Раіса Грыбовіч (Глумава), Віктар Дашкевіч (Мамаеў), Юрый Гапееў (Глумаў).
Рыд Талiпаў мае ўласныя дасягненнi ва ўвасабленнi рускай і замежнай класiкi (прыгадаем яго «Чайку» і «Вечнага Фаму» ў Гомельскiм абласным драматычным, «Iванава» ў Тэатры-студыi «Дзе-Я?», «Тарцюфа» ў Гродзенскiм драматычным, «Кацярыну Iванаўну» і «Васу» ў коласаўцаў). Для свайго рэжысёрскага дэбюту ў якасцi новага мастацкага кiраўнiка Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра імя Якуба Коласа Таліпаў абраў апрабаваны часам i сцэнічнай гiсторыяй твор Аляксандра Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае дурасцi» (заўважу, што тэатр, адышоўшы ад арыгiнала, змянiў назву і надаў ёй больш тонкае сэнсава-семантычнае адценне; а тут, мiж iншым, хаваецца i змест iнтрыгi).
Тэатр пакiдае ў дужках назву п’есы Астроўскага ў сваiм адвольным перакладзе, каб нейкiм чынам зарыентаваць гледача, i разам з тым дае буйным планам назву спектакля — «Мудрацы...», падкрэслiўшы роднасць, агульнасць Глумава з iншымі насельнiкамі сцэнiчнага і жыццёвага асяроддзя. I сапраўды, кожны з герояў — Мамаеў, Круцiцкi, Гарадулiн, Курчаеў — лічыць сябе разумнейшым за астатнiх, таму і нататкi Глумава ўсе яны ўспрымаюць, як «гром сярод яснага неба». Калi ў гогалеўскім «Рэвiзору» чыноўнiкi да драбніц ведаюць усё пра самiх сябе, — фантомам з’яўляецца для iх фiгура Хлестакова, — то ў «Мудрацах…» дзённiк, як люстэрка, адбiвае iх самiх. Мыльныя пухiры лопаюцца. Для кагосьцi тое магло б стаць трагедыяй, ды толькі не для «мудрацоў». Гэтую «навальнiцу» (якая i насамрэч парадыйна, па асацыяцыi з iншым вядомым шэдэўрам, узнiкае ў спектаклi) яны стойка перанеслi і, як нічога і не было, працягваюць сваё пошлае i бессэнсоўнае iснаванне, так бы мовiць, гульню ў жыццё, што дакладна перададзена ў закальцаваных пралогу i эпiлогу.
Сваю канцэпцыю рэжысёр падае ў назве, у вырашэннi прасторы, у стварэннi візуальнага вобраза спектакля, мастаком якога ён сам i з’яўляецца. Усё трымаецца ні на чым: пустыя карцiнныя рамы, падлогавыя гадзiннiкi (адзiн з якiх — пясочны), мармуровыя бюсты ў пакоях Круцiцкага, валiзкi ў хаце Глумавых ствараюць метафару няўмольнага i хуткаплыннага часу, што, як пясок, паглынае i рэчы, i людзей. На роўных уступаючы ў дыялог з аўтарам, Таліпаў дазваляе сабе паглыбiць фiласофскую канцэпцыю п’есы, пашырыць яе мастацкую прастору. Пра тое, што твор не згубiў сваёй надзённасцi, можна i не казаць. Хiба коснасць, фальш, крывадушша, прыстасаванства не пануюць у сучасным грамадстве? Хiба сёння мы не толькi iншых, але найперш сябе не ашукваем, гуляючы ў нейкае прыдуманае, несапраўднае жыццё?
Жанр спектакля рэжысёр акрэслiвае даволi нязвыкла: сатырычны рэалiзм. Зрэшты, падобнае нестандартнае вызначэнне мы бачым у Талiпава не ўпершыню (успомнім драму-камедыю з жыцця людзей «Кацярына Iванаўна», прытчу-псiхааналiз «Стомлены д’ябал» альбо салонную трагiкамедыю «Галубок»). Што хаваецца тут? Магчыма, вострае i з’едлiва-саркастычнае выкрыццё чалавечых i сацыяльных заганаў у спалучэннi з праўдзiвым адлюстраваннем пэўнага часу і асяроддзя? Паспрабуем прыгадаць выхапленыя мастаком кавалкi-падрабязнасцi жыцця ў пралогу i эпілогу цi пачатак першай дзеі, дзе Глумава (Раіса Грыбовiч) дастаткова натуральна мые вадой з цэбра (у якім потым i будзе схаваны дзённiк) свайго сына, прамаўляючы народныя замовы i такiм чынам засцерагаючы яго ад злога вока цi нядобрых людзей.
У стылi, манеры iгры, спосабе iснавання большасцi выканаўцаў заўважаеш iранiчныя цi нават саркастычныя адносiны да сваiх персанажаў, згушчанасць камедыйных фарбаў, наблiжанасць да гратэска, гiпербалiзацыi (некаторыя даследчыкi якраз і ўказвалi на тое, што па жанры п’еса хутчэй нагадвае палiтычную камедыю-памфлет з нязвыклай для бытапiсальнiка Астроўскага буфанадай). Асаблiва гэта ўласціва Юрыю Гапееву (Глумаў), Анжалiцы Баркоўскай і Вользе Куляшовай (Мамаева), Нiне Обухавай (Машачка).
