З Мікалаем Яроменкам падчас працы над фільмам "Адступнік".
Калі б Валерыю Рубінчыку давялося апынуцца ў іншай эпосе або ў іншай геаграфічнай прасторы, напэўна, ён ствараў бы выключна эстэцкія фільмы, бо імкненне да экзістэнцыяльных катэгорый — яго мастакоўская прырода. Але ў краіне сацыялістычнага рэалізму гэта не віталася, а ў галіне кінематографа, які арыентаваўся на масавыя глядацкія густы, ціск існаваў найбольшы.
У тым, што Валерый Рубінчык не зрабіўся паслухмяным вытворцам «патрэбных» стужак і не быў спісаны «за борт», ёсць нейкая нелагічнасць тых часоў. Патлумачыць гэтую акалічнасць можна хіба тым, што ён меў трывалую творчую вагу ў вачах кіраўнікоў Дзяржкіно СССР, якія, у рэшце рэшт, вызначалі палітыку ў рэспубліканскім кінематографе. Але ёсць феномен і самога рэжысёра, які ў «абавязковай» для кінастудыі тэме знаходзіў новыя ракурсы і ўзбагачаў яе пластычна-вобразнай кінамовай. А ўвогуле ў кожным фільме атрымоўвалася штосьці звыш сюжэтнай гісторыі, з’яўляліся філасафічныя сентэнцыі мастака, сугучныя настроям і роздуму сучаснікаў. Гарманічная сінкрэтычнасць — спалучэнне суб’ектыўнага светаўспрымання з тагачаснымі канонамі — гэта тое, што давала савецкаму кінарэжысёру Валерыю Рубінчыку магчымасць дыхаць паветрам мастацтва і, хоць бы ў абмежаванай прасторы, самарэалізоўвацца.
Рэакцыя на яго стужкі сярод прафесіяналаў, асабліва ў першае дзесяцігоддзе кінематаграфічнай дзейнасці, была кантрасная. Хтосьці рабіўся яго аднадумцам, а хтосьці... Вось міні-сцэнка. Дзень кіно на рэспубліканскім маладзёжным семінары ў сярэдзіне 1970-х гадоў: дыскусія пасля прагляду фільма «Вянок санетаў». «Няўжо вам не зразумела, што Рубінчык зняў наватарскі фільм?» — дзіву даваўся рэжысёр-«ленфільмавец», паслухаўшы непаважлівыя водгукі некаторых беларускіх калег пра гэтую стужку рэжысёра. Эстэтычныя знаходкі Рубінчыка раздражнялі («Бач ты, Феліні непрызнаны!»).
Яшчэ больш абвінавачванняў чулася з розных бакоў пасля «Дзікага палявання караля Стаха». Дайшло да таго, што на аглядзе-конкурсе стужак «Беларусьфільма» (па выніках 1979 года) дэманстратыўна ўзнагародзілі дыпломамі аператара-пастаноўшчыка Таццяну Логінаву і мастака-пастаноўшчыка Аляксандра Чартовіча за высокае візуальнае майстэрства, а Рубінчык застаўся нібыта ні пры чым (хоць, вядома ж, і аператар і мастак заслугоўвалі найвышэйшай ухвалы, але натхняльнікам і арганізатарам усё ж трэба лічыць рэжысёра).
Атмасферу вакол яго на «Беларусьфільме» паступова змянілі не толькі таленавітыя паплечнікі, якія лічылі за гонар працаваць разам з ім, але і тыя ўзнагароды, што ён атрымліваў на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях, і водгукі аўтарытэтных крытыкаў па-за межамі рэспублікі, і любоў гледачоў — аматараў аўтарскага кіно (дарэчы, фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» ў СССР толькі за адзін год паглядзелі 11 мільёнаў 300 тысяч чалавек).
