Анастасія Масквіна. Пра Разалінду і іншых

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

З ёй, абаяльнай і ўсмешлівай салісткай нашага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, можна гутарыць на розныя тэмы. Распытаць пра дзве яе вышэйшыя адукацыі або пра перамогі на міжнародных конкурсах, пра шматлікія замежныя гастролі або пра вядучыя партыі, якія яна выконвае на сцэне тэатра. Але гэтым разам тэма гутаркі была іншай. У апошняй прэм’еры Вялікага тэатра Расіі, аперэце «Лятучая мыш» Іагана Штрауса — яе ўвасобілі малады і модны рэжысёр Васіль Бархатаў, які ў 22 гады паставіў свой першы спектакль у Марыінскім тэатры, а таксама вядомы беларускі і расійскі сцэнограф Зіновій Марголін, уладальнік «Залатой маскі», «Залатога сафіта» і «Крышталёвай Турандот», — Масквіна выканала галоўную партыю — Разалінды.

Пачну з таго, што пастановачная брыгада «Лятучай мышы» вызначаецца, з аднаго боку, маладосцю, з другога — міжнародным складам. У яе ўвайшлі дырыжор Крыстаф Маціяс Мюлер — кіраўнік сімфанічнага аркестра Гетынгема, мастак па касцюмах Ігар Чапурын — знакаміты расійскі куцюр’е, які ў свой час скончыў у Віцебску тэхналагічны тэхнікум, а потым тэхналагічны інстытут. Цікава, як вы трапілі ў такую адметную каманду? Праз кастынг і папярэдняе праслухоўванне?

— У канцы мінулага года Вялікі тэатр Расіі распачаў праграму «Маладыя галасы». Яе мэта — пошук новых яркіх вакалістаў з добрымі артыстычнымі данымі па ўсіх краінах СНД. Праслухоўванне (для спевакоў да 35 гадоў) ладзілася і ў нашай Акадэміі музыкі. Мне на год болей, і я не збіралася нікога падманваць. На праслухоўванне хадзілі многія нашы оперныя выканаўцы. З беларусаў у праграму трапіла Аксана Волкава. Цяпер яна ў Маскве, займаецца ў Школе маладых спевакоў пры Вялікім тэатры. Аксана, з якой сябруем, угаворвала: «Пойдзем праслухаемся!», ды мне здавалася: конкурсны перыяд у маім жыцці ўжо скончыўся.

/i/content/pi/mast/31/526/25.jpg

 «Лятучая мыш» Іагана Штрауса. Сцэна са спектакля. Вялікі тэатр Расіі.

У Акадэміі музыкі сустрэчай гасцей і арганізацыйнымі пытаннямі займалася мой педагог Людміла Якаўлеўна Колас. Яна таксама раіла: «Прыедзь! Няхай яны цябе проста пачуюць!» Уявіце, еду з рынку на машыне. Нават нот з сабой не было, толькі клавір «Трубадура». Узялі ў бібліятэцы Акадэміі ноты... Пэўна, я была 300-я з праслуханых. Адразу заўважыла, што не прэтэндую на навучанне ў Школе. Я — салістка тэатра, спяваю вядучы рэпертуар. Выканала тры арыі — Таццяны з «Анегіна», Мікаэлы з «Кармэн», Мімі з «Багемы».

У рэшце рэшт сказалі, што даўно не чулі такога прыгожага сапрана, што мой голас тэмбральна рэдкі. Нават параўналі з вядомай амерыканскай спявачкай Рэне Флемінг, якая гастралюе па ўсім свеце. Спыталі: «А калі мы запросім вас на праслухоўванне ў Вялікі тэатр?» Адказала: «Прыеду, калі запросіце!..» Вядома, прыемна. Але ў душы не надта спадзявалася. Паводле нашага ўяўлення Вялікі тэатр недасягальны, ён — закрытая каста. І трапіць туды нерэальна. Таму спакойна паехала дадому. Я не чакала працягу. Гастралявала ў многіх краінах, нават у Італіі мне казалі: «Які прыгожы голас!», але тым справа і заканчвалася.

