Манументальны фармат

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Вайна і мір у творах Аляксея Зінчука

/i/content/pi/mast/31/522/13.jpg

Нацюрморт ваенных гадоў. Алей. 2009.

На юбілейнай (да 80-годдзя з дня нараджэння) выставе Аляксея Зінчука ў мінскім Палацы мастацтва твораў, напісаных, так бы мовіць, у «пазамінулым» часе, практычна не было. Усе партрэты, нацюрморты, пейзажы — жывапісны плён аўтара канца 2000-х.

У майстэрні мастака ваенная тэма таксама не дамінуе. Яна ўскосна праходзіць у нацюрмортах з аскетычным наборам рэчаў і прыцемненым каларытам, у партрэтах пасівелых франтавікоў. Новая праца «Франтавыя дарогі» кампазіцыйна падзелена дзвюма пуцявінамі, па якіх і сам мастак у свой час прайшоў многія кіламетры. На заднім плане ў самае полымя вайны рухаюцца вайсковыя калоны. На пярэднім — у адваротным кірунку едзе павозка з параненымі. Побач з запрэжанай кабыліцай — маладое жарабя, як сімвал працягу жыцця.

Сёння вопытны майстар сцвярджае свой стыль, у якім існуюць не рэалізаваныя ў мінулым задумы. У эпоху панавання «агітпрапу» мастак пазбягаў заказных роспісаў, калі ж часы змяніліся, пачаў развіваць свой індывідуальны манументалізм у розных жанрах станковага жывапісу.

Жаночыя вобразы Аляксея Зінчука прывабліваюць напружанай пластыкай. «Алегорыя музыкі», «Неспакушальная Ева» — такія складаныя асацыяцыі нараджаюць у творцу нашы сучасніцы. Ён сустракае сваіх гераінь у розных абставінах: на выставах, у коле сяброў і знаёмых, у студэнцкім асяроддзі. На думку Зінчука, і вонкаваму абліччу, і ўнутранаму свету мінчанак уласцівы рысы, адпаведныя эпосе Рэнесансу: інтэлектуальнасць, годнасць, гарманічнасць. Таму яго жаночыя партрэты ўражваюць сваім велічным выглядам: па кампазіцыі гэта паўфігура з выразна акрэсленымі рукамі, з тварам, на тры чвэрці павернутым да гледача, як гэта ўсталявалася для найбольш поўнага раскрыцця асобы на партрэтах еўрапейскіх майстроў ХVІ стагоддзя.

Значнасць творчай асобы, як стрыжань для вобразнага адлюстравання, захапляе Зінчука і ў жывапісанні мінскіх мастакоў.

Відавочны інтарэс жывапісца да буйнамаштабных нацюрмортаў з наборамі садавіны і гародніны, керамічнымі вырабамі, кветкамі... Мастак адмыслова ўводзіць розныя рэфлексы, адценні, акцэнтуе контуры, каб стварыць адчуванне значнасці кожнай расліннай ці зробленай рукой чалавека формы. Гэта — не проста добра скампанаваныя пастаноўкі са сферы «ціхага жыцця», а шматзначныя кампазіцыі-праекты вобразна ўпарадкаванага свету, дзе звычайныя рэчы атаясняюцца з больш складанымі паняццямі радасці, далёкіх успамінаў, духоўных прасвятленняў...

Успамінамі поўняцца і мінскія пейзажы Зінчука, які не без падстаў можа лічыць сябе чалавекам, якому гэты горад падараваў авіятарскія і творчыя крылы. Але дамо слова самому мастаку...

Праз дзве вайны

/i/content/pi/mast/31/522/13-.jpg

Франтавыя дарогі. Алей. 2010.

— Я належу да пакалення, якому было наканавана перажыць ваеннае ліхалецце. Мой шлях да мастацтва аказаўся нашмат даўжэйшым, чым у многіх калег. Родам я з беларуска-ўкраінскага Палесся, з Жытоміршчыны. Там, у вёсцы Браталаў, правёў першыя 12 гадоў жыцця. Затым была акупацыя. Пасля вызвалення мяне, вельмі рослага і дужага падлетка, накіравалі разам з іншымі юнакамі ў прыфрантавую зону ў якасці байца падсобнай службы. Мы рылі акопы і траншэі, рабілі штучныя муляжы ваеннай тэхнікі, каб заблытаць нямецкіх авіятараў. Часта вазілі на конях правіянт нашым вайскоўцам на перадавую, бо па бездарожжы немагчыма было рухацца на машынах, а параненых дапамагалі перавозіць у тыл. Пасля перамогі заставацца ў ціхай вёсцы жадання не было, пераехаў да старэйшай сястры ў Мінск, пайшоў вучыцца экстэрнам у школу і ў авіяклуб. Трапіў на службу ў войска ў авіяцыйныя часткі пад Краснадарам, быў і лётчыкам, і парашутыстам. Адтуль у 1953 годзе мяне перавялі ў Карэю ў якасці інструктара па абслугоўванні вайсковых аэрадромаў. Усе ведалі, што мы дапамагалі паўночным карэйцам адстойваць сваю тэрыторыю ў той бязлітаснай рэгіянальнай вайне, але афіцыйна нас лічылі «кітайскімі добраахвотнікамі», што абавязвала насіць кітайскую вайсковую форму. Там нечакана для сябе пачаў маляваць і вярнуўся ў Мінск з жаданнем вучыцца далей, але ўжо выяўленчаму мастацтву.