Валерый Рубінчык — бадай, адзіны рэжысёр на нашай кінастудыі, які ў пасляваенны час здолеў утрымацца на шляху метафарычнага кіно (чаго не змог зрабіць іншы адораны рэжысёр Валянцін Вінаградаў, які ў 1969 годзе пакінуў Мінск). Рубінчыка неаднойчы ўпікалі: маўляў, у яго форма дамінуе над зместам. Але ж ніхто іншы, як Бэртальд Брэхт, адзначыў: «Думай пра форму, змест падцягнецца». Гэта якраз пра кінематограф Валерыя Рубінчыка.
«Магіла льва». Валянціна Шэндрыкава (Любава), Алег Відаў (Машэка).
За дваццаць гадоў ён стварыў на «Беларусьфільме» восем фільмаў, героі якіх жывуць у Расіі часоў Тургенева, у рэвалюцыйны час, у гады нэпа, у Айчынную вайну. Ён ухіляўся ад стужак на сучасную тэму, бо не хацеў крывадушнічаць. Але калі знайшоў літаратурны матэрыял, які адпавядаў яго адчуванням, паставіў паэтычную, з драматычным адценнем, кінаакварэль «Культпаход у тэатр» (1982, сцэнарый Валянціна Чарных). У стужцы ўвасобіліся выспелыя думкі і развагі рэжысёра пра тое, як мастацтва ўздзейнічае на жыццё і, наадварот, як рэальнасць прэпаруе мастацтва.
Апеляцыя да музаў у розных іпастасях — адзін з галоўных складнікаў у кінаэстэтыцы рэжысёра. Атрыбуты жывапісу, літаратурныя, тэатральныя і музычныя рэмінісцэнцыі розных эпох — гэта сюжэтыка, фактура, стылістычная асаблівасць яго стужак. Вельмі цікава было назіраць, як ён эксперыментаваў з самім кінамастацтвам. У дэбютнай стужцы Рубінчыка «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1970) ёсць і стылізацыя пад «нямое кіно», і пераўтварэнне персанажа-кінамеханіка з прасцяка ў гераічную асобу, і дэманстрацыя трукавых магчымасцей дзесятай музы.
А ўжо ў сталым узросце ён наўздагон вялікім кінематаграфістам свету — французу Франсуа Труфо, італьянцу Федэрыка Феліні, шведу Інгмару Бергману, якія ў свой час паставілі «кіно пра кіно», — стварыў карціну пра свет сваёй прафесіі і яе фанатыкаў, якія згодныя адправіцца хоць у пекла, але не могуць дыхаць без паветра здымачнай пляцоўкі (маю на ўвазе фільм «Кіно пра кіно», зроблены ў 2002 годзе ў Расіі). Вось цытата з рэцэнзіі расійскага крытыка: «...Гэта фільм пра ўсіх нас, пра мастакоў і немастакоў, пра людзей, якія не страцілі культуры, якія імкнуцца нешта рабіць і застаюцца культурнымі ў грамадстве, што абтрасае культуру, як бруд з калашын»).
У перабудовачны час Валерый Рубінчык ажыццявіў тое, да чаго таемна і відавочна імкнуўся доўгі час: зняў амаль «чысты» дэкаданс — стужку «Нелюбоў» (1991), якая адкрыла сцэнарыстку Рэнату Літвінаву і актрысу Ксенію Качаліну. У гэтым фільме прыгожая жаночая істота жыве «замарожанымі» пачуццямі і ахалоджвае эмоцыі і каханне вакол сябе. Можа, тут субліматыўна адгукнуліся тыя творчыя пакуты, якія падкідвала рэжысёру жыццё? Стужка зноў асвятліла яго постаць — як пражэктарам — ужо ў новым часе. «Я трапіў у прастору любові» — гэта яго словы. Увогуле Валерый Рубінчык будуе ўласнае творчае жыццё такім чынам, каб жыць у зоне годнасці.
На здымках «Дзікага палявання караля Стаха».
З Мікалаем Яроменкам падчас працы над фільмам «Адступнік».
«Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана. Тэатр-студыя кінаакцёра.
Валерый Рубінчык: «Крытэрыі, што суадносяцца з вечнасцю...»
