Смак Вялікага Яблыка

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Заняцца афортам ніколі не позна... у Нью-Йорку

Тамара Савініч любіць прыгоды, змену акружэння, пачуццё небяспекі — калі зямля знікае пад нагамі, а грукат сэрца чуецца ў вушах. У юнацтве яна, відаць, прамяняла кроў на адрэналін. А вырашыла стаць мастаком... не, яшчэ не ў школе. У школе яна займалася спартыўнай гімнастыкай, потым загарэлася альпінізмам, а калі прачытала кніжку Веры Пановай пра геолагаў, сказала: «Такім будзе і мой лёс». Геалагічны факультэт у Іркуцкім універсітэце, Далёкі Усход, Крайняя Поўнач, паэзія вандровак і экспедыцый — гэты рамантычны антураж быў створаны выключна для яе.

Шукальніца вострых адчуванняў, яна пакінула родныя Баранавічы і вандравала па самых экзатычных і дзікіх кутках Расіі. Там пачала займацца разьбой па дрэве, фларыстыкай, саломкай... А пэндзаль у рукі ўзяла толькі пры канцы васьмідзесятых, калі вярнулася на Беларусь. Свае творы Тамара Савініч выстаўляла і прадавала ў Сібіры, у Мінску і ў Маскве — на Арбаце.

У 1994-м, ужо ў даволі сталым узросце (споўнілася пяцьдзесят), Тамара вырашыла «нырнуць, не ведаючы дна»: пакінула Беларусь і паехала ў Амерыку, краіну мужных авантурыстаў, каб стаць прафесійнай мастачкай.

Адукацыю Тамара Савініч атрымлівала ў Нью-Йорку ў Мастацкай студэнцкай лізе і ў Нацыянальнай акадэміі мастацтваў — там студэнт сам выбірае, чым яму займацца і колькі часу. Абедзве школы даюць некаторым сваім навучэнцам магчымасць вучыцца бясплатна, калі тыя некалькі гадзін (ад чатырох да васьмі на тыдзень) адпрацуюць у галерэі, кавярні ці краме.

— У Нью-Йорку шмат мастакоў падпрацоўваюць, нават у «Макдональдсе». Мне яшчэ пашчасціла — уладкавалася бібліятэкарам на 4 гадзіны ў дзень. У ЗША чалавек можа ў любым узросце паступіць ва ўніверсітэт і набыць новую спецыяльнасць. Але вучыцца было даволі нялёгка, — расказвае Тамара. — За наведвальнасцю ў Студэнцкай лізе вельмі сачылі: прыходзіш, сыходзіш — распісваешся. Аднойчы я прапусціла тыдзень — трэба было хуценька падзарабіць дзе-небудзь, каб расплаціцца за пакойчык. Мяне строга папярэдзілі. Другога раза звычайна не бывае.

Школу Акадэміі Тамара Савініч наведвала некалькі месяцаў, а вось у Лізе яна чатыры гады вывучала жывапіс, скульптуру і глыбокі друк. Нядаўна мастачка асвоіла тэхніку фотатраўлення:

— Па ходзе справы давялося займацца яшчэ і фоташопам, але гэта не маё. Мне вельмі падабаецца тэхніка мецца-тынта  — гэта тое, чым збіраюся займацца ў будучыні.

Цікавым падаецца тое, што менавіта афорты Тамары Савініч выдатна раскрываюць яе асабісты творчы почырк і найлепшым чынам характарызуюць мастачку.

Яна свядома рызыкнула і... выйграла. Сведчанне таму — неаднаразовыя прэзентацыі яе твораў у калектыўных выставах амерыканскіх галерэй, а таксама ў «The Sky Gallery» ў Осацы (Японія), ды персанальныя выставы, да якіх далучылася экспазіцыя «...з любоўю з Нью-Йорка» ў галерэі «ЛаСандр-арт» на радзіме.

Мінская выстава ўразіла сваёй рознабаковасцю, быццам бы не адзін, а некалькі мастакоў вырашылі прадставіць сваю творчасць у гэтай невялічкай экспазіцыі: чорна-белая змрочнасць афортаў, мяккі алейны бляск палотнаў, блікі святла на бронзавай скульптурцы...

— О, як яна вырашае яблык!.. — адзначыла калега, разглядаючы ў «Нацюрморце з садавіной» салатава-васковы, глянцавіты фрукт.

Тамара сапраўды выдатна «вырашае» «Вялікі Яблык» — Нью-Йорк, плод, заманлівы для маладых творцаў, што мараць пра лепшыя галерэі Манхэтэна. Смак у «яблыка» — кіслотны, з лёгкім адценнем металу: у сваёй любові да Нью-Йорка мастачка прызнаецца ў афортах.

