Фрыдэрык Шапэн і беларуская культура: узаемныя ўплывы

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Музыка Фрыдэрыка Шапэна належыць, несумненна, усяму чалавецтву.

Аднак кожны народ імкнецца знайсці ў ёй рысы, блізкія сабе і свайму светаўспрыманню. Не з’яўляецца ў гэтым сэнсе выключэннем (хоць, здавалася б, непасрэдных сувязей з асобай Шапэна яна не ўтрымлівае) і беларуская культура.
І ўсё ж у шырокім гісторыка-культурным кантэксце, у якім ішло яе фарміраванне, можна высвеціць вельмі яскравыя феномены, што наўпрост і апасродкавана звязаны з асобай і музычнай спадчынай геніяльнага майстра.

Дзеля рэканструкцыі падобных рэалій варта адразу нагадаць, што айчынная культура на працягу многіх стагоддзяў, вызначальных для станаўлення акадэмічнага музычнага мастацтва, развівалася ў
агульнай для некалькіх народаў геапалітычнай прасторы: у межах Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла Вялікае княства Літоўскае з яго беларускімі землямі. Не аналізуючы пазітыўныя і негатыўныя наступствы развіцця і скону гэтай дзяржавы, у якой мясцовая эліта зазнала моцны працэс паланізацыі, адзначым, што ў гістарычнай рэтраспекцыі мастацкія ўяўленні, прынцыпы і, у рэшце рэшт, культурная спадчына гэтай краіны аказалася шмат у чым адзінай для некалькіх народаў. І хоць Беларусь к часу нараджэння польскага кампазітара ўжо ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, у першай палове ХІХ стагоддзя значная частка мясцовай інтэлігенцыі ўсё яшчэ адчувала тугу па страчанай дзяржаве, змагалася за яе і спадзявалася на яе ўзнаўленне. Такія ідэі былі жывымі і ва ўсведамленні многіх айчынных музыкантаў (і не толькі) — ад Напалеона Орды і Станіслава Манюшкі да Міхаіла Ельскага і Мечыслава Карловіча.

З колаў менавіта гэтай творчай эліты, прасякнутай настальгічнымі настроямі і вызваленчымі ідэямі, паходзяць асобы, якія вельмі значна паўплывалі на мастацкае мысленне, станаўленне і творчасць Фрыдэрыка Шапэна. Перш за ўсё — гэта ўраджэнец Брэстчыны Юліян Урсын Нямцэвіч, чыімі «Гістарычнымі песнямі» захапляўся малады кампазітар. Вядома, што першае публічнае выступленне юнага Ф
/i/content/pi/mast/30/516/53.jpg

Хельмут Малецке (Германія). Вялікі скрыпач. Алей. 1997.

рыдэрыка адбылося ў 1818 годзе ў Варшаве ў Радзівілаўскім палацы па запрашэнні «Дабрачыннага таварыства», узначаленага менавіта Нямцэвічам, які высока ацаніў майстэрства музыканта. Узгадаем, што Нямцэвіч, паплечнік Касцюшкі (яго ад’ютант і сакратар у гады паўстання), шчыры сябра Міцкевіча і хросны бацька яго дачкі, быў адной са знаных постацей Варшавы, а потым — эмігранцкага Парыжа. Але шмат што яднала яго і з беларускай зямлёй, дзе ён нарадзіўся, сталеў у гады вучобы ў Брэсцкай калегіі. Гістарычнае мінулае сваёй радзімы Нямцэвіч узнёсла апеў у славутых «Гістарычных песнях», у тым ліку «Думе пра князя Міхаіла Глінскага».

