Ад сумы, ад турмы, ад падмосткаў...

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

«Білоксі-блюз» у папраўчай калоніі

/i/content/pi/mast/30/506/18.jpg

«Білоксі-блюз» Ніла Саймана. Сцэна са спектакля віцебскай папраўчай калоніі №1.

Большасці з нас пра яго вядома толькі тое, што ён ёсць. Але які? І навошта? Тэатр у турме... Прастора за кратамі — не самае ўдалае месца для эксперыментаў, тым больш тэатральных.
Але яны там ёсць. Некалькі гадоў таму Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі падтрымаў ініцыятыву Беларускага саюза жанчын і сцэнічных дзеячаў з Беларусі і Швецыі — дазволіў распачаць праект «Тэатр у турме».

...Я гляджу некалькі спектакляў штотыдзень — у прафесійных і ў аматарскіх тэатрах, пастаноўкі для дзяцей і для дарослых, драматычныя, пластычныя, лялечныя... Але ж колькі ні намагаюся — не магу прыгадаць ніводнай, якую па сіле ўздзеяння можна параўнаць з «Білоксі-блюз» Ніла Саймана. Яе на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа паказалі хлопцы з віцебскай папраўчай калоніі №1.

Аматарства не самай лепшай якасці: тэкст забалбаталі, дзе памыліліся і што забыліся — бачна адразу. Але нешта неўсвядомленае трымае ўвагу гледачоў так, як няздатны трымаць яе нават спектаклі ў прафесійных тэатрах. Што? Чаму думкі пра «Білоксі-блюз» зноў узнікаюць праз дзень, два, тыдзень? Адкуль узялося гэтае пакутлівае адчуванне неспакою, якое не дазваляе пераключыцца на штосьці іншае падчас спектакля і прымушае прыгадваць яго пасля?

«Адно з самых моцных уражанняў з-за кратаў — навязлівая ўвага людзей, абмежаваных у зносінах і прасторы. Я доўга адыходжу пасля яе. Магу прыехаць, скінуць фотаздымкі ў камп’ютэр і не адкрываць іх тыдзень, а то і два. Мне цяжка», — дзеліцца сваімі ўражаннямі мінская журналістка Ксенія Авімава праз некалькі дзён пасля спектакля. Толькі тады і я нарэшце разумею, што са мной адбывалася падчас і пасля паказу.

Ксенія здымае турэмныя тэатры: акцёраў, рэпетыцыі, спектаклі, побыт зняволеных. Была ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Шклове, Бабруйску. На пытанне «Навошта?» адказвае проста: «Прафесійная журналісцкая цікаўнасць да таго, як людзі імкнуцца выжыць у экстрэмальных умовах». У фае Коласаўскага тэатра прайшла другая выстава яе дакументальных фотаздымкаў «Акцёры мімаволі» (першая адбылася летась у Мінску ў Музеі гісторыі кіно).

«Людзі прыходзяць у турэмны тэатр, бо ім проста няма чаго рабіць, ім сумна. Якая альтэрнатыва? Можна застацца ў атрадзе, можна ў бібліятэку пайсці, а можна ў тэатр на рэпетыцыю. Там проста гутараць, спрачаюцца. А на спектаклі ўзнікае моцная энергетыка, таму што кожны са зняволеных разумее: гэта адзіны шанец у жыцці, калі на яго паглядзяць, як на акцёра. Гэта, напэўна, і нараджае гранічную шчырасць і шалёную прагу ўвагі».

Асаблівасцю праекта, яго адрозненнем ад звычайнай турэмнай самадзейнасці з’яўляецца тое, што са зняволенымі працуюць прафесіяналы.

У актрысы Коласаўскага тэатра і рэжысёра «Білоксі-блюз» Ніны Обухавай сваё разуменне такой формы тэатра: «Гэта арт-тэрапія. І праца кожнага чалавека над сабой. Выяўленне ўласных праблем праз героя. Чаму гэтыя хлопцы патрапілі за краты? Залішняя падлеткавая ўзбудлівасць: узрост такі, кроў кіпіць. А яшчэ — мы не ўмеем дараваць, трываць, саступаць. Мы штораз пра гэта разважаем, калі разбіраем канфлікты ў спектаклі».

Нягледзячы на пастаянную занятасць у тэатры, Ніна Обухава знаходзіць час, каб разам з валанцёрам Ларысай, якая некалі марыла стаць актрысай, хадзіць на рэпетыцыі да сваіх хлапцоў. «Сваіх» — яны ні слова не кажуць пра нейкую празмернасць зносін і ўвагі. Яны падтрымліваюць сувязь і з тымі, хто ўжо вызваліўся. Мараць адкрыць для іх тэатр на волі, каб неяк дапамагчы адаптавацца ў грамадстве.

Мы можам колькі заўгодна распавядаць пра сваю талерантнасць, пра тое, што ў нас няма стэрэатыпаў. Але будзем шчырымі: даведаўшыся, што сусед вызваліўся з турмы, хутчэй паставім на дзверы новы замок, чым спытаемся ў яго, як справы, або запросім на гарбату.

Па вялікім рахунку, грамадства раўнадушнае да тых, што знаходзяцца «там», і яно звычайна не прымае таго, хто вярнуўся «адтуль». І выхад на сцэну — адзін з нямногіх шанцаў пазбавіцца абыякавага ці насцярожанага стаўлення да сябе.

Тэатр у турме — гэта спосаб выжывання ў цяжкіх умовах, гэта арт-тэрапія, гэта доказ таго, што ў чалавека ёсць магчымасць вярнуцца ў грамадства...

Алена Мальчэўская