэрагу персанажаў — эліта. Сваім суайчыннікам аўтар ацэнак не ставіць: для яго (і ўслед за ім для гледача) усе яны — народ, усе блізкія адзін аднаму. Аўтар і сам раўназначны кожнаму свайму герою — у аўтапартрэце, які завяршае экспазіцыю. Завяршае наўмысна будзённа, без прэтэнзій на ўзвядзенне праекта ў ступень супер-мега-нацыянальнага. Магчыма, таму Гайдай і не імкнуўся ісці за стэрэатыпамі і стылізаваць малюнкі з Украіны «пад Галівуд» і іншыя стандарты, глянцавыя ці брутальна-чарнушныя. Аўтар заканчвае праект паўусмешкай і паўпытаннем: цяпер зразумела, якія мы, людзі Украіны?

Любоў Гаўрылюк