Але з усіх літаратараў і паэтаў найбольш моцны ўплыў зрабіў на Шапэна, як вядома, слаўны навагрудчанін Адам Міцкевіч. Знаёмства Шапэна з яго паэзіяй адбылося не пазней 1827 года, калі імя паэта згадваецца ў лістах Шапэна. У гэты час Міцкевіч ужо склаўся як мастак і грамадзянін, а яго паэтычныя творы, у тым ліку балады, атрымалі шырокае прызнанне. Са жніўня 1832 года, калі Міцкевіч прыехаў у Парыж, творчае і асабістае сяброўства паэта і кампазітара набывае новыя фарбы: Міцкевіч захапляецца музыкай Фрыдэрыка, а Шапэн піша многія свае кампазіцыі, і перш за ўсё балады, пад уражаннем твораў Міцкевіча.

Пытанні аб непарыўных сувязях творчасці Міцкевіча з беларускім фальклорам, з навагрудскімі рэаліямі, што ўзгадавалі яго, неаднаразова разглядаліся ў навуковай літаратуры. Цікава, што незалежна ад філолагаў на гэты аспект звярталі ўвагу і гісторыкі музыкі, даследчыкі творчасці Шапэна. Так, адзін з самых аўтарытэтных знаўцаў творчасці польскага кампазітара Ігар Бэлза, гаворачы пра народныя вытокі паэзіі Міцкевіча (у сувязі з музыкай Шапэна), нават спецыяльна звярнуў увагу на памылковасць тэрміна «літоўскі» ў дачыненні да крыніц Міцкевічавай паэзіі і адзначыў менавіта беларускія яе карані.

Што ж тычыцца знакамітай паэмы «Дзяды», балад «Свіцязь» і «Свіцязянка» Адама Міцкевіча, якія натхнілі Шапэна на стварэнне першых дзвюх фартэпіянных балад, дык непарыўнасць іх повязей з беларускім фальклорам агульнавядомая. Цікава, што і сам Міцкевіч неаднаразова звяртаў на гэта ўвагу. Так, ён даў наступны каментар да публікацыі «Свіцязянкі» ў часопісе «Дзённік Віленскі»: «Свіцязь — вялікае і прыгожае возера ў Наваградскім павеце. Ёсць чуткі, што на яго берагах з’яўляюцца ундзіны, або вадзяныя німфы, якія народ называе свіцязянкамі». Гэтаксама канстатаваў ён і народныя вытокі «Дзядоў»: «Народны абрад, названы “Дзядамі”, гэта свята ўшанавання мёртвых і выклікання духаў...» З народным паданнем звязана і балада «
/i/content/pi/mast/30/516/53-.jpg

Рыгор Несцераў. Прысвячэнне Фрыдэрыку. Алей. 1996.

Свіцязь» аб узнікненні легендарнага возера ў выніку боскага заступніцтва і патаплення горада, жыхары якога не пажадалі трапіць у палон да ворага. Варта таксама нагадаць, як ставіўся паэт да беларускай мовы, якую ўсхваляў у сваіх парыжскіх лекцыях па гісторыі славянскіх літаратур: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана».

Увогуле ж, як меркаваў знаны даследчык беларускай літаратуры Алег Лойка, «з багацейшымі назіраннямі над навакольнай прыродай, над штодзённым побытам беларускага прыгоннага селяніна, яго вераваннямі і абрадамі, з багацейшым запасам беларускіх народных песень і казак прыйшоў Міцкевіч да стварэння сваіх балад і рамансаў, да паэмы “Дзяды”». Яшчэ больш шырокія высновы робіць беларускі філолаг, літаратуразнаўца і перакладчык Уладзімір Мархель: «...творчасць Міцкевіча стала польскай нацыянальнай з’явай дзякуючы ў нейкай меры польскамоўнаму засваенню ім беларускага фальклору». Гэтыя меркаванні, канешне, не могуць быць непасрэдна экстрапаляваны ні на творчы метад, ні на спадчыну Фрыдэрыка Шапэна, аднак апасродкаваныя сувязі з культурай Беларусі, што ўваходзіла ў ментальна агульны ў той час арэал, акрэсліць магчыма.

