Прастора next

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Сёння беларускія мастакі, пераступіўшы мяжу побытавага рэалізму, маюць магчымасць вольна ажыццяўляць свае ідэі, эксперыментаваць з матэрыялам, фактурай, колерам, канструкцыяй. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў працах маладых сцэнографаў -- леташніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія навучаліся пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Іх дыпломныя работы былі выстаўлены ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

 /i/content/pi/mast/2/52/p.12_2.jpg
 Б.Герлаван і яго вучні – удзельнікі выставы.
Маладыя мастакі ўсё часцей імкнуцца надаць унутраную дынаміку сцэнічнаму твору, каб максімальна павялічыць яго ўплыў на гледача. Яны інтэрпрэтуюць тэкст такім чынам, каб у эксперыментах з формай не пацярпела ідэйна-сэнсавая напоўненасць. Пластычнае асяроддзе ствараецца з мэтай раскрыць унутранае развіццё характараў персанажаў, а вобразна пераасэнсаваныя рэчы набываюць іншасказальны сэнс.
Нярэдка на сцэне з’яўляецца эфемерная канструкцыя, што нібыта не нясе сэнсавай нагрузкі, але па меры раскрыцця канцэпцыі пастаноўкі наяўнасць гэтага падтэксту ўзмацняе асноўную ідэю. Сучасны малады сцэнограф імкнецца да сінтэзу відовішчнасці і функцыянальнасці, які становіцца вызначальным для тэатра і сведчыць пра новы этап у яго развіцці.
Гэтыя тэндэнцыі ўвасобіліся ў сцэнаграфіі да п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», выкананай І.Анісенка. Нягледзячы на ўмоўнасць вырашэння, прастора «дыхае беларускасцю». Мастаку ўдалося выявіць тыя глыбінныя пласты твора, якія падсвядома адсылаюць да думак пра лёс роднай зямлі і чалавека на ёй. Шматлікія вобразы-сімвалы
 /i/content/pi/mast/2/52/p.13_2.jpg
 І.Анісенка. “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы. Макет дэкарацыі. 2006.
дазваляюць зразумець не толькі канцэпцыю мастака, але і агульную задуму будучага спектакля.
Сцэнаграфія здольна трансфармавацца па меры развіцця дзеі, узмацняючы дынаміку спектакля. Два драўляныя памосты з невялікім нахілам узвышаюцца над сцэнай -- і нечакана ўздымаюцца перпендыкулярна ёй. Яны спалучаюцца, утвараючы вялізны абраз, на якім праступае выява Божай Маці. Вера беларуса ў пераадоленне спрадвечнай прыніжанасці ў вышынях духу знаходзіць сваё развіццё ў вялізным распяцці. Яно -- стрыжань усёй сцэнаграфіі, бо як бы ні мянялася сцэнічная прастора, крыж заўжды ўзвышаецца над ёй, ён прымушае ўзняць позірк на беласнежных галубоў, якія нясуць надзею.
Унутраны свет галоўнага героя п’есы М.Булгакава «Дон-Кіхот» не нагадвае рэчаіснасць, звыклую для чалавечага ўспрымання. Таму сцэнаграфічнае вырашэнне Л.Станевічуце мае адценне хісткасці і няпэўнасці. Свет героя -- маленькая адтуліна, праз якую можна ўбачыць сонечнае святло чыстай душы. Але і яна несвабодная, нездарма над канструкцыяй вісіць прыстасаванне для кіравання марыянеткай. Чалавек -- лялька, лёс якой залежыць ад лялькавода.
Кожны элемент сцэнаграфіі -- вельмі ўмоўны. Уся атмасфера запрашае да гульні -- не толькі артыста, але і гледача. Гэта ўзрушвае і насцярожвае адначасова, бо выклікае адчуванне штучнасці дзеі, за якой прыхавана непрыхарошаная рэчаіснасць. Мастачка расстаўляе акцэнты такім чынам, каб рэжысёрская думка выбудоўвала сваё бачанне гісторыі жыцця Дон-Кіхота ў найбольш спрыяльных для таго ўмовах.
 /i/content/pi/mast/2/52/p.13_1.jpg
В.Праўдзіна. “Прымакі” Янкі Купалы. Макет  дэкарацыі. 2006.
В.Праўдзіна ўдала пазбегла бытавізму ў працы да п’есы Я.Купалы «Прымакі». Яна здолела ўзмацніць вобразнае ўспрыманне знаёмай гісторыі. Сцэнаграфія надзелена патэнцыялам унутранага развіцця, у ёй арганічна спалучаюцца лірычная і фарсава-жартаўлівая тэмы, што асабліва заўважна ў эскізах касцюмаў і дэкарацый.
Арганізуючым пачаткам у макеце стала вялізнае драўлянае рэшата -- сімвал сонца, дабрабыту. Яно служыць і вобразным абагульненнем мастакоўскай задумы -- нібы прасяваючы чалавечыя пачуцці і ўчынкі і пакідаючы на паверхні толькі найбольш шчырыя з іх. У сцэнаграфіі ўвасабляецца глыбінны беларускі дух, пазбаўлены штучнага натуралізму. Адчуваюцца пяшчотныя адносіны мастачкі да герояў п’есы, але прысутнічае і саркастычна-гумарыстычны погляд на асобныя іх рысы. Выдатна акрэсленая задума скіроўвае далейшую працу рэжысёра і акцёраў ва ўмоўна-сімвалічнае рэчышча.
Метафарычны пачатак мае сцэнаграфія В.Мацкевіч да п’есы Р.Горына «Той самы Мюнхаўзен». У люстраной паверхні сцэны адбіваецца халоднае, калючае, празрыстае неба. У ім павіс паветраны шар, за які нібыта зачапіліся аскепкі мрояў галоўнага героя: пальма, лесвіца, куфар, яго любімае крэсла. Але шар прывязаны -- узнесціся ў паветра яму будзе гэтак жа цяжка, як і спраўдзіцца ўсім спадзяванням Мюнхаўзена. Так і затрымаецца яго вобраз ва ўяўленні людзей паміж легендай і рэчаіснасцю.
Нягледзячы на сваю вонкавую лёгкасць, сцэнаграфічнае вырашэнне кранае шчымлівым і трывожным сумам. Ці не Мюнхаўзен -- адзінокі рыцар нашага няпэўнага часу, калі ўсё цяжэй становіцца адрозніць сапраўдную рэальнасць ад гульні ў яе? Задума сцэнографа прачытваецца даволі дакладна, але гэта не замінае далейшаму развіццю думкі стваральнікаў пастаноўкі. Сцэнічная прастора не загрувашчана непатрэбнымі і выпадковымі рэчамі, яна жыве сваім уласным жыццём і зможа развівацца згодна з падзеямі твора.
У сцэнаграфіі Т.Ачкоўскай да п’есы паводле рамана Шарля дэ Кастэра «Ціль Уленшпігель» перададзена стыхія гульні, спалучаная з глыбокім роздумам пра свабоду, якую чалавек гадуе ўнутры сябе. Вобраз Фландрыі ХVІ ст. вырашаны вобразна і паэтычна, падкрэсліваюцца спецыфічныя асаблівасці эпохі, але акцэнт робіцца на распрацоўку ўзаемаадносінаў герояў. Гэта вынікае з эскізаў касцюмаў і дэкарацый, якія выкананы ў даволі арыгінальнай манеры.
Здаецца, што асобныя эпізоды твора праступаюць на зашмальцаваным часам пергаменце. Гэта дазваляе гледачу ўдыхнуць паветра даўніны, прыняць правілы гульні. Але праца дае даволі размытае ўяўленне пра будучы спектакль. Яна стварае агульнае «атмасфернае» ўздзеянне на гледача, таму патрабуе больш дакладнай расстаноўкі акцэнтаў рэжысёрам.
Прасторавае вырашэнне сцэнографам М.Цімафеевай аповесці У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» заснавана на вобразах-сімвалах. На сцэне -- рухомая драўляная канструкцыя-трансформер, якая можа стаць і змрочным, зацвілым палацам Яноўскіх, і напаўмістычнай Волатавай прорвай. Але, насамрэч, перад гледачом паўстае велізарная пастка -- на чалавека, на ягоную годнасць. І ўсё ж дрэва, з якога яна зроблена, ужо падгніло, а значыць душэўныя намаганні моцнай асобы здолеюць зламаць тую пастку.
Цьмяна-шэрая ды брудна-карычневая колеравыя гамы ўзмацняюць метафарычнае ўздзеянне містычнай прывіднасці сівой легенды. Задума сцэнографа задае кірунак працы над пастаноўкай, падказвае магчымасці развіцця сцэнічнага дзеяння. Такое ўмоўнае вырашэнне дапамагае рэжысёру знайсці ўласныя фарбы ў палітры, прапанаванай мастачкай.
Манументальнай відовішчнасцю вылучаецца макет дэкарацыі П.Дзмітрыева да оперы М.Мусаргскага «Барыс Гадуноў». На фоне масіўных белых муроў павіслі тры вялізныя званы, якія нібыта заблыталіся ў шматлікіх вяроўках, што звісаюць на сцэну з-пад каласнікоў. Гэта стварае атмасферу трывожнасці, двухсэнсоўнасці становішча тагачаснай Русі, прымушае задумацца над хітраспляценнямі яе далейшага лёсу.
 /i/content/pi/mast/2/52/p.12_1.jpg
 П.Дзмітрыеў. “Барыс Гадуноў” М.Мусаргскага. Эскіз да спектакля. 2006.