Для маладога артыста i студэнта-завочнiка Беларускай акадэмii мастацтваў Юрыя Гапеева, за плячыма якога — цэнтральныя вобразы ў спектаклях «Несцерка», «Млын» і «Дадому», гэта ўсё ж першая роля такога маштабу. Звычайна да такiх работ, як Глумаў, прыходзяць у больш сталым узросце. Трэба заўважыць, што ад спектакля да спектакля выканаўца набывае ўпэўненасць, лёгкасць і, так бы мовiць, акцёрскi кураж, а вобраз набiрае аб’ём і шматслойнасць. Фраза, прамоўленая Глумавым у пачатку спектакля: «Я змагу падладзiцца i да тузоў i змагу знайсцi іхняе апякунства. Неразумна iх раздражняць — з iмi трэба лiслiвiць груба, беспардонна», — робiцца ключавой для выканаўцы. Крывадушша, мана, лiслiвасць — гэткi жыццёвы тэатр Глумава — занадта вiдавочныя, каб iх не заўважыць. Ды «мудрацы» Астроўскага купляюцца на гульню прайдзiсвета, бо ўпэўнены ў сваёй калi не выключнасцi, дык разумовай перавазе. Герой Гапеева з лёгкасцю пераўвасабляецца то ў паслухмянага дурня, то ў багамольнага ханжу, то ў закаснелага рэтраграда, то ў пустабрэха-лiберала, то ў рамантычнага палюбоўнiка. Выканаўца тонка балансуе на мяжы жыццёвага падабенства і гратэска, не зніжаючыся да карыкатуры. Найбольш складаныя для артыста дуэтныя сцэны з Мамаевай. Паводле Астроўскага, гэта адзiная гераiня, якая па сваiх разумовых здольнасцях можа зраўнавацца з Глумавым, таму Ягору Дзмiтрыевiчу трэба так тонка сыграць страсць, каб самому амаль паверыць у iлюзорнае пачуццё. У спектаклi адбываецца крыху iнакш. Каханне, захопленасць Глумавым спярша асляпляюць розум Мамаевай, i яна робіцца слабой, безабароннай жанчынай. А потым помсцiць, жорстка помсцiць за сваю прынiжаную жаночую годнасць. Анжалiка Баркоўская карыстаецца больш кiдкiмi камедыйнымi прыёмамi, часам упадаючы нават у эксцэнтрыку, знарочыста згушчае фарбы ў абмалёўцы сваёй гераiнi. Вольга Куляшова будуе гэты вобраз на кантрасце: у першай дзеi — гратэск, буфанада, у другой — узнiкае драматызм, i тады мы бачым моцны валявы жаночы характар.
Нечым падобнай да Глумава атрымалася i Машачка, ролю якой адметна выканала Ніна Обухава. Замест безаблiчнай паслухмянай дурнiчкі з мяшчанскiмi рысамі мы бачым даволi разумнае, рухавае дзяўчо, якое прыстасоўваецца да абставiн i скарыстоўвае iх дзеля сваёй выгады.
Таліпаў у спектаклі спрабуе «спрачацца» з аўтарам i адносна вобраза Глумавай. У рэжысёрскай трактоўцы гэта не праставатая мяшчанка, а разумная настаўнiца, здольная навучыць сына жыццёвай мудрасцi.
Забаўным, пацешным старэчам выглядае ў спектаклi Круцiцкi ў выкананнi народнага артыста Беларусi Тадэвуша Кокштыса. Цяжка паверыць, што гэты вадэвiльны персанаж мог даслужыцца да генерала. Выдатна, у адпаведнасцi з жанрам, распрацавана яго сцэна з Турусiнай (Галiна Букацiна). У Круцiцкага на шыi баявы бінокль, праз якi ён разглядвае сваю старую прыяцельку, што зусiм не страцiла колішняй прывабнасцi. Здаецца, генерал хоча не толькi яе падбадзёрыць, але i запэўнiць, што ён яшчэ мужчына хоць куды. Цiкавы фiнал сцэны, калi Круцiцкi і Турусiна, стаўшы на карачкі, па-сабачаму брэшуць адно на аднаго. Нездарма ж Глумаў напiсаў пра генерала: «Распавядзі свету, як, дажыўшы да шаноўнага ўзросту, ты змог захаваць розум шасцiгадовага дзiцяцi».
Ролi другога плана знайшлi ў спектаклi адметнае вырашэнне i зусім не нагадваюць ранейшыя трактоўкi гэтых вобразаў. Напрыклад, Курчаеў у выкананнi Максiма Каржыцкага. Здаецца, тэатр i сам артыст сiмпатызуюць гэтаму герою «без асаблівых прэтэнзій на выключнасць». Вельмi нечаканай аказалася i прызначэнне на ролю Манефы Тамары Кабяк. Яна iграе не варажбiтку, не прадказальнiцу, а, магчыма, баранесу ці княгiню — гэтак уладарна і годна паводзiць сябе яе гераіня. У больш гратэскавай востракамедыйнай манеры падае гэты вобраз Ларыса Антосева.
Каб падкрэслiць сiтуацыю цi паўней раскрыць характар героя, рэжысёр дакладна карыстаецца дэталлю ў касцюме, грыме, пластыцы і афармленнi. Прыгадаем бiнокль, маршавыя праходкi Круцiцкага, парасон Мамаевай i вялiкае люстра ў яе пакоi, веер у спалучэннi з мяшчанскай хусткай у Глумавай. А яшчэ «бег паравозiкам» у Гарадулiна (Аляксандр Базук), «ператварэнне ў негра» Глумава ў пачатку i яго ж распрананне да споднiкаў «мудрацамi» ў фiнале спектакля. Безлiч такiх дэталей-метафар проста россыпам раскiданы па ўсiм спектаклi.
На адным з паказаў давялося пачуць за спiнай глядацкае меркаванне: «Якое адчуванне стылю, якая акцёрская iгра!». Бадай, да гэтых слоў мне няма чаго дадаць.
Юрась Іваноўскі