У гісторыі айчыннай культуры маюцца звесткі і пра творчыя сувязі Шапэна з яшчэ адным ураджэнцам Беларусі — Напалеонам Ордам, славутым музыкантам і мастаком (родам з Варацэвічаў), які да канца жыцця заставаўся верным сваёй радзіме. Як вядома, у гады эміграцыі Орда ўвайшоў у кола мастацкай эліты Парыжа, прадстаўленай выдатнымі постацямі паэтаў і пісьменнікаў (такіх, як Генрых Гейнэ, Анарэ дэ Бальзак, Жорж Санд, Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі), а таксама музыкантаў (Ферэнц Ліст, Фрыдэрык Шапэн, Гектор Берліёз, Нікола Паганіні і іншыя). Асабліва цёплыя стасункі склаліся ў Орды з Адамам Міцкевічам, у доме якога ён часта бываў і якога горача падтрымліваў (вядома, што менавіта Орда дапамог Міцкевічу выдаць у Парыжы яго «Лекцыі па курсе славянскіх літаратур»). У коле прадстаўнікоў польска-беларускай (ліцвінскай) эміграцыі Орда пазнаёміўся і з Шапэнам, які пастаянна даваў яму кансультацыі. З цягам часу стасункі паміж настаўнікам і вучнем перараслі ў сапраўднае сяброўства: Шапэн выконваў творы Орды, граў з ім у чатыры рукі, дарыў свае творы з узнёслымі надпісамі і малюнкамі, вёў з ім актыўнае ліставанне і цёпла адзываўся пра яго сачыненні. Орда ж з заўсёднай удзячнасцю ставіўся да Шапэна і шмат што ўспрыняў ад яго ў творчым плане: нездарма паланезы, мазуркі і вальсы Орды так нагадваюць шапэнаўскія кампазіцыі.

Не застаўся абыякавым да музыкі польскага генія і ўраджэнец Міншчыны Станіслаў Манюшка, чыё творчае сталенне адбывалася ў Мінску і Вільні. Адносіны яго да творчасці Шапэна, якая, несумненна, паўплывала на яго кампазітарскі стыль, можна праілюстраваць наступным фактам: у 1857 годзе ў часопісе «Рух музычны» Манюшка выступіў са зваротам да мастацкай грамадскасці ў абарону спадчыны польскага кампазітара, вартасці якой у той час пачыналі падвяргацца сумневу некаторымі крытыкамі. Сярод апошніх найбольш аўтарытэтным лічыўся Юзаф Крашэўскі, які сцвярджаў, што познія мазуркі Фрыдэрыка Шапэна, у адрозненне ад твораў Апалінарыя Концкага, страцілі свой нацыянальны характар. У адказ Манюшка напісаў прарочыя словы, якія засведчылі глыбокае разуменне кампазітарам сутнасці і маштабу шапэнаўскай творчасці: «Высока ацэньваючы аўтарытэт пана Крашэўскага, паважаючы таксама яго грамадзянскія пачуцці, я дазволю сабе ўстаць на абарону свяшчэннай памяці Шапэна, упэўнены, што гэтая смеласць будзе мне даравана ў імя сутнасці справы. Я цаню і шаную талент Апалінарыя Концкага, прызнаючы яго годнасць у цэлым. Я люблю яго мазуркі, як свае ўласныя. Аднак ставіць іх побач з мазуркамі Шапэна, параўноўваць іх паміж сабой мне да гэтага часу не прыходзіла ў галаву, бо я ніколі не ашукваўся сціплай назвай мазуркі, якая дадзена глыбокай па думцы паэме... Мазуркі Шапэна — гэта музычныя скарбы, што належаць усяму свету...»

