Карцінкі з выстаўкі

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Сучасная кніжная ілюстрацыя для дзяцей

/i/content/pi/mast/30/501/13-.jpg
Катажына Самборэк. Tiger Kite. Змешаная тэхніка.
Жылі-былі...
Новае пакаленне дзяцей любіць карцінкі, а не тэксты. Гэта пакаленне коміксаў-манга, камп’ютэрных «гулялак» і графіці. Дзеці, звыклыя да колеру і вялікай колькасці выяў. Дый бацькам прасцей — сядзіш сабе, чытаеш услых, а дзіцёнак галавой не круціць — малюначкі разглядвае, зрокавую памяць і густ развівае...

— Самі мастакі — былыя дзеці, — казаў Павел Татарнікаў на Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў, што адбылася на зыходзе зімы. — Калі вы былі на кніжным кірмашы, то маглі заўважыць, што каля 80 адсоткаў прадстаўленай прадукцыі мае даволі нізкую культурную і эстэтычную якасць. Гэта тычыцца не толькі кніг, але і тэлевізійных перадач, і прадукцыі для дзяцей увогуле. Шоу-бізнес выбірае тое, што прадаецца лягчэй, а не тое, што насамрэч добрае і лепшае. Але сапраўднае мастацтва працягвае існаваць...

...І пераканацца ў гэтым можна дзякуючы энтузіястам. Інстытут імя Гётэ павінен быў атрымаць матэрыялы для экспазіцыі «Сучасная нямецкая кніжная ілюстрацыя»: 65 прац трынаццаці найбольш вядомых нямецкіх мастакоў — ілюстратараў дзіцячых кніжак. Але... працы вярталіся з Буркіна-Фасо, дзе выстаўляліся раней, і затрымаліся на венскай мытні.

— Тады мы вырашылі прыцягнуць да ўдзелу ў выставе беларускіх ілюстратараў і мастакоў з тых краін, чые культурныя цэнтры ёсць у рэспубліцы. Такім чынам да арганізацыі экспазіцыі далучыліся Польскі інстытут у Мінску і Ізраільскі культурны цэнтр, — расказала куратар Кацярына Кенігсберг. — Склад мастакоў даволі пярэсты: напрыклад, ад польскага боку выступаюць студэнты Акадэміі мастацтваў горада Катавіцы, у якасці ўзору нямецкай дзіцячай ілюстрацыі ў ліку іншых прадстаўлены работы знакамітых Клаўса Энзіката і Вольфа Эрлбруха, сярод нашых творцаў таксама ёсць і зусім маладыя (як Вера Ягоўдзік), і тытулаваныя мэтры (Валерый Славук, Павел Татарнікаў). Так атрымалася выстава «Жылі-былі...»

Беларускія ілюстратары любяць канкрэтныя, фігуратыўныя выявы. Героі казак — чараўніцы ды сялянкі, хітрыя лісіцы да праставатыя мядзведзі — намаляваны «блізка да арыгінала». Тут амаль не знойдзеш «чырвонага неба і сіняй травы». Усё так, як ёсць на самай справе. Ствараецца ўражанне, што «нашы» баяцца жывога прымітывізму, які нагадваў бы пра сапраўдныя дзіцячыя малюнкі — трошкі крываватыя лініі, неахайныя слаі фарбы, няўмелыя шчыраванні алоўкам, якія так грэюць душу бацькам. Такія малюнкі робяцца пад кіраўніцтвам выхавацелькі ў дзіцячых садках: сонейка ў вугалку, палоска самага сіняга неба, потым — вялікая белая прастора, якая не зафарбоўваецца (гэта паветра!), а потым — зялёная лустачка зямлі. Вось, гатова.

/i/content/pi/mast/30/501/13.jpg
Валерый Славук. Шатаны. Туш, пяро, акварэль. 2008.
Валерый Славук абмаляваў твар беларускай міфалогіі, нагадаўшы, што ў беларускіх лясах, палях, лугавінах, рэчках, хатах жывуць шатаны, еўнікі, гарцукі, вадзянікі і злыдні. Марозам запраўляе Зюзя, а лесам, зразумела, Лясун. У вужоў ёсць свой тоўсты, даўгі, як пітон, Цар з залатой каронай на галаве. Яны — страшныя, яны — смешныя, яны — злосныя. Хударлявыя, валасатыя, няўклюдныя, спрытныя, зубатыя... такія выявы дзіцёнку трэба паказваць асцярожна, бо цяжка здагадацца, чаго ён спужаецца больш — зубатага ваўкалака ці жаўтавокага еўніка, які сядзіць, насупіўшыся, за печкай.

«Казкі тураўскага лугу» Веры Ягоўдзік прыцягваюць увагу шыкоўнымі лаканічнымі вокладкамі. Там і сінія стажкі на фоне чырвонага захаду, і залаты месячык, які асвятляе рознакаляровыя пёркі, што ўпалі з нябёсаў. Яна малюе добрых вялікіх мядзведзяў, якія сябруюць з зайцамі ў ружовых падштаніках і ў паніцы ратуюцца ад раз’ятраных пчолак, малюе спакойных самаўпэўненых ласёў і мышак-хітраванак.

Акварэльныя працы Паўла Татарнікава трэба даваць дзецям як вітамінкі — кожны дзень, каб развіваўся імунітэт да пошласці, каб выхоўваўся добры густ, каб проста радавалася сэрца. Мастак, сапраўды варты атрымаць усё «Золата Рэйна» і пакатацца на санках Снежнай Каралевы ў якасці прыемнага бонусу...