Праз пэўны час па электроннай пошце прыйшоў ліст: Вялікі тэатр запрашае на праслухоўванне. Прыехала, прайшла кастынг. Вядома, гэта і ўдача, і цуд! Бо ў тэатры шмат сапрана высокага ўзроўню. Тое, што спыніліся на мне, прыемна. Але гэта адначасова і падвоеная адказнасць. У перыяд рэпетыцый і самой прэм’еры салісты Вялікага хадзілі нас паслухаць: маўляў, чаму ж выбралі менавіта іх?

Давайце больш падрабязна пагаворым пра «Лятучую мыш»...

— У спектаклі толькі два склады выканаўцаў. У першым пераважалі салісты Вялікага тэатра, Разалінду спявала Дзінара Аліева. На прэм’ерах быў міжнародны склад. Мне давялося спяваць генеральную рэпетыцыю, якая праходзіць пры публіцы, другую і чацвёртую прэм’еры. «Лятучая мыш» ішла блокам, пяць спектакляў запар. Гэты фармат абраны і з-за складаных дэкарацый, і таму, што ў Вялікім тэатры ўвогуле так прынята — напрыклад, ідуць запар тры «Тоскі». Удзельнічалі ў пастаноўцы і маскоўскія салісты, якія спяваюць у «Новай оперы», «Гелікон-оперы», музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Што ні кажыце, але Вялікі тэатр — гэта брэнд. У Маскве шмат тэатраў, але Вялікі быў і застаецца вялікім, галоўным тэатрам Расіі. Пачаўшы рэпетыцыі, усвядоміла, што спяваю на дастаткова высокім узроўні. Пачула шмат добрых слоў у свой адрас ад заходніх выканаўцаў.

А на якой мове кантактавалі?

— Свабодна валодаю англійскай і італьянскай. У мяне няма праблем з замежнымі мовамі. Вучу іх хутка, добра ўспрымаю на слых. Тое здарылася і з нямецкай, бо спектакль ішоў на мове арыгінала. Рэпетыцыі доўжыліся 2 месяцы. Першы — з рэжысёрам, другі — з дырыжорам, рэжысёрам і аркестрам. Увесь час з намі працавалі два запрошаныя з Еўропы рэпетытары па нямецкай мове. Іхнім клопатам былі дакладнасць вымаўлення, фразіроўка, акцэнты, націскі. Яны валодаюць нямецкай, але маюць і музычную адукацыю. Увогуле ў тэатры прафесійны падыход да моў! Тая ж сістэма і ў іншых спектаклях — на італьянскай мове, на французскай...

Што аказалася самым складаным?

— Працэс працы быў вельмі лёгкі і прыемны. Загружанасць не такая вялікая, як думала. Калі зранку рэпеціраваў першы склад, дык на вечар выклікалі другі. Ніхто не сядзеў на ўсіх рэпетыцыях, як у нас.

Я ўвогуле не сказала б, што сутыкнулася з нейкімі цяжкасцямі. Мо таму, што сабралася неардынарная каманда? Бархатаў — малады і надзвычай перспектыўны рэжысёр. Што падкупляла? Ён ведаў партытуру, свабодна арыентаваўся ў клавіры «Лятучай мышы» — лепш, чым усе мы, разам узятыя. Памятаў усе рэплікі — у дадатак па-нямецку... Казаў канцэртмайстру: «Сыграйце мне вось гэтую тэму!» або «Вось гэты такт!» Ён — сапраўдны рэжысёр музычнага тэатра. Гэта тое, чаго ў нашым тэатры не хапае. Калі драматычны рэжысёр прыходзіць ставіць оперу і не бачыць нот, не разумее партытуру і не ведае, хто што ў пэўны момант робіць, — тады бяда для выканаўцаў!