Прастора задзейнічана шматлікімі пераходамі, лесвіцамі, пляцоўкамі, але мастак не перагрувашчвае сцэну залішнімі дэталямі, пакідаючы дастаткова месца для масавых сцэн. Іх бачанне адлюстравалася сцэнографам у эскізах, якія падкрэсліваюць гістарычнасць падзей і спрыяюць раскрыццю агульнай задумы. Маштабная праца вырашана ў рэалістычнай манеры, што не перашкаджае аўтару скарыстоўваць ёмістыя вобразы-сімвалы. Гэта спрыяе больш глыбокаму і абагульненаму прачытанню твора, падводзіць гледача да сучаснага ўспрымання старадаўніх падзей.
Працы маладых мастакоў будуць прадстаўлены на сёлетняй Пражскай квадрыенале сцэнаграфіі і тэатральнай архітэктуры. Яна, несумненна, пацвердзіць досыць відочныя сёння тэндэнцыі развіцця сучаснай сцэнічнай прасторы -- умоўнасць, адсутнасць бытавізму, метафарычнасць, вобразна-знакавае вырашэнне кампазіцыі, наяўнасць сімвалаў. Творцы не загрувашчваюць пляцоўку, пакідаючы прастору для дзеяння. Яны імкнуцца суаднесці вонкавае ўспрыманне пастаноўкі з яе ўнутраным зместам і данесці абагульнены сінтэз гэтых уражанняў да гледача.
У сучаснай сцэнаграфіі знаходзіць свой адбітак сённяшняе разуменне свету з усёй яго неадназначнасцю. Мастакі задаюць напрамак для развіцця рэжысёрскай думкі. Яны нярэдка крочаць паперадзе, вызначаючы далейшы шлях беларускага тэатра. Ці добра гэта? Час пакажа.
Ксенія К
НЯЗЕВА