Вучоба

— Паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Узрост быў далёка не «школьны». Зважаючы на тое, тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Павел Масленікаў нават прапаноўваў мне падаваць дакументы ў гэтую ВНУ без завяршэння вучобы ў вучылішчы. Але я давучыўся. У 1963-м паступіў у інстытут, атрымаў адукацыю мастака-манументаліста. Дагэтуль вельмі ўдзячны Маю Данцыгу за яго выкладанне малюнка, а Гаўрылу Вашчанку і светлай памяці Аляксандра Кішчанку шаную за смелыя погляды, да якіх яны мяне далучалі з вялікім даверам і натхненнем. Застаюся і сёння на гэтых «манументальных» ідэйных пазіцыях, бо не магу і не жадаю быць іншым, прыстасоўвацца да камерных і салонных фарматаў.

Сорак гадоў выкладання

— У пачатку 1970-х я прыйшоў выкладаць у Мінскае мастацкае вучылішча. Там панавала асаблівая творчая атмасфера. Існавала агульная ўстаноўка на грунтоўнае прафесійнае авалодванне малюнкам, жывапісам, кампазіцыяй. Стыль беларускага мастацтва 1960—1970-х гадоў з панаваннем сюжэтна-тэматычнай карціны не дазваляў творцам хавацца за розныя фармальныя хітрыкі, адмысловыя стылізацыі і фактуры. Адказнасць падчас навучання падмацоўвалася яшчэ і тым, што на кожным курсе і ў кожнай групе вучыліся не толькі юнакі і дзяўчаты школьнага ўзросту, але і дарослыя людзі, што прыйшлі пасля службы ў войску ці папрацаваўшы... Сярод студэнтаў было шмат энергічных і здольных асоб, якія вызначалі агульны ўзровень. Паступова гэты ўздым сцішыўся. У вучылішча сталі паступаць толькі ў школьным узросце, і з кожным годам навучэнцы аказваліся ўсё больш юнымі, а часта — і больш інфантыльнымі. Пераезды ўстановы з месца на месца разбуралі агульную творчую атмасферу, якая не так хутка пачынае адчувацца ў новым будынку.

За сорак гадоў маёй педагагічнай дзейнасці (першыя дваццаць — у вучылішчы, з пачатку 1990-х гадоў — у мастацкім ліцэі № 26) я прычыніўся да выхавання значнай колькасці мастацкай моладзі. Радавала, калі мог дапамагчы і падштурхнуць у патрэбнай сітуацыі. Ніколі не імкнуўся, каб вучні працавалі «пад настаўніка». Хай кожны ўжо з першых гадоў праяўляе сваю непаўторную індывідуальнасць. Абапіраючыся на такі метадычны падыход, можна развіваць нашу мастацкую школу найбольш паспяхова, бо яна, упэўнены, па-еўрапейску рознаскіраваная і не імкнецца да нейкіх раз і назаўсёды зацверджаных «канонаў».

Пра задуманае

— Мой рамантычны Мінск нашу ў сэрцы, ва ўспамінах. Гэта горад другой паловы 1940-х — пачатку 1960-х. Потым многае стала знікаць, і немагчыма пазнаць былыя мясціны — як, напрыклад, Старажоўку, Нямігу, былую Паркавую магістраль (цяпер праспект Пераможцаў)... У сонечныя дні я люблю ўзнімацца на апошнія паверхі мінскіх «хмарачосаў» і разглядаць бясконцую панараму сталіцы. У яе абліччы тады дамінуюць цёпла-ружовыя колеры, якія паступова пераходзяць у блакіт далягляду. Але я бачу мой Мінск у іншым фармаце: вулачкі над Свіслаччу, старая лазня ля Траецкага прадмесця, дамкі Верхняга горада, якія вярэдзяць душу ўспамінамі... Гэты Мінск яшчэ чакае, каб я аднавіў яго маляўнічыя куточкі!

Цяпер я лічуся самым маладым ветэранам Саюза мастакоў. А гэта да многага абавязвае. Пайду і далей дарогамі-ўспамінамі маіх падлеткавых ваенных гадоў, бо незабыўнае патрабуе свайго мастацкага ўвасаблення.

Мне ёсць што прыгадаць на палатне. Жывая сувязь перажытага і сучаснасці — вось што натхняе мяне найбольш.

 

Яўген Шунейка