Восеньскія фантазусы і амазонкі

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Лета, час выяздных пленэраў і мастацкіх практык, прапануе няшмат яркіх выставачных экспазіцый, іншых мастацкіх падзей. Сталіца замірае перад стартам наступнага сезона, дзе творцы паспрабуюць апярэдзіць сабратоў у пагоні за заказамі, пакупнікамі, гледачамі. А ў летні перыяд выставачныя залы звыкла пустуюць або аддаюцца ў арэнду камерцыйным праектам. Зрэшты, на рэкламу «Мядовага Спасу» ў Палацы мастацтва адгукаецца нашмат больш зацікаўленых пакупнікоў, чым на адкрыццё іншай значнай выставачнай экспазіцыі.

 /i/content/pi/mast/3/53/Fantazusy2.jpg
 А.Асташоў. Лодка сяброў. Бронза. граніт. 2006.
Тым не менш і ў гэтай ціхамірнай плыні бліжэй да вераснёўскіх дзён адчуліся некаторыя зрухі. У Нацыянальным мастацкім музеі ўсур’ёз заняліся скульптурай. Усё пачалося з выставы памяці народнага мастака Беларусі А.Анікейчыка, прадоўжылася супольнай выставай народнага мастака БССР С.Селіханава і яго ўнука К.Селіханава, а пасля -- выставай малой пластыкі А.Асташова. Аб’яднала дзве апошнія экспазіцыі імкненне маладых скульптараў паказаць уласныя магчымасці валодання не толькі скульптурным матэрыялам, але і графічнымі сродкамі адлюстравання рэчаіснасці.
Выстава А.Асташова называлася «З любоўю да Мінска». Праўда, гэтая назва трошкі здзівіла, бо ў прадстаўленых работах відавочна гучалі японскія матывы. Але сама экспазіцыя запомнілася. Аўтар працягвае ўдасканальваць вынайдзеныя ім своеасаблівыя рафінаваныя дзіцячыя вобразы. Ён здатны падаць іх праз тонкую інтэлектуальную гульню, бясконцыя падрабязнасці і ювелірную дакладнасць. Яго скульптуры, несумненна, зроблены па-майстэрску, тэхнічна дасканалыя, выразныя і належаць да высокамастацкай прадукцыі арт-рынку, якога ў нас пакуль няма.
Тэма Мінска больш поўна была адлюстравана ў графічных творах А.Тычыны, выстаўленых у Нацыянальным мастацкім музеі. У 1920-х мастак стаў першым «песняром» новага Мінска, у 1950-х зрабіў смелы паварот ад класічнага краязнаўчага стылю да «урбаністычнай» тэматыкі, адчуў наватарскую перспектыву развіцця горада, маляваў яго з вышыні шматпавярховых будынкаў, фіксаваў манументальныя гмахі, новы праспект. Мінск А.Тычыны -- светлы горад з неабмежаванай прасторай развіцця, з вялікім патэнцыялам, цэнтр сучаснай еўрапейскай культуры.
А ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася персанальная выстава графіка
 /i/content/pi/mast/3/53/Fantazusy1.jpg

  М.Казлоў. Парад. Зм.тэхніка. 2003.

М.Казлова «Фантазус». У экспазіцыі былі прадстаўлены кніжныя ілюстрацыі і станковыя лісты. Мікалай Казлоў, выпускнік Маскоўскага паліграфічнага інстытута, цягам многіх гадоў займаецца кніжнай графікай, аформіў і праілюстраваў больш за 150 кніг, неаднаразова атрымліваў узнагароды ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі». У станковых работах, якія аб’яднаны ў серыі «Старыя цацкі», «Парад», «Фантазус», мастак выкарыстоўвае арыгінальную аўтарскую тэхніку, якая спрыяе адлюстраванню дзіўных і чароўных вобразаў яго твораў. Казачныя персанажы, пазнавальныя жыццёвыя і культурныя рэаліі прапушчаны праз прызму ўласнага ўяўлення, фантазіі, пошукі і перажыванні. Пры гэтым мастак не столькі аднаўляе пэўныя гістарычныя падзеі, колькі выдумляе свет, якога няма насамрэч. Але гэты свет вельмі прыцягальны, ён і святочны і страшнаваты, дэталёва распрацаваны і абагульнены. «Доўгі час я працаваў над ілюстрацыямі да твораў Гофмана, рызыкнуў выйсці за рамкі кніжнай графікі і стварыў вольныя кампазіцыі. Гэта мудрагелістыя формы, гульня фарбаў, лёгкасць прасторы... Гратэск не толькі ў кампазіцыйным ладзе работ, але і ў колеравым і графічным рашэнні», -- гаворыць аўтар.
А выстава маладога наваполацкага мастака П.Лунёва, што адбылася ў тым жа музеі, выклікала некаторае здзіўленне. Вялікія графічныя кампазіцыі з маляванай шрыфтавой графікай больш нагадвалі вулічныя графіці, чым канцэптуальныя творы новага мастацтва.Да 940-годдзя Мінска Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прапанаваў сваім гледачам нечакана яркую і разнастайную выставу акварэлей, саломкі, батыка, керамікі навучэнцаў Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў, а таксама выставу гарадскіх краявідаў Г.Скрыпнічэнкі. Замалёўкі горада мастак рабіў цягам многіх гадоў. У адрозненне ад А.Тычыны Г.Скрыпнічэнку прыцягвалі не класічныя ансамблі сталіцы, а невялікія ціхія вулачкі і старыя дамкі.
Наталля ШАРАНГОВІЧ