Бархатаў — высокі хударлявы бландзін, ходзіць, як падлетак, у майцы і джынсах. У свой час скончыў музычную школу па класе балалайкі. Расказваў, што ў ГІТІСе яму даводзілася нялёгка. Бо многія яго аднакурснікі мелі сярэднюю музычную адукацыю, а ён пачаў вывучаць партытуры з нуля. Але калі следам за цяжкасцямі ўзнікае азарт, у выніку атрымліваецца штосьці неардынарнае.

У гасцініцы аднойчы глядзела тэлеперадачу, у якой спявак Шнураў расказваў, як Бархатаў запрасіў яго ўдзельнічаць у спектаклі Марыінскага тэатра (гэта была опера Гектора Берліёза «Бенвенута Чэліні»): «Калі Бархатаў упершыню са мной пра тое загаварыў, я наогул не ўспрыняў яго ўсур’ёз. Пацан нейкі... Потым так мяне заінтрыгаваў, што я пагадзіўся. Надзвычай цікавы субяседнік!»

Васіль літаральна фантаніруе ідэямі. Ён загадзя ведае ўсе сцэны, ведае, што і дзеля чаго рэжысёр будзе рабіць. А падчас рэпетыцый нараджаецца шмат прапаноў і «хохмачак». Сумесная праца часам нагадвала атмасферу клуба вясёлых і знаходлівых — па лёгкасці і дасціпнасці. Але ж аперэта і павінна быць вясёлай, рухомай, лёгкай. Рэжысёр хацеў адысці ад штампаў жанру.

У Марыінцы чатыры гады таму Бархатаў паставіў менавіта аперэту — «Масква, Чаромушкі» Дзмітрыя Шастаковіча...

— Ніхто з выканаўцаў раней не спяваў аперэту. Таму ні ў каго аперэтачных штампаў не было напрацавана. Усім было цікава паспрабаваць сябе ў нязвыклым жанры. Увогуле атрымаўся неардынарны спектакль. Публіка прымала яго добра. Шмат ёсць тых, хто цалкам «за». Але хапае і тых, хто супраць. Некалі быў Таркоўскі, яго не разумелі. Потым высветлілася, што ён — геній. Бархатаў — з шэрагу рэжысёраў, якіх, магчыма, зразумеюць не адразу.

Працытую меркаванне рэжысёра. «“Лятучая мыш” робіць уражанне сачынення простага і немудрагелістага — у рэальнасці яно канструктыўна складанае. Для мяне гэтая партытура — свайго роду музычны “Код да Вінчы”, у ёй зашыфравана неверагодная колькасць інфармацыі. Гісторыя Еўропы, нацыянальныя канфлікты, сацыяльныя спарынгі — пра ўсё гэта Штраус здолеў разважаць смеючыся... Гэта твор пра глабальнае разбурэнне межаў. Не трэба забываць, што Вена, якая спарадзіла “Лятучую мыш”, сталіца не толькі штрудэляў, але і Зігмунда Фрэйда. Гэты твор — дзіця таго часу, калі еўрапейскае грамадства пачынала псіхалагічна і сексуальна разнявольвацца». Як Бархатаў вырашыў «Лятучую мыш»? І як вы абое ўяўлялі галоўную гераіню?

— Ён адразу сказаў, што гэта «састарэлая оперная дзіва, якой ужо 40 гадоў». Вядома, калі рэжысёру 28, дык у 40 гераіня «састарэлая». Дзеянне адбываецца на караблі пад назвай «Штраус». Карабель велізарны, у нечым нагадвае «Тытанік». Ідзе ўверцюра. Адкрываецца заслона. Пасажыры падымаюцца на карабель. Я іду ў шыкоўным белым касцюме ад Чапурына. Дарагі шоўк, белае футра лісы... Іду з маленькім сабачкам. Служанка ўслед — з чамаданамі. Касцюм пашыты для трох хвілін знаходжання на сцэне. Для «Лятучай мышы» Чапурын падрыхтаваў цэлую калекцыю адзення. Усе касцюмы зроблены не як тэатральныя, што цудоўна выглядаюць здаля, а зблізку робяць іншае ўражанне. Зблізку яны таксама прыгожыя. Як на подыуме... Выкарыстана не імітацыя, а сапраўды дарагія тканіны.

