Ілюзія рэальнасці

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Беларуска-шведскі праект у полацкай галерэі

/i/content/pi/mast/32/536/15.gif

Крыстофер Паўэс, Павел Вайніцкі, Дар’я Іваноўская, Сяргей Завіжанец. Штучны мёд. Аўдыё-візуальная інсталяцыя. 2010.

 

Беларуска-шведскі праект «Ілюзія, фальсіфікацыя і рэальнасць» (мастацкая галерэя Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка-музея) быў ажыццёўлены сумеснымі намаганнямі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, галерэі Меян Лабе і Каралеўскага ўніверсітэта-каледжа прыгожых мастацтваў у Стакгольме пры падтрымцы Шведскага інстытута. Яго мэта — улучыць беларускіх творцаў у інтэрнацыянальнае супрацоўніцтва ў сферы актуальнага мастацтва.

Удзел у праекце прынялі мастакі маладога і сярэдняга пакаленняў, для якіх тэма маральнасці не абмяжоўваецца рамкамі побытавых крытэрыяў. Паводле шведскага куратара Б’ёрна Норберга, гэтая тэма сёння вельмі актуальная ў сусветнай культуры. Ён таксама зазначае: «Мастацтва само па сабе з’яўляецца і ілюзіяй, і рэальнасцю. Твор мастацтва можа мець мноства тлумачэнняў, і вы, як гледачы, павінны знайсці свае ўласныя».

Стакгольмскі мастак і пісьменнік Нільс Клаесан выбраў надзвычай дэмакратычную форму рэалізацыі ідэі. Ён заключыў пагадненне з Русланам Вашкевічам, мастаком, які пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, пра адмову апошняга ад творчай работы на адзін месяц. Руслан сам стаў аб’ектам мастацтва: яго роля заключалася ў фіксацыі на відэа рэакцыі на гэты ненатуральны стан. Вынікам з’явіўся пошук мастаком новых форм працягу творчага быцця. Ідэя-вопыт Клаесана і Вашкевіча звернута да людзей, што гуляюць у жыццё і з вялікай цяжкасцю выконваюць патрабаванні грамадства.

Своеасаблівым працягам эксперымента можна назваць і праект групы беларускіх мастакоў, у якім шэрагу людзей было прапанавана на працягу тыдня пазбавіцца ад сваіх кепскіх звычак і не думаць пра людзей дрэнна. Атрыманы фактычны матэрыял быў пададзены ў выглядзе інсталяцыі з тэкстаў і фатаграфій — роздум аб праўдзівасці словаў кожнага ўдзельніка.

Больш прывычнымі для публікі выглядалі інсталяцыі з простымі рэчамі, якія мастак пераносіў у эстэтычную сферу, такім чынам дэманструючы ўзаемасувязь паўсядзённай рэчаіснасці з мастацтвам. У інсталяцыі «Шведскі стол» мастачка Вольга Сазыкіна ладзіць бутэрброднае баляванне, раскладваючы на стале дэлікатэсы. Пры гэтым яна выкарыстоўвае натуральны хлеб і ілюзорныя стравы — фатаграфіі ежы. Глядач разумее падмену, фальсіфікацыю праўдзівых асалодаў, дзе ілюзорнасць і рэалістычнасць мяняюцца месцамі. Інсталяцыя з пчаліных вулляў Крыстофера Паўэса, Паўла Вайніцкага, Дар’і Іваноўскай і Сяргея Завіжанца скіравана на стварэнне эстэтычнай прасторы, напоўненай гукамі, пахамі, асацыяцыямі. У вуллі ўманціраваны відэаманіторы з фільмамі, якія паказваюць візуальнае ўспрыманне рэчаіснасці пэўнымі людзьмі. Гэты прыём злучае мінулае (вуллі — як увасабленне традыцый ва ўкладзе жыцця) і ілюзорнасць будучыні. Аўтары сцвярджаюць: «Тлумачэнне інсталяцыі застаецца адкрытым. Вуллі могуць быць разгледжаны як выява супастаўлення старога, натуральнага, душэўнага і новага, бліскучага, забаўляльнага». Мастакі ў гэтай рабоце ствараюць не толькі прастору думкі і візуальнасці, яны ўвасабляюць эстэтычны погляд на час, што выяўляецца ў архітэктоніцы будынкаў, фактуры матэрыялаў, жывых прыродных напластаванняў...

Новую жыццёва-эстэтычную прастору стварае Юрась Барысевіч. Ён прадставіў кароткаметражны фантастычны фільм пра жыццё робатаў. Інсцэнаванае жыццё фальклорнага робата накіравана на ўвасабленне ідэі аб’яднання людзей і машын, змешванне культур сродкам прыказак і прымавак з розных краін свету. Пераклады падобных прымавак на ўсялякія замежныя мовы ствараюць новыя сэнсы.

Магчымасць убачыць або адкрыць нешта новае займае і мастака Міхася Баразну. Ён прапануе інсталяцыі-развагі пра святло і цемру, задаючы філасофскае пытанне: «Хіба не перашкаджае штосьці разгледзець занадта яркае святло?»

Мной згаданы толькі некаторыя з прадстаўленых работ, але яны дэманструюць цэласнасць і каштоўнасць своеасаблівасці кожнага: і шведскага рацыянальнага канцэптуалізму, і эмацыйна-асацыятыўнай візуальнасці беларускага боку. Менавіта захаванне ўласнага знаходзіць працяг у будучыні.

Ларыса Лысенка