«Рустэр». Сцэны са спектакля.
Мінск — горад, які мае трывалыя харэаграфічныя традыцыі. Вось толькі гастрольных уражанняў у аматараў сучаснага танца да крыўднага мала! Гэтым можна патлумачыць той надзвычайны інтарэс, які выклікаў балет «Рустэр», двойчы паказаны ў сталіцы на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Візіт калектыву ў нашу краіну стаўся магчымым дзякуючы намаганням Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі.
Што абумовіла цікавасць і нават ажыятаж у дачыненні да «Рустэра»? Думаю, элемент экзатычнасці — прадстаўнікі ізраільскай танцавальнай культуры ніколі раней у нас не гастралявалі. Упэўненасць публікі ў тым, што яна пабачыць адметнае і захапляльнае відовішча. Прафесійны інтарэс (пасольства запрасіла на адзін з паказаў 350 студэнтаў з творчых ВНУ сталіцы).
Пастаноўшчыкам балета «Рустэр», сусветная прэм’ера якога адбылася ў лістападзе 2009-га, з’яўляецца Барак Маршаль, вядомы ізраільскі харэограф. Спектакль — сумесны прадукт Цэнтра сцэнічнага мастацтва імя Сюзан Дэлаль і Ізраільскай оперы. «Рустэр» — найбольш значная праца Цэнтра, якому неўзабаве спаўняецца 20 гадоў.
Што мы ўбачылі? Не балет у класічным разуменні слова, а хутчэй постмадэрнісцкі твор у духу сontemporary dance — у ізраільскай версіі. Міжволі падумалася, што дынамічнае, імпульсіўнае відовішча ідэальна ўпісваецца ў фармат Віцебскага фестывалю сучаснай харэаграфіі. Гукавое суправаджэнне «Рустэра» — калаж з этнічных мелодый, электроннай музыкі і сучаснага рока. У аснове сюжэта — трагікамедыя Сэмюэля Бэкета «У чаканні Гадо», харэаграфія — «ізраільска-балканска-цыганска-басаногая». Паводле слоў Барака Маршаля, акрамя п’есы французскага абсурдыста, спектакль перагукаецца з грэчаскай міфалогіяй і Бібліяй. Гэта пастаноўка пра чалавека, «які быў вельмі добрым і маўклівым, ніхто не заўважаў яго пры жыцці і не звярнуў увагі, калі ён памёр».
«Рустэр» прываблівае імклівасцю, дынамікай, імпульсіўнасцю, нечаканым гумарам. У спектаклі пануюць свабодны танец, адмысловае спалучэнне і суіснаванне жанраў. Харэаграфію і драматычнае мастацтва ўвасабляюць 12 пластычна выразных танцораў. У тым, што класічны вакал можна з’яднаць з якім заўгодна стылем і жанрам, пераканаў голас салісткі Ізраільскай оперы Ліліі Грацовай.
Параўнанне заўжды ўдакладняе маштаб зробленага рознымі творцамі ў адной і той жа галіне. Падчас паказу «Рустэра» я неаднойчы згадвала ўражанні ад Віцебскага фестывалю і думала, што многія айчынныя калектывы сучаснага танца працуюць шмат гадоў выключна на энтузіязме і наўрад ці так адчуваюць маральную, фінансавую і арганізацыйную падтрымку, як ізраільцяне.
Цэнтр імя Сюзан Дэлаль — гэта комплекс будынкаў з унутранымі дворыкамі, фантанамі і прыгожымі маленькімі садамі. Ізраіль ім ганарыцца. Дарэчы, сёлета Цэнтру прысуджана вышэйшая — Дзяржаўная — прэмія краіны за заслугі ў развіцці танцавальнага мастацтва. Яе ганаровае ўручэнне адбылося якраз у дзень мінскай прэм’еры.
У Цэнтры тры залы — на 380, 250 і 150 месцаў. Каб прымаць калектывы з вялікай колькасцю ўдзельнікаў, існуе яшчэ адна сцэна на адкрытым паветры — на 1300 месцаў. Кожныя два гады тут ладзіцца фестываль, на якім маладыя харэографы могуць паказаць свае работы. Цэнтр — не дзяржаўная, а грамадская арганізацыя. 20 працэнтаў яго бюджэту складаюць муніцыпальныя грошы, 8 — падтрымка Мінкульта, а ўсё астатняе Цэнтр зарабляе сам. Ды яно і не дзіўна! Штогод тут праходзіць з дзесятак харэаграфічных фестываляў і паказваецца больш за 600 спектакляў. Сёлета, пры канцы чэрвеня, чакаюцца выступленні знакамітых на ўвесь свет Ганны Лагуны і Міхаіла Барышнікава. Эх... Калі б да нашых ідэй і знаходак дадаць іх зацікаўленасць, фінансы і наяўнасць структуры! Які вынік можна было б атрымаць!
Пасольства Ізраіля — добры прыклад для нас, як трэба ганарыцца сваім, папулярызаваць, «прасоўваць» уласную культуру і яе дасягненні. Гэта тычыцца і прадстаўнічай прэс-канферэнцыі; і ўласна спектакля; і выставы, што працавала ў фае тэатра і адлюстроўвала дзейнасць знакавых для Ізраіля асоб, якія нарадзіліся ў Беларусі.
Знаёмства беларусаў з ізраільскім сontemporary dance толькі пачалося. Хочацца верыць, што прэм’ера «Рустэра» дала старт магчымым сумесным праектам, сярод якіх — візіт нашых гасцей у Віцебск, перспектыва для айчынных калектываў сучаснага танца трапіць на прэстыжную сцэну Цэнтра імя Сюзан Дэлаль. А значыць — прадставіць лепшыя дасягненні беларускіх харэографаў і танцораў у далёкім Ізраілі...
Таццяна Мушынская