І як адчувалі сябе ў дарагім футры?

— Цудоўна! Яно ўпрыгожвае жанчыну. Усе нюансы прадуманы — пальчаткі, аздабленні, абутак. Куцюр’е апрануў нават хор. Дарэчы, пра сабачак... Для іх таксама кастынг рабілі. Выбіралі, каб прыгожа выглядалі. Гэта прафесійны падыход да якаснай тэатральнай прадукцыі. Вася прапаноўваў: «Давай, першы дуэт з Адэллю паспрабуй спяваць, трымаючы на руках сабаку...» Але пёсік, небарака, ледзь не звар’яцеў. І імкнуўся ад мяне збегчы. Калі дома распяваюся, мой сабака пачынае проста выць. Напэўна, думае, што гаспадыні кепска...

Уся 1-я дзея «Мышы» адбываецца ў каютах. Белыя канапы, на падлозе каўралін... Дырэктар турмы ператварыўся ў капітана карабля. На судне падарожнічаюць багатыя людзі, якія не ведаюць, куды падзець грошы. Закаханага ў Разалінду Альфрэда Бархатаў зрабіў не столькі каханкам, колькі альфонсам.

2-я дзея — велізарная зала на караблі, дзе і адбываецца маскарад. Гэта шматузроўневая пляцоўка з басейнам пасярэдзіне, натуральнай вадой і фантанам. На «другім паверсе» залы Разалінда выконвае знакаміты дуэт з гадзіннікам. Дуэт крыху нагадваў пародыю на фільм «Тытанік»: я спявала на палубе, раскінуўшы рукі, як гераіня фільма. У Штрауса пасля дуэта ідзе яшчэ адзін нумар — «Чардаш». У нашых тэатрах яго звычайна купіруюць, бо гэта складаная, па сутнасці, конкурсная арыя. Каб праспяваць «Чардаш», трэба было хуценька збегчы зверху. «Чардаш» — устаўны нумар, але вельмі добра «спрацоўвае», бо кантрасны ўсёй дзеі. Бархатаў вырашыў яго як адзіны драматычны эпізод у спектаклі, бо гераіня разумее, што муж ёй здраджвае. Яе эмоцыі прыводзяць публіку на караблі ў шок.

Спонсар тэатра — фірма «Самсунг». Вакол сцэны — як частка сцэнаграфіі — размешчана мноства тэлеэкранаў. На іх блакітнае мора, неба, чайкі, рыбкі. Адчуванне, што ты на караблі...

Як Бархатаў і Марголін вырашылі сюжэт далей?

— Фінал 2-й дзеі такі. Пасля «Чардаша» публіка вяртаецца, уключаецца фантан. Усе наліваюць шампанскае. З’яўляецца балет, а ў фантане — плыўчыхі-«сінхронніцы». Заканчваецца маскарад бязладдзем — госці пачынаюць выліваць шампанскае ў басейн, скачуць туды. Разгойдваюць карабель, цяжкі раяль робіць прабоіну. На маніторах відаць, як лінія берага ўздымаецца, мора і неба мяняюцца месцамі. Карабель тоне. З рыпеннем закрываецца жалезная заслона...

Трэцяя дзея — штыль, пірс, бераг мора. Хтосьці выжыў, а хтосьці — не. З вады выпаўзаюць ацалелыя. Няма сцэн у турме, як у класічнай «Лятучай мышы», але музычны матэрыял захаваны. Разалінда ў бальнай сукенцы, ад якой засталіся лахманы, парык таксама мокры. У фінале высвятляецца, што ўся катастрофа была толькі жартам.

