Рацыя і эмоцыя

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Экспазіцыя ў Гродзенскім замку

/i/content/pi/mast/30/504/16.jpg

Гульня ў чатыры рукі. Акрыл. 2009.

У Сенатарскай зале Новага замка ў Гродне праходзіла выстава жывапісу Сяргея Грыневіча. Жыццёвы і творчы шлях мастака непарыўна звязаны з Гродзеншчынай: тут ён нарадзіўся, жыве і працуе. Для мясцовай культуры заўсёды быў характэрны сінтэз розных традыцый, у творах Грыневіча гэтаксама арганічна змешваюцца накірункі, стылі і віды мастацтва.

У палотнах Сяргея Грыневіча найперш уражваюць свабода — у валоданні кампазіцыяй, малюнкам, жывапіснымі тэхнікамі — і бескампраміснасць, якая выяўляецца ў дакладнай адпаведнасці мастацкіх сродкаў ідэі карціны.

Падмурак гэтай высокай прафесійнасці быў закладзены падчас вучобы на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва тэатральна-мастацкага інстытута. Манументалізм уласцівы многім яго творам — буйныя памеры, абагульненні формы, выразны каларыт.

Прынцыповымі для мастака з’яўляюцца пастаянная зменлівасць і непазнавальнасць стылю, імкненне заўсёды заставацца наватарам. Творы Грыневіча блізкія мастацтву постмадэрнізму, што выяўляецца ў гульні сэнсаў і цытатнасці, у спалучэнні матываў розных гістарычных перыядаў, выкарыстанні вобразаў і сродкаў маскультуры. Адсюль вынікаюць характэрныя для мастака алегарычнасць, гратэскнасць і камунікатыўнасць — жаданне выклікаць гледача на дыялог.

Грыневіч — мастак інтэлектуальны. Ён выдатна ведае гістарычныя стылі і найноўшыя мастацкія тэндэнцыі, а галоўнае — рацыянальна будуе творчы працэс, пралічвае кожны крок на ўсіх этапах стварэння карціны. Але гэта не замінае незвычайнай свежасці і ўнутранай эмацыянальнасці яго вобразаў.

У жывапісе Грыневіча ўвасабляюцца многія тэмы: гісторыя і актуальныя праблемы сучаснасці, асабістыя перажыванні. Пастаянны пошук вызначае істотнае непадабенства твораў розных перыядаў. Грыневіч 80-х — 90-х гадоў захапляўся ап-артам, мастацтвам, якое выкарыстоўвае аптычныя эфекты. З дапамогай рытмічных кампазіцый з аднародных фігур, ліній і колераў выбудоўваліся пэўныя структуры, якія стваралі ілюзію руху і набывалі знакава-сімвалічны характар. Мастак нібы імкнуўся адшукаць страчаную цэласнасць і гарманічную сувязь разрозненых элементаў свету.

Сучасны Грыневіч — уважлівы назіральнік. Тэмы і героі яго твораў непасрэдна запазычваюцца з нашай рэчаіснасці. Знянацку ўбачаны сюжэт становіцца штуршком для з’яўлення незвычайнага вобраза, які далей развіваецца паводле нічым не абмежаванай фантазіі мастака. Месца знаходзіцца ўсяму: увасабленню жанчыны, якая паўстае ва ўсёй яе прыгажосці, супярэчлівасці і складанасці лёсу, светламу, бесклапотнаму і абсалютна шчыраму вобразу дзіцяці, эпізодам, што нібы выхаплены з паўсядзённага жыцця, але ў творы набываюць глыбокі сэнс, вырастаюць да ўзроўню сімвалаў сучаснай культуры. У многіх творах адчуваецца тонкая іронія, а незвычайная дакладнасць выявы спалучаецца з лёгкасцю яе ўвасаблення.

Каларыт палотнаў Сяргея Грыневіча пабудаваны на дынамічным узаемадзеянні колераў, што падкрэсліваюць ці ўзмацняюць адзін аднаго, пры гэтым узнікае адчуванне містычнага зіхацення, плоскасць карціны нібы «прарываецца» і перастае існаваць. Можна заўважыць улюбёныя колеры, характэрныя для сённяшняга Грыневіча: містычна-сіні, таямніча-бэзавы і страсна-чырвоны.

Геаграфія выставак мастака ўражвае: толькі за апошнія гады яго творы экспанаваліся ў Мінску, Полацку, Парыжы, Бадэне, Маскве. Гродзенская выстаўка праходзіла адначасова з грандыёзным міжнародным выставачным праектам «Art-Kyiv-contemporary» ў Кіеве, дзе Грыневіч паспяхова прадстаўляў сучаснае беларускае мастацтва.

Сёння да Сяргея Грыневіча прыйшло безумоўнае прызнанне — павага калег, крытыкаў і гледачоў. Але мастак не супакойваецца, паводле сваёй праграмы «вечнай навізны» ён увасабляе новыя ідэі ў новым мастацкім абліччы.

Святлана Янчалоўская