Галоўнае — каб шынялёк сядзеў

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Прэм’ера ў Брэсце

/i/content/pi/mast/30/503/15.jpg

Міхаіл Мятліцкі (Акакій Акакіевіч).

...Здаецца, у творах Гогаля, як у Грэцыі, — усё ёсць, і рэжысёру дастаткова выбраць патрэбную сэнсавую нітачку, каб, пацягнуўшы за яе, «раскруціць» тую ці іншую гісторыю, здольную, на яго думку, зацікавіць сучаснага гледача. Аднак на паверку ўсё аказваецца не так і проста — гэта, прынамсі, засведчыла нядаўняя прэм’ера паводле гогалеўскага «Шыняля» ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы.

Рэжысёр спектакля Цімафей Ільеўскі першапачаткова паставіў перад сабой даволі складаную задачу: адарвацца ад класічна-хрэстаматыйнага погляду на Гогаля як на пісьменніка — абаронцу зняважанага і прыніжанага «маленькага чалавека». Гэта падкрэслівае і тонкая іранічнасць сцэнаграфічнай канструкцыі, прапанаванай мастаком Віктарам Лесіным: клетка, краты якой уяўляюць сабой старонкі школьных сшыткаў, якія быццам чакаюць абавязковых «сачыненняў на тэму». Звяртаючыся да Акакія Акакіевіча — аднаго з самых вядомых гогалеўскіх персанажаў, ён стараўся адысці ад звыклага вобраза ахвяры грамадства, заглыбляючыся ў свет яго метафізічнага ўспрымання і асэнсавання. Таму і спектакль у выніку атрымаўся зусім не «адукацыйным» — тыя, што прыйдуць у тэатр, спадзеючыся пасля прагляду мець падставу не чытаць Гогаля, наўрад ці застануцца задаволенымі. Затое гледачы, для якіх за гэтым прозвішчам паўстаюць пэўныя асацыяцыі і вобразы, знойдуць багатую глебу і для разважанняў, і для палемікі з рэжысёрам.

Асабіста мне, у прыватнасці, самым спрэчным момантам у спектаклі падалася ідэя спалучэння «сацыяльнай» лініі — тэмы дзяржаўнай машыны, што без аніякіх эмоцый трушчыць маленькага чалавека, — і магутнага містычнага, амаль булгакаўскага падтэксту, якім рэжысёр начыняе практычна кожную сцэну спектакля. Магчыма, у пэўнай меры з-за гэтага на працягу ўсяго спектакля не ўзнікае абавязковага хрэстаматыйнага спачування да Акакія Акакіевіча. У выкананні Міхаіла Мятліцкага ён у сваім механістычным існаванні выглядае нават... шчаслівым! Бо жыве зусім не ў тым свеце, у якім жывуць іншыя: ён умее марыць, няхай сам гэты працэс і выглядае даволі мізэрна. А яшчэ — мэтанакіравана ісці да сваёй мары, каб тая ў рэшце рэшт змагла матэрыялізавацца. І для такога героя, тонка і з нюансамі сыгранага Мятліцкім, трагедыя наступае зусім не са стратай шыняля, а значна раней — тады, калі ён бачыць (хоць і не жадае да канца верыць у відавочнае), што нават наяўнасць гэткага важнага атрыбута сацыяльнай прыналежнасці не робіць яго такім, як астатнія. Акакій усё роўна застаецца чужым — ён, здаецца, адчувае гэта кожнай клетачкай свайго цела, кожнай валасінкай на галаве, больш за ўсё на свеце жадаючы знікнуць, растварыцца. Каб зноў стаць такім, як раней, ён нават гатовы адмовіцца ад сваёй мары-шыняля. Вось толькі калі мару гэтую ў яго адбіраюць сілай, Акакій змяняецца на нашых вачах.

Зрэшты, для рэжысёра лінія псіхалагічных перажыванняў героя аказваецца ў спектаклі зусім не галоўнай. Нашмат больш яго займае працэс пранікнення ў патаемны свет Гогаля з мэтай давесці, што за добра вядомым усім нам фасадам яго твораў хаваецца сапраўдная бездань тэм, эмоцый, перажыванняў, асацыяцый і метафар. Іх рэжысёр і спрабуе выцягнуць на сцэну. І, як зазначае сам Ільеўскі, яму важна было паказаць, што гогалеўскія персанажы існуюць і іх жыцці разгортваюцца зусім не па законах логікі — таму пэўныя сюжэтна-вобразныя лініі ў яго абрываюцца ў самыя нечаканыя моманты, перацякаюць адна ў адну, пераплятаюцца ў складаным мудрагелістым малюнку сцэнічных метафар. Фінальная сцэна ўражвае вобразнасцю рэжысёрскага вырашэння таго моманту, калі Акакій нарэшце ўнутрана згаджаецца стаць такім, як астатнія, — акцёрам на сцэне жыцця: для таго, каб усе ахвотныя атрымалі сваё шоу, ён дазваляе пад радасныя воклічы пакласці сябе ў труну. І ўжо праз хвіліну аднекуль здалёк акцёр Міхаіл Мятліцкі назірае за той тэатральнай нямой сцэнай, што завяршыла зямное жыццё яго героя і сам спектакль...

Таццяна Команава