Хор — з’ява крылатая

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Музыка Юрыя Семянякі і Уладзіміра Алоўнікава ў Гнесінцы

/i/content/pi/mast/31/523/14.jpg

Помнік Алене Фабіянаўне Гнесінай перад будынкам канцэртнай залы.

«Памяць сэрца» — так называўся Міжнародны харавы форум, які прайшоў у Маскве ў красавіку і быў прысвечаны 65-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Актыўны ўдзел прынялі ў ім шэраг вядомых дзіцячых і маладзёжных калектываў з Беларусі і Расіі. Ладзілася свята пры ўдзеле Міністэрства адукацыі Маскоўскай вобласці, а ініцыятарамі выступілі Міжнароднае грамадскае маладзёжнае харавое аб’яднанне «Камертон» і дзіцячая харавая студыя «Піянерыя».

Неабходныя тлумачэнні

Пра апошнюю варта сказаць асобна. Славутая «Піянерыя» шмат гадоў існуе ў горадзе Жалезнадарожным Маскоўскай вобласці. Ля вытокаў калектыву стаяў выдатны музыкант, народны артыст Расіі, кампазітар і педагог Георгій Аляксандравіч Струвэ. Многія дзіцячыя і юнацкія харавыя студыі, якія дзейнічалі ў СССР, а цяпер працуюць у Расіі і краінах СНД, пачаліся менавіта з яго лёгкай рукі. У памяць пра ўнікальнага музыканта некалькі гадоў таму беларускія і расійскія дырыжоры стварылі Міжнароднае харавое аб’яднанне «Камертон». Менавіта так называўся дыскусійны клуб, які шмат гадоў функцыянаваў па ініцыятыве Струвэ пры Саюзе кампазітараў Расіі.

Фестываль «Памяць сэрца» — працяг справы, распачатай Георгіем Аляксандравічам. Такі фестываль ладзіцца ўпершыню. Беларускія харавыя калектывы дастаткова добра ведаюць адзін аднаго, блізка знаёмыя паміж сабой і дырыжоры. А пра тое, што адбываецца ў харавым мастацтве суседняй дзяржавы, вядома менш.

Правядзенне маскоўскага фестывалю — сумесная ідэя мастацкага кіраўніка «Піянерыі» Алены Верамеенка і дырэктара Міжнароднага аб’яднання «Камертон» (ён жа мастацкі кіраўнік хору «Пунсовыя ветразі» мінскай ДМШ № 2) Уладзіміра Лоя. Яны і выступілі непасрэднымі арганізатарамі свята. З Беларусі ў Маскву выправіліся тры калектывы — два мінскія і ашмянскі. Гэта згаданыя «Пунсовыя ветразі», хор «Ветрык» Мінскай школы мастацтваў, якім кіруе Вера Дабравольская, а таксама хор з Ашмянскай адукацыйнай школы-інтэрната (мастацкі кіраўнік Вольга Емяльянава). У ашмянскай школе вучацца дзеці, чые мамы і таты пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Цікава, што ўся выхаваўчая работа ў школе грунтуецца менавіта на працы хароў. Мо, таму і атрымаўся незвычайны ансамбль? З расійскага боку ў фестывалі бралі ўдзел пяць калектываў — тры хары згаданай студыі «Піянерыя» і два з Маскоўскай вобласці — з гарадоў Раменскае і Жукоўскі.

У Гнесінцы і лютэранскім саборы

...Ад знакамітай Арбацкай плошчы ў розныя бакі разбягаюцца промнямі вуліцы — Арбат, Новы Арбат (былы Калінінскі праспект), вуліца Паварская. На апошняй і знаходзіцца знакамітая Гнесінка — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных. Сцены навучальнай установы ўпрыгожваюць фота славутых выпускнікоў — Яўгена Святланава, Мікаэла Тарывердзіева, Уладзіміра Федасеева...

Тое, што гала-канцэрт фестывалю ладзіўся менавіта тут, дадавала ўдзельнікам гонару і адказнасці. Цэнтр Масквы, прэстыжная пляцоўка, выдатная акустыка... У зале, якая падчас канцэрта была паўнюткай, сабраліся і ветэраны вайны, і ўдзельнікі харавых калектываў, і бацькі юных артыстаў. Калі ў Гнесінцы гучалі харавыя творы, патрыятычныя песні, аўтарская музыка, дык на канцэрце, што ладзіўся ў евангелічна-лютэранскім саборы Пятра і Паўла (ён таксама мае выдатную акустыку), — духоўная музыка. Канцэрт прысвячаўся памяці тых, хто загінуў у Вялікай Айчыннай.

Праграму ў Гнесінцы адны ўдзельнікі вырашылі праз зварот да песень Вялікай Айчыннай (як хор школы № 6 з Жукоўскага: у іх выкананні гучалі «Свяшчэнная вайна», «Зямлянка», а таксама «Развітанне славянкі»), іншыя — праз песні, прысвечаныя вайне (ашмянскі хор і «Ветрык»). Калектывы, якія ўвасаблялі больш складаныя сачыненні, выглядалі цікавейшымі за тых, хто спяваў аднагалоссе. Моцнае ўражанне пакінуў агульны, зводны хор у «свецкім» канцэрце, калі гучалі творы Георгія Струвэ «Уратуем наш мір», «Мая Расія» і «Мая Беларусь» (лёс другой з названых песень сапраўды ўнікальны, бо яе спявае ўся Расія). Такія акцыі міжволі нагадваюць пра традыцыю «Спеўных палёў», якая літаральна квітнела ў савецкі час.