Амерыканскі горад-сімвал у творах Тамары Савініч выглядае архетыпова і кананічна. Такім яго бачыць у сваіх снах эмігрант перад тым як сысці на бераг. Гэты горад дае прытулак і надзею, ён велічны і хварэе на гігантызм, ён прасякнуты паветрам і вадою, а гмахі хмарачосаў, лініі электраперадач, масткі ў Цэнтральным парку, гнутыя, як спіна кошкі, задаюць непаўторны рытм мегаполіса. І, канешне ж, статуя Свабоды: толькі контуры, толькі абрысы постаці — упэўнены ўзмах правай рукою і факел як сімвал надзеі на лепшае жыццё.

— Я пражыла ў самым цэнтры Манхэтэна каля 14 гадоў. Вельмі прыгожы горад. Сталіца сусветнага мастацтва. Больш нідзе няма такой колькасці музеяў, тэатраў і мастацкіх галерэй. Але калі перад выставай у Японіі мяне спыталі, як я стаўлюся да Нью-Йорка, я адказала, што люблю яго, але «дзіўнаю любоўю». У гэтым горадзе асабліва бачныя раскоша і страшэнная галеча.

Урачыста строгі, шэры, чорны, калі-нікалі мігатлівы, пераліўны, ружова-залаты — гэта горад, у якім вертыкалі сустракаюцца з гарызантальнай плоскасцю — і нараджаецца востраў-мара: Манхэтэн. Гэта і той фэшн-Манхэтэн, прытулак гламуру, па якім Кэры Брэдшоў шпацыруе ў туфлях ад «Louboutin», гэта і чысты горад, які з’явіўся з акіяна і знікне ў ім, як марскі звер. Свабодны горад, які жыве ў сваім рытме. Яго кардыяграму малююць дахі хмарачосаў, а ў жылах ягоных цячэ электрычна-неонавы адрэналін.

Афорт «Нью-Йорк» памерам у чатыры паштовыя маркі, але пяшчотныя бірузова-пясочныя колеры, у якія Сонца размалёўвае Горад, будуць грэць сэрца апошняга нью-йоркскага жабрака.

Бруклінскі мост, агні Манхэтэна, Будынак-прас — абавязковы турыстычны набор. Тамара быццам затушоўвае залішне маляўнічыя, «крыклівыя» паштоўкі ў прыглушаныя, крыху сентыментальныя тоны, дабаўляючы сепіі і старамоднага блакітнага колеру, які нагадвае пра часы, калі фатаграфіі размалёўвалі ўручную.

А вось нацюрморты з кошыкамі і цыбуляй — відавочная згадка пра Беларусь:

— Я называю Лігу другім домам, а першы дом, канешне, у Беларусі. Жыллё, якое я здымаю то ў Брукліне, то на Манхэтэне, — гэта толькі часовы прытулак, — прызнаецца мастачка.

Карычнева-жоўтыя кошыкі, сплеценыя з лазы, раз-пораз яркія чырвоныя акцэнты — гранаты, перцы... У нацюрмортах шмат круглага, абцякальнага — круглыя бакі збанкоў і вазончыкаў, круглыя вінаградзінкі і цыбулінкі. Цемнаватыя колеры ствараюць утульнасць і супакойваюць.

У апошнія гады мастачка займалася скульптурай, і хоць яе пошукі ў гэтым рэчышчы на выставе выглядалі больш сціпла, надзвычай выразны аўтапартрэт «Галава дзяўчыны» выдатна пазнаёміў нас з юнай Тамарай Савініч: касыя рашучыя скулы (як у акіяна, паводле Маякоўскага), прыгожыя пухлыя вусны, упарты позірк — мармур ёй да твару!

Новая любоў Тамары — танга:

— Ужо больш за 10 гадоў я займаюся аргенцінскім танга, свінгам, сальсай... Танцуюць у Нью-Йорку ўсе: багатыя і бедныя, маладыя і старыя, здаровыя і не вельмі. Шмат танцавальных студый для дарослых, нават сямідзесяцігадовыя ўпершыню прыходзяць і бяруць урокі.

Танец жарсці, танец болю, танец спакусы. Льецца расплаўленая бронза, і застываюць навечна ў пацалунку Ён і Яна.

Тварыць у Нью-Йорку — салодкая мара для любога мастака, вось толькі падводныя камяні ёсць і тут:

— У некаторых мастакоў няма сваіх студый. Я зняла ў Брукліне кватэру і прыстасавала адзін пакой пад майстэрню. Але прынты дома не зробіш, так што, калі трэба, я бяру printmaking class у Лізе. Ляпіць можна і дома, а вось працаваць з каменем — не. Можна здымаць студыю, але абыдзецца гэта значна даражэй. Жыццё мастака і тут вельмі нялёгкае, эканамічны крызіс цісне не толькі на беднату, але і на сярэдні клас.

Вытанчаныя, жаноцкія творы: птушка ў зачараваным садзе, дзяўчынка, што хаваецца ў цемры вялікага дома, лялечнага памеру гарадскія пейзажы… — маленькае высокае мастацтва Тамары Савініч працягвае квітнець, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды.

 Алена Каваленка