Гутарка, якую мы вялі з рэжысёрам некалькі гадоў таму, адкрывае яго творчую лабараторыю і — хоць бы часткова — ягоны ўнутраны свет.
Валерый Давідавіч, што не дазваляла вам пераступіць рысу, за якой пачыналася прыстасаванства да савецкай сістэмы ў мастацтве?
— Пытанне складанае, амаль трагічнае. Адказаць, што гэта была мужнасць?.. Хутчэй за ўсё — інстынкт, інтуіцыя. Значыць, ёсць у чалавеку пэўныя ўнутраныя забароны, асобасныя табу. Я не мог, кажучы шчыра, пераадолець сябе, калі прапанавалі ўступіць у партыю. Хоць мой бацька быў партыйцам з 1932 года і ўгаворваў: маўляў, ты дарэмна такі ўпарты, атрымаеш званне, яшчэ нейкія выгады... Не ведаю. Можа, крытэрыі, якія суадносяцца з вечнасцю, штосьці дыктавалі...
Я і цяпер не магу пераадолець нейкую мяжу, калі размова ідзе пра творчы ўчынак. Вось, напрыклад, прапануюць сцэнарый «пра лёс бізнесмена ў Расіі». Чытаю і думаю: якая лухта, банальнасць на банальнасці, а ў жыцці ж усё дзівосна, непаўторна і індывідуальна! Новая эпоха нарадзіла новую прастору цывілізацыі. Яе патрэбна слухаць і чуць...
Усё ж такі, чым ратаваліся, каб не скруціць сабе шыю, не дайсці да дэпрэсіі? Гарэлка дапамагала?
— Я жыў вольна. Быў «вечным вандроўнікам», таму побыт мяне не ціснуў. Выпіваў, але мала. А былі тыя, каго гарэлка нішчыла, хто нажываў інфаркты, некаторых чалавечае падзенне здымала з прафесійнай дыстанцыі... Магчыма, ёсць штосьці ў маёй псіхіцы, што не дазваляла канцэнтравацца на крыўдах.
Крытыкі савецкага перыяду занеслі ў спіс лепшых стужак ваш фільм «Культпаход у тэатр», а ў гледачоў самы папулярны — «Дзікае паляванне караля Стаха». Такое ўражанне, што вы не вельмі цырымоніліся з аповесцю Уладзіміра Караткевіча...
— У «Дзікім паляванні...» адлюстраваліся пякельныя ўнутраныя праблемы — скаванасць чалавека догмамі, умоўнасцямі, якія пераўтварыліся ў страхі. Гэта іншасказ, ланцужок сноў, дзе зашыфравана тагачасная рэчаіснасць. У Караткевіча ўсё прыхавана дэтэктыўным сюжэтам. У фільме гэтай маскіроўцы надаецца менш увагі. На прэс-канферэнцыі ў Таронта крытыкі пыталіся: як вы змаглі зрабіць антытаталітарны фільм? Яго ацанілі як выклік дзікунству. Алюзіі зусім натуральныя. Я рабіў крыптаграму, якую трэба было разгадваць: што менавіта маю на ўвазе.
Доўгі час шукаў рэжысёрскі «ключ». Неяк разглядаў альбом з рэпрадукцыямі Барысава-Мусатава. Убачыў адлюстраванне сядзібы, жанчыны ў доўгай сукенцы. Назва карціны — «Здані». Тут я пляснуў рукамі. Пайшоў, паглядзеў карціну ў галерэі: так, пейзаж, сядзіба, жанчына... І раптам стала лёгка. Я ўбачыў гераіню ў двары, на лесвіцы, у інтэр’ерах. Калі напрамак зразумелы, у пэўны момант узнікае зрокавы вобраз карціны...
У аповесці Караткевіча адчуваўся магнетызм гатычнага рамана, прыцягвала блізкасць да еўрапейскай традыцыі — сядзіба, дарога, бляклыя інтэр’еры палаца, і я быў рады інтэрпрэтаваць Беларусь як еўрапейскую прастору, дзе жывыя грамадзянскія ідэі. Менавіта гэта яднае мяне з Караткевічам...
