Маляваны рай

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Рарытэты інсіту

/i/content/pi/mast/32/537/16.gif

Тамара Даўд. Шчаслівае дзяцінства. Двп, алей. 2006.

Маляваны рай — гэта ўвасабленне свету, які здаўна існуе ў летуценнях мастакоў. Ад прыгожага біблейскага райскага саду, што стварала на дыванах у 1930-я гады Алена Кіш са Случчыны, месяцовых краявідаў Язэпа Драздовіча (1930–1950-я гады), размалёваных куфраў, роспісаў і дзівосных дываноў Паўла Марціновіча з Любанскага раёна (1960-я) нас аддзяляе не надта вялікі гістарычны тэрмін. Але ці ведаюць беларусы пра гэтыя цуды народнага жывапісу, які называюць наіўным альбо інсітным?

Можа, прыйшоў час паразважаць над філасофскімі, эстэтычнымі пытаннямі, што ставяць перад намі творцы, работы якіх захоўваюцца ў беларускіх музеях і дамах народных рамёстваў, у прыватных калекцыях? Сабраць у адным месцы шэдэўры інсітнага мастацтва — менавіта такой ідэяй кіраваліся супрацоўнікі Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» — арганізатары выставы «Маляваны рай беларусаў».

Змяняюцца эпохі і людзі, але застаюцца на карцінах запаветныя мары мастакоў. На мой погляд, наіўных творцаў яднае не толькі шчырасць пачуццяў, але і нязбыўная туга па гармоніі. Па тым райскім садзе, у якім ёсць месца не толькі фантазіі і казцы, але і аповедам пра грахі людзей, што перашкаджаюць ім успрымаць радасць зямнога існавання.

Запытайцеся ў школьніка ці студэнта: «Навошта чалавеку рай? Чым жыццё ў раі адрозніваецца ад звычайнага зямнога існавання?» І вы пабачыце, як сведка надыходу трэцяга тысячагоддзя апынецца ў складанай сітуацыі, бо такога кшталту ведаў у яго няма. Гэтую нястачу можа кампенсаваць багацейшы народны фальклор, напрыклад, запісы этнографа Аляксандра Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (упершыню былі выданыя ў 1930 годзе) або шматлікія казкі.

Экспазіцыя «Маляваны рай беларусаў» дае магчымасць перагарнуць невядомыя старонкі з «райскага жыцця», якое было створана інсітнымі мастакамі на працягу ХІХ — ХХ стагоддзяў і ў пачатку ХХІ. Ад покуці з абразамі, упрыгожанымі ручнікамі, арнаменты на якіх сімвалізуюць нябеснае святло, да «Заслаўскіх паданняў» Сяргея Каваля доўжыцца паступовы ўваход у свет маляванага дывана, народнага жывапісу, графікі. Дыван «Коннік» з вёскі Бацілоўшчына Глыбоцкага раёна, створаны невядомым мастаком напрыканцы 1930-х гадоў, распачынае сапраўдную містэрыю. Кантрасты чорнага і белага, панаванне колеру на чорнафарбаваным палатне, буйныя чырвоныя ружы і расліны вакол «вакна» (цэнтра дывана, дзе адбываецца сустрэча апранутых у дзівосныя строі прыгожай князёўны з маладым шляхціцам на кані) ствараюць незвычайную панараму ірэальнай дзеі. Мы паглыбляемся ў казку, пра якую яшчэ не чулі, у жыццё, якога ніколі не бачылі, у чароўны свет, пра які ніхто нам не распавядаў. Кожны глядач можа прапанаваць сваю версію трактоўкі ўбачанага. У гэтым, на маю думку, схаваны адзін з «філасофскіх камянёў» маляванага дывана: галоўнае, каб жаданні і мары народнага творцы былі «праяўлены», а словы, што патлумачаць выяву, кожны глядач адшукае самастойна.

Алена Кіш, як ніхто іншы, здолела ўвасобіць свае нявыказаныя мары пра жыццё ў свеце, дзе няма крыўды і здрады, творчасцю яна набліжала свой запаветны біблейскі сад — свет павагі і любові паміж людзьмі, гармоніі паміж чалавекам і прыродай. Не трэба забываць, што гэты маляваны сад Алены Кіш быў створаны ў жорсткія 1930-я, гады рэпрэсій і «класавай барацьбы». Гэта яшчэ адно сведчанне моцы мастацтва, здольнага жывіць душы творчых людзей.

Сучасныя мастакі наіўнага мастацтва — Вольга Ярэська з Налібоцкай пушчы, Тамара Даўд з Салігорска, Сяргей Каваль з вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна, Іван Супрунчык са Столінскага раёна — таксама ствараюць свой дзівосны сад. Сад, у якім заўсёды ёсць месца для роздумаў пра Вечнае, для сузірання прыгажосці — на Зямлі і ў Космасе.

 Юрась Малаш