Маладыя польскія ілюстратары і дызайнеры прадставілі на выставе свае дыпломныя праекты: вялікія аркушы з распрацаванымі макетамі кніжак, коміксаў, інтэрфейсаў камп’ютэрных гульняў для дзетак. Яны самі яшчэ толькі-толькі выйшлі з дзіцячага ўзросту і не забыліся, як бачыцца свет людзям умоўнага ўзросту «ад двух да пяці».

Агнешка Кручэк-Антаневіч тлумачыць у сваёй рабоце, чаму «Стэфан баіцца»: гэтага кранальнага насарожку ў паласатай піжамцы, які паўсюль цягаецца з ружовым зайчыкам, прыводзяць у жах шум, павучкі і па-сяброўску настроеныя сабачкі.

Караліна Корнэк (дарэчы, яна двойчы была стыпендыяткай Старшыні Савета міністраў Польшчы) выкарыстоўвае толькі белы і толькі чорны (які адлівае то чырванню, то зелянцой) для таго, каб з неверагодным густам паказаць нам насельнікаў «Дня на лузе»: пярэстых вусеняў, сатканых з чорнага ценю кратоў, мышку i вожыка, малахітавых яшчарак, матылькоў і жабак.

Аляксандра Твардокэнс ілюстравала «Сцэны з жыцця ваяра» — японскага таўстунка-сумаіста ў белых майтках, які любіць сушы.

/i/content/pi/mast/30/501/13---.jpg

Вера Ягоўдзік. Казкі тураўскага лугу. Змешаная тэхніка. 2009–2010.

«Flatties» Эвы Юшчук прымусіў задумацца, ці мы сапраўды на выставе дзіцячай ілюстрацыі? Такі чорна-белы комікс быў бы да густу падлетку ці даросламу: танканогія сутулыя дзяўчынкі anorexia-style з крыху жудаснымі зубатымі роцікамі, сумныя фігуркі з вар’яцкімі вочкамі ў строях шэрых зайчыкаў... Зачапіў таксама «Новы буквар» ад немца Вольфа Эрлбруха: цікавае ў сваёй пачварнасці дзяўчо з непрапарцыянальна вялікай галавой (такая архетыповая для сучаснага маскульту «маленькая мёртвая дзяўчынка») разглядвае тонкі-тонкі, прыгожы-прыгожы зялёна-фіялетавы касач.

Працягвае пужаць нас яшчэ адзін нямецкі мастак, Нікалаўс Хайдэльбах: на адной з ілюстрацый да «Трынаццатай феі» хлапчук, дакладней, цельца хлапчука, стаіць перад чараўніцай (Трынаццатай?? Толькі такі нумар ёй і падыходзіць. А яшчэ гэтыя крывавыя кроплі завушніц...), якая нахілілася да яго, а ў руцэ за спінай трымае хлапечую галаву.

Прымусіць дзіцё расплакацца можа і надзвычай астэнічны зайчык Розі, які на сваю галаву адправіўся ў павільён жахаў (пужае зайчыка намаляванымі страхоццямі Філіп Вэхтэр).

Вельмі ўрачыста, па-ўсходняму «багата» выглядалі «Хад Гадзья», «Пяркей Шыра» і «Пасхальная агада» — працы Ірэны Абольскі. Ізраільская мастачка ілюструе рэлігійныя тэксты і мастацкія творы на біблейскую тэматыку, працуючы ў незвычайнай старажытнаяўрэйскай тэхніцы выразання нажом па паперы. Кніга «Пяркей Шыра» — гэта цытата з іудзейскага Святога пісання (Танаха) пра сусвет і яго жыхароў. «Пасхальная агада» («агада» літаральна — вусны пераказ) складаецца з малітваў, усхваленняў і расказаў пра выхад яўрэяў з Егіпта. У старажытных манускрыптах загалоўная літара тэксту з’яўлялася рамкай для ілюстрацый, таму ў аснове сучаснага афармлення кнігі палягае каліграфія, а цэнтрам кампазіцыі становіцца літара або слова. Арнаменты, пергамент, залатая фольга, тонкія папяровыя ўзоры, стрыманая, але выразная колеравая гама: кожны аркуш такой кнігі — цэласны твор мастацтва.

Дарэчы, здзіўляла багацце прадстаўленых на выставе тэхнік: акрамя традыцыйных акварэлі, каляровых алоўкаў і тушы былі работы, выкананыя крэйдай, вугалем, з дапамогай лічбавай графікі, былі і калажы, і вышэйзгаданае дзіўнае выразанне нажом па пергаменце (даволі падобнае на родную беларускую выцінанку).

...Адзін са спецыялістаў у галіне дзіцячай кніжнай ілюстрацыі, Францішак Халішэўскі, сказаў: «Калі раней малюнкі толькі ўпрыгожвалі кнігу і суправаджалі тэкст, то сёння яны звязваюць кнігу з выяўленчым мастацтвам і ўводзяць у свет мастацтва гэтак жа, як тэкст кнігі ўводзіць у свет літаратуры». Халтурныя крыклівыя «вясёлыя карцінкі» шкодзяць дзецям значна больш, чым думаюць дарослыя. Свет агрэсіўных рэкламна-коміксавых візій і так занадта жорсткі для малых. Падтрымайма сваіх дзетак добрай казкай з таленавітымі ілюстрацыямі!

Алена Каваленка