Цяжкае ўспрыманне лёгкасці быцця

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

«Дотык» Рустама Ібрагімбекава ў Маладзёжным тэатры

/i/content/pi/mast/30/507/19.jpg

Васіль Новік (Андрэй).

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі ў Беларускім маладзёжным тэатры паставілі спектакль «Дотык» па п’есе Рустама Ібрагімбекава.

... Некалі ў адным з нумароў альманаха «Маналог» беларускі рэжысёр Андрэй Андросік расказваў пра сваё пасляваеннае дзяцінства, пра тое, як ён атрымліваў свае першыя ганарары (смажаную бульбу) за выкананне ролі сына ўдоў і адзінокіх жанчын, якія хацелі наладзіць асабістае жыццё.
У прызначаны момант ён забягаў у пакой і кідаўся на шыю патэнцыяльнаму жаніху з крыкам: «Тата!», а патэнцыяльная нявеста і яе сяброўкі, правяраючы сур’ёзнасць намераў мужчыны, пільна сачылі за яго рэакцыяй. Успаміны заканчваліся цудоўнай фразай:
«Я сваімі шчокамі памятаю тыя гімнасцёркі і кіцелі з калючымі значкамі
і медалямі...» Дзеля яе, уласна кажучы, я і прыгадала гэтую гісторыю.
Вось пра такі ж імгненны і памятны на ўсё жыццё дотык чалавека да чалавека напісаў Рустам Ібрагімбекаў. А рэжысёр Мадэст Абрамаў паставіў пра іншы — імгненны і незапамінальны, нібы цябе проста штурханулі ў метро...

Напрыканцы вайны ў закінутай царкве гарэзлівы рускі хлопец Андрэй (Васіль Новік) сустрэў сур’ёзную казахскую дзяўчыну Адалат (Анастасія Салаўёва)... А праз некалькі гадзін загінуў, ратуючы скрыні з карцінамі... «Дотык» — чарговы спектакль на беларускай сцэне, у якім вайна асэнсоўваецца праз гісторыю кахання. З гэтым можна было б прымірыцца і нават парадавацца, што да лейтматыву кахання дадаецца яшчэ не заезджаны матыў «мастак на вайне», але знарочыстая прастата пастаноўкі не дае гэтага зрабіць.

«Дотык» у Рустама Ібрагімбекава — гэта гісторыя эфемерных і няпростых адносін паміж мужчынам і жанчынай. Але выканаўцы галоўных роляў выходзяць да гледача, так бы мовіць, «чыстай дошкай». Так, Андрэй распавядае пра сваё дзяцінства, працу, стаўленне да мастацтва; Адалат узгадвае мужа, радзіму, улюбёных коней. На жаль, тэкст, які прамаўляюць акцёры, не працуе на раскрыццё вобразаў. Нават здаецца, яны расказваюць нібыта не пра сябе. Справа тут не ў імкненні рэжысёра правесці рысу паміж даваенным мінулым і ваенным часам, а ў нераспрацаванасці тэксту і гісторыі, з якой акцёры выходзяць на сцэну. У выніку знікаюць некаторыя сімвалы і паралелі, якія прысутнічаюць у п’есе. Напрыклад, там падкрэсліваецца падабенства характараў мужа Адалат і Андрэя, а таксама тое, што жанчына другі раз за жыццё перажывае падобную гісторыю: кожная новая рэпліка — нібы пацвярджэнне, што трагічны фінал ёй ужо вядомы. Да адсутнасці мінулага ў герояў спектакля дадаецца недасканаласць акцёрскай тэхнікі: казахскі акцэнт Адалат, пра які яна часам забывае; «параненая» нага Андрэя — ён цягне яе за сабой і моршчыцца ад болю, але нават не ўздрыгне, калі Адалат з усяе моцы абдыме яго за ногі, каб не выпусціць з царквы. Усё гэта робіць каркас пастаноўкі надта нетрывалым.

Вобразнасць і глыбіня драматургічнага матэрыялу адсутнічаюць і ў іншых акцёрскіх працах. Так, напрыклад, метафарычнае супрацьпастаўленне духу і цела зводзіцца да таннага камізму. У «Дотыку» ёсць сцэна, дзе Адалат і Андрэй, адарваўшыся ад размоў пра мастацтва, збіраюцца паесці. Нечакана ля царквы з’яўляюцца немцы. Юнак і дзяўчына хаваюцца, калі адзін з іх уваходзіць у царкву. Ён не заўважае ні фрэсак на сценах, ні скрыняў з карцінамі, а бачыць толькі бляшанку кансерваў і пачынае іх прагна жэрці. Гэтае супрацьпастаўленне чалавечага пачуцця і жывёльнага інстынкту ў спектаклі вырашаецца ў лепшых традыцыях савецкага кіно саракавых — пяцідзесятых гадоў, калі фашыстаў прынята было паказваць цельпукамі, якія шэрагамі валяцца ад куль савецкіх аўтаматаў. Такім чынам, на сцэну выходзіць фактурны Іван Шчатко ў касцюме нямецкага салдата і пад рогат залы пачынае ўмінаць кансервы. Ні стылістычнага адзінства спектакля, ні метафарычнага супрацьпастаўлення, ні вобраза ворага, у рэшце рэшт...

Пасля прагляду застаецца пытанне: «Навошта Андрэй ратаваў карціны?» І... нязносная цяжкасць успрымання лёгкасці быцця і такой яго з’явы, як вайна. Праўда, памятаеш пра гэтыя ўражанні і разважаеш над імі нядоўга, бо «Дотык» атрымаўся выпадковым.

Алена Мальчэўская