У крыніцах аб жыцці і творчасці Фрыдэрыка Шапэна можна знайсці матэрыялы пра яго творчыя повязі і з іншымі ўраджэнцамі Беларусі. Найбольш знаным з апошніх быў Мечыслаў Карловіч, ураджэнец Вішнева (што на Гродзеншчыне), знаўца беларускага фальклору і аўтар знакамітай «Літоўскай рапсодыі» на тэмы беларускіх жніўных песень. Як вядома, Мечыслаў Карловіч зрабіў значны ўнёсак у сусветнае шапэназнаўства, апублікаваўшы шмат каштоўных матэрыялаў пра польскага кампазітара, у тым ліку яго знакамітыя лісты. Любоў жа да шапэнаўскай творчасці Мечыслаў вынес з бацькоўскага дома, у якім высока цанілася і шанавалася музыка польскага кампазітара. Менавіта бацька Мечыслава, Ян Карловіч, з дзяцінства прывіваў яму любоў да музыкі Шапэна. Нагадаем, што Ян Карловіч быў знаўцам не толькі польскай, але і беларускай культуры, шмат гадоў жыў у Беларусі, дзе меў маёнткі Падзітва (Воранаўскі раён) і Вішнева (Смаргонскі раён). Ён зрабіў звыш пяцісот запісаў беларускіх народных песень, з якіх больш за 300 апублікавана ў шматтомным зборы Міхала Федароўскага «Люд беларускі». Ян Карловіч узнёсла пісаў пра беларускую мову, народ, культуру, сябраваў з выдатнымі прадстаўнікамі гэтай культуры і горача падтрымліваў іх. Сярод яго паплечнікаў — Мітрафан Доўнар-Запольскі, Адам Гурыновіч, Аляксандр Ельскі, а таксама Францішак Багушэвіч, якому Ян Карловіч дапамог выдаць яго паэтычныя творы.

У даследчых працах згадваецца і пра сувязі творчасці Шапэна з фалькларыстычнымі крыніцамі Оскара Кольберга. Нагадаем, што Кольберг, які працаваў у Гомелі ў 1836 — 1837 гадах настаўнікам музыкі, неаднаразова ажыццяўляў фальклорныя экспедыцыі па розных мясцінах не толькі Польшчы, але і Беларусі — ад Віцебска, Магілёва і Полацка да Слоніма і Гродна, а таксама па палескім рэгіёне. Пабываў ён і на Міншчыне, дзе здзейсніў запіс «Дажынак» і славутай «Мяцеліцы», пазначанай «з-пад Мінска, Люцынка».

Нарэшце, вельмі цікавымі з’яўляюцца эпізоды жыцця Шапэна, звязаныя з Антоніем Радзівілам, прадстаўніком нясвіжскай галіны славутага роду, аўтарам першага опернага «Фаўста» на лібрэта Гётэ. Князь Антоній, народжаны ў Вільні ў сям’і, цесна звязанай з беларускімі рэаліямі (яго бацькі выхоўваліся ў слонімскім памесці Агінскіх і нясвіжскім — Радзівілаў), працяглы час жыў у Германіі і Польшчы. У 1827 — 1829 гадах Шапэн неаднаразова бываў у розных рэзідэнцыях князя, які высока цаніў мастацтва кампазітара. Фрыдэрык таксама цёпла адзываўся пра Антонія і яго музыку: у адным з лістоў кампазітар не толькі назваў геніяльнымі некаторыя знаходкі «Фаўста», але і прылічыў аўтара музыкі да сапраўдных глюкістаў (прыхільнікаў опернай рэформы Глюка) і падрабязна апісаў сцэну спакушэння Мефістофелем Грэтхен. «Сярод іншых там ёсць адна сцэна, — піша Фрыдэрык, — у якой Мефістофель спакушае Грэтхен, граючы на гітары і распяваючы пад яе акном, а адначасова чуецца спеў хору з суседняга храма; гэты кантраст пакідае вялікае ўражанне ў выкананні; у рукапісе бачна, што вакальная партыя створана надзвычай адмыслова, а яшчэ болей — д’ябальскі акампанемент да вельмі строгага хору. З гэтага ты можаш скласці сабе ўяўленне аб яго прынцыпах разумення музыкі; пры тым ён сапраўдны глюкіст. Сцэнічная музыка набывае для яго значнасць пастолькі, паколькі малюе сітуацыю і пачуцці — таму нават уверцюра не мае фіналу, а пераходзіць у інтрадукцыю, і аркестр увесь час застаецца па-за сцэнай, каб не было бачна руху смычком і напружання духавых інструментаў».