У вас абодвух прачытваецца пасланне, якое лічыцца адзінаццатым запаветам Маісея: «Не бойся!» Цікава даведацца: а сцэнарый «Культпаходу ў тэатр» вы таксама трансфармавалі?
— У Маскве існавала Цэнтральная сцэнарная студыя. Мяне ўжо ведалі як рэжысёра «Вянка санетаў» (ён атрымаў Гран-пры на Усесаюзным фестывалі і прэмію Ленінскага камсамола Беларусі), «Дзікага палявання караля Стаха», іншых фільмаў. Дык вось, у сцэнарнай студыі прачытаў маленькую анатацыю да заяўкі пад назвай «Мецэнат». Яна запала ў душу... «Культпаход у тэатр» — гэта фільм пра пошук (магчыма, марны) страчанай гармоніі ў жыцці. Падалося, што гэта чэхаўская тэма. І яшчэ: жыццё і мастацтва — злучаныя сасуды. Мастацтва сілкуе жыццё. І само прыпадае да гэтай жыватворнай крыніцы. У прасторы фільма ўзнікае вельмі сур’ёзная сацыяльная тэма шчасця і няшчасця ў савецкай светабудове...
Скажыце, у фільме «Кіно пра кіно» па сцэнарыі Анатоля Грабнёва вы адпавядаеце таму персанажу, рэжысёру, якога іграе Валерый Нікалаеў? Увогуле, вы — дэспат на здымачнай пляцоўцы?
— Цяжка сказаць. Магчыма, так і ёсць. Але не дэспат, а дыктатар. Або проста лідэр. Ва ўсялякім разе, імкнуся быць скрупулёзным і настойлівым у ажыццяўленні ідэі. Гэта асобная вялікая размова. Праца рэжысёра пакутлівая. Бо заўсёды застаецца адлегласць паміж задуманым і створаным...
Вы адчуваеце часам стомленасць ад жыцця, ад усяго, што суправаджала вас на творчым шляху?
— Гэтае пачуццё, здаецца, спадарожнічала мне ўсё жыццё! Свайго кшталту інертнасць і абломаўшчына. Прызнаюся, мне ўласціва непазбыўная туга па нерэалізаваных задумах, незадаволенасць зробленым (нават калі фільм завершаны)... Працую над рэжысёрскім сцэнарыем — часам здаецца: усё, тупік, не тое. І раптам узнікаюць нейкія ўнутраныя імпульсы...
Праца над фільмам — сама па сабе своеасаблівая псіхатэрапія. Яна дае каласальную магчымасць узаемадзеяння з навакольным светам, кантактаў з людзьмі... Робячы фільм, мы вырашаем не адну, а тысячы праблем. Твор павінен быць больш маштабным, чым яго стваральнік. Гэта яшчэ Леў Талстой заўважыў...
Ала БАБКОВА
З анкеты Валерый Рубінчык нарадзіўся 17 красавіка 1940 года ў Мінску. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. На «Беларусьфільме» — з 1968-га па 1987 год. З 1988-га — жыве і працуе ў Маскве. Кіраваў творчымі майстэрнямі ў розных расійскіх вышэйшых навучальных установах. Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, прызёр усесаюзных, міжнародных і нацыянальных кінафестываляў. У Беларусі паставіў кіна- і тэлефільмы: «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969), «Магіла льва» (1971), «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Вянок санетаў» (1976), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Культпаход у тэатр» (1982), «Адступнік» (1987), «Пейзаж з трыма купальшчыцамі» (1995, студыя «Патмас», пры ўдзеле студыі «Таццяна»), дакументальны фільм «Мастак Барыс Забораў» (1997, студыя «Таццяна»). У Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску паставіў спектакль «Камедыя пра Лісістрату». Фільмы, знятыя ў Расіі: «Камічны палюбоўнік, або Любоўныя забавы сэра Джона Фальстафа» (1984), «Камедыя пра Лісістрату» (1989), «Нелюбоў» (1991), «Кіно пра кіно» (2002), «Нанкінскі пейзаж» (2006).