Яны і мы

Якія думкі і ўражанні выклікаў фестываль? Вядома, воляй-няволяй узнікала жаданне параўнаць нашы хары з расійскімі. Чым адметныя тыя і другія?

Даводзілася і раней бываць на падобных святах. Часам госці, каб выказаць павагу да гаспадароў, імкнуцца прадстаўляць не столькі ўласную музыку, колькі сачыненні аўтараў суседняй дзяржавы, нібы свайго, вартага захаплення, і не існуе... На фестывалі «Памяць сэрца» такога не адбылося. Душа поўнілася гордасцю, калі ў Гнесінцы гучалі нашы народныя песні (у тым ліку «Ой, сівы конь бяжыць»), творы айчынных класікаў Юрыя Семянякі і Уладзіміра Алоўнікава. Памкненне годна прэзентаваць сваё — ухвальнае і вартае ўсялякай падтрымкі!

Фестываль прыводзіць да высновы, увогуле вядомай, але рэчаіснасць штораз пацвярджае яе па-новаму: запамінаецца той калектыў, які мае адметны, непаўторны рэпертуар. І ў гэтым сэнсе беларусы шмат у чым выйгравалі.

Узорны хор «Ветрык» Мінскай школы мастацтваў шмат гадоў сябруе з кампазітарам Алінай Безенсон. А тая не лічыць прыніжальным для сваёй прафесійнай годнасці пісаць пэўныя опусы менавіта для гэтага, нібыта і аматарскага, калектыву. Так нарадзілася музычная сцэна «Міражы Венецыі», дзе гукавы вобраз ствараецца дзякуючы не толькі спевам, але і выкарыстанню разнастайных ударных. У Гнесінцы эмацыйна прагучала яе ж п'еса для фартэпіяна і цымбалаў, назва якой дакладна адпавядала скіраванасці фестывалю: «Памяць сэрца». (Беларусы не паленаваліся выправіцца ў далёкую дарогу з цымбаламі ды яшчэ прыхапіць з сабой трох выканаўцаў!) Сачыненне Безенсон «Вечнасць» для хору і аргана сталася ці не самай экспрэсіўнай і нечаканай музычнай фарбай канцэрта духоўнай музыкі (за арганам сядзела сама кампазітар). Арган — касмічны інструмент і ў храме ўспрымаецца як голас Бога, які вядзе няспешны дыялог з вернікам. А ў праграме духоўнай музыкі фестывалю пераважалі складаныя сачыненні — знаменныя распевы, Бах, Чайкоўскі, Архангельскі.

Сярод расійскіх калектываў моцнае ўражанне зрабілі хары «Піянерыі», асабліва старэйшы, якім кіруе Алена Верамеенка. Найперш масавасцю (што сведчыць пра традыцыі, разгалінаваную структуру, захопленасць і юных спевакоў, і дырыжораў). Выкананне прываблівала культурай гуку, тонкасцю інтэрпрэтацыі — і ў «свецкіх» творах, і ў сачыненнях Бартнянскага і Часнакова. Другое адкрыццё — хор «Юнацтва Расіі» з горада Раменскае (кіраўнік Наталля Ашуева). Яны так спявалі сачыненні Каліннікава і Ялецкіх, што здаваліся прафесіяналамі. І, магчыма, шмат у чым недасяжнымі для іншых выканаўцаў.

Уражанні, высновы і перспектывы

Чаго асабіста мне не хапала на фестывалі? Нотных зборнікаў з творамі беларускіх аўтараў, якія можна было б падараваць масквічам, CD-дыскаў з песнямі айчынных кампазітараў. І такой, здавалася б, важнай дэталі, як граматы і дыпломы ўдзельнікам.

Кожны фестываль мае шмат аспектаў. Але галоўныя, вызначальныя — творчы, канцэптуальны, арганізацыйны і фінансавы. Апошні, напэўна, самы складаны. Хор трымаецца на любові да музыкі і яшчэ на... кіраўніку. На ягонай адданасці справе, ягоным фанатызме. Без гэтага арганізаваць і «ўтрымаць» дзіцячы ці маладзёжны калектыў немагчыма. Усе гатовыя вучыць, рэпеціраваць, спяваць, выпраўляцца на гастролі. Але штораз паўстае пытанне: хто аплаціць выдаткі?

Пакуль і «Памяць сэрца», і «Камертон» трымаюцца шмат у чым на энтузіязме, гарачым жаданні хоць бы часткова захаваць магутныя харавыя традыцыі, якія існавалі і ў Расіі, і ў Беларусі некалькі дзесяцігоддзяў таму. У Маскве прайшоў 1-ы этап фестывалю «Памяць сэрца», другі плануецца зладзіць у Мінску восенню 2010-га або зімой 2011 года, калі беларусы будуць прымаць расійскіх сяброў. Было б выдатна, калі б у перспектыве такі фестываль (толькі з яшчэ больш шырокім прадстаўніцтвам) узяў пад сваё крыло Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Каб клопат пра эстэтычнае і этычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў меў менавіта дзяржаўную падтрымку...

Таццяна Міхайлава