Апроч прыведзеных звестак (а яны ў больш шырокім асэнсаванні і падрабязным выкладанні могуць адкрыць яшчэ шмат цікавых старонак), варта згадаць і матэрыялы пра першага настаўніка Шапэна, а менавіта Войцэха Жыўнага, чэшскага музыканта, які яшчэ да знаёмства з юным Фрыдэрыкам (у 1790-х гадах) працаваў у Дзярэчыне пры двары Сапегаў. Можна таксама звярнуцца і непасрэдна да музыкі Шапэна, дзе прысутнічаюць тэмы, вядомыя ў музычным мастацтве Беларусі. Да таго як будуць ажыццёўлены спецыяльныя даследаванні, варта, напэўна, назваць распаўсюджаную на Беларусі песню «Лаура і Філон», якую выкарыстаў Шапэн у сваёй Фантазіі на польскія тэмы, а таксама, магчыма, і яго «Літоўскую песеньку» на вершы Людвіга Асінскага.

Шмат цікавых высноў павінна даць і вывучэнне творчасці кампазітараў, якія працавалі на Беларусі і ў нечым рыхтавалі глебу для геніяльных навацый Шапэна ў пераасэнсаванні паланеза. Прыгадаем у гэтай сувязі маляўнічыя, далёкія ад уласна танца, паланезы нясвіжскага кампазітара-аматара Мацея Радзівіла ці ўрачыстыя паланезы Восіпа Казлоўскага, ураджэнца беларускага Слаўгарада. Нарэшце, нельга не згадаць творы знакамітага вучня Казлоўскага — Міхала Клеафаса Агінскага, які лічыў Беларусь радзімай сваіх продкаў, шмат гадоў правёў у беларускім Залессі і напісаў там шэраг кампазіцый. Пра ўплыў творчасці Агінскага на юнага Шапэна можна было б не казаць асобна, паколькі гэтая тэма дастаткова падрабязна асветлена ў літаратуры. Аднак дастаткова параўнаць меланхалічныя і ўзнёслыя творы Агінскага і Шапэна, каб пераканацца ў тым, што шлях да шапэнаўскіх навацый ішоў менавіта ад сціплых, але надзвычай пранікнёных і ўзвышаных над паланезнай танцавальнасцю твораў залескага рамантыка. Варта нагадаць у гэтай сувязі, што бацька кампазітара, Мікалай Шапэн, уваходзіў у тое ж палітычнае і творчае кола, што і Міхал Клеафас Агінскі ды Тадэвуш Касцюшка (таксама, дарэчы, ураджэнец Беларусі). Апошні, названы Фрыдэрыкам «наш герой», заставаўся для яго ўзорам мужнасці і ахвярнасці. Зрэшты, не толькі ваярскія ўчынкі, але і музыка Касцюшкі была знаёма Шапэну. На гэты конт недвухсэнсоўна выказаўся ўсё той жа Ігар Бэлза: «Так ці інакш, маленькі Фрыдэрык рос у атмасферы, насычанай успамінамі аб удзельніках паўстання 1794 года і яго правадыру. Ён ведаў, зразумела, і “Паланез Касцюшкі”»...

Спецыяльная тэма — увасабленне спадчыны і мастацкіх прынцыпаў Шапэна ў беларускай кампазітарскай ды выканальніцкай школе: поле даследаванняў тут неабсяжнае. Увогуле ж хочацца верыць, што святкаванне юбілею сусветна вядомага кампазітара станецца моцным стымулам і для вывучэння айчыннай музычнай культуры — як арганічнага складніка культуры славянскай і агульнаеўрапейскай. Культуры, паяднанай непарыўнымі асабістымі і творчымі сувязямі лепшых яе прадстаўнікоў, да якіх належыць векапомная, заўсёды жывая ў мастацкіх здзяйсненнях постаць Фрыдэрыка Шапэна.

Вольга Дадзіёмава