«У майго царства няма межаў...»

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Жывапіс Наталлі Залознай

/i/content/pi/mast/32/535/14.gif

Люстэрка. Акрыл. 2009.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прэзентаваў творы Наталлі Залознай, беларускі, якая стала жыве ў Бельгіі. Тэма, над якой яна працуе цягам апошніх гадоў, — пабудова бясконцай прасторы, «дзе няма зямной цвердзі пад нагамі, няма межаў паміж небам і зямлёй». У анатацыі да выставы Наталля прыводзіць словы Борхеса: «Калі прастора бясконцая, то мы знаходзімся ў любой кропцы гэтай прасторы, калі час бясконцы, то мы знаходзімся ў любой кропцы часу...»

Ідэя магчымасці знаходжання ў любой кропцы прасторы і часу вызначае прынцыпы кампазіцыйнай будовы твораў. Мастачка надзвычай часта ўводзіць у свае палотны тэксты, якія тлумачаць, паясняюць інтэнцыі аўтара, але арганічна ўплятаюцца ў канву твора і становяцца такім жа вобразным сродкам, як колер і святло. Гэтыя тэксты прыадкрываюць нам метады стварэння кампазіцый: «Некаторыя думкі хутка забываеш, але яны выклікаюць неспакой. Лягчэй згадаць не думкі, а месцы, дзе яны ўзніклі».

Ствараючы свае пазачасавыя, ці ментальныя, краявіды, мастачка ўсё ж датыкаецца зямлі — дзеля таго, каб ад яе адштурхнуцца. Каб распачаць вольны палёт, патрэбна зямная цвердзь. А яна (рэальны краявід) з часоў Рэнесансу звыкла структуруецца паводле законаў лінейнай перспектывы.

Увогуле, любая жывапісная паверхня валодае здольнасцю прасторавай трансфармацыі. Ці гэта «акно ў свет» фігуратыўнага жывапісу, ці метафізічныя плоскасці абстракцыі... Але мастак, які прайшоў праз постмадэрнізм, гуляе з усімі гэтымі структурамі. І дзеля выразнасці ідэі лёгка можа скарыстаць самыя розныя правілы гульні.

Кропка знаходжання мастака ў часе таксама становіцца няпэўнай. «Мы знаходзімся ў любой кропцы часу», — згадваецца ў тэксце да выставы. Бо рухаемся праз сімультаннасць мінулага і будучага.

Але якім чынам бясконцая прастора і бязмежны час знаходзяць сваю кропку спынення ў творах Наталлі Залознай? Фактычна, задача, што стаіць перад творцам, вечная як само мастацтва: прастору без межаў спыніць і зафіксаваць. Гэта становіцца зместам рэфлексіі мастачкі, і яна аналізуе, агаляе ўласныя метады фіксацыі прасторы і часу на плоскасці.

Традыцыйны метад заключэння твора ў раму адкідваецца дзеля дасягнення галоўнай ідэі: фрагменты бясконцага прасцягу — рухомыя і няпэўныя.

Тэкст на палатне замацоўвае плоскасць семантычна і кампазіцыйна: ён адсылае да плоскасці аркуша, свайго звыклага носьбіта, а апісаннем сюжэта пазначае кропку ў часе.

Рытм, выразна праяўлены ў творах Наталлі Залознай, з’яўляецца найбольш антрапалагічна дакладным вымяральнікам краявіду. Мастачка не хавае свае рытмы-структуры, а выдзяляе іх як важны элемент твора. Гэта птушкі, што выбудаваліся ў «Вечаровай песні», гэта бясконцыя барозны яе краявідаў ці аркады, што чаргуюць сваімі формамі цень і святло. Часта прастору арганізоўваюць звычайныя кропкі, сеткай размешчаныя на палатне.

Сучасны мастак можа карыстацца некалькімі формуламі перспектывы. Прамая таксама прыдасца для выяўлення асобных унутраных станаў. Да таго ж гэта выразны і звыклы спосаб фіксацыі прасторы на плоскасці. Але прамая перспектыва заўсёды прадугледжвае гарызонт, на якім павінны размяшчацца кропкі зыходу паралельных ліній.

Гарызонту ад пачатку ў Залознай няма: «…няма межаў паміж небам і зямлёй». Таму лінія перасячэння дзвюх плоскасцей — умоўнага неба і ўмоўнай зямлі — такая ж ілюзорная і зменлівая. Гарызонт з вышыні птушынага палёту — проста згушчэнне прасторы, рыса зыходу ў бясконцасць.

У «Zen-landscape» лініі краявіду збягаюцца ўдалечыні і раптам уздыбліваюцца, нібы ментальнае тарнада ўварвалася ў рэальнасць. Салатавыя і чырвоныя барозны поля... Салатавыя — як колер руні і чырвоныя — тагасветнае адлюстраванне, адваротны бок існага. Уражанне — проста містычнае. Міф, космас, удрукаваны ў краявід...

Эмацыянальным полем мастакоўскіх інтэлектуальных пабудоў з’яўляецца жывапісная матэрыя, носьбіт няўлоўных, нематэрыяльных рэчаў. Палёт пакідае след у прасторы. Рух святла трансфармуе форму (у «Zen-landscape»), але час таксама пакідае след, і гэты след можа зафіксаваць мастак.

У 90-я гады мінулага стагоддзя Наталля Залозная была яркай постаццю тутэйшай арт-сцэны. Мастак тонкай рэфлексіі і выключнага майстэрства, яна арганічна ўпісалася ў еўрапейскую прастору. У многіх яе сённяшніх творах пазнаеш ранейшую манеру пісьма, у цэлым жа выстава засведчыла новы ўзровень творчай свабоды. «Вольны палёт» Наталлі Залознай — гэта спроба адарвацца ад устойлівых сістэм каардынат і адшукаць уласныя арыенціры ў прасторы і часе.

Алеся Белявец