Ці былі праблемы ў публікі з разуменнем нямецкай мовы?

— Падчас размоўных сцэн за кулісамі два дыктары з мікрафонамі, мужчына і жанчына, агучвалі тэкст па-руску. (Прычым для дыктараў таксама ладзіўся кастынг.) Уражанне, што глядзіш дубліраваны фільм. І ў дубляжы — не цалкам ідэнтычны тэкст, а з «прыколамі». Каб былі зразумелыя спевы, на двух вялікіх экранах ішлі субцітры. Увогуле спевакі мелі магчымасць паказаць акцёрскае майстэрства.

Вам зручна было спалучаць спевы і ігру?

— Люблю, каб роля нараджалася ў яднанні спеваў і акцёрскага пачатку. Гэта складана. Непараўнальна лягчэй выйсці і, нерухома стоячы, праспяваць арыю. Імкнуся, каб і ў нашым тэатры кожная мая партыя была менавіта роляй.

Страшна выходзіць на сцэну Вялікага тэатра?

— Не надта. Хоць акустычна зала таксама складаная. Падалося, прастора там нават меншая, чым у нашым тэатры. Хоць спявала і не ў першым складзе, пачула шмат цёплых слоў і ад Чапурына (яму спадабалася, як ягоныя касцюмы на мне выглядаюць), і ад Бархатава. Васіль быў задаволены. Калі пачынаюцца рэпетыцыі на вялікай сцэне, шмат губляецца са знойдзенага. Бархатаў як рэжысёр вельмі пунктуальны, хоча, каб усё напрацаванае засталася. Усё роўна павінен быць мікст — оперы і драматычнага тэатра. Пасля прагону і генеральных рэжысёр падзякаваў, сказаў, што я адна з нямногіх спевакоў, хто выконвае ўсё дакладна. Пасля прэм’еры падыходзілі артысты хору, аркестра і казалі, што другі склад ім падабаецца нават больш, чым першы. Увогуле ганаруся: мяне належным чынам ацанілі, я спявала ў Вялікім, у прэм’еры, у галоўнай партыі. Адзіная з Беларусі...

Цікава, які кошт білетаў у тэатр?

— 3-5 тысяч расійскіх рублёў — каля 300 долараў.

У якіх умовах давялося жыць?

— У шыкоўных. Чатырохзоркавы «Будапешт» у цэнтры расійскай сталіцы, да тэатра — пяць хвілін пехатою. Два месяцы поўнасцю аплачваліся пражыванне, рэпетыцыі, спектаклі, а таксама тры паездкі — дадому і назад, у Маскву, самалётам або СВ. Вядучых салістаў у дзень спектакля тэатр забяспечвае машынай.

Якія спектаклі паспелі паглядзець у Маскве?

— Пашчасціла пабачыць шмат пастановак Вялікага тэатра. У мяне быў электронны пропуск, які дазваляў трапіць на ўсе спектаклі. Паслухала «Тоску» (Маквала Касрашвілі яшчэ спявае галоўную партыю), «Багему», «Кармэн», «Чарадзейную флейту», «Іаланту». Узрушальнае ўражанне ад «Яўгенія Анегіна», пастаўленага Дзмітрыем Чарняковым. Незвычайны рэжысёр, незвычайнае сцэнічнае рашэнне!

А калі б Бархатаў прапанаваў вам удзельнічаць у іншай ягонай пастаноўцы?

— Згадзілася б не раздумваючы. Я люблю эксперыменты і ўсё новае. А тут уражанне, што дыхаеш свежым, веснавым паветрам... Або чытаеш захапляльную кнігу. А потым успамінаеш, як гэта было класна!

Таццяна Мушынская